Е. Лявонава сцвярджае, што “вершасловы А. Разанава, пры ўсёй іх адметнасці, палягаюць у рэчышчы еўрапейскай і сусветнай паэтычнай традыцыі, з’яўляюцца яе арганічным працягам і адсылаюць да самых розных, перадусім авангардысцкіх, мастацкіх напрамкаў і школ 20 ст.”. Даследчыца ўказвае на пераемнасць паміж вершасловамі А. Разанава і творамі дадаістаў, сюррэалістаў, экспрэсіяністаў (“Паэма запаленых свечак”), футурыстаў (“У горадзе валадарыць Рагвалод, пераклад твораў В. Хлебнікава “Паляванне ў райскай даліне”), папярэднікам сюррэалістаў Гіёмам Апалінерам (маці якога была беларускай). Варта ўзгадаць каліграмы (лірычныя ідэяграмы) французскага паэта, “вершы-малюнкі, радкамі і асобнымі словамі ў якіх утвараюцца абрысы пэўных прадметаў. Заснаваныя на канвергенцыі слоўных вобразаў і іх графічных выяў, яны (як і вершасловы А. Разанава) разлічаны найперш на візуальнае ўспрыманне”.
Увогуле, да паэтыка-графічных эксперыментаў звярталася шмат творцаў: Ф. Рабле, С. Малармэ, Л. Кэрал, В. Хлебнікаў, футурысты. Аднак, як заўважае Е. Лявонава, “ці не найбольш кропак судакранання ў вершасловаў А. Разанава з гэтак званай “Канкрэтнай паэзіяй”, што ў другой палове 20 ст. знайшла сваё развіццё ў самых розных літаратурах: амерыканскай, японскай, еўрапейскіх, з нямецкай і аўстрыйскай уключна”.
Шэраг аўтараў, у тым ліку Л. Галубовіч і Е. Лявонава, адпрэчваюць меркаванні пра прыналежнасць творчасці А. Разанава да постмадэрнізму. Так, довады Е. Лявонавай наступныя: для А. Разанава творчасць – не гульня з сэнсамі, алюзіямі, цытатамі. Творчасць – прарыў у невядомае, неадкрытае, непрамоўленае. Сам А. Разанаў выказваецца наступным чынам: “Творчасць – сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае змяняецца вядомым, яна немінуча ператворыцца ў імітацыю”. Наступны довад Е. Лявонавай такі: калі для постмадэрністаў спадчына – “адзіны і дастатковы будаўнічы матэрыял для стварэння новай тэкстуры, гэтак званага “фрагментаванага дыскурсу”, сутнасць якога – у сцверджанні свету як хаосу, пазбаўленага каштоўнасных арыенціраў, іерархічна неўпарадкаванага, іначай кажучы – фрагментарнага”, то для А. Разанава спадчына – “рэальны, а не ўмоўны факт культурнага жыцця і фактар свядомасці” праз яе становішча “не толькі там, але і тут… у вертыкалі пастаяннага дыялога з наступнымі пакаленнямі”.
Таксама творы А. Разанава вылучае “асобаснасць, што суправаджаецца метафізічнасцю, адчувальнай інтуітыўнасцю, своеасаблівай эксклюзіўнасцю – у процівагу постмадэрнісцкай прагматычнасці, рацыянальнасці, іклюзіўнасці”. Адзначаючы міжжанравы характар многіх твораў А. Разанава (вершасказы, зномы, версеты), Е. Лявонава, тым не менш, адмаўляе іх эклектычнасць: “па вялікім рахунку, этымалагічныя росшукі ў сферы ці не кожнай сучаснай жанравай формы непазбежна прывядуць да яе шматкаранёвасці, якая, аднак, далёкая ад постмадэрнісцкага прынцыпу множнасці, калекцыі, спісу, мантажу, гібрыднасці як выніку збіральнасці сучаснага мастацтва, неабходнасці рэвізіі ўсіх аскепкаў папярэдняга культурнага свету. У паэзіі Разанава гэтага няма, а ёсць пошук і сцвярджэнне цэласнасці чалавека, свету, твора”.
Аналагічных поглядаў прытрымліваецца Л. Галубовіч: “Многія, на маю думку, памылкова залічваюць паэта ледзь не да постмадэрністаў. Але ж відавочна, што А. Разанаў нічога новага не піша, ён усяго толькі піша па-новаму. Не адкрываючы амерык па-за светам, ён адкрывае амерыку тут, у сабе, паказваючы нам нашае ў адпаведным цяперашняму часу ракурсе”. У творах А. Разанава яскрава выяўлены асобасны, індывідуальны пачатак, ён – не эпігон і не інтэрпрэтатар.
