Смекни!
smekni.com

Уладзіслаў Галубок, Еўсцігней Міровіч i Уладзімір Дубоўка – беларускiя пiсьменнiкi першай паловы XX ст. (стр. 4 из 4)

Лірычныя паэмы «Студэнт» (1924), «Кляновыя лісты» (пазнейшая назва «Камсамолка Ганна»), «Наля», «Там, дзе кіпарысы» (усе – 1925), «Плач навальніцы» (1926), напісаныя ў маладнякоўскі час, засведчылі адметны тып ліра-эпічнага мыслення У. Дубоўкі. Гэта былі своеасаблівыя ўваходзіны ў лірычны эпас, заснаваны не на падзейнай сюжэтнасці, а на імпульсіўным самавыяўленні жывога пачуцця, на яго пераходах і нечаканых перападах, эмацыянальнай настраёвасці, якія надаюць адпаведную танальнасць «мелодыям». Гэта цыклы «мелодый»-вершаў, песні трывожна-балючых перажыванняў, якія ўскалыхнуты нейкай рэальнай з'явай, рэчыўным фактам. Паэмы істотна разгортвалі і паглыблялі магчымасці лірычнага светапазнання. Змястоўнасць лірычнага перажывання ў ранніх паэмах абумоўлівалася тым цікавым фактам, што амаль усе яны так ці інакш звязаны з асабліва балючай «тэмай» разарвання Беларусі на Усходнюю і Заходнюю. Спачатку дужа верылася, што тут, на ўсходзе, у родным Мінску, і сапраўды будуецца Беларускі Дом. Ды з высокіх пасад у Маскве, спрыяючы як мага гэтаму адраджэнскаму будаўніцтву, У. Дубоўка пільным вокам улаўліваў дзіўныя праявы знешне вонкавай тынкоўкі і абмалёўкі «этнафасаду» гэтага Дома. Спакваля ўжо чыніліся імперскія захады рабунку над свядомымі нацыянальнымі коламі інтэлігенцыі, зманьвання яе з-за мяжы да вяртання і актыўнай нібыта «адбудовы» нацыі. Над інтэлектам нацыі згушчаўся навальнічна-таталітарны гвалт. Адна з лепшых ранніх паэм «Плач навальніцы» была менавіта «плачам», што, нібы рэквіем, прагучаў па ахвярах рэпрэсіўнага гвалту. Голас болю быў узняты супраць рэпрэсій, што лютавалі ў заходнім бацькоўскім краі. Можна было праводзіць пэўныя паралелі і з Усходняй Беларуссю.

Паэма «Кругі» (1925), прысвечаная А. Бабарэку, адкрыла ў асобе аўтара вялікага і нястомнага шукальніка новых шляхоў і сродкаў далейшага абнаўлення паэтычнага эпасу. У. Дубоўка нечакана, рызыкоўна і смела пачаў уводзіць у задумы і кантэкст сваіх паэм казачны эпас – як адно з працаёмкіх вымярэнняў жанравай шматзначнасці паэмы. Тут, магчыма, не абышлося без творчага наказу М. Багдановіча – духоўная і творчая пераемнасць яго вопыту праглядаецца ў паэзіі Дубоўкі па многіх лініях. У паэме «Кругі» ўзнікаюць як бы дзве лініі ўнутранага развіцця – па гарызанталі і па вертыкалі. Гарызантальны рух – паездка лірычнага героя з Масквы ў Мінск – сюжэтна ледзь абазначаны, ён трымаецца на эмацыянальнай ускалыхнутасці пачуццяў, на змене ўнутраных, часам супярэчлівых станаў (мажор – мінор). Вертыкальны ж рух узнікае з глыбінь мудра згаданых прытчаў, фальклорных аповедаў, у якіх сітуацыі, вобразы герояў дужа стасуюцца да актуалій новага часу, просяцца ў шматзначныя алегорыі.

