Смекни!
smekni.com

Міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь (стр. 2 из 3)

Разам з тым СНД пакуль займае даволі нізкае месца ў міжнароднай іерархіі: на яе долю прыпадае толькі 3% сусветнага валавога ўну-транага прадукту. Па гэтых паказчыках Садружнасць саступае ЕС, эканамічным блокам новых індустрыяльных краін Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыкі. Крызісны стан Садружнасці выявіўся ў канцы 1990-х гг., што было засведчана шэрагам нарад кіраўнікоў дзяржаў СНД. Спецыяльны міжнародны форум, праведзены на аснове іх рашэнняў, выпрацаваў канкрэтныя прапановы і прававыя акты, скіраваныя на ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва шляхам стварэння зоны свабоднага гандлю і карэннага рэфармавання выканаўчых структур СНД. Асноўнымі прычынамі такога негатыўнага працэсу з’яўляюцца: розныя падыходы дзяржаў СНД да праблем рэфармавання органаў Садружнасці, вызначэння іх структуры і функцый; рознагалоссі ў выпрацоўцы агульнай эканамічнай канцэпцыі на макра- і мікраўзроўні і агульнай палітыкі ў забеспячэнні калектыўнай бяспекі; неэфектыўнасць дагавораў і пагадненняў у рамках СНД; разыходжанні ў сферы інтарэсаў і мэтаў знешняй палітыкі краін-удзельніц.

Невысокую эфектыўнасць дэманструюць органы Садружнасці ва ўрэгуляванні канфліктаў на тэрыторыі СНД. Не выконваюцца многія палажэнні Дагавора аб калектыўнай бяспецы (1992 г.). У жніўні 2009 г. Грузія, незадаволеная палітыкай Расіі ў адносінах да Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, заявіла аб сваім выхадзе з СНД.

Рэспубліка Беларусь выступае за захаванне СНД, больш цесныя эканамічныя, палітычныя і ваенныя супрацоўніцтва і інтэграцыю і лічыць, што Садружнасць па свайму патэнцыялу можа заняць важкае месца ў шэрагу іншых рэгіянальных арганізацый. Беларусь была адным з ініцыятараў падпісання дагавораў і пагадненняў аб Мытным саюзе, адзінай эканамічнай прасторы, калектыўнай бяспецы і фарміраванні зоны свабоднага гандлю.


3. Працэс стварэння Саюза Беларусі і Расіі

З моманту набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнага суверэнітэту яе асноўным міжнародным партнёрам заставалася Расійская Федэрацыя. Адносіны паміж абедзвюма краінамі актывізавалася з абраннем А. Лукашэнкі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. На майскім рэферэндуме 1995 г. 82% яго ўдзельнікаў падтрымалі ідэю аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Развіццё беларуска-расійскага стратэгічнага партнёрства адбываецца шляхам палітычнай, эканамічнай і ваеннай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй.

21 лютага 1995 г. у Мінску Прэзідэнты дзвюх краін А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі беларуска-расійскі дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве тэрмінам на 10 гадоў. 2 красавіка 1996 г. у Маскве кіраўнікі дзяржаў падпісалі дагавор аб стварэнні суполь-насці суверэнных рэспублік Беларусі і Расіі. Захоўваючы атрыбуты суверэнітэту, дзяржавы выходзілі на сумеснае будаўніцтва структур, якія мелі агульную заканадаўчую базу. У адпаведнасці з дагаворам былі сфарміраваны Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Расійска-Беларуская камісія па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву і некаторыя іншыя сумесныя арганізацыі.

