Статут Ягайлы 1420—1423 гг. удакладняў дачыненні па апецы: вызначаўся ўзрост паўналецця, несапраўднай прызнавалася ўмова паміж апекуном і мужам апекаванай пра замену ў яе пасагу маёмасці на рухомую, бо права распараджэння маёмасцю належала ўласніку — жонцы (па сутнасці гэта апякунства, а не апека над жанчынай); разглядалася проціпраўнасць адмовы апекуна аддаваць апекаваную замуж, калі матывам гэтага было жаданне карыс-тацца яе маёнткам; адзначалася права апекаванай выйсці замуж без згоды апекуна, але са згоды сваіх блізкіх ("прыражоных").
Такім чынам, Вісліцкі Статут і Статут Ягайлы змяшчалі прававыя нормы па апецы, якія знайшлі сваё адлюстраванне і развіццё ў Статутах Вялікага княства.
Інстытут апекі паводле Статутаў уяўляў сабой апеку па законе, па тэстаменце, па прызначэнні дзяржаўнай улады[131].
Апека па законе (па праве нраджэння ёсць найстарадаўнейшым відам апекі). Аналіз Статутаў Вялікага княства сведчыць, што ў першым Статуце апека паводле тэстамента толькі прызнавалася, у другім ёй аддавалася перавага, а ў трэцім Статуце гэты від апекі прызнаваўся прыярытэтным. Але і тады, калі апека не прызначана бацькам у тэстаменце, яна наставала паводле закону. Калі не было бацькоў, апекуном згодна з законам станавіўся старэйшы брат, кроўныя (муж-чыны) па лініі бацькі, пры іх адсутнасці — радня (мужчыны) па лініі маці, калі і такіх не было, то родныя (жанчыны) па лініі бацькі, а затым — па лініі маці[132]. Пры гэтым ад апекуноў-жанчын патрабаваліся дадатковыя гарантыі іх матэрыяльнага дабрабыту: замужжа, добрапрыстойнасць, матэрыяльная забяспечанасць і згода мужа[133].
Пры адсутнасці блізкіх, здольных узяць апеку, земскі суд прызначаў апекуна. Апекуны павінны былі адпавядаць наступным патрабаванням: быць добра забяспечаныя нерухомай маёмасцю ў тым жа павеце, "людзі добрыя, набожныя, няўтратныя"[134].
Апецы падлягалі як асобы, так і іх маёмасць. Апякун мусіў захоўваць маёмасць апекаваных, апрача таго, клапаціцца пра выхаванне і навучанне дзяцей. На гэтыя мэты выдаткоўвалася 9/10 гадавога даходу ад маёмасці, а дзесятая частка яго ішла на ўзнагароджанне апекуну (у рымскім праве не існавала апякунскага ўзнагароджання). Не мелі права на ўзнагароджанне толькі бацька-апякун і маці-апякунка[135]. Апякун павінны быў клапаціцца пра будучае дзяўчыны, даючы згоду на шлюб. Без згоды апекуна (як і бацькоў) дзяўчына не магла выйсці замуж пад пагрозай страты ўсёй спадчыннай маёмасці[136].
Захаванасць апекаванай маёмасці гарантавала сістэма спецыяльных працэдур (парадак афармлення апякунства, падрабязны вопіс маёмасці, яе ацэнка, парадак справаздачнасці па апецы). Акрамя таго, прадугледжваліся кантроль ажыццяўлення апекі і права земскага суда замяніць апекуна. Земскі суд мог у кожны момант заклікаць апекуна да справаздачнасці ў выпадку сумневу ў яго добрасумленнасці. Калі выяўлялася, што апякун несумленны або недастаткова ўмела распараджаецца маёмасцю, суд мог змяніць яго і прызначыць другога апе-куна, нават калі папярэдні быў прызначаны паводле тэстамента[137].
