Смекни!
smekni.com

Якуб Колас - вялікі пясняр беларускага народа (стр. 1 из 3)

якуб колас беларускі пісьменнік

Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 22.10 (3.11) 1882 г. у сям'і лесніка.

Праваслаўны, ахрышчаны ў Стаўбцоўскай царкве. Бацька, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, служыў лесніком у князя Радзівіла. Маці, Ганна Юр'еўна (дзяв. прозвішча Лёсік), была хатняй гаспадыняй.

Акрамя Кастуся ў сям'і Міцкевічаў расло яшчэ сямёра дзяцей (чатыры браты і тры сястры). Дзіцячыя гады будучага пісьменніка прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток (Сухошчына), Альбуць, што недалёка ад в. Мікалаеўшчына, адкуль бацькі былі родам. У 1892—1894 гг. Я.Колас вучыўся ў Мікалаеўшчынскім народным вучылішчы. У дзяцінстве захапляўся байкамі І.Крылова, вершамі А.Пушкіна, М.Лермантава, В.Жукоўскага, апавяданнямі М.Гогаля, казкамі і апавяданнямі Л.Талстога, вершамі на беларускай мове Янкі Лучыны (у рукапісе). Любоў да кніг прывіў яму дзядзька Антось. У 1898 г. Я. Колас паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1902 г. У юнацкія гады напісаў паэмы «У кастра» і «Страх», тэксты якіх не захаваліся. Рабіў запісы вуснай народнай творчасці. Вялікі ўплыў на будучага паэта аказаў выкладчык семінарыі А.Кудрынскі, які ўхваліў яго першыя вершы. Пасля сканчэння вучобы Я.Колас працаваў настаўнікам Люсінскага народнага вучылішча Пінскага пав. Мінскай губ. (цяпер Ганцавіцкі р-н Брэсцкай вобл.). З 1903 г. ён настаўнічаў у в. Пінкавічы Пінскага пав. (цяпер Пінскі р-н), вёў рэвалюцыйную работу сярод сялян. За ўдзел у рэвалюцыйнай прапагандае (1906) «у парадку пакарання» пераведзены з Пінкавіцкага ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага пав. Мінскай губ. (цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). У ліпені 1906 г. у в. Мікалаеўшчына адбыўся нелегальны настаўніцкі з'езд. За актыўны ўдзел у ім і наогул за рэвалюцыйную работу Я.Колас быў пазбаўлены права працаваць настаўнікам. Пачалося следства. Зіму (1906—1907) жыў у леснічоўцы Смалярня, дзе нелегальна адкрыў прыватную школу. Пачаў складаць вучэбны дапаможнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». 1 верасня 1906 г. у газеце «Наша ніва» быў надрукаваны першы верш Я.Коласа «Наш родны край». На працягу шасці тыдняў 1907 г. ён быў загадчыкам літаратурнага аддзела газеты «Наша ніва», але паводле загада паліцыі пакінуў Вільню. Восенню 1907 г. зноў прыязджаў у Вільню, а ў снежні таго ж года зрабіў падарожжа ў Пецярбург, каб наладзіць асабістыя сувязі з пісьменнікамі і культурнымі дзеячамі Расіі. У 1908 г. Я.Колас быў асуджаны ўладамі да трох гадоў турэмнага зняволення. Пакаранне адбываў у Мінскім астрозе. У 1909 г. у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша ваконца» (Пецярбург) выйшла першая яго кніга «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», а ў 1910 г. — першы зборнік вершаў «Песні жальбы». У 1911 г. Я.Колас пачаў пісаць паэму «Новая зямля». Тады ж нарадзілася і задума паэмы «Сымон-музыка». Пасля выхаду з турмы ў верасні 1911 г. пісьменнік жыў, перабіваючыся часовымі настаўніцкімі заробкамі. У 1912 г. атрымаў пасведчанне аб дабранадзейнасці і быў прызначаны настаўнікам на Піншчыну. У жніўні 1912 г. на хутары Смольня, каля в. Мікалаеўшчына, адбылася першая сустрэча Я.Коласа і Я.Купалы. Шчырае іх сяброўства захавалася на ўсё жыццё. У чэрвені 1913 г. Я.