Смекни!
smekni.com

Янка Маўр — "бацька" беларускай дзіцячай літаратуры (стр. 1 из 3)

Янка Маўр — «бацька» беларускай дзіцячай літаратуры


Янка Маўр (1883—1971) — агульнапрызнаны «бацька» беларускай дзіцячай літаратуры, прышоў у яе ў другой палове 20-х гадоў, і прыход гэты азнаменаваў наспелае ўжо тады вылучэнне яе ў спецыфічную, суверэнную галіну творчасці, звернутую пераважна да чытача дзіцячага ўзросту. Маўр працягнуў і замацаваў той працэс «суверэнізацыі» нацыянальнай дзіцячай літаратуры, які намеціўся ў пачатку XX ст. Калі старэйшыя беларускія пісьменнікі Колас, Купала, Бядуля служылі як бы мастком паміж «дарослай» і дзіцячай літаратурамі, дык з прыходам Я. Маўра і А. Якімовіча апошняя пачынае выходзіць на самастойны шлях.

Янка Маўр стаў вядомы чытачу ў 1926 г., калі ў «Беларускім піянеры» пачала друкавацца першая яго аповесць «Чалавек ідзе» з такім інтрыгуючым, незвычайным для беларускай літаратуры, загадкавым псеўданімам: чарнаскуры Маўр, связаны ў адно з адвечна беларускім імем Янкам. Сэнс гэтага псеўданіма раскрыецца трохі пазней, калі з'явяцца наступныя аповесці пісьменніка. А тады аўтару, настаўніку гісторыі і геаграфіі 25-й чыгуначнай мінскай школы Івану Міхайлавічу Фёдараву ішоў ужо 44-ы год, за плячыма яго быў значны і важкі жыццёвы вопыт.

Ён нарадзіўся 28 красавіка (11 мая) 1883 г. у г. Лібаве (Латвія, зараз горад імянуецца Ліепая). Бацька, сталяр, рана памёр, і разам з маці малы Янка пераехаў на яе радзіму ў вёску Лебянішкі былой Ковенскай губерні.

Хлопчык рос у беднасці і нястачы, і толькі дзякуючы самаахвярным намаганням маці, якая марыла чаго б гэта не каштавала вывучыць свайго сына, у 1895 г. ён заканчвае пачатковую школу, а ў 1899 — Ковенскае рамеснае вучылішча, пасля чаго паступае ў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, адкуль у канцы 1902 г. за вальнадумства, «за сумненні ў рэлігіі» яго выключаюць з апошняга, выпускнога, класа. Аднак пасведчанне настаўніка пачатковай школы (1903) ён усё ж атрымаў, здаўшы экстэрнам экзамены за семінарскі курс.

Працаваць пачынаў у школе пад Панявежам (Новае Месца), затым быў пераведзены ў вёску Бытча на Барысаўшчыне. Самая яркая падзея ў біяграфіі пісьменніка — удзел разам з Я. Коласам у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, што адбыўся ў вёсцы Мікалаеўшчына ў 1906 г. У «Трудовом списке», які захоўваецца ў архіве пісьменніка, адзначаны сумны вынік гэтай падзеі для яе ўдзельніка: «1906. VIII. Уволен со службы и отдан под суд...» Як паказваюць дакументальныя матэрыялы, Іван Фёдараў быў не толькі ўдзельнікам з'езда, але і адным з яго ініцыятараў. Судовая справа цягнулася доўга, амаль два гады. Фёдарава да педагагічнай працы не дапусцілі і ўзялі пад нагляд паліцыі. Толькі праз 5 гадоў, у 1911 г., яму ўдалося ўладкавацца выкладчыкам у прыватнай гандлёвай школе Мінска, а з восені 1917 г. ён стаў настаўнікам геаграфіі і гісторыі ў мінскай чыгуначнай гімназіі, а пасля рэвалюцыі стаў настаўнікам 25-й чыгуначнай школы імя А.Р. Чарвякова.

Настаўніцкую працу Фёдараў пакінуў толькі ў 1930 г., калі перайшоў на працу ў дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, дзе працаваў аж да 1936 г. уключна. У душы ж ён усёроўна заставаўся настаўнікам.

