Статут Яраслава (у Вялікім княстве — "Скрутак Яраслаўля"), які рэгуляваў шлюбна-сямейныя дачыненні, не страціў свайго значэння да XVI—XVII стст. і не раз пацвярджаўся манархамі Вялікага княства Літоўскага[18].
3 аналізу пашыранай рэдакцыі Статута Яраслава і "Скрутка Яраслаўля" вынікае, што галоўнымі ўмовамі сапраўднасці шлюбу былі свабода волевыяўлення і свабода ад пэўнага стану: ад знаходжання ў шлюбе[19], у сваяцтве[20], прыналежнасці да іншага веравызнання[21]. Несапраўднымі прызнаваліся таксама шлюбы, звязаныя з гвалтам, выкраданнем без згоды бакоў[22]. У Статуце змяшчаецца норма аб адказнасці бацькоў перад публічнай уладай за прымус да шлюбу, калі ён спрычыніўся да трагічнага выпадку[23].
Аналіз Статута Яраслава пацвярджае, што царква ўсяляк імкнулася ўмацаваць шлюб, якую б форму ён ні меў, забараняючы скасаванне нават нецаркоўнага (нявенчанага) шлюбу[24]. Статут прадугледжваў адказнасць за парушэнне змовы аб шлюбе[25].
Статут Яраслава і "Скрутак Яраслаўля", падкрэсліваючы блізкасць каталіцкай і праваслаўнай царквы, дазвалялі шлюбы і сувязі паміж праваслаўнымі і каталікамі.. Гэта было асабліва важна для насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Забароне падлягалі сувязі і шлюбы з прадстаўнікамі іншых рэлігій [26], паганцамі[27], адлучанымі ад царквы [28].
Рэгуляванне дачыненняў паміж прадстаўнікамі розных цэркваў уваходзіла ў кампетэнцыю свецкай улады. Такі парадак усталяваўся даўно і знайшоў адлюстраванне яшчэ ў дамовах Яраслава Уладзіміравіча з немцамі 1189—1229 гг., згодна з якімі ў гэтых выпадках прадугледжвалася юрысдыкцыя князя[29]. Паводле "Скрутка Яраслаўля" пытанні ўзаемадачыненняў царквы і свецкай улады часцей развязваліся на карысць царквы. Падкрэслівалася, што свецкая ўлада ў асобе дзяржаўных чыноўнікаў, мясцовай адміністрацыі не павінна ўмешвацца ў юрысдыкцыю царквы, але падтрымліваць стабільнасць ва ўзаемадачыненнях цэркваў. Але ў актах сустракаецца шмат сведчанняў умяшання свецкай улады ў шлюбныя справы насельніцтва феадальнай Беларусі. Шлюб як адзін з важных інстытутаў грамадства рэгуляваўся і свецкім заканадаўствам.
3. Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве.
Першы агульназемскі Прывілей ад 20 лютага 1387 г. надае дочкам і ўдовам баярскага стану права свабоднага ўступлення ў шлюб. Гэтае права, падараванае вялікім князем, мела палітычную і эканамічную аснову. У Вялікім Княстве манарх традыцыйна быў уласнікам усёй дзяржаўнай тэрыторыі, таму асобнае феадальнае ўладанне разглядалася менавіта як уладанне (а не ўласнасць) на правах службы вялікаму князю. Манарх як найвышэйшы ўласнік рэгуляваў уладанні феадалаў шляхам надзялення іх зямельнымі ўладаннямі і перадачы апошніх па спадчыне. Так узнікла права вялікага князя праз шлюбы кантраляваць пазямельнае ўладанне феадалаў, паводле якога (права) ўдовы або дочкі фактычна пазбаўляліся феадальнага ўладання.
Асноўнай прычынай умяшання манарха ў інстытут шлюбу было: існаванне звычаю пераходу зямельных уладанняў, з якіх ішла вайсковая служба, у рукі дачок як спадкаемак. Атрыманне па Прывілеі 1387 г. права свабоднага злучэння ў шлюб, гэта значыць без дазволу і прымусу гаспадара, было сведчаннем пераходу часткі ўлады вялікага князя да шляхоцкага стану. У гэтым жа прывілеі замацавана імкненне найвышэйшай улады распаўсюдзіць у дзяржаве каталіцтва. У прыватнасці, указвалася, што правы і вольнасці, якія даруюцца, у тым ліку і права свабоднага ўступлення ў шлюб, распаўсюджваюцца толькі на каталікоў.
