Смекни!
smekni.com

Эстэтычныя пошукі ў сучаснай беларускай лiтаратуры (стр. 3 из 4)

Сёння маладымі літаратарамі абвешчана пра нараджэнне Другога фронту мастацтваў (часопіс “Тэксты”, рэдактар Зм. Віш-нёў).

Адной з асноўных постмадэрнісцкіх катэгорый з’яўляецца катэгорыя “гульні”. Пісьменнік-постмадэрніст гуляе з літара-урнымі вобразамі і культурнымі кодамі, ідэалагічнымі сэнсамі і моўнымі стэрэатыпамі, жанрамі. В. Акудовіч характарызуе літаратуру постмадэрна як вербальна-інтэлегібельную нелінейную гульню як у прасторы традыцыйнага тэксту, так і ў гіперпрасторы тэкста віртуальнага [18, с.238].

У постмадэрнізме катэгорыя вербальнай гульні пашыраецца на ўсю прастору мастацкага тэксту. Паказальнае ў гэтыс сэнсе прызнанне А. Бахарэвіча адносна кнігі прозы “Ніякай літасці Валянціне Г.: “Ніколі не быў задаволены да канца тым, што пішу, але пасля гэтай кнігі я апынуўся на крок бліжэй да той літаратуры, якая ў маіх вачах адна і мае права называцца мастацтвам, – не атручанай аніякімі глабальнымі ідэямі, падначаленай стылю, а не сюжэту, заўсёды адкрытай для магічных гульняў словаў і сэнсаў...” [27, с.13]

Знікненнем падзейнасці і апеляцыяй да ўнутранага “я” вылучаецца раман В. Гапеевай “Рэканструкцыя неба”. Пісьменніца калекцыяніруе псіхалагічныя, сацыяльныя, сексуальныя ды іншыя комплексы беларускага грамадства. “…Раман у дэталях ці дэталь у рамане (патрэбнае падкрэсліць)” [28, с. 91] дэманструе ў тэксце сітуацыю незавершанасці і бясконцасці, якая можа суадносіцца з постмадэрнісцкай гульнёй сэнсамі, а можа ўспрымацца як “унутраная “афектаваная” гісторыя жанчыны” [29, с.27].

Гульнёвая постмадэрнісцкая іранічнасць вылучае лірычнага героя В. Жыбуля, што праяўляецца і ў пачуццях да каханай (верш “Астрафагія”), і ў апісанні рэчаў матэрыяльнага свету (“Лысыя чарапы талерак”) і прыродных з’яў. У вершах паэта спалучаюцца глыбокае асэнсаванне праблем сучаснасці з выразным гульнёвым пачаткам і іранічным светаўспрыманнем:

Мы – агрызкі на Дрэве Вечнасці

Што вырасце з нас, калі мы

паспадаем долу з хісткіх галінаў?

Што адбудзецца, калі мы пусцім

карэнне ўнутр саміх сябе? [13, с.64]

(“Храм падводнага сонца”)

Постмадэрнізму адпавядае праблемна-тэматычнае поле празаічных твораў І. Сіна, але, на думку Н. Пазняк, “абмежаванасць у гульнёвым пачатку і пастаянная ўвага да чалавечай экзістэнцыі не дазваляе адносіць іх да тыпова постмадэрнісцкіх тэкстаў”. Адна з вызначальных праблем кнігі І. Сіна “Нуль” – праблема спустошанасці, пустэчы, адсутнасці ў чалавецтва якой-небудзь перспектывы. Як лічыць І. С. Скарапанава, пустэча ў постмадэрнісцкім тэксце – гэта “…адсутнасць дэтэрмінаванага першапачатку, калі ўсё толькі нараджаецца і нічога яшчэ не нарадзілася” [30, с. 69].

Так, у апавяданні І. Сіна “Нуль” галоўны герой Антуан Ракатэн (тут відавочныя алюзіі на “Млосці” Ж. П. Сартра) бясконца падарожнічае па замкнёнаму колу ў цягніку метро, што ўвасабляе чалавечую безвыходнасць. З’яўленне безвыходнасці абумоўлена стратай чалавекам сваёй індывідуальнасці.

