Смекни!
smekni.com

Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі (стр. 6 из 12)

У дастатутавы перыяд у Беларусі існаваў звычай, паводле якога пасаг не меў дакладнага памеру, а вызначаўся, як правіла, бацькамі, братамі або блізкімі нявесты. У дастатутавы перыяд у актах прыгадваўся розны пасаг: 100 грыўняў для дачок паноў, а баяры і зямяне — шляхта давалі пасаг 20, 30 або 60 грыўняў[74].

У Статутах 1529, 1566,1588 гг. інстытут пасагу быў падрабязна распрацаваны, дэталізаваліся дачыненні па пасагу, вызначана фіксаваная частка пасагу паводле закону.

Асаблівая ўвага да пасагу і яго правільнага юрыдычнага афармлення звязана не толькі з тым, што ён гарантаваў матэрыяльнае забеспячэнне жанчыны і яе дзяцей, але і з тым, што ён меў істотнае значэнне пры спадкаванні і спагнанні галоўшчыкы — матэрыяльнай кампенсацыі за забітага блізкага. Пры пакліканні да спадчыны і спагнанні галоўшчыны не ўлічваліся дочкі і сёстры, якія атрымлівалі пасаг раней.

Пасаг (маёмасць для дачкі-нявесты) у Статутах вызначаўся тэрмінамі пасаг, выправа, унясенне. Пад пасагам у вузкім сэнсе мелася на ўвазе рэгуляванне маёмасных дачыненняў маёмасць дачцэ ў выглядзе грошай, золата, срэбра, каштоўнасцяў. Пад выправай разумелася ўласнасць у выглядзе рухомай маёмасці гаспадарча-бытавога прызначэння, падобна да германскай герады[75]. Унясенне — гэта сума пасагу і выправы. Пры вызначэнні вена кошт пасагу ацэньваўся ўдвая ("савіта"), складваўся з коштам выправы, а затым на гэтую суму афармлялася вена, але не больш чым на трэць нерухомай маёмасці мужа. У Статуце 1529 г. працэс афармлення пасагу і вена не знайшоў яшчэ дэталёвага адлюстравання. Пасаг звычайна вызначаўся бацькамі паводле іх меркавання. Закон не абмяжоўваў іх у гэтым, але ў выпадку смерці бацькоў дочкі мелі права на пасаг паводле закону[76]. Калі адна з дачок атрымала пасаг пры жыцці бацькоў, дык і астатнія дочкі павінны былі атрымаць такі ж, калі іншае не ўказана ў тэстаменце. Калі бацькі не далі пасагу дочкам пры жыцці і не пакінулі распараджэнняў на выпадак смерці, дык дочкі атрымлівалі на пасаг чвэрць маёмасці бацькі незалежна ад колькасці дачок. Гэтая частка ацэньвалася і выдавалася грашыма[77].

У выпадку, калі дачка выходзіла замуж пры жыцці бацькі, ёй павінны быў патрабаваць ад зяця забеспячэння пасагу ў выглядзе афармлення вена[78].

Асновы інстытута сямейнага права, закладзеныя ў першым Статуце, засталіся нязменнымі па сваёй сутнасці ў Статутах 1566 і 1588 гг., але развіваліся далей паводле формы і кола рэгулявання правадачыненняў.

Статут 1566 г. пашырыў паняцце пасагу. Замацоўваючы, як і раней, парадак забеспячэння пасагу на траціну (1/3) нерухомай маёмасці мужа, Статут прадугледжваў выпадак, калі гэтая траціна не будзе адпавядаць суме пасагу. У такім разе прызнавалася правамернай купля бацькам нявесты маёнтка ва ўласнасць дачкі. Пры гэтым прадугледжвалася супольнае карыстанне маёнткам пры жыцці мужа і жонкі, але пасля смерці мужа ён заставаўся ўласнасцю жонкі[79]. Названы Статут рэгламентаваў далейшы лёс пасагу: у выпадку, калі ад шлюбу не было дзяцей і жонка не завяшчала нікому свайго ўнясення, апошняе вярталася ў дом, з якога яна выходзіла замуж[80].

