Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт
ЗМЕСТ
1. ТворчасцьКузьмыЧорнагаісусветны мастацківопыт
1.1 Гісторыя праблемы
1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка
1.3 К.Чорны і літаратура “плыні свядомасці”
1.4 К. Чорны і К. Гамсун
1.5 К. Чорны і руская літаратура
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Творчасць Кузьмы Чорнага і сусветны мастацкі вопыт
1.1 Гісторыя праблемы
Надзвычай удзячны матэрыял у плане вывучэння нацыянальнай лiтаратуры ў кантэксце сусветнай – спадчына К. Чорнага. Гэта постаць знакавая для беларускага прыгожага пісьменства. Яго творчасць мела надзвычайны ўплыў на развіццё нацыянальнай мастацкай свядомасці, вербальнай культуры беларускага народа ўвогуле як “самавыяўлення духоўнай субстанцыі быцця” (Гегель). Спадчына К. Чорнага выключная па сваёй філасофскай глыбіні. Пісьменнік не толькі вызначыў новы ўзровень мастацкага мыслення, шмат у чым непераўзыдзены нават да нашага часу, яго творчасць аказала значнае ўздзеянне на фармаванне светапоглядных асноў духоўнага жыцця беларускага народа ўвогуле.
Бадай, няма другога такога беларускага пісьменніка, які б здолеў так выразна выявіць нацыянальную ментальнасць і адначасова ўвабраць сусветныя мастацкія і культурныя каштоўнасці, адгукнуцца на іх і нават у нечым прадбачыць, апярэдзіць развіццё творчай думкі. Вывучэнне названай праблемы дазволiць, як бачым, паказаць не толькi тое, якiм чынам адбывалася засваенне сусветнага мастацкага вопыту нашым прыгожым пiсьменствам, але i тое, што давала цi магла даць наша лiтаратура сусветнай, развiвайся яна ў нармальных умовах.
Выключная роля ў асэнсаваннi праблемы: К. Чорны i сусветны мастацкi вопыт належыць А. Адамовiчу (манаграфія “Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага”). У рабоце “Здалёк і зблізку” даследчык пісаў: “...нiхто з сённяшнiх празаiкаў не “замахваецца” на тое, на што рашыўся Чорны: “пераварыць”, “пераплавiць” самых вялiкiх (пiсьменнiкаў – А. М.)” [1, с. 53]. Сам вучоны блiскуча разгледзеў пераемнасць памiж творчасцю Ф. Дастаеўскага i К. Чорнага, Л. Талстога i К. Чорнага. У далейшым распрацоўкай гэтай праблемы плённа займаўся М. Тычына. У раздзеле “Кузьма Чорны” з "Нарысаў па гісторыі беларускарускіх літаратурных узаемасувязей" (Мн., 1994) вучоны асэнсоўвае творы Чорнага 20х гг. у суадносінах з развіццём рускай мастацкай думкі, выяўляе блізкасць і адметнасць светапоглядных пазіцый беларускага празаіка і Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, Л. Ляонава, Ус. Іванова, К. Шолахава, А. Платонава [2]. Разважаючы над праблемай “К. Чорны i сусветная лiтаратура”, нашы даследчыкi часцей называюць iмёны Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога, Э. Заля, А. Бальзака, К. Гамсуна.
I. Чыгрын, Дз. Бугаёў, М. Стральцоў, Г. Тварановiч, М. Тычына пашырылi кантэкст даследавання, паставiўшы К. Чорнага поруч з М. Прустам, Дж. Джойсам, У. Фолкнерам, Ф. Кафкам, Э. Хэмiнгуэем, Т. Манам, I. Андрычам, А. Камю. М. Тычына, ацэньваючы творы К. Чорнага ваенных гадоў, адзначае: “Гэта быў унiкальны ў нашай культуры выпадак, калi пiсьменнiк iшоў паралельна, а то i апярэджваў у мастацкiм асэнсаваннi 20 ст. сваiх замежных калег, пра многiх з якiх ён нiчога не чуў i не ведаў (А. Камю, Т. Ман, I. Андрыч). Асобныя старонкi чорнаўскай прозы, вобразы, малюнкi, думкi ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як “успамiн пра будучыню” [3, с. 22].
Наватарскi характар творчасцi К. Чорнага падкрэслiвае Л. Корань: “Каб быць сучаснiкам 20 стагоддзя, трэба было быць iнтэлектуалам. I Чорны быў iм. Быў iнтэлектуалам у сваёй мастацкай мове, у выяўленчых формах, часта яшчэ грувасткiх, каструбаватых звонку” [4, с. 78]. Даследчыца выказвае цiкавае меркаванне, што “iдэйная блiзкасць К. Чорнага з класiкаю iншых культур больш пэўная, чым з традыцыямi ўласна нацыянальнымi, i гэта не ў апошнюю чаргу тлумачыцца якраз дыскрэтнасцю ў развiццi культуры беларускай” [4, с. 78].