Колас ажаніўся з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай. У пачатку першай сусветнай вайны ён разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Маскоўскую губ. Настаўнічаў. Восенню 1915 г. мабілізаваны ў армію, знаходзіўся ў Маскве. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваеннага вучылішча ў званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Пярмі, дзе ў пачатку 1917 г. атрымаў чын падпаручніка. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт. Кастрычніцкую рэвалюцыю сустрэў у г. Абаяні Курскай губ., дзе знаходзілася яго жонка Марыя Дзмітрыеўна. Паводле дэкрэта Савецкай улады ў 1918 г. Я.Колас як настаўнік вызвалены ад вайсковай службы. Педагагічную дзейнасць працягваў на Куршчыне. У 1921 г. паводле выкліку ўрада БССР Я.Колас вярнуўся ў Мінск, працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Народнага камісарыята асветы (НКА), а з 1922 — у літаратурнай камісіі па збіранні вуснай народнай творчасці Інстытута беларускай культуры. Выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме. Па даручэнні Наркамата асветы БССР чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку (1923). У тым жа годзе зацверджаны выкладчыкам беларускай мовы БДУ. Нягледзячы на такое прызнанне, у 1925 г. у яго быў праведзены вобыск, а затым і допыт у сувязі з т.зв. «лістападаўскай справай» на Случчыне. У кастрычніку 1926 г. у сувязі са святкаваннем 20-годдзя творчай дзейнасці Я. Коласу было нададзена званне народнага паэта. У студзені 1929 г. ён стаў членам Прэзідыума і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, створанай на базе Інстытута беларускай культуры. Прымаў удзел у рабоце Першага Усебеларускага з'езда савецкіх пісьменнікаў і Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў, дзе яго абралі ў кіруючыя органы СП БССР і СССР не без супраціўлення ўлад (для таго, каб Я.Колас быў выбраны дэлегатам, а затым і членам прэзідыума 1-га з'езда СП СССР, спатрэбілася заступніцтва М.Горкага і рэдактара «Известий» І.Гронскага). Як грамадскі дзеяч у складзе дэлегацыі СССР выязджаў у 1935 г. у Парыж на Сусветны кангрэс абароны культуры, дзе выступіў з прамовай. У 30-я гады вульгарызатарская крытыка беспадстаўна абвінаваціла Я.Коласа ў нацдэмаўшчыне, у прапагандзе ідэй бяскласавасці беларускай нацыі, знаходзіла ў яго творах ідэалізацыю кулацтва, хутарской гаспадаркі, апяванне месіянскай ролі інтэлігенцыі. На Я.Коласа і Я.Купалу былі заведзены справы на арышт у 1937 г. Іх выклікалі на допыты. 6 лютага 1938 г. у доме Я.Коласа шукалі зброю, пісьменніка прымусілі ўзняць рукі і стаць тварам да сцяны. Пагражаў арышт. Але пасля сустрэчы першага сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкі і І.Сталіна пытанне аб арышце было знята. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Я.Колас пераехаў з Мінска ў Клязьму, а ў жніўні 1941 г. — у Ташкент. У ліпені 1941 г. быў надрукаваны зварот Я.Купалы і Я.Коласа «Беларускаму народу», у якім прагучаў заклік да змагання супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У час вайны Я.Колас займаўся творчай, навуковай і грамадскай працай: удзельнічаў у рабоце АН БССР, Усеславянскага антыфашысцкага камітэта (Масква), сустракаўся з воінамі Савецкай арміі, партызанамі, выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў перыядычным друку, па радыё. Пасля вайны ён вярнуўся ў Мінск, вёў вялікую грамадскую і навукова-арганізацыйную работу. Памёр Я. Колас 13 жніўня 1956 г. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.

