Калі ж наўмыснасць бакоў не была даказаная, гэта значыць калі муж і жонка ажаніліся, не ведаючы пра роднасць, шлюб скасоўваўся, але іншыя санкцыі не выкарыстоўваліся. Гэтыя асобы маглі ўступаць у новыя шлюбы з дазволу духоўнага суда.
Несапраўдным прызнаваўся шлюб пры існаванні ранейшага шлюбу. Мужчына, які ўступіў у новы шлюб пры наяўнасці законнай (венчанай) жонкі, караўся смерцю. У выпадку, калі яго другой жонцы было вядома пра існаванне першага шлюбу, яе чакала такое ж пакаранне. Відавочна, што гэтыя палажэнні Статута запазычаны з кананічнага права, прааналізаванага раней, а таксама з германскіх сістэмаў ("Караліны").
Статут 1588 г. адлюстраваў прыярытэт свецкага суда, удакладніўшы кампетэнцыю духоўнага і свецкага судоў пры вызначэнні наступстваў скасавання шлюбу. Духоўны суд выносіў толькі пастанову аб скасаванні шлюбу і тлумачыў прычыны яго ў паведамленні свецкаму суду. Свецкія суды (земскі або гродскі) таго павета, дзе знаходзілася вяноўная маёмасць жонкі, вызначалі маёмасныя вынікі скасавання шлюбу[63].
Трэба адзначыць, што пры скасаванні шлюбу, як і пры ўступленні ў яго, шырока карысталіся звычаёвым правам. Таму найбольш распаўсюджаным у Беларусі было скасаванне шлюбу без падставаў, паводле ўзаемнай згоды, абумоўленай поглядам на шлюб як на свабодную дамову. Гэтая з'ява згадана ў Статуце Яраслава як непажаданая, бо абкладалася штрафам (арт. 18). Але яна існавала і ў XVI ст., пра што сведчаць шматлікія судовыя справы, а таксама сцверджанні даследчыкаў. Пры скасаванні шлюбу паводле згоды выяўлялася незалежнае становішча мужа і жонкі, права на новы шлюб: "...як мы па сваёй добрай волі сышліся, так і разышліся, за што адзін да аднаго на вечныя часы не будзем мець прэтэнзій"[64]. Гэтыя палажэнні атрыманы ў спадчыну ад звычаёвага права і прызнаваліся афіцыйнай уладай.
Царкоўнае права ўсходняй і кананічнае права заходняй царквы прадугледжвалі розныя наступствы скасавання шлюбу. Праваслаўным дазвалялася ўступаць у новы шлюб, калі не было ўстаноўленай судом віны мужа (жонкі) або спецыяльнай царкоўнай пастановы. Заходняя царква не дапускала такой магчымасці.. Уступленне ў шлюб дазвалялася ў пэўных выпадках пры ўмове прызнання папярэдняга шлюбу несапраўдным. Але адзінага дастасавання гэтых правілаў не было. Так, напрыклад, нягледзячы на тое што шлюб князя Курбскага і княгіні Гальшанскай быў прызнаны скасаваным, духоўны суд забараніў ім уступаць у наступны шлюб[65].
Пры скасаванні шлюбу паводле ўзаемнай згоды бакоў падкрэслівалася ў пісьмовай згодзе менавіта тая акалічнасць, што яны могуць па сваёй волі ўступаць у наступны шлюб ("дазвалялі" адзін аднаму).
Апрача таго, існавала праблема ўзнаўлення скасаванага шлюбу, цесна звязаная з прычынай скасавання: калі шлюб скасаваны па віне аднаго з сужэнцаў, то ў залежнасці ад віны развязвалася пытанне пра ўзнаўленне шлюбу.