Глыбокія разважанні адносна пераемнасці і адрозненняў у пазіцыях Ф. Дастаеўскага і К. Чорнага зроблены ў артыкуле М. Стральцова “Шырокасць”. М. Стральцоў адзначыў “прарочыя моманты” творчасцi К. Чорнага “для ўсёй нашай прозы”. Менавiта М. Стральцоў першым загаварыў пра магчымасць супастаўлення творчасцi Чорнага з творчасцю класiка сусветнай лiтаратуры У. Фолкнера: “Але не трэба баяцца падобных супастаўленняў. Духоўны свет iнтэграваны не менш, калi не больш, чым свет сацыяльны, i ў ягоным глыбiнным “космасе” сапраўды “зорка зорцы голас падае” [5, с. 462].
I. П. Чыгрын у манаграфii "Крокі: Проза “Узвышша” (Мн., 1989) адзначаў, што творчы пошук К. Чорнага “адбываўся ў рэчышчы агульнасусветнага мастацкага працэсу” [6, с. 75]. У гэтым кантэксце вучоны называе iмёны Э. Хэмiнгуэя, Ф. Кафкi, М. Пруста, Дж. Джойса.
Цікава аналізуе раннія раманы Чорнага Дз. Бугаёў у артыкуле “Дасягнутае і страчанае”. Даследчык, разважаючы пра блiзкасць паэтыкi рамана “Сястра” да паэтыкi раманаў У. Фолкнера i Дж. Джойса, падкрэслiвае: “…пэўнае падабенства чорнаўскай паэтыкi ў рамане “Сястра” з манерай пiсьма Фолкнера i нават Джойса толькi тыпалагiчнае, не звязанае з непасрэднымi ўплывамi. А гэта азначае, што беларускi пiсьменнiк яшчэ ў пару сваёй маладосцi самастойна намацваў тыя шляхi, на якiх здабылi сусветную славу i Фолкнер, i Джойс. Мы ж свайго класiка некалi найбольш ушчувалi якраз за спробу наблiзiцца да гэтых, як цяпер стала ясна, пасвойму вельмi перспектыўных шляхоў” [7, с. 239].
В. П. Жураўлёў у манаграфii “На шляху духоўнага самасцвярджэння” паказвае "першапраходчыцкую, першаадкрывальніцкую ролю" К. Чорнага ва ўсесаюзным літаратурным працэсе. Даследчык, маючы на ўвазе праблематыку рамана “Сястра”, робiць выснову: “…маладая беларуская лiтаратура ў асобе сваiх найбольш яркiх i таленавiтых пiсьменнiкаў здольна была не толькi ўбiраць у сябе плённы вопыт iншых лiтаратур, але валодала магчымасцю самастойна “выпрацоўваць” такi вопыт…” [8, с. 141].
1.2 Маштабнасць мастацкай задумы пісьменніка
чорны творчасць літаратура
Неабходна звярнуць увагу на заканамерны характар з'яўлення постацi такога маштабу, як К. Чорны. Працэсы беларусiзацыi спрыялi абуджэнню творчага патэнцыялу нашага народа. Гэтая магутная энергiя выявiлася ва ўсплеску пасiянарнай актыўнасцi, у далучэннi да мастацкай творчасцi цэлай кагорты таленавiтай моладзi.
Асэнсоўваючы творчасць К. Чорнага ў працэсе развiцця сусветнай лiтаратуры, належыць сказаць, перш за ўсё, пра маштабнасць мастацкай задумы пiсьменнiка: асэнсаванне чалавечага жыцця ў кантэксце гiсторыi. Гэта задача яднае беларускага празаiка з такiмi класiкамi сусветнай лiтаратуры, як А. Бальзак (эпапея “Чалавечая камедыя”), Т. Ман (раманы “Будэнброкi”, “Чароўная гара” etc), У. Фолкнер (цыкл раманаў “Сага пра Йокнапатофу”), I. Андрыч (“Мост на Дрыне”, “Траўнiцкая хронiка”, “Пракляты двор” etc). Гэтыя пiсьменнiкi паўстаюць “iнфарматарамi” пра нацыянальнае жыццё для астатняга свету.
