Смекни!
smekni.com

Міхась Лынькоў i Пятрусь Броўка як адны з самых выдатных творчых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу (стр. 1 из 5)

Міхась Лынькоў i Пятрусь Броўка як адны з самых выдатных творчых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу

1. Міхась Лынькоў

Нарадзіўся Міхась Ціханавіч Лынькоў 18 (30) лістапада 1899 г. у вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерні (цяпер – Лёзненскі раён Віцебскай вобласці) у сям'і чыгуначнікаў, што паходзілі з бедных сялян. Бацька – рамонтны рабочы, маці – вартаўніца на пераездзе (трапіла пад цягнік, калі Міхась служыў у Чырвонай Арміі). Дзіцячыя гады прайшлі ў казарме на перагоне між станцыямі Магілёў і Лотва, потым – у чыгуначнай будцы на перагоне між станцыямі Тошчыцы і Рагачоў. Няньчыў меншых братоў і сясцёр, дапамагаў маці каля дому, пасвіў карову. Закончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а потым і саму семінарыю (1917). Настаўнічаў у Ліпініцкай земскай школе (в. Ліпінічы, цяпер Буда-Кашалёўскі раён Гомельскай вобласці.). Падчас вучобы ў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі з-за недахопу сродкаў летам працаваў на чыгунцы, зімой займаўся прыватнымі ўрокамі, вечарамі працаваў на нафтаскладзе, на выгрузцы дроў і іншых выпадковых работах. Калі настаўнічаў у Ліпініцкай школе, прымаў актыўны ўдзел у працы сельсавета, камітэта ўзаемадапамогі, у арганізацыі ў вёсцы першага кааператыва. У час нямецкай акупацыі (1918) быў адным з арганізатараў ліпініцкага партызанскага атрада. У 1919–1922 гг. служыў у Чырвонай Арміі – удзельнічаў у паходзе на Варшаву, у разгроме арміі Булак-Балаховіча. Пасля дэмабілізацыі працаваў настаўнікам у мяст. Свержань Рагачоўскага раёна. Быў актыўным селькорам, часта дасылаў карэспандэнцыі ў бабруйскую акруговую газету «Камуніст». У 1925 г. стаў супрацоўнікам гэтай газеты: быў на пасадах сакратара, камесніка рэдактара, у 1928–1930 гг. рэдактарам. У 1926 г. уступіў у партыю. М. Лынькоў арганізаваў Бабруйскую філію «Маладняка» і кіраваў яе дзейнасцю. У 1930 г. пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве, паралельна кіраваў літаратурным аб'яднаннем БелАПП. У 1932–1934 гг. быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1934–1941 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Полымя рэвалюцыі». З 1938 па 1948 гг. быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1939 г. удзельнічаў у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь (рэдагаваў газету «Беларуская звязда» – орган палітупраўлення Беларускага фронту). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1941–1942 гг. рэдагаваў франтавую газету «За Савецкую Беларусь» (выходзіла на Заходнім, Цэнтральным і Бранскім франтах). У 1943–1946 і ў 1949–1952 гг. узначальваў Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1940–1975 гг. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Акадэмік АН Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа. Народны пісьменнік Беларусі (1962). Памёр М.Ц. Лынькоў 21 верасня 1975 г.

Найбольш вядомы М. Лынькоў як майстра малой эпічнай формы. Менавіта ў жанрах апавядання і навелы вельмі яскрава выявіўся талент гэтага пісьменніка.

Першым празаічным творам М. Лынькова стала апавяданне «З пражытых год» (1926), сам загаловак якога паказвае на яго нарысавы характар і аўтабіяграфічнае паходжанне зместу. Мяркуецца, што і некаторыя іншыя апавяданні пісьменніка ранняй пары нясуць адзнакі перажытага самім аўтарам, як, напрыклад, апавяданне «Гой» (1926).