Праваслаўная царква дазваляла ўзнаўленне шлюбу, калі яго скасаванне не мела вынікам царкоўнае пакаранне (пры няздольнасці да сужэнцкага жыцця, вяртанні без вестак адсутнага). Але не дапускалася ўзнаўленне шлюбу пры скасаванні яго з прычыны пастрыжэння мужа або жонкі ў манахі ці прыняцця мужам хіратаніі. Маёмасныя вынікі скасавання шлюбу таксама былі звязаныя з вінаватасцю або невінаватасцю бакоў пры скасаванні шлюбу і рэгуляваліся свецкім правам. Калі быў вінаваты муж, ён страчваў сваю маёмасць, запісаную ў вена жонцы. Але калі ад шлюбу былі дзеці, то гэтая маёмасць пераходзіла ў іх уласнасць, а жонка валодала і карысталася ёю да паўналецця дзяцей[66].
Калі ў скасаванні шлюбу вінаватая жонка, дык яна страчвала права на свой пасаг і на маёмаснае забеспячэнне мужа — вена. Пры наяўнасці ад шлюбу дзяцей права ўласнасці на гэтую маёмасць пераходзіла да іх, а муж толькі валодаў і карыстаўся ёю да іх паўналецця. У выпадку адсутнасці ў вінаватай жонкі пасагу або вена яна страчвала чвэрць усялякай сваёй маёмасці.. І тут захоўваўся прынцып: уласнікі — дзеці.
Пры скасаванні шлюбу з прычыны пералюбства апрача маёмасных санкцый былі прадугледжаныя смяротная кара, эпітым'я ды іншыя свецкія і царкоўныя пакаранні[67]. У Кормчай прадугледжаны штрафы за скасаванне шлюбаў, узятых без законных падставаў[68].
Калі шлюб быў скасаваны без прызнання віны мужа і жонкі, дык ніхто з бакоў не нёс маёмасных страт, як і пры несапраўднасці шлюбу[69]. Аснову такіх узаемных разлікаў складалі маёмасныя дачыненні сужэнцаў у сям'і, умовы фарміравання сямейнага фонду. Да таго ж А. Загароўскі лічыў, што жанчына паводле звычаю ў Вялікім княстве Літоўскім атрымлівала яшчэ нейкую грашовую суму, не вызначаную законам, пэўнае забеспячэнне незалежна ад яе вінаватасці[70], што пацвярджаецца практыкай[71].
Лёс дзяцей пасля скасавання шлюбу вырашаўся па ўзаемнай згодзе сужэнцаў, пра што сведчаць акты свецкіх судоў. Яны, відаць, не маглі ахапіць усю сферу дачыненняў пры скасаванні шлюбу, калі ўзнікала спрэчка паміж бакамі.. Таму нельга ўпэўнена сцвярджаць, што лёс дзяцей заўсёды вырашаўся па ўзаемнай згодзе бацькоў. Паводле традыцый кананічнага (царкоўнага) права дзеці перадаваліся невінаватаму боку, прычым маці — пад умовай, што яна не выйдзе замуж другі раз. Выдаткі па ўтрыманні дзяцей мусіў несці бацька, а пры адсутнасці ў яго сродкаў — маці..
Такім чынам, рэгуляванне шлюбных дачыненняў звычаёвым, кананічным (царкоўным) і свецкім правам мела агульную тэндэнцыю да рэгламентацыі ўсіх стадый гэтых дачыненняў, імкнення ажыццявіць іх у законнай форме. Пад законнай формай звычаёвае і царкоўнае права разумелі розныя віды абрадаў.
Практыка сведчыць, што, нягледзячы на такі магутны інстытут сярэднявечнага грамадства, як царква, яе імкненне ўсталяваць прыярытэт над інстытутам шлюбу не спраўдзілася, старадаўнія традыцыі і звычаі змаглі процістаяць царкоўнаму ўплыву да сярэдзіны XVI ст.