Літаратурная творчасць напачатку і выспявала з патрэб педагагічнай працы, з жадання захапіць вучняў прагай ведаў аб бязмежнасці свету і няспыннасці развіцця чалавецтва, але ў хуткім часе стала неадольнай творчай патрэбай, унутранай неабходнасцю, выкліканай загадкай самога феномена дзіцяці, што прыцягвала яго як бацьку, як настаўніка, як чалавека наогул і, нарэшце, як пісьменніка. У пошуках гэтай разгадкі ён ішоў ад вытокаў, пачынаючы з гісторыі чалавека наогул.

У аповесці «Чалавек ідзе» ён зазірнуў у глыбіні стагоддзяў, звярнуўся да жыцця першабытнага чалавека на той стадыі яго развіцця, калі чалавек толькі станавіўся на ногі, нічога яшчэ не ўмеўшы — не вырабляў прылад, не ствараў новых рэчаў, а толькі вучыўся карыстацца гатовымі, прыроднымі, не валодаў агнём, не ўмеў ні смяяцца, ні плакаць, ні гаварыць. У аснову сюжэта аповесці пакладзены сам працэс развіцця чалавека, мільённагадовы, пакутлівы і драматычны, напоўнены барацьбой за сваё жыццё і з самім сабой, шлях працяглага і маруднага назапашвання не толькі вопыту практычнага, але і духоўнага. Не паступаючыся ў цэлым навуковасцю (што не выключае спрэчнасці і гіпатэтычнасці асобных аўтарскіх меркаванняў, якія могуць і не адпавядаць цалкам сённяшняму стану навукі), Маўр разам з тым выходзіць за рамкі строгай і дакладнай навуковасці: ён імкнецца дзякуючы фантазіі ўзнавіць жывыя малюнкі, сцэнкі з жыцця першабытнага чалавека, разгадаць, змадэліраваць яго пачуцці, думкі ў тых ці іншых канкрэтных сітуацыях. Аўтар фіксуе ўвагу на найбольш драматычных, напружаных момантах жыцця: смерць старога дзядулі, жанчыны з дзіцем, выратаванне чалавека з багны, авалоданне вялікай сілай прыроды — агнём, з якім звязваецца радасць і гора першабытнага чалавека. Апавяданне, у якім няма ніводнага дыялогу, трымаецца на ўнутраным драматызме. З'яўляюцца ў аповесці і дзеючыя асобы — Краг, дзяўчына Агу, хлопчык Ра, хоць у той час чалавек, член гурту, яшчэ не вылучаў сябе з навакольнай прыроды і асяроддзя. Для абвастрэння чытацкай увагі аўтар выкарыстоўвае элементы прыгодніцтва, таямнічыя і загадкавыя загалоўкі раздзелаў, казачны зачын, які надае апісанню каларыт сівой даўніны: «Гэта было даўно-даўно... Можа мільён гадоў назад».

Аповесць «Чалавек ідзе» накрэсліла, такім чынам, тую тэндэнцыю спалучэння пазнавальнасці і прыгодніцтва, якую Маўр развіў потым у наступных сваіх аповесцях і ў рамане «Амок» (1930). У кантэксце ж усёй дзіцячай літаратуры 20-х гадоў аповесць падключалася да тых навукова-мастацкіх твораў, якія стварылі прыблізна ў гэты час В. Біянкі, У. Обручаў, А. Фармозаў, Б. Жыткоў, У. Арсеньеў, а пазней М. Ільін у рускай літаратуры. Маўр на многа гадоў апярэдзіў з'яўленне кнігі М. Ільіна і А. Сегал «Як чалавек зрабіўся веліканам» (1940), першая частка якой — таксама пра жыццё першабытнага чалавека — блізкая па духу аповесці беларускага пісьменніка ўслаўленнем чалавека-пераможцы, пераўтваральніка свету.

Услед за «падарожжам» у глыбіню вякоў пачаліся «падарожжы» Маўра па вялікай карце свету, далёка за межамі роднай краіны — на Вогненную Зямлю і Новую Гвінею, у Інданезію, Кітай, Цэйлон і чароўны Неапаль. Адна за адной выходзяць у 1928 г. аповесці так званага майн-рыдаўскага цыкла: «У краіне райскай птушкі» (1926), «Сын вады» (1927), дзе аўтар выступае як абаронца правоў каланіяльных і залежных народаў, як паўнамоцны прадстаўнік шматпакутных абарыгенаў Паўночна-Заходняй Афрыкі і наогул усіх прыгнечаных «каляровых» туземцаў. У сувязі са зместам гэтых твораў адкрылася і загадка аўтарскага псеўданіма: ён сімвалічна ўбірае ў сябе як нацыянальную своеасаблівасць творцы, так і непадробны, рэальны яго інтэрнацыяналізм. Захаваўшы сваё сапраўднае імя ў першай частцы псеўданіма, аўтар недвухсэнсоўна нагадваў, што ён — сын беларускай зямлі, шчодра надзелены пачуццём суперажывання, здольнасцю пранікацца інтарэсамі і клопатамі, смуткам і радасцю працоўнага чалавека свету.

