Першая частка дапаможніка дае ўяўленне пра жыццёвы шлях Васіля Быкава, яго шлях у літаратуру, жыццёвыя пазіцыі. Тут жа знаходзім крытычны матэрыял па аповесцях пісьменніка, якія ўключаны ў школьную праграму па беларускай літаратуры: “Жураўліны крык”, “Трэцяя ракета”, “Пастка”, “Альпійская балада”, “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён”, “Сотнікаў”, “Абеліск”, “Знак бяды”, “Аблава”, “Сцюжа”, “Пакахай мяне, салдацік”, “Ваўчыная яма”, “Афганец”, “Балота”.
Бугаёў, акрамя таго, знаёміць вучняў з асноўнымі тэмамі і ідэямі быкаўскіх апавяданняў. Так, ён зазначае: “Хоць галоўным жанрам у Васіля Быкава, трывалай асновай яго эстэтычнага свету стала невялікая, сціслая ў памерах, але моцна збітая аповесць, час ад часу, на працягу ўсяго творчага шляху ён звяртаўся і да апавядання, а ў апошнія гады свайго жыцця аддаваў перавагу ўжо малой апавядальнай форме – апавяданню ў яго звыклым выглядзе, навеле, прытчы (прыпавесці). Гэтыя творы змяшчаліся ў зборніках “Ход канём” (1960), “Жураўліны крык” (1960), “Адна ноч” (1965), “Сцяна” (1997), “Пахаджане” (1999 – 2000) [4; 131].
Бугаёў разглядае апавяданні “Жоўты пясочак”, “На чорных лядах”,”Перад канцом”, “Бедныя людзі”, “Народныя мсціўцы”, “Труба”.
Другая частка дапаможніка прадстаўляе сістэму урокаў па творчасці Васіля Быкава ў старшых класах. Тут прадстаўлены прыкладныя разгорнутыя планы ўрокаў (9 і 11 класы). Прапанаваныя аўтарамі ўрокі разнастайныя па відах і жанрах. Так, сустракаем у дапаможніку урок-даследаванне (9 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава”, “Арыентацыйныя заняткі па аповесці “Аблава”); урок-дыспут (9 клас, тэма “Вобраз Хведара Роўбы і яго прызнечэнне ў аповесці і ў выяўленні аўтарскай канцэпцыі асобы”); урок-адкрыццё (9 клас, тэма “Абагульняючы выніковы ўрок па аповесці “Аблава”); урок-пошук (9 клас, тэма “Галгофа быкаўскіх герояў, або “Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу”); урок-прэзентацыя праектаў (11 клас, тэма “Жыццёвы і творчы шлях В.Быкава, адметнасці яго творчасці”); урок-дослед (11 клас, тэма “Арыгінальнасць і адметнасць аповесці “Знак бяды”); урок-адкрыццё (11 клас, тэма “Вобразы Петрака і Сцепаніды Багацькаў”); урок-альтэрнатыва (11 клас, тэма “Пятрок – моцная асоба ці ахвяра вайны?”).
Для вывучэння творчасці Васіля Быкава сучасныя настаўнікі могуць выкарыстоўваць рэсурсы Інтэрнэту. Так, Мікола Жуковіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, дырэктар Бярозаўскай СШ № 1 Брэсцкай вобласці на ўласным педагагічным сайце змяшчае наступную інфармацыю: “Апошнім часам у педагагічным друку ўсё часцей сустракаюцца публікацыі пра дыстанцыйнае навучанне, электронны падручнік ці Інтэрнэт-урок, якія, як сцвярджаюць навукоўцы, у XXI ст. стануць самай эфектыўнай формай навучання і падрыхтоўкі спецыялістаў. Заняткі аб'ядноўвае тое, што арганізуюцца яны на базе камп'ютэрных тэхналогій, такіх, як Інтэрнэт, электронная пошта, тэлебачанне і інш.
Дзякуючы доступу да Інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне ў электронным ці друкаваным выглядзе і - самае важнае - авалодаць ім самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта, партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу і карэкцыі выкладанага курса.
З дапамогай Інтэрнэту навучэнец на значнай адлегласці і не выходзячы з дому можа ўжо сёння адкрыць сайты электронных бібліятэк і за лічаныя секунды знайсці патрэбныя раздзел кнігі, параграф, цытату, кінафільм, табліцу ці мастацкі твор. Камп'ютэрная сістэма таксама дае вучню мажлівасць на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.
Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні могуць не наведваць заняткі ў навучальнай установе, а выбіраць для працы зручныя для сябе час, месца і тэмп. У аснову такога навучання пакладзены модульны прынцып: прымяненне інструкцый для самастойнай ці групавой працы з інфармацыйнымі крыніцамі сеткі.
Такім чынам, дыстанцыйнае навучанне - гэта атрыманне навучэнцамі ведаў па пэўнай галіне навукі на любой адлегласці і ў любы час з дапамогай камп'ютэрных тэхналогій без наведвання навучальнай установы.
Інтэрнэт відавочна пранікае ў адукацыйную галіну. Прагрэсіўныя педагогі нашай краіны для таго, каб надаць эфектыўнасць і прывіць цікавасць да свайго прадмета, сёння выкарыстоўваюць у навучальна-выхаваўчым працэсе камп'ютэрныя тэхналогіі. Такі падыход дазваляе сучаснаму выкладчыку вырашаць наступныя метадычныя задачы:
1) фармаваць у школьнікаў устойлівую матывацыю вучыцца,
2) развіваць уменні самастойнай працы з навучальным матэрыялам,
3) выпрацоўваць крытычнае мысленне ва ўмовах карыстання вялікім аб'ёмам інфармацыі,
4) паспяхова развіваць здольнасці індывідуальнай працы і ў камандзе,
5) удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.