У Прывілеі ад 22 лютага 1387 г. падкрэслівалася, што дзеля пашырэння каталіцкай веры ў нашым гаспадарстве забараняюцца шлюбы каталікоў з праваслаўнымі да таго часу, пакуль праваслаўныя не прымуць каталіцтва. У выпадку парушэння гэтай забароны праваслаўнаму сужэнцу прызначалася фізічнае пакаранне, пасля чаго шлюб прызнаваўся сапраўдным. У далейшым інстытут шлюбу для асобаў хрысціянскага веравызнання абедзвюх канфесій не зазнала якіх-небудзь імператыўна-забараняльных рэгламентацый і гэтая норма прывілею сталася нежыццяздольнай. Права свабоды на шлюб пацвярджалася ў Прывілеях 1447 і 1492 гг.
Пашырэнне рэгулявання шлюбных дачыненняў адзначаецца ў Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.
Першы Статут рэгуляваў абмежаваную колькасць шлюбных дачыненняў: пацвярджаў прынцып свабоды выхаду замуж, права жанчын на свабоднае волевыяўленне на шлюб незалежна ад стану [30] і ўскосна прызнаваў сапраўднасць нават чацвертага шлюбу (што супярэчыла пазіцыі царквы), бо дзеці ад яго прызнаваліся раўнапраўнымі спадчыннікамі бацькі[31]. Вызначаўся шлюбны ўзрост: для мужчын — 18 гадоў, для жанчын — 15.
Паводле Статута 1529 г. шлюб з нявольнікам або нявольніцай мог панізіць стан аднаго з сужэнцаў. У такім разе лічылася, што чалавек сам сябе аддаў у рабства, узяўшы шлюб з такой асобаю. Дзеці ад гэтага шлюбу прызнаваліся нявольнікамі. Такім чынам, шлюб з нявольнікам лічыўся такой жа крыніцай рабства, як палон, нараджэнне ад нявольных бацькоў, асуджэнне да смяротнай кары за злачынства і замена яе нявольніцтвам з просьбы асуджанага[32].
Другі Статут рэгуляваў шырэйшае кола шлюбных дачыненняў, у прыватнасці парадак злучэння ў шлюб. Развіваючы норму аб свабодным волевыяўленні на шлюб, Статут 1566 г. прадугледжваў суровыя санкцыі за прымус жанчыны да шлюбу: за "кгвалтовное взятие в жены" прызначалася смяротнаякара[33]. Але свабода волевыяўлення нявесты па-ранейшаму абмяжоўвалася згодай бацькоў і апекуноў[34]. Пры гэтым былі вызначаны маёмасныя санкцыі ў дачыненні да нявесты, якая выходзіла замуж без згоды бацькоў або апекуноў, — яна пазбаўлялася пасагу і страчвала права на спадчыну.
Нягледзячы на зацвярджэнне прынцыпу свабоды волевыяўлення бакоў у свецкім заканадаўстве, у XVI ст. яшчэ адзначаліся выпадкі змовы шлюбу бацькамі малалетніх, што супярэчыла прынцыпу свабоды на шлюб. Такая шлюбная дамова на выпадак яе парушэння забяспечвалася значнай зарукай на карысць пацярпелага боку, якому пазней адмовілі ў гэтай змове, і вялікага князя. Часам такая дамова пацвярджалася царкоўным вянчаннем малалетніх[35].
У выпадку парушэння змовы справа паступала ў свецкі суд, які мог вызваляць ад абавязкаў, што вынікалі са змовы, або прысуджаць заруку[36]. Суд мог прымусіць выканаць дамову толькі ў частцы выплаты зарукі пацярпеламу боку і пакрыцця стратаў, панесеных на падрыхтоўку да вяселля. У астатнім прымусіць выканаці. дамову было немагчыма, бо гэта было б парушэннем асноўнага прынцыпу шлюбу — свабоды волевыяўлення абодвух бакоў. Пацярпелы бок мог звяртацца проста да вялікага князя, які выдаваў "напамінальны ліст" з указаннем выканаць дамову або выплаціць заруку. Паводле матэрыялаў судоў можна зрабіць выснову, што вялікакняскія лісты не мелі характару абавязковага ўздзеяння, бо такія спрэчкі часта канчаліся замірэннем і згодай бакоў, якія ўступалі ў шлюб кожны па сваім выбары. Статут 1566 г. вызначыў аднолькавы шлюбны ўзрост для мужчын і жанчын — 15 гадоў[37].
