Смекни!
smekni.com

Якуб Колас - вялікі пясняр беларускага народа (стр. 3 из 3)

Разгорнутую гістарычную панараму галоўных падзей ХХ ст. Я. Колас паспрабаваў намаляваць у чацвёртай сваёй буйной паэме «На шляхах волі» (1925—1956).

Спрабаваў Колас і эпічна асэнсаваць ваенныя падзеі, што было здзейснена ім у паэмах «Суд у лесе» (1942) і «Адплата» (1944). Сюжэт гэтых твораў пабудаваны на знаёмых па аповесці «Дрыгва» калізіях, штучна перанесеных у новы час, і перапыняецца раз-пораз лірычнымі адступленнямі, дзе аўтар дае волю пачуццю тугі па Радзіме, трывогі за лёс блізкіх, сына Юркі. Адзначым, што дадзеныя паэмы не сталі творчай удачай Я. Коласа.

Вялізны ўклад Я. Коласа ў беларускую прозу. Побач з М. Гарэцкім, Ядвігіным Ш., У. Галубком і некат. інш. пісьменнікамі пачатку ХХ ст. Я. Колас стаяў ля вытокаў новай нацыянальнай прозы. Выступаў Я. Колас у самых разнастайных эпічных відах і жанрах.

Я. Колас — майстра беларускага апавядання, прычым самага рознага паводле танальнасці і жанрава-стылёвых адзнак.

Так, ён пісаў гумарыстычныя апавяданні, блізкія да жартаў, з ледзь-ледзь адчувальным адценнем іроніі, а часам і сатыры («Слабода», 1906; «Выбар старшыні», 1906; «Кантракт», 1908; «Сацыяліст», 1908; «Недаступны», 1912; і інш.).

У сацыяльна-псіхалагічных апавяданнях «Бунт» (1907), «Васіль Чурыла» (1907), «Нёманаў дар» (1912), «У старых дубах» (1912), «Тоўстае палена» (1913), «Малады дубок» (1913) на пярэднім плане праўда адчуванняў герояў у пэўных абставінах, «ісціна страсцей». Гэта класічныя ўзоры «малой прозы». Тут выразна акрэсленыя вобразы, намаляваны тыповыя характары беларускага селяніна-працаўніка.

Да значных мастацкіх здабыткаў беларускай літаратуры пачатку і сярэдзіны 1920-х г. адносяцца апавяданні Я. Коласа «Крывавы вір», «Пракурор», «Адукацыя», «Туды, на Нёман», «У «калектыве» пана Тарбецкага», «Хатка над балотцам», «На святой зямлі». У іх пісьменнік спрабаваў даць аб'ектыўную карціну жыцця, сцвердзіць гуманістычны пачатак, якога істотна бракавала тагачаснаму прыгожаму пісьменству. Коласу з яго ўменнем бачыць жыццё ў шматстайнасці і рэальным багацці ўдалося стварыць галерэю людскіх тыпаў, якія займалі прыкметнае месца ў паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці. Гэта «былыя людзі», якія сталі «саўслужачымі» («Пракурор», 1925), чакаюць звароту мінулых парадкаў («Царскія грошы», 1925), з настаўнікаў пераходзяць у царкоўны сан («Курская анамалія», 1924), але гэта і «новыя людзі», якія прагнуць усё і ўсіх хутчэй змяніць на свой лад («Адукацыя», 1926). Уважлівым назіральнікам, збіральнікам калекцыі характараў выступае празаік у апавяданнях «У двары пана Тарбецкага» (1926) і «Хатка над балотцам» (1927). Недзе ў свеце адбываюцца грандыёзныя падзеі, а ў двары пана Тарбецкага тубыльцы жывуць дробязнымі інтарэсамі: сам Тарбецкі зранку палюе, каб хто не браў ваду з калодзежа без аплаты, яго кватаранты ўвесь дзень лаюцца (Мальвіна Грында), гандлююць, «збіраюць капейку» (свінабой Вадап'ян). Гледзячы на дробязную мітусню «пошлых» людзей, аўтар параўноўвае ўбачанае з тэатрам, а людзей — з акцёрамі. Спектакль адбываецца і ў «Хатцы над балотцам», дзе пан Зыгмусь і пані Даміцэля прыкладаюць тытанічныя намаганні, каб адабраць у гаспадыні яе старэнькую хатку. Турботы, якімі захоплены героі, такія нікчэмныя, што ў апавядальніка міжволі ўзнікае думка аб іх раслінна-жывёльным існаванні. Адным з апошніх апавяданняў, у якім Колас дае стэнаграму пачуццяў і думак героя, ахвяры падзей, было апавяданне «Балаховец» (1929). У твор ўвайшла значная грамадская праблематыка, вельмі надзённая ў час, калі ўзмацнялася санкцыяніраванае зверху раўнадушша да лёсу асобнага чалавека.

На працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці, ледзь не да самай сваёй смерці, Я. Колас ствараў алегарычныя апавяданні-прытчы пад агульнай назвай "Казкі жыцця". Сярод гэтых невялічкіх апавяданняў шмат сапраўдных шэдэўраў («Жывая вада», «На балоце», «Адзінокае дрэва», «Камень», «Хмарка» і інш.). Яны прасякнуты роздумам мастака-грамадзяніна, патрыёта, гуманіста аб чалавеку і яго жыццёвым прызначэнні, сэнсе чалавечага існавання. Напоўненыя глыбокім жыццёвым і сацыяльна-філасофскім зместам алегарычныя апавяданні Я.Коласа з'явіліся значным мастацкім адкрыццём у беларускай літаратуры, пашырылі яе ідэйна-тэматычныя і жанрава-стылёвыя гарызонты.

Пісаў Я. Колас і апавяданні-казкі, лепшыя з якіх — «Як птушкі дуб ратавалі», «Адзінокі курган», «Страказа», «Цвіркун», «Даль», «Вадаспад», «Супраць вады», «Стары лес", «Гусі» і інш.

Вялікі ўклад унёс Я. Колас і ў беларускую аповесць. Менавіта ён разам з М. Гарэцкім, Ц. Гартным і некат. інш. пісьменнікамі стаяў ля вытокаў дадзенага жанру ў нашай літаратуры.

Жыццё беларускага народа напярэдадні і ў гады першай буржуазнай рэвалюцыі, пошукі перадавой інтэлігенцыяй шляхоў да народа, яе роля ў фарміраванні сацыяльна-палітычных поглядаў сялянства знайшлі сваё глыбокае мастацкае ўвасабленне ў першых двух кнігах «Палескіх аповесцей» ("У палескай глушы" і "У глыбі Палесся"), якія пазней увайшлі ў трылогію (назву ёй дала апошняя аповесць) «На ростанях» (1921—54). Гэтыя аповесці — найбольш значныя творы беларускай мастацкай прозы. «Палескія аповесці» вызначаюцца высокім узроўнем псіхалагічнага майстэрства, здольнасцю аўтара раскрываць дыялектыку пачуццяў герояў, паказваць чалавека ў адзінстве яго грамадскай дзейнасці і асабістага жыцця. Для твораў характэрна шчырасць, даверлівасць аўтарскай інтанацыі. Аповесці маюць выразны аўтабіяграфічны характар. Лёс многіх герояў, іх памкненні былі блізкімі і зразумелымі аўтару.

У сярэдзіне 20-х гадоў Колас уважліва прыглядаўся да новага пакалення людзей, для якіх ўсё, што адбывалася да рэвалюцыі, здавалася ледзь не далёкай гісторыяй, якія пачыналі жыццё, па сутнасці, з чыстага ліста. Яму, настаўніку, выкладчыку педагагічнага тэхнікума, падабалася імкненне моладзі сцвердзіць сябе, але ён як вопытны і мудры чалавек, пісьменнік-гуманіст, глыбокі мысліцель ведаў пра тую небяспеку, якая чакае моладзь у жыцці, і даступнымі яму сродкамі спрабаваў памагчы. Менавіта ўваходжанне моладзі ў рэальнае паслярэвалюцыйнае жыццё і адлюстравана ў аповесці «На прасторах жыцця» (1926).

