Смекни!
smekni.com

Якуб Колас - вялікі пясняр беларускага народа (стр. 2 из 3)

У вершах 1919—1921 гг. ("На чужыне", «Крыж», «Цені-страх», «Звон шыбаў») яскрава выявілася грамадзянска-патрыятычная пазіцыя Я. Коласа, яго погляды на рэальныя рэвалюцыйныя змены. Паэт праўдзіва раскрываў разбуральныя вынікі ўздзеяння рэвалюцыі на чалавека, перадаваў яго разгубленасць і пачуццё страху. Трывожны звон шыбаў успрымаецца героем аднайменнага верша то як выява жалобы, гневу, то як знак, «што згубілі мы дарогу — да святла, праўды і ісціны».

У 1930-я гг. паэзія Я. Коласа панесла (па вядомых прычынах) вялікія творчыя страты. Вершы «Калгаснае», «Краіне Саветаў», «На варту», «Будзьце чуйны», «Памяці С.М.Кірава», «Калгасу «Слабада», «Шчаслівая хвіліна», «Раскуты Праметэй», «Пераможны май», «Радасць», «Да выбараў», «Май», «Майскае свята» ідэалізуюць тагачасную рэчаіснасць, малююць яе ў ружовых, светлых фарбах. Гэта — тыповы ўзор гімнічнай паэзіі, далёкай ад праўды жыцця і праўды мастацтва. Шмат у творах паэта дэкларатыўнасці, рыторыкі, схематызму. Рэальныя супярэчнасці падменены тут імітацыяй канфлікту.

У гады Айчыннай вайны змест і танальнасць лірычных твораў Я.Коласа прыкметна змянілася. На першым плане ў іх гераізм і патрыятызм народа, услаўленне мужнасці воіна-чырвонаармейца («Народу-барацьбіту», «Душою і сэрцам мы з вамі, героі»), партызанская барацьба на часова захопленай ворагам зямлі («Над магілай партызана», «Бацьку Мінаю»), выкрыццё фашызму і іх прыслужнікаў. Аднак тэма мужнасці, гераізму не атрымала глыбокага адлюстравання ў творчасці паэта. Многім яго вершам шкодзіць зададзенасць, афіцыйная трактоўка героікі. Высокімі мастацкімі якасцямі вызначаюцца некаторыя вершы, прысвечаныя непасрэдна Беларусі, у прыватнасці пейзажная лірыка. Глыбіня паэтычнай думкі арганічна спалучаецца тут з высокай эмацыянальнай напружанасцю і гранічнай шчырасцю выяўлення аўтарскіх пачуццяў любві да роднай зямлі, нянавісці да ворага, веры ў непазбежнасць перамогі («Голас зямлі», «Чымган», «Мая зямля»). Як значнае творчае дасягненне беларускай паэзіі неабходна разглядаць таксама інтымную лірыку паэта гэтых гадоў. У многіх вершах пачуцці асабістага характару, роздум аб жыцці і смерці пераплятаюцца з грамадзянскімі, патрыятычнымі пачуццямі («Мае мары»).

Пасляваенная лірыка Я. Коласа ("Наш шлях", "З майго летапісу", "Роднаму краю і народу", "Сам сабе" і інш.) вызначаецца глыбокай філасафічнасцю, роздумам над сваім уласным лёсам, а таксама лёсам народа, якому пясняр шчыра служыў на працягу паўсотні гадоў.

Я. Колас — адзін з пачынальнікаў нацыянальнага літаратурнага ліра-эпасу, пісьменнік, які ўзняў на недасягальную вышыню беларускую паэму.