У паэмах «I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!» (абедзве – 1929), якія з'яўляюцца своеасаблівым працягам паэмы «Кругі», спакушаны майстар ужо выводзіць на новыя ліра-эпічныя «кругі» аб'ектыўных персанажаў, даверыўшы ім усю складанасць роздуму аб часе. У тым ліку – і алегарычную трансфармацыю павучальных прытчаў і казак. У Дубоўкавы паэмы прыйшла вострадраматычная форма дыялогаў і маналогаў рэзка размежаваных апанентаў: Лірыка і Матэматыка («I пурпуровых ветразей узвівы»), Пасажыра і Кандуктара («Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Зразумела, што гэта былі хутчэй умоўныя абазначэнні супрацьлеглых пазіцый, кантрастныя ўвасабленні персаніфікаваных ідэй, чым жывыя, псіхалагічна індывідуалізаваныя персанажы. Узнік непазбежны элемент умоўнай схематызацыі – не на карысць мастацкасці. Аднак паэт апраўдваў мэтазгоднасць «пэўнай схематызацыі», часткова вымушанай пад ціскам абставін, а часткова – і эстэтычна дазволенай як своеасаблівая правамерная форма, як умоўна-мастацкі прыём. Была досыць удала і ёміста выкарыстана драматычная форма, прыдатная, каб умяшацца ў вострую дыскусію, на якой абгаворваліся кардынальныя праблемы, якія кроўна наспелі ў канцы 20-х гадоў, – як у сферы сацыяльных зломаў у людскім жыцці, так і ў самім мастацтве і былі закліканы «адлюстраваць» (слова, уведзенае Дубоўкам!) такія зломы татальных перабудоў.

Наватарскія шуканні падказалі паэту жанравае абазначэнне адной з яго апошніх перадрэпрэсійных паэм – «Камбайн». Гаворачы пра Дубоўкаў «Камбайн», крытыка звычайна абмяжоўваецца характарыстыкай, што дадзена самім паэтам: «Гэта замежнае слова, узятае мною ў англійскай вымове, азначае ў дакладным перакладзе «камбінаваць, суладжваць, спалучаць, змешваць». Пры гэтым асабліва акцэнтуецца эксперыментальнасць жанравай формы. Смелыя шуканні не абыходзяцца без элементу эксперыментальнасці – той долі рызыкі, наватарскага новаўвядзення, якія трэба праверыць на «ўсходжасць», вынесці на суд грамадскасці, замацаваць у яе свядомасці. Новыя структурныя ўвядзенні казак, нататак, лістоў, перакладаў класічных твораў (напрыклад, Пушкіна, Байрана), бясспрэчна, дэфармавалі строга эпічны жанравы канон паэмы. Аднак гэтыя разнародныя, на першы погляд, кампаненты ўваходзілі ў кампазіцыйнае адзінства твора надзіва «суладжана», узаемаспалучана. Азначэнне «камбайн» у гэтым сэнсе стасуецца не толькі да апошняй паэмы, але і да ўсяго трыпціха паэм. Гэтая своеасаблівая трылогія паэм, структурна асэнсаваная на адзіных, удала знойдзеных наватарскіх прынцыпах формабудовы. Пра наватарства адкрыццяў гэтай формабудовы можна гаварыць без перабольшванняў. У. Дубоўка таленавіта прадугадаў нараджэнне асобнай жанравай разнавіднасці паэмы – камбінаванай. Няхай жанравае абазначэнне «камбайн» і не прыжылося ў беларускай паэзіі, затое застаўся структурны тып камбінаванай паэмы. Непазбежнасць яе ўзнікнення была дакладна ўлоўлена Дубоўкам. Паэтам была адкрыта і сцверджана арыгінальная тэндэнцыя ў жанравым руху паэтычнага эпасу. Жанравы варыянт камбінаванай паэмы не без поспеху пачалі распрацоўваць пазней Я. Еўтушэнка, А. Вазнясенскі, I. Драч, Р. Барадулін, А. Вярцінскі і многія іншыя паэты.