Пра постмадэрнізм у творах Алеся Разанава (катэгорыі тэксту, знаку, слова) піша Г. Кісліцына. Даследчыца ўказвае на полістылістыку некаторых твораў паэта (“Паэма гарачага лісця”, “У поцемках, з ліхтаром”), метарэалізм (“Паэма святла”, “Паэма сланечніка”, “Першая паэма шляху”, “Другая паэма шляху”, “Паэма выніку” і інш.), на своеасаблівыя адносіны аўтара і героя (“Шлях 360”, “Назаўжды”), разуменне свету як тэксту. Таксама з постамдэрнізмам творы А. Разанава лучыць так званы гульнёвы прынцып, аднак атмасфера ў творах паэта не смехавая, а разважліва-філасофская, нават драматычная і трагічная.
1.3 Наватарскі характар беларускай літаратуры
1.3.1 А. Адамовіч як аўтар канцэпцыі “звышлітаратуры”
Беларускія літаратары здолелі прапанаваць свету наватарскія, доўгатэрміновыя мастацкія ідэі. Так, А. Адамовіч прапанаваў канцэпцыю “звышлітаратуры”, гэта значыць такой літаратуры, “якая не баіцца глянуць на дно прорвы, літаратуру-папярэджанне, прароцтва” (М. Тычына), літаратуру, якая б не заспакойвала, а біла па нервах, каб чалавек задумаўся, што ён робіць, якім будзе плён яго ўчынкаў у будучым? М. Тычына пісаў: “Этычны, маральны крытэрый быў для А. Адамовіча ключом да ўсяго: талент у сімбіёзе з амаральнасцю спараджае нягоднікаў! Палітыка, вольная ад маральных абавязкаў, не толькі брудная, але і пагібельная! Навука таксама павінна вызначыцца, што датычыцца межаў дазволенага і недазволенага. Мэта і сродкі не могуць не знаходзіцца ў пэўнай раўнавазе, якую вызначае мараль. У час, калі чалавецтва, аглушанае крыкамі пра ўсемагутнасць інтэлекту, навукі, новых тэхналогій, адурманенае транквілізатарамі, страціла адчуванне духоўных арыенціраў і паволі спаўзае ў прорву небыцця, няма нічога саромнага ў закліку тварыць звышлітаратуру…”. Звышлітаратура – імкненне выйсці на новы, вышэйшы ўзровень праўды.
Прыклады такой праўды і такой літаратуры – у кнігах і артыкулах самога А. Адамовіча. На працягу 1970-1973 гг. А. Адамовiч разам з Я. Брылём i У. Калеснiкам аб'ехалi ўсю Беларусь, запiсваючы сведчанні жыхароў спаленых вёсак. Так з'явілася дакументальная кнiга “Я з вогненнай вёскi…” (1975). Рэцэнзiя рускага лiтаратуразнаўцы М. М. Кузняцова на гэту кнігу пачыналася словамі: “Страшней за гэту кнiгу я не ведаю…”.
Задума рамана Карнiкi” (1980) нараджалася з пытання: “Як маглi яны i хто яны, людзi, якiя ўсё гэта рабiлi, якія парушылі Боскую запаведзь “Не забі!”? Сам А. Адамовіч выказваў наступныя меркаванні: “На самай справе ёсць нейкія абсалюты. Здаецца, у сучасным чалавеку яны не ўзмацняюцца, яны паслаблены. Паслаблена адчуванне, што ёсць рэчы, за якія не толькі другія не могуць табе дараваць, але і ты сам не можаш і не павінен дараваць”.
Працягам пошукаў А. Адамовічам “новых шляхоў у лiтаратуры” (М. Тычына) стала дакументальная “Блакадная кнiга” (1982), напісаная разам з рускiм празаiкам Д. Гранiным: “Так ствараўся новы, невядомы раней жанр лiтаратуры – мастацкi дакумент, кнiга-араторыя, сiмфонiя, хор (гэтыя i iншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадвалiся крытыкай)”.
У аповесцi “Апошняя пастараль” (1986) А. Адамовіч выкарыстоўвае жанр антыўтопii, надзвычай распаўсюджаны ў сусветнай лiтаратуры 20 ст., каб наглядна паказаць страшныя наступствы нашай няздольнасцi ўзняцца над сваiмi часовымi iнтарэсамi.
Твор завяршаецца трагiчна – пагiбеллю ўсяго жывога: “Святло згасла, апусцелi i сцэна i глядзельная зала…” Гэта – “аповесць-папярэджанне, заклiк да сучаснiка з мэтай актывiзаваць яго думку i волю, захапiць iдэяй новага мыслення”.