Як ліра-эпік Я. Колас пачынаўся з вершаваных апавяданняў у асноўным на сацыяльна-побытавую праблематыку. Гэта такія творы, як «Зяць» (1907), «Паслушная жонка» (1909), «Доктар дапамог» (1909), «За дождж» (1909), «Першы заработак» (1910), «Батрак» (1910), «Паўлюкова бяда» (1910), «Прапаў чалавек» (1911), «Як Янка забагацеў» (1911), «На рэчцы зімою» (1910). У іх паэт яўна арыентаваўся на традыцыі шырокавядомых у народзе ананімных «гутарак», вершаваных аповесцей В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, а таксама на творчы вопыт рускіх паэтаў А. Пушкіна, М. Някрасава, I. Нікіціна. Колас не толькі апявае сялянскую працу, але спрабуе паказаць мужыка ўсебакова: у сям'і, побыце, у час вяселля, у розных смешных варунках. У вершаваных аповесцях Коласа пануе народна-песенная, карнавальна-ігравая стыхія. Тут побач і адначасова — захапленне хараством («Таня — красачка, вясна. Не дзяўчына — чараўніца, свет схадзі — такой няма»), і адкрытая насмешка над чалавечымі слабасцямі («Цешча к зяцю прыйшла ў госці. Ой, сярдзіты быў той зяць! Ні пяшчоты, ні мілосці, а ў мінуту гневу, злосці мог і лейцы ў рукі ўзяць»). У гэтых творах пераважае стыхія гутарковай мовы з усімі яе перавагамі і хібамі: народным каларытам, маляўнічасцю і метафарычнасцю, але і з апісальнасцю, бытавізмам, празаізмамі. Асабліва прыдалася яна ў невялікіх паэмах для дзяцей, а таксама ў паэтычных апрацоўках народных казак. Многія з гэтых твораў увайшлі ў залаты фонд айчыннай дзіцячай літаратуры: «На рэчцы зімою» (1910), «Савось-распуснік» (1926), «Дзед і мядзведзь» (1926), «Рак-вусач» (1926), «Міхасёвы прыгоды» (1934).

Першая буйная паэма песняра «Новая зямля» (1911—1923) стала этапнай з'явай у творчасці Я.Коласа і ўсёй беларускай літаратуры. Тут з вялікай сілай мастацкага абагульнення адлюстраваны карэнныя сацыяльныя супярэчнасці канца 19 ст., намалявана шырокая эпічная панарама народнага жыцця, створаны тыповыя, непаўторныя характары, раскрыта духоўная веліч, маральная прыгажосць чалавека працы, яго спрадвечная мара аб вольным шчаслівым жыцці, выяўлена імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Паэтызацыя працы, эстэтызацыя сялянскага побыту, услаўленне чалавека-працаўніка, носьбіта лепшых рыс народнага, нацыянальнага характару — наватарская рыса паэмы. У 30-я і пазнейшыя гады, калі пераважная большасць савецкіх пісьменнікаў выкрывала т.зв. дробнаўласніцкія інстынкты селяніна, індывідуалістычную мараль, развенчвала яго кулацкія памкненні, Я.Колас паэмай «Новая зямля» з гонарам бараніў аўтарытэт прыгожага пісьменства, годнасць мастака як выразніка інтарэсаў працоўнага сялянства. «Новая зямля» ўвайшла ў свядомасць чытача як найвыдатнейшы твор нацыянальнай літаратуры, з'ява нацыянальнай культуры, як паэтычная энцыклапедыя жыцця беларускага народа на новым этапе яго гістарычнага развіцця. Яна адыграла велізарную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рэалізму, народнасці, у станаўленні ліра-эпічнай паэмы і празаічнага рамана.

