Смекни!
smekni.com

Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі (стр. 2 из 12)

2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам.

Хрысцінская царква, паводле Евангелля ад Мацвея[12] ды іншых крыніц, аддае ў ідэале перавагу бясшлюбнаму жыццю (для слугавання Госпаду). Прызнаючы бясшлюбнасць вышэйшай за шлюб, яна разглядала апошні як неабходную ўступку чалавечай слабасці і ў сваім маральным вучэнні прызнавала шлюб неабходным і трывалым звязам, прапагандуючы яго непарушнасць. У пачатковы перыяд усталявання хрысціянства з прычыны супярэчнасцяў паміж хрысціянскім вучэннем і звычаямі свецкага грамадства царква не вызначыла свайго стаўлення да факта скасавання шлюбу, што пазней спрычынілася да ўзнікнення розных падыходаў да гэтай праблемы ва ўсходняй і заходняй царкве.

Пад уплывам канцэпцыі свецкага заканадаўства, найперш рымскага права, фарміравалася хрысціянская канцэпцыя скасавання шлюбу і адпаведнае царкоўнае заканадаўства. 3 сярэдзіны IX ст., калі рымскі папа і галава ўсходняга хрысціянства імператар Леў Мудры ўзаконілі царкоўнае вянчанне, гэты акт лічыўся царквою пачаткам шлюбу. Царква прыняла рымскае азначэнне шлюбу. У Кормчую і ўсе кананічныя грамадзянскія зборнікі было ўнесена азначэнне шлюбу, якое дадзена вядомым рымскім юрыстам Мадэстынам і ўвайшло ў Дыгесты Юстыніяна, адкуль было запазычана царквой. "Шлюб ёсць хаўрусам мужа і жонкі, супольнасцю ўсяго жыцця, з'яднаннем боскага і чалавечага права"[13].

3 гледзішча рымскіх юрыстаў, шлюб паводле сваёй сутнасці мае агульны характар з іншымі юрыдычнымі дачыненнямі, заснаванымі на ўзаемна выражанай волі, гэта значыць на дамове, але паводле свайго прадмета і мэты адрозніваецца ад усіх іншых пагадненняў, бо накіраваны не на дзеянні і правы, што маюць рэчавую або грашовую вартасць, а на дачыненні, вызначаныя бестэрміновай дамовай. Менавіта наяўнасць грамадзянскіх элементаў у шлюбным звязе вызначыць у далейшым падзел юрысдыкцыі паміж свецкай і канфесійнай уладай.

Царква вызначыла наступныя этапы працэсу злучэння ў шлюб: заручыны, складанне пісьмовага кантракта — змоўнага ліста, прыняцце блаславення ў храме і заключны этап — надзяванне вянцоў маладымі (вянчанне)[14].

Гэтыя цырымоніі да сярэдзіны XVI ст. былі не абавязковыя, асабліва ў асяроддзі простых людзей, таму што Леў Мудры ў IX ст. зацвердзіў вянчанне толькі свабодным, шлюбныя дачыненні несвабоднага насельніцтва рэгуляваліся звычаямі. 3 часам пашыралася меркаванне пра неабходнасць царкоўнага вянчання, і ў 1563 г. Трыдэнцкі сабор вынес пастанову пра абавязковасць царкоўнага вянчання як умову законнасці шлюбу.

Галоўным момантам злучэння ў шлюб была ўзаемная згода жаніха і нявесты, а таксама родных або асобаў, якія іх замяняюць. "Не можа быць учынены шлюб інакш як па згодзе ўсіх, г.зн. тых, хто ўступае ў шлюб і ў чыёй уладзе яны знаходзяцца"[15]. Згода бакоў была галоўнай умовай сапраўднасці шлюбу, яе парушэнне мела вынікам несапраўднасць шлюбу. На сапраўднасць шлюбу ўплывалі ўзрост, знаходжанне ў шлюбе з іншай асобай, роднасць кроўная, духоўная і цывільная (грамадзянская), сваяцтва, веравызнанне, учыненне злачынства супраць шлюбу.

