Тэарэтычная паэтыка ў сусветнай літаратурнай навуцы пачала інтэнсіўна фарміравацца з канца ХІХ ст. Ва ўсходнеславянскім літаратуразнаўстве найбольш моцную цікавасць да яе праяўлялі прадстаўнікі рускай фармальнай школы ў асобах В. Вінаградава, В. Жырмунскага, Б. Тамашэўскага, В. Шклоўскага, Б. Эйхенбаума і інш. Даволі значны ўклад у станаўленне дадзенай галіны літаратуразнаўства ўнеслі таксама А. Скафтымаў, С. Аскольдаў, А. Смірноў і, канешне ж, М. Бахцін, навукова-творчыя набыткі якога пачалі па-сапраўднаму асэнсоўвацца толькі параўнальна нядаўна. У 1960–1980-я гг. даволі значныя дасягненні ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэарэтычнай паэтыкі звязаны з дзейнасцю тартуска-маскоўскай літаратуразнаўчай школы пад кіраўніцтвам Ю. Лотмана.
Пэўныя здабыткі ў галіне даследавання паэтыкі, у тым ліку і тэарэтычнай, ёсць і ў беларускім літаратуразнаўстве. Самыя першыя спробы яе вывучэння ў нашай літаратурнай навуцы звязаны з дзейнасцю Л. Зізанія, М. Сматрыцкага і М. Сарбеўскага. Новы, уласна беларускі этап у развіцці гэтай галіны літаратуразнаўства на Беларусі, заклаў М. Багдановіч, здабыткі якога ў 1920-я гг. развілі і памножылі І. Замоцін, М. Гарэцкі, Я. Барычэўскі, А. Вазнясенскі, У. Дубоўка і інш. Як зазначае В. Рагойша, працы якога ў беларускай літаратурнай навуцы можна лічыць пэўнай вяхой у даследаванні паэтыкі, у тым ліку і тэарэтычнай, «у 30–50-я гг. савецкае літаратуразнаўства да вывучэння паэтыкі амаль не звярталася. Увага да агульнай і аўтаразнаўчай паэтыкі прыкмячаецца толькі з пачатку 60-х гг. З гэтага часу на Беларусі пачынаецца вывучэнне гісторыі і тэорыі беларускага верша (І. Ралько, М. Грынчык, А. Кабаковіч, В. Ярац), яго кампазіцыйных асаблівасцей, паэтычнай вобразнасці (І. Шпакоўскі, А. Яскевіч), паэтыкі рамана (В. Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў літаратуры (А. Матрунёнак), стылю (М. Арочка, В. Бечык, Л. Гусева), рытмічнай арганізацыі мастацкага тэксту (А. Яскевіч), мастацкіх асаблівасцей асобных фальклорных жанраў (М. Янкоўскі, Н. Гілевіч, А. Ліс, І. Цішчанка, Г. Барташэвіч, А. Фядосік, Л. Салавей) і інш. І ўсё ж да гэтага часу,– канстатуе вучоны,– даследаванне паэтыкі – найбольш вузкае месца ў беларускім літаратуразнаўстве».
2. Кампаненты-складнікі ўласна змястоўнага пласту твора
2.1 Тэма, праблема, ідэя
Уласна змястоўны пласт мастацкага твора, яго «субстанцыя» характарызуецца ў першую чаргу з дапамогай такіх паняццяў-тэрмінаў, як тэма, праблема, ідэя.
Тэма (ад ст.-грэч. thema – літаральна тое, што пакладзена ў аснову) – гэта тыя факты, падзеі, учынкі, душэўныя зрухі, перажыванні і г. д., што сталі прадметам мастацкага ўзнаўлення ў творы. Наогул, гэта «тая рэч ці справа, аб якой у творы пішацца».