Гарантыяй захаванасці маёмасці апекаванага было таксама абмежаванне апекуна ў праве распараджэння ёю. Апякун мог толькі набываць маёмасць, але не траціць яе, таму ён не валодаў правам адчужаць або пакідаць яе[138]. Шкода, прычыненая апекуном пры няправільным уступленні ў апеку, спаганялася з ягонай маёмасці[139].
Ахова правоў апекаванага ажыццяўлялася таксама правам не адказваць па спозысках, акрамя абумоўленых у законе выпадкаў[140], што аналагічна трактоўцы Вісліцкага Статута[141], але ў пашыраным выглядзе.
3 часам, ад першага Статута да трэцяга, правы ўдавы па інстытуце апекі мяняліся. У выніку Статут 1588 г. увасабляў падобны да рымскага падыход да жанчын-апякунак — практычнае іх адхіленне ад апекі.
Інстытут апекі паводле Статута 1529 г. замацоўваў наступнае палажэнне: удава можа быць апякункай над дзецьмі па смерці мужа, калі муж не прызначыў у тэстаменце апекуна. Калі не было абодвух бацькоў, то пакліканне да апякунства нагадвала пакліканне да спадкавання. Статут 1529 г. прызнаваў прыярытэт апякунства бацькі ў выпадку смерці маці; калі ж паміраў бацька, то апякункай была маці, з выняткам спецыяльнага прызначэння апекуна памерлым .
У Статуце 1566 г. дачыненні па апецы яшчэ больш дэталізаваныя. Так, апекуноў мусіў прызначаць бацька ў тэстаменце. У адваротным выпадку ім станавіўся старэйшы паўналетні сын. Калі такога не было, дык да апякунства паклікалася радня — мужчыны па лініі бацькі і па лініі маці, а пры іх адсутнасці — жанчыны. У выпадку адсутнасці блізкіх і сваякоў апекуны прызначаліся дзяржаўнай уладай, службовымі асобамі[142].
Калі па Статуце 1529 г. маці дзяцей магла быць апякункай ва ўсіх выпадках адсутнасці спецыяльна прызначанага бацькам апекуна, дык па Статуце 1566 г. маці дзяцей магла стаць апякункай толькі паводле тэстамента. Пры гэтым яшчэ пералічваўся шэраг неабходных умоваў: маці дзяцей павінна была мець аселасць, нерухомую маёмасць і вя-ноўную маёмасць, а таксама рукаемства.
У Статуце 1566 г. назіралася значная розніца ў падыходах да наступстваў няўдалага апякунства бацькі і маці. Так, калі апякунка растрачвала апекаваныя маёнткі, яна магла быць прыцягнутая да суда, акрамя таго, мусіла выплаціць усе страты з вена або ўласных маёнткаў. У выпадку яе няздольнасці ажыццявіць гэтыя выплаты яны рабіліся за кошт маёмасці рукаемніка [143]. Бацька валодаў шырэйшымі правамі. Напрыклад, калі пасля маці-ня-божчыцы засталася нерухомая маёмасць, дык бацька быў апекуном над дзецьмі і маёмасцю. Кіраванне бацькі не патрабавала справаздачнасці. Нягледзячы на тое што бацька не меў права адчужаць апекаваную маёмасць, у выпадку яе страты дзеці мелі права спозыску не да бацькі, а да асобы, у чыім валоданні на гэты момант знаходзілася маёмасць. Калі бацька страціў маёмасць аднаго з сыноў, дык пры падзеле спадчыны па смерці бацькі сыны павінны былі размеркаваць страту пароўну, а затым дзяліць бацькоўскую спадчыну[144].
