У творах К. Гамсуна i К. Чорнага выяўлены пэўны тып селяніна. Гэта чалавек, моцна ўкаранёны ў жыццё, зямлю, у нечым кансерватыўны, не схільны да змен і пераўтварэнняў. Спадзяецца толькі на ўласны спрыт, працу, розум. Знітаванасць селяніна з зямлёй, укаранёнасць у жыццё абумовілі цалкам цвярозы, рацыянальны пачатак у яго спосабе думак.
Наглядаецца шмат падабенстваў памiж героем рамана К. Гамсуна “Плёны зямлі” Ісаакам i Лявонам Бушмаром К. Чорнага з аднайменнай аповесці. I той і другі жывуць на хутары. Абодва замкнёныя, негаваркія, асцярожныя. I К. Гамсун вылучае ў сваім героі такую рыску, як звераватасць, грубасць, хоць мы ведаем, што ў К. Чорнага тут мелі месца, перш за ўсё, сацыяльныя фактары.
Яднае раманы К. Гамсуна i К. Чорнага апяванне цэльнасці духоўнага свету селяніна, яго вітальнай моцы, сакралізацыя ўзаемаадносін чалавека з акаляючым асяроддзем. Часам матыў прыроды ўзвышаецца ў iх творах да “пантэістычных канцэпцый быцця” (А. Бучыс). Прырода ператвараецца ў набытак унутранага свету герояў, форму духоўнага вопыту.
Падабенства паміж творамi К. Гамсуна і К. Чорнага наглядаецца і ў падыходах да выяўлення ўнутранага свету чалавека. Пісьменнікі звярнуліся да перадачы не толькі выразна акрэсленых пачуццяў і жаданняў, але і неўсвядомленых, ледзь адчувальных. Раманы К. Гамсуна “Пан”, “Вікторыя”, раман К. Чорнага “Сястра”, апавяданні “Пачуцці”, “Парфір Кіяцкі”, “Вечар” – гэта плынь няўлоўных, неакрэсленых настрояў і рухаў.
К. Гамсун і К. Чорны сталі ў пэўным сэнсе рэфарматарамі ў галіне выяўлення ўнутранага свету асобы. Лічыцца, што К. Гамсун прадугадаў з'яўленне тэхнікі “патоку свядомасці”. Паток ледзь устоўлівых, пераменлівых пачуццяў і жаданняў наглядаем і ў творах К. Чорнага другой паловы 20х гадоў. К. Гамсуна не задавальнялі тыя падыходы да адлюстравання псіхалогіі чалавека, што склаліся ў мастацкай прозе яго часу (дэтэрмінаванасць характару, дамінаванне адной ці некалькіх рысаў у характары чалавека), пра што нарвежскi празаiк і пісаў у сваіх артыкулах (“Псiхалагiчная лiтаратура”, “Крыху пра Стрындберга”, “Нарвежская лiтаратура”, “Пра несвядомае духоўнае жыццё”, “Пiсьменнiкi старыя i маладыя”). Наватарам і эксперыментатарам выступіў і К.Чорны, хаця беларускі пісьменнік кіраваўся не толькі творчымі задачамі. Да чыста мастацкіх у яго дадаваліся і сацыяльныя, пра што гаворка ішла вышэй.
Акрамя таго, абодва пісьменнікі прызнавалі ўплыў на сваё творчае станаўленне Ф. Дастаеўскага, аўтара “новай мастацкай мадэлi свету, у якой многiя з асноўных момантаў старой мастацкай формы атрымалi карэннае пераасэнсаванне”.
Пераемнасць з Ф. Дастаеўскiм асаблiва адчувальная ў раннi перыяд творчасцi К.Чорнага (зборнiкi апавяданняў “Пачуццi”, “Хвоi гавораць”, раман “Сястра”). На наступных этапах Ф. Дастаеўскi становiцца для К. Чорнага субяседнiкам i апанентам, прыхаваная палемiка з Ф. Дастаеўскiм, як давёў А. Адамовiч, складае другi i трэцi план у яго творах.
Вызначальнае ў Ф. Дастаеўскага – вывучэнне чалавека праз прызму iдэй, даследаванне ўплыву пэўнай iдэi на розум i паводзiны чалавека. Фiласофскi пошук у раманах рускага празаiка адбываецца ў сферы самасвядомасцi героя. Па сутнасцi, галоўным прадметам выяўлення, галоўным героем твора i становiцца самасвядомасць. I К. Гамсуна i К. Чорнага прыцягваў псiхалагiзм Ф. Дастаеўскага, складаны духоўны пошук яго герояў.