Зазначым, што гэта найбольш распаўсюджанае ў сучасным усходнеславянскім літаратуразнаўстве разуменне тэрміна «тэма», якое ідзе яшчэ з ХІХ ст. Побач з ім ужываюцца часам і іншыя: погляд на тэму як на галоўную думку твора, г. зн. атаясамліванне тэмы з ідэяй; разуменне тэмы як галоўнага матыву твора, г. зн. таго, на чым адносна рэгулярна акцэнтуецца ўвага з боку аўтара; тэма як «найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы» (такая трактоўка тэмы характарызуе прадстаўнікоў рускай фармальнай школы, і ў першую чаргу літаратуразнаўчыя канцэпцыі В. Жырмунскага і Б. Тамашэўскага).
Побач са словам-тэрмінам «тэма» ў літаратуразнаўчых даследаваннях даволі часта фігуруе тэрмін «тэматыка», які ўказвае на наяўнасць у мастацкім творы побач з цэнтральнай, галоўнай тэмай розных пабочных тэматычных ліній. Чым маштабней твор, шырэй у ім ахоп жыццёвага матэрыялу, тым больш у яго складзе тэматычных ліній, часам даволі аддаленых адна ад другой, але, як правіла, у канчатковым выпадку «працуючых» на цэнтральную, галоўную тэму. Акрамя таго, дадзены тэрмін можа служыць для абазначэння сукупнасці тэм асобнага мастацкага твора, а таксама тэматычнага дыяпазону ўсёй творчасці пісьменніка ці нават асобнай нацыянальнай літаратуры альбо літаратуры рэгіёна, кантынента на пэўным этапе развіцця. І, урэшце, словам «тэматыка» вучоныя-літаратуразнаўцы аперыруюць пры вызначэнні ўстойлівых і паўтаральных у творах сусветнай літаратуры тыпаў тэм (маюцца на ўвазе асноўныя разнавіднасці літаратурна-мастацкай тэматыкі).
Праблема (ад ст.-грэч. problema – нешта, кінутае наперад, г. зн. выдзеленае з іншых бакоў жыцця) – тэрмін, які часта сустракаецца ў даследаваннях пры аналізе змястоўнага пласту твора, але дэфініцыя (вызначэнне) яго пададзена толькі ў некаторых слоўнікава-даведачных працах і вучэбных дапаможніках па літаратуразнаўству. Дарэчы, асобнага артыкула, прысвечанага паняццю-тэрміну «праблема», няма і ў ЛЭС.
Як зазначаюць М. Лазарук і А. Ленсу, «паняцце праблемы вельмі блізкае да паняцця тэмы. Праблема ўваходзіць у тэму як галоўная яе сутнасць; гэта вострае грамадскае пытанне, якое зацікавіла аўтара і падштурхнула яго да адлюстравання пэўнай з’явы».
А вось як трактуе змястоўнае напаўненне тэрміна «праблема» М. Мешчаракова: гэта «складанае пытанне, пастаўленае ў літаратурным творы (можа атрымаць адказ альбо застацца нявырашаным); той бок жыцця, які асабліва цікавіць пісьменніка. Адна і тая ж тэма можа паслужыць асновай для пастаноўкі розных праблем (тэма прыгоннага права – праблема ўнутранай несвабоды прыгоннага, праблема ўзаемнага разбэшчвання, калечання прыгонных і прыгоннікаў, праблема сацыяльнай несправядлівасці)».
Як і ў выпадку з тэмай, побач з тэрмінам «праблема» часта ўжываецца тэрмін «праблематыка», што ўяўляе сабой «пералік (сукупнасць) праблем, якія закрануты ў творы (яны могуць насіць дадатковы характар і падначальвацца галоўнай праблеме). Калі галоўная праблема падначальвае сабе астатнія, можна гаварыць аб сацыяльна-палітычнай, маральна-этычнай, нораваапісальнай, нацыянальна-гістарычнай, філасофскай і інш. праблематыцы, якая дамінуе ў творы альбо ў творчасці пісьменніка».
Пад ідэяй (ад ст.-грэч. idea – першавобраз, ідэал) падразумяваецца асноўны сэнс мастацкага твора. Гэта «галоўная думка, той погляд, які даводзіцца аўтарам у творы». Ідэя мае звычайна ацэначны характар. Хоць ідэя твора і можа быць сфармулявана сцісла, у выглядзе аднаго-двух сказаў ці нават фраз, яна ўсё-такі вынікае з усёй сістэмы вобразаў і карцін. Для вызначэння ідэі мастацкага твора неабходна пазнаёміцца з ім цалкам, ад першага да апошняга радка.