У апавяданні «Гой» увасоблена актуальная для паслярэвалюцыйнага жыцця ідэя дружбы народаў, у ім асуджаецца шкоднасць рэлігійнай, побытавай і псіхалагічнай ізаляцыі людзей адной веры, адной нацыі ад іншых. Сюжэт твора будуецца на сітуацыі, калі беларус («рускі») Міхась і яўрэйка Рыва пакахалі адно другога насуперак волі бацькоў Рывы, якія зацята прытрымліваюцца ўстарэлых кананічна-рэлігійных поглядаў на ўзаемаадносіны яўрэяў з прадстаўнікамі іншых народаў, якіх яны зняважліва называюць «гоямі». Для іх Міхась таксама «гой». Аднак эпілог апавядання шчаслівы. Жорстскія перыпетыі вайны, якія ў духу тагачаснай літаратуры меладраматычна ўзмоцнены, змушаюць бацьку Рывы карэнным чынам змяніць адносіны да Міхася, свайго выратавальніка ад смерці, што ўрэшце стаў яго зяцем, якім ён ганарыцца. У старога шаўца Мотэля адбываецца псіхалагічная пераацэнка ўсяго жыцця. Апавяданне «Гой» вызначаецца ўжо даволі сур'ёзным узроўнем пісьменніцкага майстэрства. Учынкі і пачуцці герояў маюць натуральны ход і пераканаўчае развіццё згодна з іх жыццёвай пазіцыяй і індывідуальным характарам. Спрошчанасць ад фармальнай вернасці прынцыпам рамантызму ўласціва толькі асвятленню ворагаў: «ворагі» – абавязкова бяздумныя забойцы, а «свае» – толькі добрыя, гуманныя людзі, якія ніколі не здатныя на несправядлівасць. «Гой», як і многія іншыя творы пісьменніка ранняга перыяду, мае тыповы «маладнякоўскі» зачын: «I плакала Рыва...» Тут у кампазіцыйнай інверсіі выявілася ўстаноўка на нечаканасць успрыняцця і пачуццёвую насычанасць адлюстроўваемай сітуацыі – тыповыя адзнакі стылістыкі «маладнякоўскай» прозы.

У апавяданнях «У мястэчку», «Журавель мой, журавель...» (1928) М. Лынькоў стварае вобразы прадстаўнікоў моладзі, камсамолак, якія паверылі ў рэальнасць паслярэвалюцыйнай сацыяльнай і духоўнай навіны і ўсёй душой пацягнуліся да абвешчаных ідэалаў. Іхні жыццёвы далягляд здаецца ім прывабным і сонечным.