А. Адамовiч набліжаў новую эры ў гiсторыi чалавецтва, зблiжэнне (“канвергенцыяй”) Захаду i Усходу, ядзернае раззбраенне, усведамленне небяспекi экалагiчнай катастрофы i г. д. Менавіта А. Адамовіч першым загаварыў пра неабходнасць “новага мыслення”: “Новае мысленне, на думку А. Адамовiча, прымушае народы i дзяржавы кiравацца ў сваiх дзеяннях “простымi законамi чалавечай маралi”, сярод якiх ён вылучаў на першы план хрысцiянскi запавет: “Не забi!”.
1.3.2 Сусветная місія беларускай літаратуры
Пра сусветную мiсiю беларускай культуры і літаратуры першым загаварыў гомельскі даследчык І. Афанасьеў (мана-графія “Чарнобыльскае светаадчуванне ў сучаснай беларускай лiтаратуры”). Вучоны мяркуе, што, перажыўшы Чарнобыльскую катастрофу, беларусы накапілі ўнікальны вопыт – iснаванне па-за Гiсторыяй: “Чарнобыль паставiў нас у становiшча “па-за гiсторыяй”, “рэальнае па-за рэальнасцю – гэта зусiм па-нашаму, па-беларуску”. Аднак жа “загнаны гiсторыяй у кут, чалавек робiцца непадуладным яе раз'юшанаму нораву, сцвярджаючы каштоўнасць гiпатэтычнага iснавання ў рэаль-насцi. Фактар адчужэння яднае яго з уласнай эстэтычнай маг-чымасцю, што менавiта ў шматзначнасцi вырашэнняў выступае падставай быцiйнага самаўсведамлення, калi нават тэкст – “гэта мы самi ў працэсе пiсьма” (Р. Барт). Абапiраючыся на даследаваннi выбiтных фiлосафаў, I. Афанасьеў прыходзiць да высновы не толькi аб жыццядзейнасцi беларускай культуры, але i пра яе ўнiкальнае значэнне для астатняга свету: “Дзiўна, але менавiта тое, што беларусы – нацыя невымоўнага, надае жыц-цёвую актуальнасць першаслову, дакладней нават двум, з дапамогай якiх фiлосаф i тэолаг М. Бубер вызначаў экзiс-тэнцыяльныя стасункi чалавека з чалавекам i чалавека з светам (“Я –Ты” i “Я – Яно”), абгрунтоўваючы “сферу Памiж” як першасную катэгорыю чалавечай рэчаiснасцi, адкуль павiнна выйсцi “сапраўднае Трэцяе”. Гэта яшчэ адна транс-фармацыя нашага славутага памежнага становiшча, становiшча “памiж”. Беларусы здольныя “негатыў” ператварыць у “пазi-тыў”: “…пакуль уладарныя суседзi выбiралi беларусаў, замiнаючы адзiн аднаму, беларусы выбралi сябе…”. Даследчык падкрэслiвае, што беларусы – “выбраны народ, якi ўзнялi свой нацыянальны вопыт на вяршыню чалавечага”, паколькi “беларусам толькi i застаецца, што ўсвядомiць сябе ў вымярэннi гiсторыi як культуры, што рэалiзуе ўсе астатнiя варыянты быцця”.
Сваё даследаванне вучоны разгортвае, абапiраючыся на вялiкi аб'ём мастацкiх твораў. У цэнтры яго ўвагi – “Карацелi”, “Венера, цi як я быў прыгоннiкам”, “Vixi” А. Адамовiча, “Саркафаг” В. Губарава, “Чарнобыльскi лабiрынт” А. Крыгi, “Зорка Палын” У. Някляева, “Хто вiнаваты” I. Чыгрынава, “Злая зорка” I. Шамякiна. Пра дакладнасць ацэнак I. Афанасьева i добрасумленнасць яго як даследчыка сведчыць той факт, што ён вывучае не толькі “чарнобыльскi” лiтаратурны вопыт, у полi зроку вучонага творы М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Калу-бовiча, Ф. Аляхновiча, А. Мрыя, В. Быкава, У. Арлова і інш., бо “мы цяпер – сучаснiкi ўсiх эпох, i па вялiкiм рахунку ўсе размовы наконт чарнобыльскага светаадчування ў лiтаратуры паводле яго тэматычнага разумення ёсць аксюмаран. Менавiта гэта дае нам права разглядаць у чарнобыльскім кантэксце кожны лiтаратурны факт i разам з тым даказвае няўлоўнасць, непадуладнасць звычайнай свядомасцi самой Чарнобыльскай падзеi. Яе прысутнасць у чалавечым лёсе абсалютная, як дадзена Усё чалавеку iснаму”.