Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гервяцкай СШ Астравецкага раёна Яніна Віктарпаўна Мацвеева прапануе ўрок-залік па тэхналогіі адаптыўнай школы “Развітанне з марфалогіяй”. Мэтамі дадзенага ўрока з’яўлялася: праверыць ступень засваення ведаў па тэме; стварыць умовы для самарэалізацыі і самаўдасканалення кожнай асобы і для работы ў групах; развіваць здольнасці асобы, фарміраваць уменні і навыкі працаваць у розных сітуацыях; развіваць маўленне, мысленне вучняў; выхоўваць пачуццё адказнасці і самаацэнкі, узаемаацэнкі. Клас падзелены на чатыры групы паводле ўзроўню паспяховасці. На ўроку працуе экспертная група (вучні старэйшых класаў). Калі заданне выконваецца групамі, праверку праводзіць суседняя група, якая выстаўляе адзнаку і перадае картку ў экспертную групу. Старшыня экспертнай групы ставіць агульную адзнаку ў рабочую карту ўрока. Калі заданні індывідуальныя, праверка адбываецца непасрэдна ў групе. Пасля падлічваецца колькасць балаў і выстаўляюцца адзнакі.
1.2. Асаблівасці і праблемы вывучэння дзеепрыслоўя ў VІІ класе агульнаадукацыйнай школы
Дзеепрыслоўе – апошняя дзеяслоўная форма ў школьнай праграме, таму патрабуецца падагульніць веды вучняў па раздзеле “Дзеяслоў”. Адначасова вывучэнне дзеепрыслоўя рыхтуе да наступнай тэмы “Прыслоўе”. Падчас вывучэння дзеепрыслоўя фарміруюцца пэўныя арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі: правапіс не з дзеепрыслоўем, выдзяленне коскамі адзіночнага дзеепрыслоўя і дзеепрыслоўнага звароту Вучні авалодваюць уменнямі распазнаваць дзеепрыслоўі, правільна ўтвараць і ужываць іх у сваёй мове, умець карыстацца сінанімічнымі варыянтамі (дзеепрыслоўі – дзеепрыметнікі, аднародныя выказнікі, даданыя часткі складаных сказаў. Пашыраюцца і веды па сінтаксісе: паглыбляюцца звесткі пра акалічнасць, вучні знаёмяцца з дзеепрыслоўным зваротам – развітай акалічнасцю, якая адасабляецца на пісьме.
Метадысты лічаць, што абавязковай умовай паспяховага навучання мове з’яўляецца такая арганізацыя школьнага вывучэння граматыкі, пры якой вучні не толькі разумеюць і засвойваюць лінгвістычную сутнасць асобных фактаў і з’яў граматычнага ладу, але і атрымліваюць уяўленне пра іх функцыянальныя асаблівасці, семантыка-стылістычную ролю ў мове [4; 70].
Адной з праблем, з якой часта сустракаюцца настаўнікі пры выучэнні дзеепрыслоўяў з’яўляецца тое, што вучні часта змешваюць дзеепрыслоўі з асабовымі формамі дзеяслова і дзеепрыметнікамі, таму варта ўвесь час параўноўваць дзеяслоў і яго формы, акцэнтуючы ўвагу на іх значэннях, марфалагічных прыметах, сінтаксічнай ролі. Выкарыстанне разнастайных відаў работ (пераканструяванне, замена дзеепрыслоўеў іншымі моўнымі сродкамі і выяўленне сэнсавых, граматычных і стылістычных адрозненняў) дапаможа пераканаць вучняў, што ўжыванне дзеепрыслоўяў робіць мову больш дакладнай, дынамічнай, (выдзяляе асноўнае дзеянне ў шэрагу некалькіх, выяўляе сэнсавыя адносіны паміж дзеяннямі) і выразнай (здымае аднастайнасць у пераліку асобных дзеянняў адной і той жа асобы ці прадмета, дапаўняе асноўнае дзеянне).
