Смекни!
smekni.com

Развіццё вучнёскага самакіраавння ў сучаснай школе (стр. 5 из 6)

Рашэнне Рады можа быць перагледжана або адменена Канферэнцыяй, самой Радай пры паўторным яго разглядзе на паседжанні па патрабаванні дырэктара, або настаўнікаў, вучняў, бацькоў.

Рада старшакласнікаў збіраецца не радзей, чым раз на месяц. Яна дапамагае адміністрацыі гімназіі ў стварэнні адзінага дэмакратычнага творчага калектыву, умоў для рэалізацыі задач, якія стаяць перад гімназіяй. На першым пасля абрання пасяджэнні Рада старшакласнікаў абірае са свайго складу старшыняў цэнтраў самакіравання, якія складуць Малую Раду. У 2001/02 навучальным годзе ў Ляхавіцкай гімназіі дзенічалі наступныя цэнтры самакіравання: фінансавы, прававы, прэс-цэнтр, цэнтр “дасуг”, дыска-цэнтр, інфармацыйна-музычны, цэнтр “парадак”, цэнтр “Клопат”, спартыўна-турыстычны. Рада старшакласнікаў ажыцяўляе кантроль за выкарыстаннем матэрыяльных рэсурсаў самакіравання, вядзе работу па прыцягненні дадатковых фінансавых сродкаў, выкарыстоўваючы разнастайныя крыніцы іх паступлення.

Кожны старшыня цэнтра самакіравання набірае з ліку вучняў 8-11 класаў 4-7 чалавек – уласна цэнтр, які будзе адказваць за рэалізацыю адпаведных пунктаў праграмы. Цэнтры праводзяць свае самастойныя пасяджэнні раз на месяц, ці паводле патрэбы часцей. На пасяджэнні могуць быць запрошаны і прадстаўнікі іншых структураў, калі іх удзел патрэбен для вырашэння нейкага пытання, альбо, напрыклад, дадатковыя вучні для правядзення ранішніка. Цэнтры самакіравання спрыяюць прыцягненню большай колькасці вучняў да сістэматычнай працы ў вучнёўскім самакіраванні, дазваляюць выкарыстоўваць таленты, здольнасці і ўменні вучняў, якія не ўваходзяць у кіраўніцтва. Большасць цэнтраў самакіравання ў Ляхавіцкай гімназіі маюць сталы характар. Цэнтры могуць мець сваіх кансультантаў з ліку бацькоў ці настаўнікаў.

Прававы цэнтр забяспечвае распрацоўку ўнутрышкольных дакументаў, законаў гімназіі, якія рэгламентуюць распарадак функцыянавання гімназіі, органаў самакіравання, правы і абавязкі членаў калектыву, і сочыць за іх выкананнем, абараняе правы вучняў, супрацоўнічае з сацыяльным педагогам, класнымі кіраўнікамі. Так прынятыя палажэнне аб дзяжурстве па гімназіі, Кодэкс паводзінаў на вечарыне, Функцыйныя абавязкі гімназістаў у арганізацыі вучёскага самакіравання і інш. (Прыклады ў дадатках 7, 8, 9). Гэты цэнтр на пачатковым этапе меўся быць бадай самым важным для развіцця самакіравання, але дзеля рэалізацыі гэтай місіі неабходны дасведчаны педагог, які б арыентаваўся ў пытаннях заканадаўства, быў бы знаёмы з дэмакратычнымі інстытутамі і працэдурамі. У такім выпадку дзеці б маглі пасля вывучэння сітуацыі на месцы звяртацца да розных варыянтаў заканадаўчага вырашэння праблемы і абіраць аптымальны з іх. Адсутнасць дарослага з адпаведнай кваліфікацыяй прыводзіць да таго, што за чатыры гады дзейнасці заканадаўчая база гімназіі распрацавана мінімальна і абмяжоўваецца пералікам асноўных правоў і абавязкаў, якія не даюць магчымасці адчуць сябе адказным за лёс усёй школьнай супольнасці кожнаму вучню, а часцей абцяжарваюць адказнасцю за добрыя адзнакі і паводзіны на занятках. Тым не менш, наяўнасць прававога цэнтру нават у такім пачатковым выглядзе дае магчымасць навучэнцам бліжэй пазнаёміцца з сістэмай ўзаемадносінаў у грамадстве.