Апавяданне І. Сіна “Альдаір” ілюструе традыцыйную тэматыку постмадэрновай літаратуры, тэму мутацыі чалавека. Герой ператвараецца ў казюрку, якая хаваецца ў шчыліне падлогі ад паху металёвых кветак, якія “увасабляюць надыход тэхнагеннай эры дэгуманізаванага грамадства” [15, с. 100]. (Узгадваецца “Пераўтварэнні” Ф. Кафкі). У творы паўстае вобраз “дэгуманізаванага грамадства, выяўлены праз імітацыю навукападобнага дыскурсу падчас гаворкі Хірурга і Асістэнта, якія прэпаруюць цела жывога яшчэ героя. Апакаліптычныя малюнкі акаляючага свету не здольны сагрэць кволае цела Альдаіра і прыво-дзяць да высновы, якую можна акрэсліць праз словы: “Чалавек у выніку не болей за капрыз прыроды, а зусім не цэнтр сусвету”, якія належаць галандскаму даследчыку Даўвэ Факема – аднаму з тых, хто сфармуляваў прынцыпы постмадэрнісцкага светаўспрымання” [22, с. 142]. Трэба заўважыць, што “пластычная хірургія, мадэляванне целаў увогуле з’яўляецца любімай тэмай літаратуры постмадэрна, апантанай ідэяй пошукаў новай цялеснасці, якую трэба ўспрымаць як вынік бяссілля ідэалістычных канцэпцый, з аднаго боку, і бездухоўнасці матэрыялізму – з другога” [22, с. 143].

Постмадэрнісцкая тэма пластычнай хірургіі і мадыфікацыі чалавечага цела паўстае ў міні-утопіі І. Сіна “Нобелеўская лекцыя”, дзе апісваецца сакрэтны эксперэментальны завод па вытворчасці чалавечых органаў.

Штучны чалавек паўстае ў замалёўцы “ЫЫ-ММ”: “…У маіх грудзёх знайшлі надоечы пластыкавае сэрца. Яно перагрэлася і не працавала, але мама абяцала мне купіць новае, яшчэ лепшае. Адкаркаваўшы ўчора сваю галаву, я заўважыў у ёй цэлую плойму ліпкіх, бы цельцы кальмараў, думак. Выкінуўшы іх у сметніцу, я зразумеў прычыну паніжанасці свайго ціску” [31, с. 19].

Галоўныя героі апавядання “Лёд” – асуджаныя дасягненнямі цывілізацыі на вечнае жыццё людзі. Кожны дзень сустракаюцца і размаўляюць праз свае скафандры закаханыя Яна і Ясь: “…Заўтра зноў анічога не здарыцца” [31, с. 106].

“Самымі трывалымі сувязямі з традыцыямі літаратуры эпохі постмадэрну звязаны, – як лічыць Н. Пазняк, – празаічныя творы А. Бахарэвіча, дзе катэгорыя “гульні” падпарадкоўвае сабе ўсю мастацкую прастору тэксту” [32, с. 6]. А. Бахарэвіч – аўтар кніг “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў”, “Натуральная афарбоўка”, “Ніякай літасці Валянціне Г.” А. Бахарэвіч неаднаразова прадстаўляў Беларусь на літаратурных семінарах і фестывалях у Еўропе. Яго творы актыўна перакладаюцца на замежныя мовы.

Дэканструкцыя рэчаіснасці і гульня з фігурай аўтара ўлас-ціва ўжо раннім творам пісьменніка: у апавяданні “Пры-біральшчыца” пададзена постмадэрновая сітуацыя множнасці сэнсаў, у апавяданні “Рамонт Гадзіннікаў” – дэканструкцыя знакавых для літаратуры катэгорый імя і прозвішча.

Абапіраючыся на эстэтычны прынцып постмадэрнізму, гульню з чытачом, А. Бахарэвіч праз мастацкае спалучэнне іроніі і гратэску ў сваіх аповесцях і раманах “імкнецца да разбурэння стэрэатыпаў масавай, а ў больш вузкім кантэксце, нацыянальнай свядомасці” [32, с. 6].

У аповесці А. Бахарэвіча “Падмані гаспадара сусвету” гульня з тэкстам ператвараецца ў “мантаж фрагментаў розных твораў, што звязваюцца ў адзіную канструкцыю аўтарскай канцэпцыяй супраціву сучаснасці” [32, с. 6].