Захапляючыся маладым імпэтам моладзі, яе гатоўнасцю, часта безразважлівай, усю сябе прысвяціць рэвалюцыйным патрабаванням новага часу, М. Лынькоў разумеў, шо невядомыя дагэтуль павароты жыцця і нечаканыя сітуацыі ў асабістым лёсе людзей, мала спрактыкаваных у адказнай сферы грамадскай дзейнасці, могуць прыводзіць і прыводзяць да трагедыі, выпустошваюць чалавеку душу, разбураюць нават побытавыя рамкі нармальнага існавання. Падобны сюжэт распрацаваны ў апавяданні «Радо» (1928). Яго змест нібы палемізуе з канцэптуальнымі асновамі апавяданняў «У мястэчку» і «Журавель мой, журавель...», па-асабліваму дапаўняе іх, з'яўляецца перасцярогай, наказам, каб людзі ў сваёй самаадданай дзейнасці дзеля светлай, па іх адчуванню і чаканню, будучыні ўнікалі фанатызму на гэтым шляху, не адмаўляліся ад чалавечнасці і гуманізму, павагі і любові да кожнага канкрэтнага чалавека, бо інакш стане немагчымай і тая светлая будучыня. Усе захапляюцца Рыпінай Скварчук як чалавекам і грамадскім дзеячам (яна загадчыца агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ў воласці), ласкава называюць яе Рыбкай, надзвычай цэнячы яе здатнасць разумець усялякія здарэнні жыцця і ўменне вырашаць складаныя праблемы. Таварыская з людзьмі, Рыбка ўсё пра ўсіх ведае. Яна – душа калектыву. «I ў працы, і ў адпачыне адна і тая ж Рыбка: жывая, вясёлая, з голасам такім – маладым, крыху гарэзлівым голасам, крышачку не па-жаночаму цвёрдым. I калі на вечары якім – ці спайкі той, ці якім іншым, – не сядзіць Рыбка склаўшы рукі: яна і гаспадыня, яна і ў скокі ахвотніца, і ў карагодзе, ці ў гульнях якіх не адстае, а то і наперадзе будзе». I людзям цяжка здагадацца, што ў гэтай напорыстай і безагляднай грамадскай самааддачы Рыбкі ёсць нейкая душэўная ўшчэрбнасць і падраненасць, унутрана глыбока схаваная ад іншых. Толькі аднойчы яна робіць нясмелую спробу расказаць пра сябе таварышу ў дарозе, бо дарога пэўным чынам збліжае чалавека з чалавекам. Рыпіна прызнаецца, што ў яе некалі быў сын Радзівон, якога яна звала Радо, песціла яго: «Радо маё дарагое, Радо маё любае, незабыўнае, сыночак мой сінявокі». Ёй аж самой ужо быццам не верыцца, што яна некалі была пяшчотнай маці. Яна кажа: «Няма яго, даўно няма, мо год з дзесяць, мо восем. Даўно ўжо гэта было. Даўным-даўно». I ўсё ж нават добраму таварышу Рыпіна не сказала ўсёй праўды пра сябе і сына. I толькі пазней, калі той таварыш, з якім яна ехала па службовых справах, трапляе ў тую мясцовасць, дзе некалі Рыпіна працавала настаўніцай, а пасля, у дзевятнаццатым годзе, стала агентам прадкома, ён даведваецца, як усё было. Аказваецца, пад практычным кіраўніцтвам Рыпіны праводзіліся ў той час ў вёсках прадразвёрсткі. Людзі расказалі: «...Паехала раз Рыпіна з атрадам у вёску. Гэта ўжо тады, як была яна ў воласці. Развёрстку тады збіралі, ну, харч гэты самы: кароў, свіней, жыта, адным словам, усё бралі. Ну і было ўсяго: жанкі ў голас, у праклёны, пусцяць слёзы ракой. Мужчыны часам лямпу тушаць, калі там сход часам, ды за колікі, за бярданку, калі ў каго ёсць. Ну, гвалт, сумятня, да крыві даходзіла...» I Рыпіна ў службовым і асабіста ўнутраным рэвалюцыйным экстазе старалася аж зверх: «...Рыпіна з атрадам прыехала, ды, здаецца, у другі раз, ды другую развёрстку браць... Так, прыехала Рыпіна з атрадам, два дні была. Забралі тады многа і кароў, і свіней... Дык вось брала яна па развёрстцы, а то яшчэ ямы шукала, ну сховы там: дзе авёс, дзе жыта, там ячмень насыпаны, а дзе і сала кубел запруць – усё ў яме...». Паехала Рыпіна з той вёскі з атрадам, павёўшы за сабой вялікі абоз. Адзін прадармеец застаўся па нейкіх дробных справах, а ноччу знік. Разам з ім знік і Радзівон. «А праз дзень ці праз два на габрылянскім шляху (вёрст пяць ад нас), каля лесу знайшлі армейца, знайшлі і Радзівона. Так, знайшлі... Пастушаняты прыбеглі, паведамілі. У армейца жывот быў разрэзаны, і ў ім жыта насыпана, і запіска там, аб развёрстцы... I дзіцянё не пашкадавалі – задушана было, там і ляжала пад хвойкай з аборкай на шыі. I запіска там, каб не крыўдзілася, значыцца, Рыпіна, калі падарунак дарагім не будзе...». Вінаватых не знайшлі. I ў тым, што «вінаватых не знайшлі» – асаблівы падтэкставы сэнс. Гэта значыць, што нехта, ад каго гэта залежала, не вельмі стараўся выявіць злачынцаў, маючы на ўвазе неапраўданую жорсткасць Рыпіны ў адносінах да сялян.

У апавяданнях М. Лынькова, як і ў ранняй творчасці К. Чорнага, М. Зарэцкага і іншых пісьменнікаў, музыка мае нейкае сакральнае значэнне ва ўнутраным свеце іхніх персанажаў. Аб гэтым сведчаць творы «Маньчжур» (1928) і «Кларнет» (1928). Музыка выступае тут як надзея на збавенне ад забойчай прозы жыцця і як чаканне радасных перамен. Паэтызуюцца нават музычныя інструменты.

У пазнейшым апавяданні «Баян» (1933) таксама ёсць персанаж, пра якога кажуць, што «на гармонь чалавек хварэе». Але па прычыне таго, што гэтае апавяданне напісана пасля арганізаванай пэўнымі органамі па ўказцы зверху паездкі пісьменнікаў, у якой удзельнічаў і М. Лынькоў, на Беламора-Балтыйскі канал, які будаваўся вязнямі сталінскіх ГУЛАГаў, яно з'явілася нібы своеасаблівай мастацкай справаздачай перад гэтымі пільнымі органамі і таму не магло быць праўдзівым ні па фактычнаму матэрыялу, ні па псіхалагічнай характарыстыцы персанажаў. Праўда, і ў гэтым як быццам афіцыйна-тэндэнцыйным творы ёсць некаторыя праўдзівыя жыццёвыя штрыхі, якія давалі падставу, прынамсі, для праніклівага роздуму. Адзначаецца, напрыклад, што на будаўніцтве канала працуе на становішчы вязняў безліч спецыялістаў-інтэлігентаў высокага класа, якія па загаду спланавалі будучы канал. Узнікала непазбежнае пытанне: няўжо ўсе яны «ворагі народа»?