Адначасова з засваеннем вучнямі мовазнаўчага матэрыялу на працягу вывучэння раздзела ідзе падрыхтоўка да напісання выбарачнага пераказу, што прадугледжана праграмай. Работу на ўроках варта арганізоўваць так, каб сістэматычна, паступова з вывучэннем лінгвістычнага матэрыялу выпрацоўваць навыкі, неабходныя для выканання пісьмовай работы (выбарачны пераказ тэксту): вучыць вызначаць тэму і падтэмы ў тэксце, акрэсліваць межы тэмы і адбіраць неабходны матэрыял, умець звязваць сэнсавыя часткі выбарачнага пераказу паміж сабою, карыстацца рознымі сродкамі сувязі сказаў у тэксце.
Знаёмства з дзеепрыслоўем мэтазгодна пачаць з назірання: параўноўваюцца сказы ў тэксце, вызначаецца, якія з выдзеленых слоў абазначаюць аднародныя дзеянні, а якія – неаднародныя, адно – асноўнае, а другое – дадатковае. Варта звярнуць увагу і на стылістычную ролю дзеепрыслоўяў.
Самастойная праца з матэрыялам для азнаямлення і калектыўны адказ на пытанні даюць магчымасць вучням падагульніць першапачатковыя звесткі пра дзеепрыслоўе.
Ужо на першым уроку неабходна цвёрда засвоіць, што абодва дзеянні – асноўнае і дадатковае – абавязкова выконвае адна і тая ж асоба ці прадмет.
З паняццем звароту (дзеепрыметнага) вучні ўжо знаёмыя. Але дзеепрыслоўны зварот, у параўнанні з дзеепрыметным мае свае асаблівасці: больш разнастайны па значэнні: адказвае на розныя пытанні, яго сувязь з дзеясловам-выказнікам фармальна не выражана.
Выкладанне марфалогіі на сінтаксічнай аснове як вядучы прынцып вывучэння граматыкі ў школе (В.Протчанка, Г.Лідман-Арлова, В.Азерская, А.Дуднікаў) патрабуе ўліку і ўзаемаўвязвання наступных фактараў:
- Сістэматычнаму вывучэнню марфалогіі папярэднічае ўступны сінтаксічны курс, які фарміруе агульнае ўяўленне пра сінтаксіс як сістэму, яго асноўныя катэгорыі;
- У працэсе сістэматычнага вывучэння марфалогіі ва ўсіх магчымых выпадках для характарыстыкі марфалагічных катэгорый павінен выкарыстоўвацца сінтаксічна і стылістычна арганізаваны матэрыял пераважна ў выглядзе звязнага тэксту;
- Асобныя марфалагічныя формы вучні павінны выяўляць, тлумачыць на аснове прыроджанага валодання канструкцыямі роднай мовы, з пастаяннай апорай на адчуванне роднай мовы;
- Вывучаныя марфалагічныя катэгорыі практычна ўключаюцца ў мову вучняў у працэсе выканання заданняў, якія патрабуюць разнастайных трансфармацый пэўных узораў, мадэліравання або самастойнага канструявання сказаў, звязных тэкстаў.
Актывізацыі пазнавальнай і маўленчай дзейнасцівучняў на ўроках марфалогіі садзейнічаюць праблемныя пытанні. Праблемныя пытанні, заданні павінны спрыяць фарміраванню наступных уменняў і навыкаў:
1. Параўноўваць, супастаўляць падобныя прыметы і на іх аснове выяўляць тое, што адрознівае адну з’яву ад другой, суадносіць агульнае і прыватнае.
2. Выбраць з наяўнай інфармацыі тую, якая патрабуецца для рашэння прапанаванай граматычнай задачы.