Заходняя і ўсходняя царква па-рознаму ставіліся да царкоўнага вянчання. Заходняя, больш звязаная з нормамі рымскага права, лічыла гэты акт толькі ўмовай надання шлюбу публічнасці. Адсюль вынікала пасіўная роля святара ў момант вянчання і прызнанне царквой таемнага шлюбу, паколькі сутнасцю шлюбу, асновай яго сапраўднасці была згода бакоў. У далейшым рымская царква стала забараняць таемны шлюб, бо немагчыма было даказаць наяўнасць шлюбу паміж асобамі, калі адна з іх адмаўляла яго. Пры гэтым царква імкнулася ў першую чаргу надаць шлюбу публічнасць. Сапраўдным лічыўся шлюб, калі згода жаніха і нявесты заяўлена перад святаром або перад натарыусам. Да XIII ст. роля святара палягала толькі ў блаславенні і малітве, пазней ён стаў ажыццяўляць перадачу нявесты жаніху ў імя Бога і абвяшчаць жаніха і нявесту мужам і жонкай.

Трыдэнцкі сабор пастановамі 1561—1563 гг. больш строга рэгламентаваў працэс шлюбавання. Сабор выпрацаваў законную форму ўступлення ў шлюб, ад якой ужо поўнасцю залежала яго сапраўднасць. Было пастаноўлена, што законнае шлюбаванне павінна адбывацца ў царкве пры заяўленні бакамі згоды на шлюб у прысутнасці прыходскага святара і двух сведак. У Вялікім княстве пастановы Трыдэнцкага сабора былі ўведзеныя ў 1577 г.

Усходняя царква (падзел хрысціянства адбыўся ў 1054 г.) інакш трактавала абрад царкоўнага вянчання. Таемствам прызнаваўся абрад царкоўнага вянчання, царкоўны сакрамент, а не сам шлюб. 3 гэтага вынікала актыўная роля святара ў абрадзе вянчання і непрызнанне сапраўднымі таемных шлюбаў з прычыны таго, што яны адбываліся без удзелу святара. Судовая практыка ў княстве сведчыць пра наданне вянчанню ў XVI ст. важнага юрыдычнага значэння.

Вянчанне ў спрэчных выпадках было падставай вынясення дэкрэтаў па справах не толькі пра асабістыя, але і пра маёмасныя правы. Нават да пастановаў Трыдэнцкага сабора ў першай палове XVI ст. вянчанне было абавязковай падставай законнасці паходжання і правоў спадчыннікаў для ўсіх станаў. Пра гэта сведчыць судовая справа 1528 г.[16]

Наступнай умовай сапраўднасці шлюбу, з гледзішча хрысціянскай царквы, ёсць узрост, бо ён вызначаў фізічную і духоўную здольнасць да шлюбу. Усходняя царква вызначыла шлюбны ўзрост для мужчын 15 гадоў, для жанчын — 12, заходняя — адпаведна 14 і 12 гадоў.

Важнай умовай сапраўднасці шлюбу была свабода ад пэўнага становішча. Такім становішчам, напрыклад, лічылася наяўнасць шлюбу з іншай асобай. Другі шлюб, узяты пры існаванні першага, лічыўся несапраўдным ад самага пачатку.

Кананічнае права разглядала знаходжанне ў шлюбе як перашкоду (юрыдычную і Боскую) і распаўсюджвала гэта на ўсе веравызнанні, дапускаючы магчымасць другога шлюбу толькі па смерці першага сужэнца. Таксама рэгламентавалася колькасць паслядоўных шлюбаў. Заходняя царква ўступленне ў трэці шлюб строга абмяжоўвала пэўнымі ўмовамі (узрост, наяўнасць дзяцей і г.д.). Усходняя царква трэці шлюб дазваляла без абмежаванняў, а чацверты забараняўся і ёю. Расійская праваслаўная царква далучала да агульнай колькасці шлюбаў і тыя, што былі прызнаныя несапраўднымі.

Адна з найважнейшых умоваў сапраўднасці шлюбу — адсутнасць блізкай кроўнай роднасці. Усходняя царква дазваляла ўступленне ў шлюб у чацвертай ступені роднасці (прыняты рымскі лік), заходняя — у чацвертым пакаленні (германскі лік), у Вялікім княстве быў прыняты германскі лік[17].