Жыццё і творчасць Я.Коласа пакладзены ў аснову шэрагу дакументальных фільмаў: «Народны паэт», 1952; «Якуб Колас», 1962; і інш. Некаторыя яго творы экранізаваны (напрыклад, «Песня вясны» — па аповесці «На прасторах жыцця»). На словы Я.Коласа напісана шмат буйных музычных твораў (опера «Новая зямля» — камп. Ю.Семяняка; «У пушчах Палесся» (паводле аповесці «Дрыгва») — камп. А.Багатыроў; і інш.). Коласаўскую паэзію для напісання песень выкарыстоўвалі кампазітары М.Чуркін («Краска», «Вясна», рамансы «Маёй каханцы», «Гусі...»), А.Туранкоў (рамансы «Усход сонца», «Дудка», песня «Радасць») і інш. Вобраз пісьменніка ўвасобілі ў творах выяўленчага мастацтва І.Ахрэмчык, М.Купава, У.Стальмашонак, В.Шаранговіч, Л.Шчамялёў і інш. мастакі.

Імя народнага песняра ўшаноўваецца на Беларусі. У 1959—1965 гг. прысуджалася літаратурная, а з 1971 г. раз у два гады прысуджаецца Дзяржаўная прэмія імя Я.Коласа за лепшыя празаічныя творы і літаратуразнаўчыя працы. Яго імя прысвоена шэрагу устаноў Беларусі (Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства АН Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі, Віцебскаму драматычнаму тэатру, многім школам, бібліятэкам, калгасам, саўгасам, плошчам і вуліцам. Помнікі пісьменніку пастаўлены на плошчы Мінска, якая носіць яго імя, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, а таксама ў некат. інш. месцах. Устаноўлены мемарыяльныя дошкі на будынках, у якіх жыў ці працаваў пясняр. У Мінску існуе Літаратурны музей Я.Коласа, у Акінчыцах, Смольні і Альбуці — яго філіялы. Грамадскія Літаратурныя музеі створаны ў школах, дзе Колас выкладаў. У пакоі, дзе Я.Колас працаваў як віцэ-прэзідэнт АН БССР, адноўлены мемарыяльны кабінет. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на прысвечаных яму паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня яго нараджэння.

Як пісьменнік Я. Колас выявіў сябе ва ўсіх літаратурных родах (эпасе, лірыцы і драме), а таксама на іх сумежжы (ліра-эпасе).

Лірыка Я. Коласа даволі шматгранная як у праблемна-тэматычным, так і ў мастацка-эстэтычным плане. Яго вершы адыгралі вялікую грамадска-выхаваўчую ролю ў перыяд першай рускай рэвалюцыі і ў гады панавання рэакцыі. Напоўненыя пачуццём гневу і нянавісці, яны клікалі працоўных да згуртаванасці, сцвярджалі непазбежнасць перамогі над прыгнятальнікамі ("Ворагам", «Наша возьме», «Будзь цвёрды»). Створаны пісьменнікам вобраз героя, перакананага змагара за народную справу, — значнае дасягненне беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры.

Народны пачатак лірыкі Коласа ў паэтызацыі сялянскай працы на зямлі, у якой мужык-беларус чэрпае сваю моц і якая фарміруе яго натуру. Праца для яго — крыніца радасці, самой паэзіі быцця. Дадзеная тэматыка найбольш выразна выявілася ў такіх вершах песняра, як «Мужычая ніва» (1907), «На полі вясною» (1908), «Жніво» (1908), «Рольнік» (1908), «Араты» (1909), «Песні вясны» (1909).

У вершах 1914—1916 гг. («Думкі салдата», «Ворагам») паэт асуджаў імперыялістычную вайну, выкрываў яе захопніцкі характар, антынародную скіраванасць, праўдзіва маляваў селяніна, удзельніка вайны, яго псіхалогію.

Вядучае месца ў лірыцы (і не толькі!) Я.Коласа займае тэма мастака і мастацтва («Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру...»). Яна вырашана ў традыцыях перадавой, рэвалюцыйна-дэмакратычнай літаратуры — як тэма самаадданага служэння мастака народу.

Выдатным дасягненнем беларускай паэзіі з'яўляецца пейзажная лірыка Я.Коласа. Яна прасякнута пачуццямі шчырай замілаванасці прыгажосцю роднага краю. Многія вершы аб прыродзе — «На полі вясною», «Усход сонца», «Ноч», «Адлёт жураўлёў», «Белыя валокны», «Лес» — сталі хрэстаматыйнымі, увайшлі ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры. Паэт па-майстэрску стварыў пластычныя, аб'ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі беларускай прыроды.