Пра свавольствы шляхты Маскевіч піша з шчырай скрухай, хоць з часам, са зменай настрою ў паспалітым войску, скруха мінае. «Дзікасць», грубасць маскоўскага люду штурхае шляхту на пераасэнсаванне ўласных каштоўнасцяў, так што нарэшце ў дзікай краіне ім можна ўсё тое ж, што дазваляюць сабе тубыльцы. Так, калі першага таварыша-свавольніка шляхта карае смерцю за тое, што п’яны страляў па праваслаўных абразах, то наступнага вырашае караць не паводле сваіх законах, а паводле мясцовых. Замест смерці за гвалт над баярскай дачкой нейкаму пахолку даюць бізуноў. У выніку задаволенымі засталіся і баярын, і пахолак. Што цяпер магло стрымаць шляхцюкоў ад гвалту, выкрадання жанок?
Іх норавы
Дарэчы, пра грубасць. Маскевіч ніяк не можа зразумець расейцаў, што праклінаюць і здзекуюцца з сваіх абразоў за тое, што тыя не ўратавалі іх ад рабаваньня ці згубы жывёлы («мы на вас молімся, а вы!»). Як ня змог ён зразумець Івана Жахлівага, які ў часе паспяховай ваеннай кампаніі абдорваў смаленскую царкву Міхаіла Арханёла, аж зрабіў ёй залаты копул, а ў часе няўдалай – загадаў абдзерці з яе сцен усё начынне і скарбы, а копул знесці стрэлам з гарматы. Маскевіч не разумее расейцаў наагул, для яго гэта іншая культура, прычым іншая да непрыстойнасці.
Надта камплімэнтарна для маскоўцаў пачатку XVII ст. будзе гучаць думка, што тут, на старонках «Дыярыушу» сустракаюцца розныя цывілізацыі. Практычна ў кожным фрагмэнце ўспамінаў пра маскоўскае «гасцяванне» Маскевіч дазваляе сабе сваю высакародную пагарду.
Яму не падабаецца маскоўская ежа («акрамя той здобы, што падобная на францускую»), яму не падабаецца, як на банкеце іх частавалі мядамі («за кожным разам падавалі розныя, каб паказаць, як багата ў іх царстве. Нашы хацелі напіцца і прасілі падліваць, але аднаго гатунку, аднак маскоўцы рабілі па-свойму»), яму не падабаюцца застольныя забавы – мала што тут ніхто не танчыць («лічаць, што шаноўнаму чалавеку непрыстойна танцаваць»), дык няма ніякай музыкі (дзеля іх, гасцей, праўда, запрашалі лірнікаў, але што там за музыка – трымценне на адной ноце), а ўвесь адпачынак – гэта скокі блазнаў і «надзвычай бессаромныя прыпеўкі».
Дый «жэняцца яны амаль што як габрэі» (будзем літасцівыя за некарэктнасць, усё ж сын свайго часу) – наўрад ці нэўтральна заўважае аўтар. У Маскве жанок трымаюць пад замком і ў чорным целе, усё жыццё не даючы выходзіць з двара.
Тут не займаюцца навукамі, бо яны забароненыя на загад цара («які баіцца, каб не знайшоўся хто мудрэйшы за яго, бо тады народ пагрэбуе ім і абярэ царом мудрэйшага»). Як пра дзіва дзіўнае Самуіл Маскевіч распавядае пра баярына часу Івана Жахлівага, які меў прагу да моваў і вымушаны быў прымаць настаўнікаў – немца, паляка – употай, уночы, пераапранутых у рускія вопраткі.
Аднак няма ніякай пагарды там, дзе звычаі маскоўцаў сугучныя сацыяльнай філасофіі самога Маскевіча. «У гутарках нашы, выхваляючыся сваімі вольнасцямі, раілі ім аб’яднацца з польскім народам і таксама прыдбаць свабоду. Але расейцы на гэта наўпрост адказвалі: «Вам добра вашая воля, а нам – нашая няволя. У вас не вольнасць, а свавольства, якога не ведаем мы, бо ў вас моцны прыгнятае і рабуе слабога. У нас жа самы знатны баярын ня мае права пакрыўдзіць самага апошняга прасталюдзіна, бо на першую ж скаргу цар робіць суд і расправу. А калі ж сам цар са мною абыдзецца несправядліва, дык гэта ягонае царскае права, бо ён, як Бог, і карае, і даруе».