Прэс-цэнтр адказвае за выданне школьных насценгазет. Насценгазеты выдаюцца звычайна да школьных урачыстасцяў, мерапрыемстваў, датаў. Цэнтр выконвае функцыю інфармавання вучняў і прыцягнення іх да ўдзелу ў той ці іншай імпрэзе. Так напрыклад у 2000/2001 навучальным годзе былі выдадзены газэты да дню прафілактыкі СНІДу, Дню настаўніка, Дню Святога Валянціна, Дню Абаронца Айчыны, 8 Сакавіка. Былі праведзены сацыялагічнае апытанне, конкурс вершаў і апавяданняў. Пакуль што ў насценгазетах гімназіі адсутнічаюць такія параметры сапраўднай прэсы, як перыядычнасць выхаду, аналітычнасць матэрыялаў, злабадзённасць і набліжанасць тэмы для кожнага чытача ды інш. Адсутнасць рэальнай канкурэнцыі поглядаў і падыходаў падчас выбараў у самакіраванне, недасканаласць самой працэдуры прыводзяць да таго, што насценгазэты, якія выдаюцца пад патранажам самакіравання слаба асвятляюць непасрэдна працэсы, якія адбываюцца ў ім, як у структуры. З інфармацыйнай дзейнасці нельга выключаць аніводнага вучня ці групы вучняў, гэтая велізарная праца павінна быць агульнай і арганізаванай справай усіх актывістаў самакіравання для ўсіх прадстаўнікоў школьнай супольнасці.

Цэнтр “Дасуг” адказвае за арганізацыю вольнага часу вучняў. Так, напрыклад, ён праводзіць вечарыны, сустрэчы з цікавымі людзмі, святы для малодшых класаў, навагоднія святкаванні, вечарыны сустрэч для выпускнікоў. У 2000/2001 навучальным годзе цэнтр правёў вечарыну “Ало! Мы шукаем таленты!”, свята для настаўнікаў малодшых класаў і экзамен для педагогаў старэйшых класаў на дзень настаўніка, дэбаты і інш. Цэнтр “Дасуг” актыўна супрацоўнічае з фінансавым цэнтрам і дыска-цэнтрам.

Дыска-цэнтр адказвае за арганізацыю дыскатэк. Сюды ўваходзіць адказнасць за падтрыманне дыскатэчнай апаратуры ў належным стане і выкарыстанне яе, падбор музычнай і стварэнне забаўляльнай праграмы, падтрыманне парадку, аздабленне залі, запрашэнне гасцей, непасрэдна правядзенне. Перад дыскатэкай адбываецца сумеснае пасяджэнне дыска-цэнтру і цэнтру “парадак” па пытаннях размеркавання абавязкаў па ахове дыскатэкі, падтрыманні чысціні памяшкання. Запрашэнне гасцей важная справа, якая ажыццяўляецца сумесна з фінансавым цэнтрам. Дыска-цэнтр вызначае колькасць і друкуе запрашэнні на дыскатэку. Кожнае запрашэнне штампуецца і нумаруецца, а пасля гэтага квіткі рэалізуюцца сярод вучняў гімназіі. Кошт запрашэнняў вызначаецца Малой радай. Кожны гімназіст можа запрасіць на дыскатэку свайго сябра з іншай школы, але адказнасць за яго паводзіны кладзецца на таго, хто запрасіў. У супрацоўніцтве з інфармацыйна-музычным цэнтрам падбіраецца музычны рэпертуар дыскатэкі – адмысловыя заяўкі і прысвячэнні.

Іінфармацыйна-музычны цэнтр адказвае за функцыянаванне ў гімназіі радыё-кропкі. Радыё працуе на перапынках паміж урокамі. Звычайна транслююцца музычныя запісы і віншаванні вучняў і настаўнікаў са святамі, перадаецца інфармацыя пра важныя падзеі, якія маюць адбыцца ў хуткім часе. На вучнях ляжыць права выкарыстання і адказнасць за захаванне апаратуры. Збор заявак на музычныя віншаванні адбывацца сумесна з фінансавым цэнтрам, які збірае вызначаную Малой радай аплату за гэтую паслугу.