3 паняцця пра шлюб як хаўрус, што аб'ядноўвае мужа і жонку, выводзілася паняцце сваяцтва, пад якім разумеліся дачыненні, аналагічныя роднасці, у якія ўступаюць сужэнцы і іх блізкія паміж сабой. Заходняя царква прызнала сваяцтва паміж мужам (жонкай) і блізкімі жонкі (мужа), а ўсходняя — паміж усімі роднымі мужа і жонкі. Хрысціянства прыраўняла сваяцтва да кроўнай роднасці і прызнала яго перашкодаю да шлюбу. Акрамя сваяцтва існавала паняцце духоўнай роднасці (узнікала пры сакраменце хрышчэння). Духоўная роднасць лічылася цяжкай перашкодаю да шлюбу, бо царква прызнавала яе вышэйшай за кроўную, і шлюбы былі забароненыя да сёмай ступені роднасці ўключна. Цывільная роднасць — усынаўленне (удачарэнне) — разглядалася, як і духоўная роднасць, у якасці перашкоды да шлюбу. Рабіла шлюб несапраўдным учыненне злачынства супроць шлюбу, перадусім кваліфікаваны пералюб.

3 азначэння шлюбу як духоўнай і рэлігійнай роднасці вынікала ўмова адзінства рэлігіі асобаў, якія ўступаюць у шлюб. Усходняя царква дазваляла злучацца ў шлюб з хрысціянінам іншага веравызнання пры ўмове прыняцця ім праваслаўя. Несапраўднымі прызнаваліся шлюбы з нехрысціянамі, раскольнікамі, евангелістамі, паганцамі.. Перашкодаю да шлюбу лічыліся духоўны сан і манаства, з выняткам ніжэйшых духоўных пасадаў. Калі пералічаныя ўмовы сапраўднасці шлюбу не былі выкананыя, ён ад самага пачатку прызнаваўся несапраўдным.

Наступная катэгорыя ўмоваў перашкаджала шлюбаванню, але не мела вынікам прызнанне шлюбу несапраўдным. Гэта адсутнасць згоды бацькоў або апекуноў і апекавальнікаў, наяўнасць пэўных няблізкіх ступеняў роднасці і сваяцтва, забароненае для шлюбавання месца або час, некампетэнтнасць святара, які вянчаў, няведанне бакамі сімвалаў веры, незахаванне жалобнага тэрміну пасля смерці мужа (жонкі). Пры раскрыцці гэтых умоваў шлюб заставаўся ў сіле, але меў вынікам царкоўнае пакаранне бакоў і духоўных асобаў, якія садзейнічалі такому шлюбу.

Патрабаванне захавання мноства ўмоваў сапраўднасці шлюбу непазбежна вяло да ўзнікнення інстытута вызвалення ад перашкод да шлюбу — дыспензацыйнага права. Гэты інстытут атрымаў шырокае развіццё ў кананічным праве заходняй царквы. Дыспензацыі найвышэйшай царкоўнай улады падлягалі ўсялякія перашкоды да шлюбу, з выняткам перашкод прыватна-прававога характару і стану асобы. Царква не магла сваім актам дапоўніць або выправіць недахоп волі або спыніць вядомы стан, напрыклад псіхічную хваробу, роднасць і сваяцтва па простай лініі, забойства мужа (жонкі), звязанае з пералюбам, і інш. Для дыспензацыі прымаліся самыя розныя падставы: прымірэнне варагуючых сем'яў, немагчымасць для ўдавы іншым спосабам выхаваць асірацелых дзяцей і г.д. Дыспензацыя дазваляла недапушчальны паводле царкоўнага права шлюб або надавала сілу несапраўднаму шлюбу з моманту дыспензацыі.

Першымі вядомымі сведчаннямі царкоўнай юрысдыкцыі ў Кіеўскай мітраполіі былі Статуты Уладзіміра—Яраслава, што рэгулявалі шлюбна-сямейныя дачыненні пасля прыняцця хрысціянства і вызначалі кампетэнцыю царквы ў жыцці цывільнага грамадства.