Смекни!
smekni.com

Асаблівасці літаратурнага творы (стр. 3 из 3)

Сентыментальным пафасам прасякнуты перш за ўсё творы адпаведнага літаратурнага метаду, стылю і напрамку ХVІІІ ст., героі якіх характарызуюцца душэўна-пачуццёвай рэфлектыўнасцю, што ўзнікае ў выніку ўсведамлення імі сапраўдных, як яны лічаць, каштоўнасцей быцця, звязаных з вольным і несапсаваным цывілізацыяй жыццём на ўлонні прыроды. Творы з сентыментальным пафасам вызначае таксама гіпертрафіраваная пачуццёвасць, якая, дарэчы, выяўлялася ў літаратуры ў той альбо іншай ступені як да ўзнікнення і выхаду на авансцэну сентыменталізму, так і пасля яго сыходжання з арэны. Зрэшты, «пачуццёва-замілаваныя адносіны аўтара да сваіх герояў <...> ніколі не прападаюць у мастацтве слова. Пісьменнікі заўсёды шкадавалі і будуць шкадаваць асобных сваіх герояў».

Рамантычны пафас (часам яго імянуюць яшчэ рамантыкай) перадае рэфлектыўную душэўную ўзрушанасць, захопленасць герояў нейкімі высокімі, часам ідэальнымі і ў прынцыпе неажыццявімымі памкненнямі, намерамі, якія з’яўляюцца своеасаблівым выклікам будзённай і шэрай рэчаіснасці. Як вядома, у гісторыі сусветнай літаратуры, мастацтва і культуры наогул была цэлая эпоха (канец ХVІІІ – пачатак ХІХ стст.), калі дадзены пафас дамінаваў над усімі астатнімі. Пэўнае адраджэнне рамантызму і адпаведнага пафасу ў літаратуры адбылося ў пачатку ХХ ст. і атрымала назву неарамантызму. Наогул рамантычны пафас выяўляўся ў літаратурных творах не толькі ў названыя перыяды, але і ў іншыя часы. Сапраўдная, высокая літаратура не можа існаваць без рамантыкі.

Адзначаныя віды пафасу хоць і сустракаюцца ў літаратурных творах у «чыстым» выгляде, аднак даволі часта, нават у межах аднаго і таго ж твора, узаемапераплятаюцца і ўзаемадапаўняюцца, пераходзяць з аднаго ў другі. У якасці прыкладу прывядзём п’есу У. Караткевіча «Маці Урагану», дзе рамантычны пафас суседнічае з драматычным, а апошні ў заключных карцінах твора пераходзіць у трагедыйны. Маюць месца ў дадзенай п’есе і камедыйна-сатырычныя матывы.

Сустракаюцца ў літаратуры і творы з «пустым» альбо «напышлівым» пафасам, у якіх неапраўдана ўзносяцца з’явы, падзеі, факты, што па вялікім рахунку не заслугоўваюць гэтага.

На заканчэнне размовы аб пафасе хацелася б прывесці даволі цікавую думку-выснову маскоўскага прафесара А. Казлова: «У апошнія гады паняцце аб пафасе ў літаратуразнаўстве амаль выйшла з ужытку. Прычына гэтага не толькі ў змене літаратурнай «моды». Важней іншае: наш век цураецца адкрытага праяўлення пачуццяў, нездарма ўжо даўно і ў рускай, і ў замежнай літаратуры цэнтральным героем стала рэфлексуючая асоба, далёкая і ад гераізму, і ад рамантызму, якая калі і выяўляе ў сабе якія-небудзь эмоцыі, дык, як правіла, замаскіраваныя іроніяй».

2.3 Канфлікт

Яшчэ адзін з кампанентаў уласна змястоўнага пласту твора – гэта канфлікт.

Канфліктам (ад лац. conflictus – сутыкненне) называюцца супярэчнасці, што ўвасоблены ў творы ў вобразах персанажаў, якія ўступаюць паміж сабой у пэўныя ўзаемаадносіны, выражаныя ці ў прамым дзеянні, г. зн. у паводзінах і ўчынках, ці ў скрытых, прыхаваных формах (устойлівыя канфліктныя станы, якія не выяўляюцца прама, а праз пэўную пазіцыю герояў, іх перакананні і г. д.).

Звычайна канфлікт выступае ў выглядзе калізіі (часам дадзеныя тэрміны трактуюцца як сінонімы; ёсць таксама і іншыя разуменні калізіі, адрозныя ад таго, якое мы прыводзім у якасці найбольш пашыранага) – прамога сутыкнення і барацьбы супрацьлеглых сіл: характараў і абставін, некалькіх характараў, розных бакоў аднаго і таго ж характару. Даволі часта ў мастацкай літаратуры сустракаюцца творы, дзе прысутнічаюць усе адзначаныя разнавіднасці супярэчнасцей, г. зн. герой можа змагацца і з неблагапрыемнымі знешнімі абставінамі, і са сваімі прамымі праціўнікамі ці антыподамі, і, урэшце, з самім сабой.