Статут 1566 г. адрозна ад Статута 1529 г. падрабязна разглядаў складовыя часткі пасагу — уласна пасаг і выправу, а таксама атрыманне сумы вена шляхам падвойнай ацэнкі пасагу (г.зн. пасаг плюс прывенак)[81]. Але прынцып вылучэння пасагу той жа, што і паводле Статута 1529 г.: калі не прадугледжана іншае, то чвэрць бацькоўскай маёмасці паступае ў пасаг дочкам. Статут 1566 г. падрабязней рэгуляваў парадак вылучэння пасагу братамі, іпатэку сясцёр на гэтую маёмасць да моманту выдачы пасагу. Прызнана магчымым выдаваць пасаг з чвэрці нерухомай маёмасці або самую чвэрць. Брат мусіў аддаць суму пасагу сястры ва ўсялякім выпадку, калі ж ён растраціў яе, то павінны быў вярнуць гэтую суму як уласны доўг[82].

Другі Статут прадугледжваў выпадак, калі браты не маглі ўзяць апеку над сёстрамі з прычыны розных акалічнасцяў. У такім разе сёстрам давалася права карыстацца той доляй маёмасці, якая вызначана ім на пасаг, гэта значыць сёстры ўтрымліваліся на чвэрці маёмасці пад апякунствам прызначанага апекуна[83].

Названы Статут падрабязней, чым Статут 1529 г., рэгуляваў дачыненні па пасагу. Так, калі бяздзетная дачка памерла і не распарадзілася сваім пасагам, дык ён вяртаўся ў дом, з якога памерлая ў свой час выйшла замуж (дом бацькі). Калі ж яна атрымала ўнясенне ад братоў, то права на спадчыну гэтага ўнясення пасля яе смерці мела незамужняя сястра. Калі браты захочуць узяць унясенне памерлай сястры сабе, дык незамужняй сястры з усёй чвэрці супольнай маёмасці выдзяляліся пасаг і выправа[84].

У выпадку незабеспячэння пасагу з траціны нерухомай маёмасці мужа трэці Статут, як і Статут 1566 г., прадугледжваў куплю бацькамі нявесты маёнтка, які станавіўся яе ўласнасцю. Па смерці бяздзетнай жонкі пасаг мусіў быць вернуты ў дом, з якога яна выйшла замуж[85]. Тым самым пацвярджалася канцэпцыя размежаванасці маёмасці мужа і жонкі, паколькі лёс купленага маёнтка, названага супольным для карыстання мужа і жонкі, супадаў з лёсам унясення — галоўнай рэчы. Значыць, заява пра супольнасць маёмасці была зроблена ў законе дэкларатыўна. Можна казаць пра супольнае карыстанне маёмасцю мужа і жонкі да пэўных межаў, але не пра супольную сямейную ўласнасць.

Статут 1588 г. паглыбіў рэгуляванне прававых дачыненняў па вызначэнні пасагу. У выпадку рознагалоссяў паміж братамі і сёстрамі наконт ацэнкі чвэрці маёмасці для пасагу яе рабіла службовая асоба (падкаморы) у прысутнасці двух шляхцічаў[86]. Адсюль вынікае, што сямейныя традыцыі траплялі ў заканадаўства.

Калі брат страціў чвэрць маёмасці, выдзеленай на пасаг сястры, апошняя паводле названага Статута мела права падаць пазыўны ліст не да брата, а да той асобы, якая валодала гэтай маёмасцю ў момант паклікання да суда[87].

Статут 1588 г. унёс яшчэ адно дапаўненне ў рэгуляванне дачыненняў да пасагу[88]: выдадзеныя замуж пры жыцці бацькі дочкі страчвалі права патрабаваць вылучэння долі пасагу ад братоў. Апрача таго, калі сёстры былі выдадзеныя братамі без пасагу, дык вызначаўся дзесяцігадовы тэрмін даўніны ад моманту выхаду сястры замуж. Цягам гэтага часу права на спозыск па пасагу мелі дзеці сясцёр.