Хоць патрабаванні абедзвюх цэркваў былі строгія, як праваслаўныя, так і каталікі не заўсёды карысталіся паслугамі царквы для надання шлюбу фармальнай законнасці, што адлюстроўваюць акты судоў і нормы Статутаў. Дзяржаўнае заканадаўства актыўна падтрымлівала працэс хрысціянізацыі шлюбных дачыненняў, пра гэта сведчыць запазычванне Статутам 1588 г. нормаў кананічнага права. Аднак дзяржаўныя органы, службовыя асобы, як вынікае з судовай практыкі, не заўсёды былі паслядоўнымі выканаўцамі апошніх. 3 гэтай прычыны ўзнікла супярэчнасць паміж царквой і грамадствам, якая афіцыйна вырашылася на карысць царквы, але на самой справе звычаёвае права па-ранейшаму ўжывалася актыўна, рэгулюючы значную частку дачыненняў. (9, с. 47)У дадзеным выпадку звычаёвае права выконвала, паводле афіцыйнай версіі, ролю субсідыярнай крыніцы права, але ім карысталіся не тады, калі кананічнае мела прагалы, а тады, калі апошняе супярэчыла традыцыйнаму светапогляду грамадства.
Зроблены аналіз дазваляе зрабіць выснову, што шлюбна-сямейныя дачыненні мелі вынікам узнікненне мноства інстытутаў прыватнага земскага права: пасагу, вена, спадкаемства, апекі ды інш.
ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ МАЁМАСНЫХ ДАЧЫНЕННЯЎ У СЯМ΄І.
1. Пасаг як маёмаснае забеспячэнне жанчыны.
Новы узровень таварна-грашовых дачыненняў у XVI ст., фарміраванне раннебуржуазных формаў уласнасці, павелічэнне сферы прававога рэгулявання шляхам пагадненняў і дамоваў і ў выніку пашырэнне суб'ектыўных правоў былі тымі аб'ектыўнымі фактарамі, што спрычыніліся да эвалюцыі цывільна-прававых дачыненняў у Вялікім княстве Літоўскім. Адначасова развіццё прававой сістэмы дзяржавы дазволіла вылучыць сферу цывільна-прававых дачыненняў у асобны інстытут.
У інстытуце сям'і як адным з найважнейшых для існавання грамадства і дзяржавы арганічна ўзаемазвязаны асабістыя і маёмасныя правадачыненні. Даследванне праблем шлюбу і сям'і патрабуе разгляду інстытутаў, што фарміруюць матэрыяльную аснову сям'і: пасагу і вена, якія ў сваю чаргу цесна звязаныя з правам спадкаемства і апекай. Вядомы гісторык права XIX ст. В. Спасовіч адзначаў іх натуральную ўзаемасувязь: "Шлюб, пасаг і вена — інстытуті сямейнага права, але аддзяліць іх ад інстытутаў спадчыннага права без відавочнай шкоды сэнсу і яснасці... немагчыма"[72].
Адін з галоўных інстытутаў фарміравання матэрыяльнага забеспячэння сям'і — інстытут пасагу. На маёмасныя правы сужэнцаў уплывала найперш рэгуляванне правадачыненняў па пасагу.
Канцэпцыя пасагу, які гарантаваў маёмасныя інтарэсы жонкі, палягала ў тым, што на час шлюбу маёмасць, што складае пасаг, паступала ў карыстанне сям'і. У выпадку спынення шлюбу з прычыны смерці жонкі спадчына на пасаг належала дзецям, а пры іх адсутнасці ён вяртаўся асобам, якія забяспечвалі пасаг (бацькам, родным).
Інстытут пасагу ў дастатутавы перыяд практычна не рэгуляваўся заканадаўчымі актамі, таму што, верагодна, стабільна рэгламентаваўся звычаёвым правам. Тым не менш прыгадванне пасагу прысутнічае ў прывілеях пры рэгуляванні дачыненняў па спадчыне, забеспя-чэнні ўдавы, уступленні ў шлюб, размежаванні маёмасці мужа і жонкі. У прывілеях згадваецца пасаг, што вызначаецца рознымі тэрмінамі — "вена", "забеспячэнне", "пасаг"[73].