Статут 1588 г. значна змяніў інстытут апекі. Маці магла быць апякункай сваіх дзяцей і маёнткаў памерлага мужа толькі ў выпадку, калі муж прызначыў ёй апеку ў сваім тэстаменце[145]. Іншых акалічнасцяў закон не прадугледжваў. Калі бацька не прызначыў апекуна, апека ўскладалася на радню, а не на маці. Малалетнія дзеці заставаліся з маці, а на іх утрыманне апякун выдаваў пэўную суму. Сыны заставаліся пад апекай да сямігадовага ўзросту, а дочкі — да замужжа. Пры гэтым маці павінна была паведамляць апекуну пра замужжа дачкі і раіцца з ім[146]. У выпадку, калі ўдава-апякунка (па тэстаменце) прычыняла страты апекаваным маёнткам, апека яе спынялася, а апекунамі станавілася радня па лініі мужа, а пры іх адсутнасці — па лініі жонкі. Удава ў такім разе заставалася толькі на сваім вене, а калі яго не было — на роўнай частцы з дзецьмі. Апрача таго, удава мусіла выплаціць страты дзецям з свайго вена. Адхіленне ад апекі і прызначэнне новага апекуна рабіў мясцовы суд.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што правы жанчыны па апецы на працягу XVI ст. у нашай краіне звузіліся. Гэты працэс, верагодна, звязаны з развіццём гандлёвых сувязяў, рынкаў, новай сістэмы гаспадарання (увядзеннем "Уставы на валокі"), ускладненнем вядзення гаспадаркі.
Зроблены аналіз дазваляе казаць пра даволі грунтоўную распрацаванасць інстытута апекі ва ўсіх трох Статутах Вялікага княства. Навуковая апрацоўка права дастатутавага перыяду, запаўненне прагалаў, схема размяшчэння нормаў, іх канструкцыя сведчаць пра высокі узровень прававой культуры статутавай камісіі, магчымы ўплыў і рэцэпцыю права іншых прававых сістэм, пра развітую правасвядомасць грамадства і клопат дзяржавы аб суб'ектыўных правах асобаў.
5. Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных правах.
Шлюбна-сямейныя дачыненні былі аб'ектам царкоўнай і свецкай юрысдыкцыі. Падзел паўнамоцтваў праходзіў па мяжы шлюбна-асабістых і сямейна-маёмасных інтарэсаў.
Па традыцыі хрысціянскіх дзяржаваў пад юрысдыкцыю царквы былі аддадзеныя пэўныя інстытуті правадачыненняў. Царкоўная юрысдыкцыя дзялілася на тры катэгорыі: 1) вузкая юрысдыкцыя над усім хрысціянскім насельніцтвам па вызначанай сферы справаў — звычайна па справах рэлігіі і маралі, шлюбу і сям'і; 2) поўная юрысдыкцыя па ўсіх справах над духоўнымі асобамі (клірам) і асобамі, якія належалі да царквы (работнікамі, службоўцамі, пілігрымамі і г.д.); 3) шырокая юрысдыкцыя па ўсіх справах над усім насельніцт-вам, якое пражывала на царкоўных землях.
Царкоўнымі судовымі органамі былі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы ў царкве, найперш епіскапы, якія з XIII ст. мелі памочнікаў па судовых справах. Да кампетэнцыі судовай адміністрацыі належалі справы па спрэчках аб сапраўднасці шлюбу, злачынствах супраць шлюбу, скасаванні шлюбу і г.д.
Усе справы, звязаныя з маёмаснымі дачыненнямі, якія вынікалі з шлюбна-сямейных стасункаў, перадаваліся на разгляд свецкіх судоў у залежнасці ад стану бакоў: гродскім судам — справы ўсіх станаў, земскім судам — шляхты, магістрацкім судам — месцічаў гарадоў на магдэбургскім праве, а таксама падкаморскаму, камісарскаму су-дам і Галоўнаму Літоўскаму Трыбуналу. Статут 1588 г. зацвердзіў гэты прынцып падзелу юрысдыкцыі. Адпаведна Статуту 1588 г. насельніцтва, якое належала да земляў царквы, па ўсіх справах, у тым ліку цывільных і крымінальных, падлягала царкоўнаму суду. Свецкія справы, якія датычылі свецкіх асобаў або нерухомай маёмасці, духоўны суд разглядаў паводле свецкага права[147].