На радзіму – расчараваныя
Дзе-нідзе пачатковы скепсіс Маскевіча гасне. Ён пачынае глядзець наўкола вачыма падарожніка, лёсам закінутага ў гэты такі блізкі і такі далёкі свет. Крэмль, Кітай-горад, майстэрства рамеснікаў, зухаватасць ліхадзеяў (што не збаяліся днём навідавоку скрасці ў Маскевіча каня) – Расія, далёкая экзатычная краіна, такая яшчэ простая і, часам, цікавая – плыве ў «Дыярыушы» праз дым пажарышчаў, кроў, гвалт, не змешваючыся, аднак, з гэтай бязлітаснай і бессэнсоўнай вайной. Ужо не авантурай, далёка не. Абкладзеныя з усіх бакоў атрадамі паўстанцаў, ад кожнага селяніна-правадніка чакаючы здрады, шляхцюкі рвуцца на Радзіму – лясамі, балотамі, галодныя, злыя, не дачакаўшыся грошай за службу, расчараваныя ў сваім нерашучым каралі і недальнабачных камандзірах. І рвуцца і прарываюцца, напаследак, ужо на самым памежжы ледзьве не трапіўшы ў пастку. Ім усё ж такі здрадзіў селянін-праваднік. Адсеклі галаву.
Вяртанне дахаты ўсяго ў двух радках – «Знарок затрымаўся ў брата, каб не ісьці разам з войскам праз Літву». Не нясуць больш за войскам крылы славутай Клушынскай бітвы. Вось і ўсе эмоцыі, уся патэтыка і пафас. Так вяртаўся з вайны стомлены трыццацідвухгадовы ваяр. І прыблізна так вярталася з дзікай чужой краіны ўся напаўзабытая авантура беларускай шляхты.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Нататкі Маскевіча з’яўляюцца каштоўнымі крыніцамі інфармацыі пра паўстанне Налівайкі і іншыя падзеі Расіі і Рэчы Паспалітай. Увогуле, мемуары Маскевіча ахопліваюць перыяд 1594-1621гадоў. Ён занатоўваў большай часткай тое, што бачыў сам, толькі калі-некалі карыстаўся пераказам. Яго ўспаміны адрозніваюцца называннем дакладных дат, падзей і іх удзельнікаў. Асабліва падрабязна апісана знаходжанне Маскевіча ў Расіі.
Яго творы выдадзены Юліянам Нямцэвічам у 1822 годзе ў “Зборніку гістарычных помнікаў”. У 1825 годзе з’явіўся рускі пераклад ў “Паўночным архіве”.Больш дакладны пераклад з заўвагамі і уводзінамі выдаў М.Устралаў у сваіх “Паданнях сучаснікаў пра Дмітрыя Самазванца” (1831-1834, 1837, 1859).
ЛІТАРАТУРА
1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры. XI - першая палова XVIII ст. Мінск, 2005.
2.Авантура беларускай шляхты: “Наша Ніва”/ 2 лiстапада 2006
3. Дневник Маскевича 1594-1621 // Сказания современников о Дмитрии Самозванце. Т. 1. СПб. 1859
4 В.В. Богуславский. Славянская энциклопедия: XVII век в 2-х томах. A-M-культура;
5. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд: Вучэб. дапаможнік. для філалагічных факультэтаў пед. ВНУ/М.М. Грынчык, У.А. Калеснік, і інш.; Мн., 1998.
[1] Анталогія даўняй беларускай літаратуры. XI - першая палова XVIII ст. Мінск, 2005.
[2] .Авантура беларускай шляхты: “Наша Ніва”/ 2 лiстапада 2006
[3] Анталогія даўняй беларускай літаратуры. XI - першая палова XVIII ст. Мінск, 2005.
[4]Анталогія даўняй беларускай літаратуры. XI - першая палова XVIII ст. Мінск, 2005.