Аднак, калі заслугі К. Гамсуна ў пашырэнні выяўленчых магчымасцей мастацкай прозы, яго роля ў трансфармацыі мастацкага мыслення з'яўляюцца агульнапрызнанымі, то неспрыяльны гістарычны кон Беларусі адбіўся і на лёсе яе творцаў: на жаль, заслугі К. Чорнага не атрымалі еўрапейскага прызнання, хаця набыткі яго бясспрэчныя.
К. Гамсун лічыцца адным з найбольш выдатных і выразных прадстаўнікоў літаратурнага імпрэсіянізму. Рысы імпрэсіянізму прысутнічаюць і ў мастацкай структуры твораў К. Чорнага. Апісанні навакольнай рэчаіснасці, людзей, прадметаў знешняга свету прасякнуты ў К. Гамсуна і К. Чорнага асабістым пачуццём, перажываннем, бачаннем. Свет у іх творах паўстае насычаным колерамі, пахамі, фарбамі. Празаікі перадаюць уласныя ўражанні, адчуванні, шматграннасць і багацце непасрэдных уяўленняў. Адсюль і гэткі лірызм, настраёвасць іх твораў. Важкую ролю адыгрывае мастацкая дэталь. К. Гамсун і К. Чорны перадаюць імгненныя пачуцці, уражанні. Як вядома, менавiта iмпрэсiянiзму лiтаратура абавязана ўвагай да пераменлiвых чалавечых настрояў, нюансаў i адценняў пачуццяў. Па словах А. Еўнiной, “iмпрэсiянiзм у лiтаратуры з'яўляецца паглыбленнем цi пэўнай формай пiсьма, якая ўлiчвае зноўку адкрытыя, падсвядомыя, рухомыя i ледзь улоўныя настроi i адчуваннi…”.
Героям пісьменнікаў уласціва нейкая непасрэднасць бачання, пранікнёнасць у быццё. Яны жывуць адным жыццём з прыродай, адчуваюць яе стан як свой уласны. Сам празаiк у лiсце да сябра пiсаў: “Я адчуваю крывёю, што знаходжуся ў духоўнай сувязi з iсным, са стыхiяй”. Такое глыбокае пранікненне ў прыродны свет абумовіла і маляўнічасць светабачання. Творы К. Гамсуна і К. Чорнага вылучаюцца разнастайнасцю, багаццем фарбаў пры ўзнаўленні навакольнага асяроддзя. Сюжэтная пабудова раманаў К. Гамсуна “Голад”, “Мiстэрыi”, “Пан”, “Вiкторыя”, рамана К. Чорнага “Сястра”, апавяданняў са зборнiкаў “Пачуццi”, “Хвоi гавораць” таксама наблiжана да iмпрэсiянiстычнай. Акцэнт у гэтых творах зроблены на выяўленнi пачуццяў i перажыванняў чалавека. Дзеянне, як правiла, не адыгрывае значнай ролi.
Мы ўжо сказалі пра быццёвасць мыслення празаікаў, падрабязнасць у апісаннях знешнепобытавага свету. А, як вядома, менавіта імкненне да максімальна праўдзівага ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае творчасць імпрэсіяністаў.
Сказанае вышэй сведчыць пра выключны мастацкi i духоўны патэнцыял творчасцi нашага класiка К. Чорнага.
1.5 К. Чорны і руская літаратура
Л. Талстому лiтаратурная практыка абавязана пашырэннем прынцыпаў i прыёмаў выяўлення, значным паглыбленнем фiласофскага гучання твораў. Па сутнасцi, Л. Талстой сцвердзiў новы этап у развiццi прыгожага пiсьменства. У гiсторыi беларускай лiтаратуры выключнае значэнне адыграла творчасць К. Чорнага. Дзякуючы яму нацыянальная проза выйшла на якасна новы ўзровень у даследаваннi ўнутранага свету чалавека, вывучэннi яго свядомасцi. I па сённяшнi дзень творы К. Чорнага застаюцца ў беларускай лiтаратуры непераўзыдзенымi па глыбiнi аналiзу псiхалогii чалавека.
Безумоўна, беларуская лiтаратура не магла не адчуць уплыву творчасцi Л. Талстога, не засвоiць яго мастацкiх адкрыццяў. Вядома, што Л. Талстой з'яўляўся маральным аўтарытэтам i для беларусаў, а цiкавасць да яго творчасцi на Беларусi была даволi значнай. Асаблiва iнтэнсiўна звяртаўся К. Чорны да асобы i спадчыны рускага пiсьменнiка у 20я гады 20 стагоддзя. Беларускi празаiк iмкнуўся апрабоўваць на беларускай глебе мастацкiя дасягненнi лепшых пiсьменнiкаў свету, выступаў за “лiтаратурны сталiчны Мiнск, супраць Мiнску – як губернскай правiнцыi, з кансерватарскiмi поглядамi на лiтаратуру i традыцыямi губернскага маштабу”. I хаця вядома, што найпершае i найбольшае ўздзеянне на К. Чорнага мела творчасць Ф. Дастаеўскага, iмя Л. Талстога ў публiцыстыцы гэтага часу сустракаецца ў К. Чорнага досыць часта.