Аналіз шлюбных дачыненняў, якія рэгуляваліся Статутам Вялікага княства Літоўскага 1566 г., сведчыць, што да сярэдзіны XVI ст. пашырыліся правы суб'екта ва ўсіх цывільных узаемадачыненнях, у тым ліку і ў шлюбных. Свабоднае волевыяўленне асобаў, якія злучаюцца ў шлюб, — галоўны прынцып яго законнасці — захоўвалася даволі паслядоўна, што адлюстроўвала свецкае заканадаўства.
Статут Вялікага Княства 1588 г. яшчэ паўней рэгуляваў шлюбныя дачыненні. Упершыню свецкім заканадаўствам былі вызначаны галоўныя ўмовы сапраўднага шлюбу: адсутнасць кроўнай роднасці да чацвертага пакалення ўлучна і сваяцтва да трэцяга пакалення ўлучна[38]. Пры незахаванні гэтых умоваў закону муж і жонка павінны быць неадкладна "разлучоны". Далейшыя санкцыі залежалі ад вінаватасці бакоў, якія ўзялі шлюб. Калі шлюб быў узяты ў роднасці, але бакі пра гэта не ведалі, то пасля яго скасавання да іх не ўжываліся маёмасныя ці іншыя санкцыі, а дзеці прызнаваліся законнымі і мелі права на спадчыну. Былыя муж і жонка маглі ажаніцца (выйсці замуж) з дазволу духоўнага суда.
Калі ж бакі ведалі пра сваю роднасць пры ўступленні ў шлюб, дык пасля яго анулявання кожны бок пазбаўляўся паловы сваёй уласнасці на карысць дзяржавы, дзеці ад шлюбу прызнаваліся бенкартамі (незаконнанароджанымі) і не атрымлівалі спадчыны. Другая палова маёмасці паступала ў пажыццёвае карыстанне кожнага з бакоў у выпадку, калі не было дзяцей ад першага законнага шлюбу.
Калі такія дзеці былі, ім пераходзілі правы на распараджэнне маёмасцю, а бакі мелі права толькі на ўтрыманне і распараджэнне маёмасцю адпаведна іх грамадскаму становішчу. Пры гэтым мужчыны пазбаўляліся права займаць важныя дзяржаўныя пасады.
Акрамя названых асноўных палажэнняў трэці Статут замацаваў яшчэ адну ўмову сапраўднасці шлюбу — свабоду ад пэўнага становішча. Такім становішчам, якое не дапускае ўступлення ў шлюб, ёсць ужо існы шлюб[39]. Строга ахоўваючы манагамнасць шлюбу, закон прадугледзеў, што за ўступленне ў другі шлюб пры вядомым існаванні першага караюцца смерцю абодва сужэнцы-парушальнікі[40]. Тым сама дзяржава імкнулася замацаваць асноўныя прынцыпы шлюбна-сямейнага права, пазычаючы палажэнні кананічнага права ды іншых сістэм.
Статутам 1588 г. часткова ўрэгуляваныя таксама іншыя шлюбныя дачыненні, у тым ліку і свабоднае волевыяўленне бакоў на шлюб. 3 аналізу нормаў вынікае, што згода бацькоў або апекуноў была патрабаваннем, што ахоўвала інтарэсы нявесты, але не рэгулявала шлюбныя дачыненні. Гэты прынцып пацвярджаецца прававой трактоўкай вынікаў уступлення ў шлюб без згоды бацькоў, дзе прадугледжваліся маёмасныя санкцыі да нявесты, але такі шлюб прызнаваўся сапраўдным і заставаўся ў моцы[41]. Права бацькоў або апекуноў даваць згоду на шлюб не магло тлумачыцца як права на прымус: у выпадку адмовы апекуноў (бацькоў) даць згоду нявеста, калі яна мела неабходны шлюбны ўзрост, магла звярнуцца па дазвол у дзяржаўныя органы. Права нявесты на зварот да дзяржавы дзеля абароны сваіх інтарэсаў замацавана ў законе ў сувязі з тым, што забарона апекуноў на шлюб часта выкарыстоўвалася імі з карыслівымі мэтамі працягу апекі ды інш.[42]. Такім чынам, інстытут бацькоўскай улады (або той, што замяняў яе) разглядаўся ў праве як інстытут, што ахоўваў інтарэсы дзяцей.