У буйных творах можа вылучацца асноўная, скразная ідэя, а побач з ёю – шэраг другарадных, пэўным чынам каменціруючых, дапаўняючых і развіваючых гэтую асноўную ідэю.
Паняцці «тэма», «праблема», «ідэя» хоць і вылучаюцца як асобныя адзінкі-катэгорыі ў складзе змястоўнага пласту літаратурна-мастацкага твора, аднак знаходзяцца ў любым творы ў надзвычай цеснай арганічнай сувязі, у непарыўным адзінстве, у стане рэгулярнага ўзаемадапаўнення і ўзаемахарактарыстыкі.
2.2 Пафас, яго разнавіднасці
Уласна змястоўны пласт твора характарызуе таксама яго пафас (ад ст.-грэч. pathos – пачуццё, натхненне, жарсць). Пафасам называецца «ідэйна-эмацыянальная накіраванасць літаратурнага твора, што вызначае спецыфіку мастацкага зместу ў сукупнасці ўсіх яго кампанентаў». Наогул гэта «пачуццё, жарсць, якія ўклаў у сваё тварэнне аўтар і якімі ён хацеў бы натхніць чытача».
Катэгорыя пафасу вядзе сваё паходжанне яшчэ з антычнасці (развагі аб патэтычнай мове ў «Рыторыцы» Арыстоцеля). Затым у яе распрацоўку, прычым непасрэдна ў дачыненні да з’яў літаратуры і мастацтва, істотны ўклад унеслі Г. Гегель і В. Бялінскі.
Вылучаюць некалькі асноўных разнавіднасцей пафасу.
Гераічны пафас перадае значныя сацыяльна-прагрэсіўныя памкненні, і ў першую чаргу барацьбу за волю, свабоду народа, нацыі, краіны. Твораў з гераічным пафасам у цэнтры шмат у сусветнай літаратуры. Калі ж браць уласна беларускае прыгожае пісьменства, дык гэта «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, «Страцім-лебедзь» М. Багдановіча, «Сцяг брыгады» А. Куляшова і інш.
Драматычны пафас узнікае ў творы ў выніку перадачы ў ім барацьбы персанажаў са знешнімі сіламі і абставінамі, якія ўяўляюць пагрозу іх жаданням, памкненням, а часам нават і жыццю («Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Судны дзень Скарыны» М. Арочкі і інш.).
Вельмі многія творы сусветнай літаратуры пабудаваны на цесным спалучэнні гераічнай і драматычнай танальнасці, таму аб іх пафасе правамоцна гаварыць як аб героіка-драматычным.
Трагічны пафас складаецца ў выніку мастацкага адлюстравання невырашальных супярэчнасцей паміж патрабаваннямі жыцця і немагчымасцю іх практычнага ажыццяўлення. Даволі часта ў творах з такога роду пафасам узнаўляецца складаная ўнутраная барацьба, якую вядуць героі (ці адзін з герояў) унутры саміх сябе, уласных характараў. Гэта барацьба паміж натуральнымі пачуццямі, памкненнямі сэрца (каханне, роднасныя сувязі) і ідэямі грамадзянскага, дзяржаўнага доўгу. Яскравымі прыкладамі такіх твораў з’яўляюцца п’есы «Гарацыі» П. Карнеля і «Гамлет» У. Шэкспіра. Наогул іх пафас можна ахарактарызаваць не толькі як трагічны, але і як трагедыйны.
Сатырычны пафас адухаўляе мастацкія творы, у якіх лад жыцця і чалавечыя характары з’яўляюцца прадметам гнеўнага, абуральнага высмейвання («Гісторыя аднаго горада» М. Салтыкова-Шчадрына, «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы). У тых выпадках, калі аўтар усведамляе недасканаласць жыцця і чалавечых магчымасцей, але не бічуе недахопы, не робіць ім гнеўны прысуд, а проста смяецца над сваімі героямі і часам нават шкадуе іх, мы маем справу з гумарыстычным ці камічным пафасам.