2 красавіка 1997 г. абедзве дзяржавы прыйшлі да Дагавору аб Саюзе, у якім падцвярджалася, што кожная краіна захоўвае дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную недатыкальнасць, канстытуцыю, сцяг, герб і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. У якасці асноўных мэт абвяшчалася ўмацаванне адносін братэрства і ўсебаковага супрацоўніцтва па-між дзяржавамі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, культурнай, ваенннай і іншых галінах. 10 чэрвеня дагавор аб Саюзе быў ратыфікаваны ў Мінску і Маскве. У снежні 1998 г. Прэзідэнты А. Лукашэнка і Б. Ельцын заявілі ў Дэкларацыі аб далейшым яднанні Беларусі і Расіі аб намеры стварыць адзіную саюзную дзяржаву.

8 снежня 1999 г. А. Лукашэнка і Б. Ельцын падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які ўступіў у сілу ў студзені 2000 г. Састаўной часткай Дагавора з’яўлялася Праграма мерапрыемстваў па развіцці Саюза Беларусі і Расіі да 2005 г. Была прынята таксама Праграма эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін на 1999-2008 гг. Старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета быў абраны А. Лукашэнка.

Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя зафіскавалі намер дабрахвотна перадаць Саюзнай дзяржаве шэраг сваіх паўнамоцтваў з мэтай ажыццяўлення адзінай палітыкі, у першую чаргу, у пытаннях стварэння адзінай эканамічнай прасторы і прававых асноў агульнага рынка. Разам з тым непахіснымі застаюцца асновы канстытуцыйнага ладу, а таксама захоўваюцца незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, дзяржаўны лад і міжнародныя абавязкі абедзвюх дзяржаў.

У цяперашні час у Саюзнай дзяржаве створаны і дзейнічаюць неабходныя органы кіравання: Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міні-страў, Парламенцкі Сход і Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы. Створаны Пагранічны і Мытны камітэты, тэле-радыёвяшчальная кампанія, сфарміраваны сумесныя калегіі міністэрстваў і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, саюзны бюджэт Беларусі і Расіі.

Да сучаснага моманту напрацавана значная нарматыўна-прававая база, заснаваная на міждзяржаўных і міжурадавых дагаворах, якая дазваляе ўзаемадзейнічаць практычна па ўсіх накірунках супрацоўніцтва. У мэтах здзяйснення пераходу на адзіныя прынцыпы падатковай палітыкі праводзіцца ўніфікацыя нацыянальных заканадаўстваў па пытаннях падаткаабкладання. Вядзецца праца па падрыхтоўцы Падатковага кодэкса Саюзнай дзяржавы.

У 2008 г. на Расію прыпадала 80% беларускага экспарту. У Беларусі ўнутраны валавы прадукт (УВП) рос высокімі тэмпамі – каля 10-11 % у год, а беларуская прадукцыя была заўсёды запатрабаванай у Расіі. Так, машынабудаўнічы комплекс на 85% загружаны заказамі расійскіх прадпрыемстваў. Устаноўлены сувязі з большасцю рэгіёнаў Расіі, што стварае добрую перспектыву для інтэграцыйных працэсаў паміж дзвюма краінамі, пашырэння рынкаў збыту беларускіх тавараў, рэалізацыі маштабных эканамічных пректаў у прыярытэтных для Беларусі абласцях. Расія з’яўляецца для Беларусі галоўнай крыніцай сыравіны, энергарэсурсаў, камплектуючых, важнейшым транспартным калідорам. За 2007 г. таваразварот паміж дзвюма краінамі вырас прыкладна на 30 % і склаў 26 млрд дол. ЗША, у 2008 г. ён дасягнуў 30 млрд дол. Больш за палову беларускага знешняга гандлю прыпадае на Мас-кву, Цюменскую вобласць і Санкт-Пецярбург. Разам з тым варта адзначыць, што ў выніку значнага роста тарыфаў на расійскія энерганосьбіты расце і адмоўнае сальда ва ўзаемным гандлі.