Прасторы жыцця, новыя далі, дарога — гэтая атрыбутыка папярэдняга перыяду творчасці Коласа на свой лад паўтараецца ў аповесці «Адшчапенец» (1931), якую празаік прысвяціў калектывізацыі. Дадзены твор не без недахопаў, аднак у ім пісьменнік здолеў адносна няблага перадаць тыя складаныя і супярэчлівыя часы, калі ламаўся спрадвечны сялянскі ўклад жыцця. Прычым неабходна адзначыць, што сваю адмоўную лепту ў мастацкія вартасці дадзенага твора ўнесла "аглабельная" крытыка (яна застаўляла пісьменніка перарабляць твор ва ўгоду тагачасным ідэалагічным устаноўкам).

Селянін-паляшук, прычым ва ўжо даволі салідным узросце, які ўзняўся на барацьбу з польскімі акупантамі, у цэнтры адной з самых вядомых і папулярных аповесцей Я. Коласа «Дрыгва» (1933). Адзначым, што коласаўскі дзед Талаш — рэальная гістарычная асоба, якую пісьменнік удала, сапраўды па-мастацкі тыпізаваў.

Спрабаваў свае сілы Я. Колас і ў драматургіі. У 1917 г. пад псеўданімам Тарас Гушча выйшла кніга сцэнічных твораў Я. Коласа, якую склалі п'есы "Антось Лата" (асноўная праблематыка твора антыалкагольная, якая ў сваю чаргу мае выхады на пытанні сацыяльнай несправядлівасці і неўладкаванасці сялянскага побыту) і "На дарозе жыцця" (дадзеная п'еса закранае нацыянальна-патрыятычную праблематыку). У 1925 г. Я. Колас напісаў двухактовую п'есу "Забастоўшчыкі", матэрыялам для фабульна-сюжэтных хадоў каторай паслужыў настаўніцкі з'езд (1906 г.), у якім сам пісьменнік прымаў чынны ўдзел, за што потым адседзеў тры гады ў Мінскай турме. У 1938 г. Я. Коласам была закончана п'еса "Вайна вайне", у якой адлюстраваліся падзеі, звязаныя з пачаткам Першай сусветнай вайны, а затым перарастаннем яе ў грамадзянскую. Па матывах "Дрыгвы" у 1937 г. Я. Коласам была напісана п'еса "У пушчах Палесся", якая ў гэтым жа годзе ўбачыла святло рампы ў БДТ-1.

Выступаў Я. Колас і як літаратурны крытык, уздымаючы надзённыя пытанні сувязі мастака з рэчаіснасцю, дзейснасці мастацкага слова, ролі і значэння крытыкі ў літаратурным працэсе, выкладання літаратуры ў школе, эстэтычнага выхавання маладога пакалення.

Творчасць Я.Коласа была цесна звязана з развіццём беларускай педагагічнай думкі. Пісьменнік лічыў, што родная мова, літаратура, гісторыя — дзейсныя сродкі фарміравання маральных, патрыятычных пачуццяў школьнікаў, выхавання ў іх любові да «роднага слова — першай крыніцы, праз якую мы пазнаем акаляючы нас свет». Гэтыя думкі Колас выказаў у шэрагу сваіх артыкулаў і выступленняў.

Я.Колас шырока вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў А.Пушкіна, М.Лермантава, Т.Шаўчэнкі, Р.Тагора, А.Міцкевіча, П.Тычыны. Ён быў рэдактарам шматлікіх выданняў, анталогій. Яго творы таксама перакладзены на многія замежныя мовы.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Мацюх М.Д., Мушынскі М.І. Колас Якуб // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 3. Мн., 1994.

2. Тычына М.А. Якуб Колас // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 176-235.

3. Колас Я. Зборнiк твораў: У 12 т. / Колас Я. - Мн., 1961-1964.

4. Колас Я. Зборнiк твораў: У 14 т. / Колас Я. - Мн., 1972-1978.

5. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. Мн., 1993. Т. 1.

6. Мушынскі М.І. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці / Мушынскі М.І. - Мінск, 1982.