К. Чорны надзвычай высока цанiў увагу рускага пiсьменнiка да “маленькага чалавека”, яму блiзкiя былi заклiкi Л. Талстога да ўнутранага ўдасканалення. Скразная думка твораў К. Чорнага – неабходнасць духоўнага ачышчэння, пазбаўлення ад усякай нiзасцi, “дробных хiтрыкаў i ўласнае прынiжанасцi”.
Творы Л. Талстога вылучаюцца пiльнай увагай да духоўнай сферы чалавека, выяўленнем яе складанасцi, супярэчлiвасцi. Характар чалавека паўстаў у iх рухомым, зменлiвым, “цякучым”. У рамане “Уваскрасенне” празаiк пiсаў: “Людзi што рэкi”. Л. Талстой раздрабняе характар чалавека на асобныя пачуццi, перажываннi, рухi, што было новым для лiтаратуры. Яна адкрывала “падрабязнасць пачуццяў”. Такi тып псiхалагiзму ўласцiвы раннiм творам Л. Талстога (“Севастопальскiя апавяданнi”). У далейшым «падрабязнасць пачуццяў», выяўленне самых тонкiх псiхiчных рухаў чалавека будзе спалучацца ў Л. Талстога з шырокiм эпiчным узнаўленнем падзей аб'ектыўнай рэчаiснасцi.
“Падрабязнасць пачуццяў” цiкавiць i К. Чорнага. Пiсьменнiк выяўляе супярэчлiвасць, складанасць адчуванняў асобы: “…яго душу запоўнiлi раўналежна розныя адценнi чатырох пачуццяў: побач умясцiлiся элементы гумару, горкай злосцi, смутку i абыякавасцi”, iх непрадказальнасць: “…а ён iдзе адзiн з лёгкасцю пасля таго сплыўшага, якое i прыйшло немаведама адкуль i ад чаго, i сышло немаведама адкуль i куды…”.
Л. Талстой, раздрабняючы чалавечы характар на асобныя часткi, жадаў знайсцi тыя элементы, якiя б былi канстантнымi для ўсiх людзей. К. Чорны ж iмкнецца паказаць, перш за ўсё, складанасць унутранай арганiзацыi чалавека, нават непрадказальнасць i нявытлумачанасць яго духоўных рухаў. Гэтая эвалюцыя ў мастацкiм мысленнi беларускага празаiка звязана з наступным: К. Чорны – пiсьменнiк 20га стагоддзя, калi былi зроблены новыя адкрыццi ў галiне псiхалогii (канцэпцыi З. Фрэйда i iнш.). Падругое, у 20я гг. шырока была распаўсюджана тэорыя жывога чалавека, якая накiроўвала пiсьменнiкаў на даследаванне ўсёй разнастайнасцi пачуццяў i перажыванняў асобы. У гэты час якраз i абмяркоўвалiся навейшыя дасягненнi псiхалагiчнай навукi (работы А. Варонскага). У сваю чаргу, iмкненне да выяўлення новых граней чалавечай псiхалогii падштурхоўвала да пошуку адпаведных прынцыпаў i прыёмаў пiсьма. Адсюль – i зварот К. Чорнага да тэхнiкi плынi свядомасцi. У станаўленнi гэтага прыёму значную ролю адыграла менавiта творчасць Л. Талстога. У яго творах пададзены дасканалыя ўзоры ўнутранага маналогу (маналог Ганны з рамана “Ганна Карэнiна”), якi пазней i перарасце ў плынь свядомасцi. Але ўнутраны маналог у творах рускага пiсьменнiка вылучаецца цэласнасцю, лагiчнай арганiзаванасцю. К. Чорны ж больш эксперыментуе, ён сумяшчае аддаленыя па часе ўспамiны з тымi ўяўленнямi, якія з'яўляюцца ў дадзены момант, спалучае, здавалася б, мала звязаныя памiж сабой уражаннi. Такiм чынам, К. Чорны наблiжаўся да манеры пiсьма, што стане вылучаць творы прадстаўнiкоў школы «плынi свядомасцi» (М. Пруст, Дж. Джойс, У. Фолкнер, В. Вулф).