З года ў год назіраецца рост агульнага бюджэта Саюзнай дзяржавы, сродкі з якога накіроўваюцца на рэалізацыю сумесных праектаў і праграм у самых розных сферах. Калі ў 1999 г. ён складаў 500 млн. расійскіх рублёў, то ў 2008 г. сума бюджэта вырасла да 4 млрд руб. Гэтыя сродкі накіроўваюцца на фінансаванне 38 сумесных праграм і мерапрыемстваў. На ўзроўні ўрада Беларусі з расійскімі рэгіёнамі заключана больш за 20 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, звыш 50 дагавораў аб супрацоўніцтве падпісана міністэрствамі і ведамствамі Беларусі. Ва ўзаемных пастаўках бяруць удзел 80 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і ўсе рэгіёны Беларусі. З удзелам беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў створана 9 фінансава-прамысловых груп.

Выпрацоўваецца і рэалізуецца сумесная палітыка абедзвюх дзяржаў у сацыяльна-працоўнай сферы, у галіне экалагічнай бяспекі, гідраметэрэалогіі, маніторынга і абароны навакольнага асяроддзя, папярэджання і пераадольвання наступстваў прыродных і тэхнагенных катастроф. Інтэнсіўна развіваюцца і культурныя сувязі, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, медыцыны, знешняй палітыкі, барацьбы са злачыннасцю, забеспячэнні абароны і бяспекі дзвюх дзяржаў.

Разам з тым, на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы існуе шмат цяжкасцей і нявырашаных праблем. Марудна рухаюцца наперад пытанні стварэння адзінай эканамічнай прасторы, мытнага саюза, не ўніфікаваны мытныя тарыфы, не сфарміравана нарматыўна-прававая база ў межах Саюза. Існуюць праблемы ў сувязі з неурэгуляваннем транс-партных тарыфаў. Не ўдаецца ўніфікаваць грашова-крэдытную сістэму і стварыць умовы для перахода на агульную валюту. Застаецца вострым для Беларусі і пытанне аб кошце расійскіх энерганосьбітаў.

Аднак, нягледзячы на існуючыя праблемы, у Беларусі выразна разумеюць, што Расія была і застаецца галоўным стратэгічным партнёрам. Пры ўсёй складанасці і супярэчлівасці Беларусь разглядае інтэграцыю з Расіяй як магістральны накірунак сваёй знешняй палітыкі. Яднанне Беларусі і Расіі, канвергенцыя эканомік дзвюх краін пойдзе хутчэй, калі абедзве дзяржавы будуць эфектыўна выкарыстоўваць станоўчы вопыт адзін аднаго з мэтай сумяшчэння сваіх гаспадарчых механізмаў. Беларусі і Расіі належыць на справе прывесці ў адпаведнасць з задачамі інтэграцыі свае законы і зрабіць сінхронным ход эканамічных рэформаў, каб забяспечыць баланс эканамічных інтарэсаў, як гэтага патрабуюць інтарэсы эканамічнай бяспекі.

Пасля некалькіх беларуска-расійскіх канфліктных сітуацый, выкліканых гандлёвымі і інфармацыйнымі непаразуменнямі, праблемы цяперашняга становішча і перспектыў саюзных адносін застаюцца прадметам палітычных кантактаў і грамадскіх дыскусій.

4. Месца Рэспублікі Беларусь у інтэграцыйных працэсах на постсавецкай і еўразійскай прасторы ва ўмовах глабалізацыі

Эфектыўнае рашэнне задачы бяспекі дзяржавы і стварэння спрыяльных знешніх умоў для эканамічнага развіцця краіны і павышэння дабрабыту народа патрабуе пабудовы збалансаваных і канструктыўных адносін з мноствам партнёраў у розных рэгіёнах свету. У Беларусі няма глабальных геапалітычных амбіцый, але ёсць свае інтарэсы, перш за ўсё гандлёва-эканамічныя, у самых розных кутках зямнога шара. У 2008 г. Рэспубліка Беларусь праводзіла экспартна-імпартныя аперацыі са 175 краінамі свету.

Беларуская знешняя палітыка з’яўляецца шматвектарнай. Існуюць адзіныя падыходы да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі без выключэння, і краіна падрыхтавана да дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў самых розных сферах.