Так, у творах А. Бальзака i Т. Мана ўсеахопна адлюстравана жыццё адпаведна французскага i нямецкага грамадства. У цэнтры твораў I. Андрыча – нацыянальнае жыццё ў працэсе гiсторыi. Творы У. Фолкнера – скрупулёзнае даследаванне нацыянальнай гiсторыi, заснаванае на грунтоўным вывучэннi чалавека, суб'екта гэтай гiсторыi, яго характару, учынкаў, паводзiн, душэўных памкненняў, урэшце, забабонаў, прымхаў, iнстынктаў. Аналагiчную задачу ставiў перад сабой i К. Чорны – даследаванне нацыянальнага характару праз аналiз такiх катэгорый, як бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва i г.д.: “нарысаваць у мастацкiх вобразах гiсторыю беларускага народа ад паншчыны i да нашых дзён…” Героi названых пiсьменнiкаў паўстаюць як носьбiты нацыянальнай псiхалогii i свядомасцi, увасабляюць пэўныя рысы нацыянальнага характару.
1.3 К. Чорны і літаратура “плыні свядомасці”
Істотная заслуга К. Чорнага – i ў значнай трансфармацыi мастацкай формы. Паказальна, што пiсьменнiк, якога А. Адамовiч назваў “найбольш беларускiм па мове, быту, створаных характарах” [9, с. 8], пiсьменнiк, якi працягваў традыцыю Я. Коласа на эпiчнае, дакладнае ўзнаўленне рэчаiснасцi, у рэшце рэшт, пiсьменнiк, якога можна лiчыць прадстаўнiком нацыянальнага традыцыяналiзму ў лiтаратуры, быў i найбольшым наватарам у галiне мастацкай формы.
Самыя значныя адкрыццi ў мастацтве слова заўсёды характарызуюцца мадэрнiзацыяй эстэтычнай формы. Найбольш яскрава сказанае пацвярджае творчасць заснавальнiкаў новай лiтаратурнай эпохi М. Пруста i Дж. Джойса, з iмёнамi якiх звязаны кардынальны прарыў у галiне прыгожага пiсьменства. Аб тым, што наша лiтаратура не засталася ўбаку ад названых працэсаў, cведчыць творчасць К. Чорнага. Паказальнымi ў гэтых адносiнах з’яўляюцца апавяданнi са зборнiкаў “Пачуццi”, раман “Сястра”.
Мастацкiя адкрыццi празаiка звязаны з абнаўленнем тэхнiчнага арсеналу лiтаратуры, зменамi ў прынцыпах стварэння вобраза. Апошнi будуецца шляхам разлажэння прадметаў, з’яў аб’ектыўнай рэчаiснасцi на асобныя ўражаннi, aдчуваннi, перажываннi. Пiсьменнiк звяртаецца да перадачы самых тонкiх, ледзь улоўных, няўстоўлiвых чалавечых пачуццяў, пераменлiвых настрояў, хуткага пераходу ад аднаго псiхiчнага стану да другога.
У агульных рысах гэтая тэндэнцыя ў творчасцi К. Чорнага супадала са зваротам мастацкай лiтаратуры ў асобе яе вядучых прадстаўнiкоў да выяўлення падсвядомага, адкрытага З. Фрэйдам. Афармляецца новая форма пiсьма, дзе рухомыя, ледзь улоўныя настроi i адчуваннi атрымлiваюць права на прапiску. Па сутнасцi, дзеянне ў гэтых творах перанесена ва ўнутраную сферу, а знешнепадзейны план у агульнай плынi займае невялiкае месца. Мастакоў цiкавяць не столькi самi падзеi, колькi iх адбiтак у свядомасцi i псiхалогii герояў. Можна сказаць, што творы М. Пруста, Дж. Джойса – гэта i ёсць сама свядомасць, “вызваленне свядомасцi” (К. Юнг).
З’яўляецца новы тып псiхалагiзму – непасрэднае выяўленне працэсу думак, разважанняў, пачуццяў, фiксацыя асобных момантаў душэўнага стану. Сутнасць названых навацый у лiтаратуры Х. АртэгаiГасэт бачыць у “змяненнi перспектывы, пункту гледжання на старыя, манументальныя формы выяўлення псiхалогii, што складала змест рамана, i скрупулёзнай ўвазе да мiкрасвету пачуццяў, сацыяльных адносiн i характараў” [10, с. 245]. Сярод прыёмаў, што выкарыстоўваюцца мастакамi, адзiн з самых распаўсюджаных – прыём свабодных асацыяцый, апiсанне ўнутранай паслядоўнай узаемазалежнасцi разнастайных адчуванняў, меркаванняў. Пiсьменнiкi злучаюць аддаленыя ў часе ўспамiны, спалучаюць час лiрычны з часaм эпiчным, перадаюць суiснаванне ў чалавечай свядомасцi непасрэдных уражанняў i залежаў памяцi.