Канфлікт з’яўляецца асновай і рухаючай сілай дзеяння і ў выніку вызначае асноўныя стадыі развіцця сюжэта: зараджэнне канфлікту звычайна адбываецца ў завязцы дзеяння; яго нарастанне, пашырэнне і паглыбленне – на этапе развіцця дзеяння; кульмінацыя ж знамянуе сабой найвышэйшае абвастрэнне канфлікту. Такім чынам, вастрыня і глыбіня канфлікту напрамую залежаць ад сюжэта, яго падзейна-якасных характарыстык.

Канфлікт – важны атрыбут эпічных твораў. Яшчэ важнейшая яго роля ў драме. Наогул творы дадзенага роду немагчыма ўявіць без канфлікту. Нездарма ў свой час К. Крапіва сцвярджаў загалоўкам аднаго з уласных артыкулаў, што «канфлікт – аснова п’есы».

Застаецца дыскусійным пытанне наконт канфлікту ў лірыцы, дзе ён «іншы раз наогул адсутнічае, часам праяўляецца ў спецыфічным лірычным сюжэце <...>, часта ж – пазасюжэтна, у прамым лірычным сцвярджэнні, семантычнай антытэзе, сінтаксічным паралелізме і г. д.».

Канфлікт арганізоўвае і змацоўвае мастацкі твор на ўсіх яго ўзроўнях. Сам жа ён можа трансфармавацца ў ходзе разгортвання: то згладжвацца, то абвастрацца, паўстаючы «на выхадзе» іншым, чым на «ўваходзе». «Нязменнасць канфлікту, яго тоеснасць самому сабе часта абазначае схематызм і малую мастацкасць твора, яго жорсткую маралістычную ці палітычную зададзенасць».

Эстэтычная спецыфіка канфлікту, яго пафас залежаць ад характару сіл, што ўзаемадзейнічаюць. Канфлікт высокага і высокага (сіл, характараў, перакананняў, ідэй) параджае трагічны пафас; нізкага і нізкага – камічны; высокага і нізкага – гераічны; нізкага і высокага – сатырычны; эстэтычна значная адсутнасць канфлікту нясе ў сабе ідылічны пафас.

На змест і мастацкую спецыфіку канфлікту накладваюць пэўны адбітак час, эпоха. Таму невыпадкова даследчыкі літаратуры гавораць аб пэўнай агульнасці канфліктаў у межах аднаго часу, адной эпохі. Так, для антычнага мастацтва цэнтральным з’яўляўся канфлікт абмежаванага ў сваіх прадбачаннях чалавека і ўсемагутнага року; у сярэднія вякі ў літаратуры і мастацтве адлюстроўваўся пераважна канфлікт боскага і д’ябальскага, духоўнага і пачуццёвага ў прыродзе чалавека; у эпоху Адраджэння універсальная і гераічная асоба змагаецца з антыгуманнай і бяздушнай светабудовай; творы класіцызму адлюстравалі барацьбу ў асобе чалавека прыватных і грамадскіх памкненняў, жарсці і доўгу; рамантычнае мастацтва ўвасабляла барацьбу ідэалу з рэчаіснасцю, генія з натоўпам, духоўнай свабоды з матэрыяльнай прыземленасцю; рэалізм ХІХ ст. звярнуў асаблівую ўвагу на барацьбу неардынарнай і духоўна багатай асобы з не надта спрыяльным для рэалізацыі яе ўнутраных патэнцый грамадскім укладам; у літаратуры мадэрнізму «канфлікт трактуецца, як правіла, глабальна – як вечная і неадольна-бязвыхадная разарванасць чалавека, супрацьстаянне сацыяльнага і біялагічнага, свядомага і падсвядомага ў яго прыродзе, невырашальная супярэчнасць адзінокага індывіда з адчужанай ад яго рэальнасцю».


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Абрамович Г.Л. Введение в литературоведение / Абрамович Г.Л. – 7-е изд., испр. и доп.– М., 1979.

2. Введение в литературоведение / Под. ред. Г.Н. Поспелова.– 2-е изд., доп.– М., 1983.

3. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф. – М., 1995.

4. Гуляев Н.А. Теория литературы / Гуляев Н.А. – М., 1985.

5. Дарвин М.Н. Фрагмент; Цикл // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.

6. Кожинов В.В. Форма и содержание // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

7. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства.– 2-е выд., дапрац. і дап.– Мн., 1982.

7. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000.

9. Поспелов Г.Н. Теория литературы / Поспелов Г.Н. – М., 1978.

10. Рагойша В. Змест і форма; Твор літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.– Мн., 2001.

11. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Форма и содержание // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.

12. Тимофеев Л.И. Основы теории литературы.– 5-е изд., испр. и доп.– М., 1976.

13. Хализев В.Е. Теория литературы / Хализев В.Е. – 2-е изд.– М., 2000.

14. Чернец Л.В. Литературное произведение как художественное единство // Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец.– М., 2000.

Размещено на http://www.