Адным са спосабаў арганізацыі тэксту аповесці А. Бахарэвіча “Гюнтэр Вальдхоф і яго крэдыторы” выступае моўная гульня. Спалучэнне беларускай, рускай і нямецкай мовы ў творы “дазваляе па-новаму прачытаць “застарэлыя хваробы” беларускай культуры” (Н. Пазняк). І далей даследчыца працягвае: “Касмапалітычная арыентацыя эстэтыкі постмадэрнізму выяўляецца ў аповесці праз размыканне кодаў беларускага білінгвізму пры дапамозе старонняга кампаненту – нямецкай мовы і “псеўданямецкай” свядомасці галоўнага героя Гюнтэра Вальдхофа” [32, с. 6].

Катэгорыя гульні пакладзена ў аснову і “Натуральнай афарбоўкі” А. Бахарэвіча. Тэкст “Натуральнай афарбоўкі”, па словах Н. Пазняк, уяўляе сабой “інтэрактыўную прастору з вандруючымі вобразамі і сюжэтамі”. І далей даследчыца працягвае: “З першага погляду твор тыпова постмадэрнісцкі, калі не казаць пра пост-постмадэрнізм, бо інтэртэкст рамана разбурае катэгорыі ўжо самога постмадэрну” [32, с. 6]. Па жанру раман блізкі да антыўтопіі, “які праз выкарыстанне катэгорыі постмадэрнісцкай “гульні” ў тэксце таксама дэканструіруецца” [32]. Н. Пазняк знаходзіць у творы алюзіі да раманаў К. Замяціна “Мы” і “Замка” Ф. Кафкі, і нават “Сталкера” А. Таркоўскага. Імя галоўнага героя – Стах, паводле інтэртэксту, адсылае да “культавага” твора беларускай літаратуры “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча.

Н. Пазняк лічыць А. Бахарэвіча адным з самых перспектыўных сучасных беларускіх пісьменнікаў: "На нашу думку, у асобе Альгерда Бахарэвіча сучасная беларуская літаратура набывае новае светабачанне, якое адпавядае ўсім правілам і канонам эстэтыкі постмадэрнізму, а таксама працягвае лепшыя традыцыі нацыянальнай прозы” [32, с. 6].

Творчасць Зм. Вішнёва Н. Пазняк прапануе разглядаць у рэчышчы постмадэрновага канцэптуальнага мастацтва. Канцэптуалізм як уласна-нацыянальную форму рускага літаратурнага постмадэрнізму, што не мае прамых аналагаў у свеце, прапануе вылучаць І. С. Скарапанава [30].

Катэгорыя “гульні” ў канцэптуалізме мае “…пазатэкставы “тэатралізаваны” характар, што выяўляе імідж аўтара, праз які патрэбна ўспрымаць яго творы” [30, с. 60]. У сучаснай рускай літаратуры найбольшую вядомасць як канцэптуаліст атрымаў Дз. Прыгаў, які стварыў парадыйныя вобразы эпігона, бяздарнасці, настаўніка, графамана, што аб’ядноўваюцца ў адно цэлае множнасцю псеўдааўтарска-персанажных масак, што выкарыстоўваюцца Дз. Прыгавым.

Зм. Вішнёў – аўтар тэорыі “афрыканізацыі” беларускай літаратуры. Канцэпт “Афрыкі”, пададзены ў шматлікіх вершах Зм. Вішнёва, відавочна адсылае да дзіцячай казкі К. Чукоўскага, выступае ў якасці жаданай мары.

Жанр сваіх вершаў Зм. Вішнёў вызначае як “афрыкозы”. “Захапленнем афрыканскімі прасторамі тлумачыцца і населенасць паэтычных тэкстаў Вішнёва рознымі экзатычнымі для Беларусі прадстаўнікамі флоры і фауны: кракадзіламі, зебрамі, папугаямі, змеямі, бегемотамі, маскітамі, кактусамі, кіпарысамі” (Н. Пазняк). Зм. Вішнёў арганізаваў таксама перформенную каманду “Спецбрыгада афрыканскіх братоў”.