Другая буйная і вядомая паэма Я. Коласа — «Сымон-музыка». Цэнтральнай тэмай у гэтай паэме з'яўляецца тэма народнага мастацтва, яго вытокаў, каранёў, складанасці шляхоў і цяжкасцей выяўлення таленту ў неспрыяльных сацыяльных умовах. Твор мае некалькі рэдакцый, прычым даволі адрозных адна ад другой. У першай рэдакцыі «Сымона-музыкі» (1911—1918) з асаблівай яскравасцю выявіла псіхалагічны стан паэта, які ўсведамляў асабістую адказнасць за трагічныя падзеі, выкліканыя рэвалюцыяй, бо і яго паэтычнае слова рыхтавала рэвалюцыйны выбух. Але аказалася, што галоўным героем часу стаў не разняволены рэвалюцыяй свабодны чалавек, міласэрны і спагадлівы да чужога болю і пакутаў, а «чалавек з ружжом», якому зброя замяніла закон і маральныя нормы, а класавая нянавісць, прага помсты сталі вызначальнымі матывамі дзейнасці. Ачышчальная бура-навальніца, якую клікаў пясняр народнай долі («Грымні ж ты, бура, ды грымні дужэй» — верш «Будзе навальніца», 1912), вылівалася ў акт рабаўніцтва і гвалту. Не жадаючы даць маральнае бласлаўленне жорсткай, крывавай, нясправядлівай рэвалюцыі, Я.Колас пакідае свайго героя-музыку на могілках, дзе пахавана яго дзяўчына Ганна — сімвал дабрыні і прыгажосці, жывое ўвасабленне маці-Беларусі, увасабленне няспраўджаных ідэалаў мастака. Сымон-музыка, які марыў пра ўсясветнае брацтва, пра ўсталяванне чалавечай дабрыні, міру і згоды, у знак пратэсту супраць жорсткасці, прымусу, беззаконня і пагарды да чалавечай асобы выключаецца з жыцця, засынае сімвалічным сном («Ты ачнешся ў жыцці новым песні-думкі дапяваць») побач з Ганнай. У 1923—1924 гг. Я.Колас істотна перапрацаваў паэму «Сымон-музыка» (тэкст не захаваўся; рукапіс украдзены ў час вяртання паэта з Кіславодска ўлетку 1924 г.). У 1924—1925 гг. была створана трэцяя, канчатковая рэдакцыя, па сутнасці новы твор. З разгортваннем працэсу беларусізацыі аўтар «Сымона-музыкі» абуджае героя ад сну, дае яму магчымасць чароўным граннем вярнуць да жыцця Ганну і накіроўвае іх у шырокі свет да людзей. На пэўны час Я.Колас паверыў у магчымасць адраджэння роднага краю, нацыянальнай культуры, у магчымасць пабудовы суверэннай, незалежнай Беларусі. Паэма прысвечана беларускай моладзі, якой гісторыяй прызначана было будаваць новае жыццё, свабодную краіну. Вера пісьменніка-грамадзяніна, мастака-гуманіста ў шчаслівую будучыню Беларусі і дапамагла нараджэнню канчатковай рэдакцыі паэмы — твора паліфанічнага гучання, дзе драматычныя, трагічныя матывы перапляліся з жыццесцвярджальнымі, аптымістычнымі. Зацятая барацьба бальшавіцкай партыі с рэлігіяй перашкодзіла Я.Коласу выкарыстаць шэраг тэм і матываў першай рэдакцыі, у прыватнасці, тэму мастака як прарока, як носьбіта боскай сілы. Але гэты і іншыя матывы, напрыклад, думка аб неабходнасці ўсеагульнай згоды, ідэя дабрыні, міласэрнасці, чалавекалюбства як арганічнай якасці сапраўднага мастацтва, знайшлі сваё ўскоснае, апасродкавае выяўленне ў апошняй рэдакцыі. Тое, што Сымон здолеў сілай свайго кахання ўдыхнуць жыццё ў безнадзейна хворую Ганну, сведчыла пра бязмежныя магчымасці мастацтва, калі яно сваімі каранямі звязана з народным жыццём, прасякнута ідэяй абароны чалавека. У лірыка-філасофскіх, алегарычных уступах да адпаведных раздзелаў новай рэдакцыі паэт іншасказальна выказаў шэраг глыбокіх думак, якія былі ў рэдакцыі 1911—1918 гг. Так, у алегорыі пра змаганне марозу і вады праводзіцца ідэя неабходнасці «згоды, змірэння», стваральнай працы як асновы будаўніцтва суверэннай дзяржавы. Паэма «Сымон-музыка» сведчыць аб шырыні творчага дыяпазону Я.Коласа, аб арыгінальнасці, адметнасці яго таленту і вялікіх творчых магчымасцях як паэта-лірыка. Яна ўражвае разнастайнасцю вобразна-выяўленчых сродкаў, гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканалай інструментоўкай паэтычнага радка, мілагучнасцю, напеўнасцю верша, удалым выкарыстаннем фальклорнай паэтыкі. Паэма аказала вялікі ўплыў на развіццё беларускай лірыкі і ліра-эпічнай паэмы, раскрыла вялікія магчымасці рамантычных форм і сродкаў адлюстраванця рэчаіснасці.

Пасля верасня 1939 г. Колас пачаў працу над паэмай «Рыбакова хата» (1947), у якой імкнуўся расказаць пра шляхі-дарогі беларусаў, гвалтоўна падзеленых мяжой. У творы назіраецца асаблівая цікавасць аўтара да формы: кожны з 25 раздзелаў мае роўна 300 радкоў, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 25 падраздзелаў, у кожным — па 12 радкоў. «Рыбакова хата» блізкая ў жанравых адносінах да «Новай зямлі»: тая ж эпічная апавядальнасць, раскаванасць паэтычнага мыслення, бытавая канкрэтызаванасць вобразаў і малюнкаў.