3. Знаходзіць шляхі і даказваць правільнасць, або памылковасць таго ці іншага сцвярджэння. Напрыклад: словы важаты, гальштук – назоўнікі. Што трэба зрабіць, каб гэтыя словы сталі дзейнікамі? На гэтае пытанне можна адказаць так: а) пабудаваць з імі сказы; б) ужыць гэтыя словы з іншымі словамі; в) падабраць да іх выказнікі; д) уключыць іх у граматычную аснову сказа.. Які з гэтых адказаў больш дакладны? Чаму не падыходзяць іншыя адказы?
4. Падбіраць на аснове назіранняў аргументы для той ці іншай думкі, каменціраваць свае аргументы, разважаць. Напрыклад: ці можна абысціся ў мове без прыназоўнікаў? (Яны ж не абазначаюць прадмет,прымету, дзеянне);
5. Абагульняць, дыферэнцыраваць моўныя факты і з’явы.
6. Уключаць вывучаны матэрыял у звязныя выказванні, паказваць, дзе трэба (або не трэба) яго выкарыстоўваць, папярэджваць моўныя памылкі вучняў.
1.3. Структура навучальнага тэксту падручніка “Беларуская мова для 7-га класа з рускай мовай навучання” Малажай Г.М.
Разглядаемы падручнік цалкам адпавядае патрабаванням праграмы па беларускай мове. У падручніку прадстаўлены наступныя раздзелы лінгвістыкі: мова, маўленне, тэкст (на базе паўтарэння вывучанага ў 4-5 класах), а таксама прадстаўлены раздзел марфалогіі – вывучаюцца такія часціны мовы як дзеяслоў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.
Тэоря маўленчай дзейнасці раскрываецца праз паняцці аб мове як адным з паказчыкаў культуры чалавека, захаванне літаратурных нормаў. Раскрываюцца ў падручніку паняцці функцыянальных стыляў маўлення, моўных сродкаў, этікі маўлення.
Асноўны матэрыял па гэтых пытаннях падаецца як матэрыял для азнаямлення, некаторыя найбольш важныя пытанні прапануецца завучыць. Для замацавання патрабуюцца рознаўзроўневыя заданні, практыкаванні, падаюцца прыклады транскрыбіравання тэкстаў.
У падручніку задзейнічаны наступныя прыёмы падачы лінгвістычнай інфармацыі:
- аналіз моўных фактаў;
- параўнанне моўных адзінак (напрыклад, утварэнне прыметнікаў і дзеепрыметнікаў);
- параўнанні з рускай мовай;
- прыклады моўнага разбора (дзеяслова, дзеепрыметніка);
- падаюцца ў вялікай колькасці схемы і табліцы, выкарыстоўваецца іх аналіз;
- выкарыстоўваецца аналіз малюнкаў і ілюстрацый, якія ў дастатковай колькасці ўтрымлівае падручнік;
- новы матэрыял падручніка і тэарэтычныя пытанні вучням прапаноўваецца або прачытаць і прааналізаваць, або завучыць на памяць. Кожны з гэтых матэрыялаў замацаваны практыкаваннямі;
- матэрыял у падручніку размяжоўваецца па ступені значнасці (найбольш важны адзначаны для абавязковага завучвання на памяць), таксама важная інфармацыя выдзеленая іншым колерам, з гэтай жа мэтай выкарыстоўваюцца такія сродкі як падкрэсліванне, задзейнічаны розныя шрыфты;
У падручніку прадстаўлены і прапанаваны наступныя спосабы вучэбнай дзейнасці:
- узор маўленчага разбору (гэта марфалагічны разбор дзеяслова, дзеепрыметніка, дзеепрыслоўя)
- у якасці эталону адказа на прапанаваныя пытанні выступаюць правілы і ўзоры да выканання практыкаванняў;
- алгарытм прымянення правіла часта выступае ў якасці разнастайных схем і табліц, а таксама даведак да практыкаванняў;
- для развіцця маўлення вучням прапануецца выразнае чытанне вершаў і тэкстаў, адказы на пытанні па ім, падрыхтоўка невялікіх паведамленняў.