Аповесці «У краіне райскай птушкі» і «Сын вады», апавяданні, напісаныя ў гэты час, аб'ядноўваюцца аўтарскім імкненнем — у духу лепшых традыцый класічнай прыгодніцкай літаратуры — абвергнуць распаўсюджанае ўяўленне аб туземцах, дзецях прыроды, як аб крыважэрных людаедах, пазбаўленых элементарных чалавечых пачуццяў, людзях другога гатунку. «Ва ўсіх кнігах, — зазначае пісьменнік, — яны апісваюцца як «звяры», якія толькі і думаюць аб тым, каб з'есці белага. А ўжо такіх чалавечых якасцей, як дабрата, удзячнасць, вернасць, сумленне, у іх нібы і не бывае. Большасць еўрапейцаў нават цяпер так думае». Разам з тым Маўр быў пазбаўлены і другой крайнасці, калі адсталыя плямёны, іх лад жыцця рамантызуюцца, калі замоўчваюцца іх дзікія норавы і звычкі, іх цёмныя вераванні — усё тое, што гістарычна абумоўлена цяжкімі ўмовамі жыцця, жорсткай палітыкай каланізатараў.

У аповесці «У краіне райскай птушкі» дзеянне адбываецца на Новай Гвінеі, на тых астравах Ціхага акіяна, на якіх пабываў выдатны падарожнік і вучоны Міклуха-Маклай, апантаны заступнік мясцовых жыхароў-папуасаў. Яго мемуарамі і карыстаўся пісьменнік, апавядаючы аб жыцці-быцці туземнага насельніцтва. I хаця многія звесткі, прыведзеныя Міклухам-Маклаем, часткова ўжо не адпавядалі рэальнасці, бо змянілася шмат у чым бытавая аснова, на якой пляцецца канва апавядання, важна тое, што Маўр не дапускаў і думкі аб духоўнай непаўнацэннасці туземцаў нават пры тых з'явах адсталасці, якія зафіксаваў у іх Міклуха-Маклай і ў след за ім беларускі пісьменнік. Аповесць пабудавана на адкрыта сацыяльным канфлікце, на кантрастнай абмалёўцы двух варагуючых сіл — падняволеных і гаспадароў-каланізаратаў. Але гэтае варожае процістаянне не даведзена да абсалюта (як тое прадпісвалася афіцыйнай ідэалогіяй), яно падсвечваецца гуманістычным пачуццём, што ідзе менавіта ад падняволеных і прыгнечаных, змякчаючы востры канфлікт. У аповесці «У краіне райскай птушкі» ўжо вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Я. Маўра-прыгодніка, які здолеў паспяхова акумуліраваць у сабе жыватворную энергію традыцый заходняй прыгодніцкай класікі. Мы знаходзім тут характэрныя для яе прыёмы: загадкавасць і таямнічасць, напружанасць дзеяння, частую змену сітуацый (небяспека і яе пераадоленне), кульмінацыйна-драматычныя моматны, прыём рэтраспекцыі (для разрадкі напружанасці і высвятлення загадкавых здарэнняў). Прыёмы прыгодніцтва спалучаюцца з выкарыстаннем багатага пазнавальнага матэрыялу: аўтар насычае апавяданне вялікай колькасцю канкрэтных апісанняў жывёльнага і расліннага свету краіны, дзе адбываецца дзеянне, і гэта стварае адчуванне нявыдуманай мастацкай рэальнасці і разам з тым адпавядае асаблівасцям псіхалогіі дзіцячага чытача, яго празе пазнання і адкрыцця новага. Праўда, пазнавальны матэрыял часам замаруджвае сюжэтны рух, не заўсёды натуральна ўпісваючыся ў мастацкі тэкст, але прынцып падачы матэрыялу вызначыўся пэўна: незнаёмае параўноўваецца са знаёмым, сваім, родным. Вызначылася ў аповесці і такая асаблівасць мастацкай манеры, як публіцыстычнасць — праява адкрытай аўтарскай тэндэнцыйнасці, адзнака крайняй абвостранасці сацыяльных пачуццяў пісьменніка.