Настаўнік беларускай літаратуры ўжо цяпер можа выкарыстаць Інтэрнэт як дапаможны сродак на занятках ці арганізаваць асобны Інтэрнэт-урок”.
Трэба таксама зазначыць, што шмат карыснай інфармацыі для настаўнікаў і вучняў змешчана на сайце, прысвечанаму Васілю Быкаву www.bykau.by.ru. Гэты сайт нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры ў 10-11-ых класах агульнаадукацыйных школ, гімназій і ліцэяў.
2. Сістэма урокаў па творчасці В. Быкава ў 9, 11 класах (на прыкладзе вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка)
З вопыту работы літаратуразнаўца Дз. Бугаёва варта пачэрпнуць інфармацыю па складанні сістэмы ўрокаў на тэму жыццёвага і творчага шляху В. Быкава ў старэйшых класах.
Клас: 9
Тэма: Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава
Мэты ўрока: Развіваць у дзяцей навык атрымання неабходнай інфармацыі са шматлікіх крыніц; дапамагчы засвоіць асноўныя даты жыцця і творчасці пісьменніка; выхоўваць асноўныя разумовыя дзеянні: параўнанне, супастаўленне прадметаў і з’яў праз аналіз твораў Быкава.
Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу
Від урока: урок-даследаванне
Абсталяванне: партрэт пісьменніка, два-тры фотаздымкі, “Беларуская энцыклапедыя”, т.3, разгорнуты на с. 371, самы поўны 6-томны прыжыццёвы збор твораў, апошнія кнігі пісьменніка, шматлікія літаратуразнаўчыя даследаванні пра творчасць В. Быкава: кнігі М. Бахціна, І. Афанасьева, І. Дзядкова.
Эпіграф: 1. “Васільком у жыце беларушчыны застанецца назаўсёды Быкаў” (Р.Барадулін);
Талент мае права гаварыць народу праўду пра ягонае існаванне, часам горкую і балючую праўду… але калі ягоная праўда з вялікай літары, дык пройдзе час, і яму той жа народ паставіць прыгожы помнік на самай прыгожай плошчы свайго сталічнага горада. Але гэта пасля, бо пры жыцці “нет пророка в отечестве своём” – ісціна, добра вядомая з часоў першых хрысціян, і кожны з нас, творцаў, павінен памятаць гэта. (В. Быкаў)
Ход урока
1. Слова настаўніка
Суаднясіце назву і эпіграф урока з уласным успрыманнем самастойна прачытаных вамі твораў В.Быкава і пытальнымі сказамі сфармулюйце вашу перспектыўную задачу на ўроках, прысвечаных творчасці пісьменніка.
У выніку урокаў нам належыць адказаць на пытанні: хто ёсць Васіль Быкаў для нашага народа? За якія заслугі перад нашай нацыяй ён назаўсёды застанецца “васільком у жыце беларушчыны”.
2. Актуалізацыя неабходных ведаў.
Быкаў лічыў канцэптуальнасць адным з найважнейшых патрабаванняў, нават законам творчасці, і вызначыў канцэптуальнасць як адметны ад іншых аўтараў светапогляд і светаўспрыманне.
Вучням прапануецца з жыццяпісу пісьменніка выбраць 2-3 моманта, якія, на іх погляд, найбольш паўплывалі на яго светапогляд і светаўспрыманне, а значыць і канцэптуальнасць твора.
Настаўнік падказвае, што выканаць гэтае заданне дапамогуць не толькі стар. 343 – 345 падручніка, але і артыкул Быкава “Замест аўтабіяграфіі”, а таксама адпаведныя артыкулы энцыклапедыі.
У выніку працы з гэтымі артыкуламі і з даапамогай настаўніка вучні павінны прыйсці да высновы, што вытокі канцэпцыі пісьменніка В. Быкава і асноўныя праблемы яго творчасці – у асабістым лёсе. Лёс яго непарыўна звязаны з лёсам яго народа. 97 працэнтаў равеснікаў В. Быкава (а ён нарадзіўся на Сёмуху, 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці), якія пайшлі на фронт, так і не вярнуліся з ратнага поля. Пра чырвона-карычневую чуму, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса, Быкаў ведаў не па чутках. З самага пачатку вайны ён быў на будаўніцтве абарончых рубяжоў, а асля Саратаўскага пяхотнага вучылішча ў 1942 г. малодшы лейтэнант В.Быкаў аказаўся ў самым пекле вайны і ваяваў да самай перамогі. Быў двойчы паранены, прычым, адзін раз яго нават палічылі загінуўшым. Бацькі атрымалі пахаронку, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч забіты 10.01.1944г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікая Севярынаўка Кіраваградскай вобласці.
На шчасце, гэта была памылка. Лёс збырог для нашага народа яго сына і прарока. Яму будзе наканавана самому паставіць сваёй творчасцю абеліск і перадаць жывым памяць і веды пра будучыню.
Патлумачваючы паходжанне памылкі пра яго пахаванне, пісьменнік расказваў, што ў студзеньскіх баях пад Кіраваградам застаўся ўвесь іх батальён, а можа, і ўвесь полк. Вясной жыхары навакольных вёсак збіралі трупы байцоў і звозілі іх у брацкую магілу ў Севярынаўцы. Напэўна, там падабралі і палявую сумку Быкава. Некаторыя дакументы, знойдзеныя ў ёй, і далі падставу меркаваць, што яе гаспадар таксама сярод загінуўшых.