Да прасветленага матыву «рапсодыі» належаць, па сутнасці, і Дубоўкавы паэмы, балады, напісаныя пасля вызвалення з лагераў і вяртання ў свет родных людзей – у тым жа шчодрым на адроджаную творчасць 1958 г. з'явіліся «Перад іменем Любові», «Закладалі падмурак дзяржавы сваёй...», у 1960 г. – «Беларуская Арыядна», у якіх лёсы канкрэтных людзей, іх незвычайная мужнасць і споведзь.

Высокую культуру майстэрства У. Дубоўка выхоўваў на перакладчыцкіх пераўтварэннях А. Пушкіна, Дж. Байрана, У. Шэкспіра – многія з іх творчых узораў, што дужа імпанавалі беларускаму паэту, уводзіў ён у свае паэмы, і не проста дзеля экстравагантнасці і незвычайнасці формы, а сутнасна. Напрыклад, у апошняй паэме канца 20-гадоў «Штурмуйце будучыні аванпосты!», напярэдадні арышту, ад'язджаючы з Мінска, У. Дубоўка ўводзіць у фактуру твора вялікі паэтычны фрагмент (на 80 радкоў) паэмы Байрана ў сваім перакладзе: «Бывай, бывай! Мой родны край, // Знікай за небасхіл... Вітацьму неба, воды ўсе, // Айчыну толькі не» (II, 186–187). Вялікі англійскі паэт-рамантык, захоплены інтэрнацыяналіст плыў тады, ваяўніча імкнучыся бараніць «грэцкія міфы». «Джордж Байран! Каб ведалі вы // пра нашай краіны нядолю, // здратованыя паплавы і ў корань стаптанае поле...» (II, 189–190) – з уздыхам кажа, тоячы шматзначнасць запросін, У. Дубоўка. А ў перакладзе байранаўскага «Шыльёнскага вязня» нямала вычытваецца імпануючага, душэўна блізкага, амаль супольнага стану выпрабаванняў, спазнаных пакут, мужнасці духу пераадолення пякельнага ўвязнення: «Не выкрасліць ніхто слядоў тых дзён. // Яны тыранству вечны шлюць праклён» (II, 243). Гэтак жа з асабістай прыналежнасцю да высокіх і трагічных ідэй Байрана былі выдатна пераўтвораны на беларускую мову яго паэмы «Бронзавы век» і містэрыя «Каін». З бездакорнай адточкай, з адпаведна сэнсавай эквівалентнасцю былі перакладзены таксама «Санеты» Шэкспіра (1964).

Уладзімір Дубоўка стварыў вершаваныя казкі для дзяцей «Цудоўная знаходка», «Кветкі – сонцавы дзеткі», «Казкі», «Залатыя зярняты» і інш. Ён таксам аўтар навукова-прыгодніцкіх аповесцей для дзяцей «Жоўтая акацыя», «Як Алік у тайзе заблудзіўся», «Ганна Алелька», кнігі апавяданняў-успамінаў «Пялёсткі».


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Арочка М.М. Уладзімір Дубоўка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. – Мн., 1999.

2. Чыгрын І.П. Дубоўка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. – Мн., 1993.

3. Дубоўка У. Выбраныя творы: У 2 т. – Мн., 1965.

4. Багдановіч І.Э. Міровіч Еўсцігней // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. – Мн., 1994.

5. Міровіч Е. П'есы / Міровіч Е. – Мн., 1957.

6. Майсейчык А.А. Галубок Уладзіслаў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. – Мн., 1993.

7. Лаўшук С. Рэвалюцыяй акрылены талент // Галубок Ул. Творы – Мн., 1983.

8. Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка – Мн., 1982.

9. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. – Гомель, 2004.

10. Галубок Ул. Творы / Галубок Ул. – Мн., 1983.

11. Атрошчанка А.Я. Уладзіслаў Галубок – Мн., 1969

12. Семяновіч А.А. Беларуская савецкая драматургія 1917-1932 – Мн., 1968.

13. Саннікаў А. Невядомая аднаактовая п’еса У. Галубка // Беларускае мастацтва. Зборнік артыкулаў і матэрыялаў. Вып. ІІІ. – Мн., 1962.