Цэнтр “Парадак” адказвае за захаванне і падтрыманне парадку ў гімназіі. На пачатку навучальнага году ён распрацоўвае план дзяжурстваў класаў па паверхах і памяшканнях і даводзіць яго да старастаў класаў. Дзяжурны клас робіць справаздачу па выніках дзяжурства на штодыднёвай лінейцы. Планавае дзяжурства адбывацца з тыднёвай перыядычнасцю. Калі на момант дзяжурства нейкага класа прыпадае дыскатэка, ці іншае мерапрыемства, на дапамогу класу выдзяляюцца дадатковыя вучні. Цэнтр праводзіць рэйды па эканоміі электрычнасці.

Цэнтр “Клопат” адказвае за дабрачынную працу, пошук адрасатаў, якім патрэбна дапамога. Цэнтр супрацоўнічае з педатрадам “Рытм”, створаным пры школе. Цэнтр праводзіць сустрэчы з ветэранамі Другой сусветнай вайны, запрашае іх да памятных датаў у школу, збірае іх успаміны, дакументальныя сведчанні падзеяў тых часоў. У выпадку неабходнасці аказаць дапамогу вучню гімназіі, які апынўся ў цяжкім становішчы (згарэла хата, памёр бацька), цэнтр звяртаецца да фінансавага цэнтра і сумесна праводзіць збор сродкаў на дапамогу. Рашэнне пра аказанні дапамогі зацвярджае Малая рада.

Цэнтр спорту і турызму адказвае за арганізацыю фізкультурна-аздараўленчай і краязнаўчай працы. Прапаганда здаровага ладу жыцця – адна з асноўных задач цэнтра. Цэнтр дае ў школьную газету інфармацыю пра спартыўныя мерапрыемствы, вандроўкі, адказвае за рамонт і падтрыманне ў належным стане спартовага інвентару, аказвае дапамогу класным кіраўнікам у арганізацыі паходаў. Арганізацыя краязнаўчай дзейнасці вучняў – найбольш перспектыўная форма грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі. Краязнаўчая дзейнасць па вывучэнні гісторыі, культуры, прыроды, гаспадаркі свайго краю садзейнічае вырашэнню цэлага комплексу задач, якія стаяць перад школай: выхаванне навучэнцаў як суб’ектаў нацыянальнай культуры, далучэння іх да гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчыны народа, выхавання жадання зберагаць, развіваць і памнажаць матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці краю. У працэсе краязнаўчай дзенасці фармуюцца эмацыянальна-каштоўныя адносіны да радзімы, пачуццё нацыянальнай годнасці.

Фінансавы цэнтр адказвае за размеркаванне, выкарыстанне і кантроль матэрыяльна-фінансавых сродкаў вучнёўскага самакіравання. Ва ўмовах Беларусі асабліва актуальны задачы фармавання эканамічнай свядомасці дзяцей і моладзі.

Моладзевыя і дзіцячыя арганізацыі гімназіі закліканы спрыяць развіццю школьнага самакіравання, удзельнічаць у яго практычнай рэалізацыі праз сваіх прадстаўнікоў у ворганах самакіравання. Яны актыўна супрацоўнічаюць з усімі органамі вучёўскага і школьнага самакіравання.

Сярод вучняў рэгулярна праводзяцца апытанні ў форме анкетавання, якія паказваюць узровень іх інфармаванасці пра справы самакіравання, даюць магчымасць нават самым сціплым выказаць свае пажаданні і прапановы ў пісьмовым выглядзе, што, ў сваю чаргу, дае магчымасць улічыць іх найбольш поўна. Анкета паказвае, якія змены, на думку навучэнцаў, неабходна правесці, які механізм працуе эфектыўна, а які недастаткова поўна рэалізуе магчымасці і выконвае пастаўленыя задачы. Прыклады падобных анкетаў, а таксама іх аналізу прыведзены ў дадатках 1, 3, 4, 5, 6.