Статут дапаўняў рэгуляванне дачыненняў па атрыманні ў спадчыну пасагу бяздзетнай удавы. Гэты пасаг вяртаўся ў дом, з якога жанчына выйшла замуж, але такая маёмасць трапляла братам толькі пры адсутнасці незамужніх сясцёр. У такім разе пасаг атрымлівалі ў спадчыну браты або іх нашчадкі. Калі ж не было ні братоў, ні іх нашчадкаў, яго атрымлівалі сёстры, але выдадзеныя замуж, і іх нашчадкі[89].

Пры скасаванні шлюбу лёс пасагу вызначалі духоўны і свецкі суды[90]. Духоўны суд выносіў пастанову аб вінаватасці або невінаватасці бакоў, а свецкі суд на яе падставе вызначаў прыналеж-насць пасагу. Пры адсутнасці віны сужэнцаў у скасаванні шлюбу кож-ны бок заставаўся пры сваёй маёмасці, жонка мела права на свой пасаг. У выпадку віны жонкі яна пазбаўлялася пасагу.

Калі шлюб спыняўся з прычыны смерці жонкі, яе пасаг атрымлівалі па спадчыне дзеці, а пры адсутнасці апошніх, калі пасаг нікому не быў запісаны тэстаментам, ён вяртаўся ў дом родных памерлай.

Страта права на пасаг прадугледжвалася як санкцыя за выхад замуж без згоды бацькоў. Статут 1529 г. упершыню прадугледзеў такую маёмасную санкцыю, як пазбаўленне пасагу за парушэнне гэтай традыцыі[91]. Другі Статут дапоўніў гэтую норму: пры адсутнасці бацькоў права даваць згоду на шлюб пераходзіць да апекуноў, старэйшых братоў, іншых родных або адміністрацыйнай асобы. У сувязі з тым што адсутнасць згоды на шлюб пазбаўляла нявесту пасагу, заканадаўца прадугледзеў умовы, якія не дапускалі выкарыстання гэтай акалічнасці ў карыслівых інтарэсах асобаў, што замяняюць бацькоў. Нявеста пры адмове ў згодзе на шлюб мела права звярнуцца да дзяржаўнай улады, але пры наяўнасці дзвюх умоваў: 1) ёй павінна быць не менш за 15 гадоў, 2) жаніх яе мусіў быць адпаведнага стану, напрыклад шляхціч для шляхцянкі[92]. Статут 1588 г. дапоўніў гэтую норму, даўшы дзяўчыне-сіраце права самой валодаць той доляй маёмасці, з якой ёй павінны быць вызначаны пасаг, і забяспечваць сябе з гэтай маёмасці, тым самым пашырыўшы яе асабістыя і маёмасныя правы. Гэтая норма сведчыць пра важную ролю пасагу для грамадскага статусу жанчыны.

Аналіз заканадаўства, якое рэгулявала дачыненні па пасагу, дазваляе зрабіць выснову аб развітасці гэтага інстытута ў шлюбна-сямейным праве Беларусі XVI ст. Пра даволі завершаны характар яго сведчыць наяўнасць нормаў, што адсутнічалі ў польскім заканадаўстве XVI ст., напрыклад вызначэнне фіксаванай долі ў памеры чвэрці бацькоўскай маёмасці. Гэтая норма запазычана са Статутаў Вялікага княства як польскім, так пазней і расейскім заканадаўствам.

Тагачасныя грамадска-палітычныя дзеячы М. Літвін і А. Валян актыўна пратэставалі супроць такога пашырэння маёмасных правоў жанчын, бо лічылі, што валоданне буйнымі зямельнымі абшарамі падрывае асновы вайсковай службы з зямлі, а багаты пасаг нявесты згубна ўплывае на жаніхоў з гледзішча маралі.

Аднак, паводле меркавання большасці шляхты, шырокія правы жанчын па пасагу забяспечвалі трываласць яе асабістых правоў, гарантыю шляхецкіх вольнасцяў. Гэтыя акалічнасці спрычыніліся да развіцця ў праве Вялікага княства Літоўскага інстытута пасагу.

2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена.

Гісторыя інстытута вена пачынаецца ад перыяду родавага ладу. У Беларусі пасаг пачаткова ўносіўся жонкай у сям'ю мужа, а не яму асабіста і быў істотным укладам у сямейны гаспадарчы фонд, які ўплываў на становішча жанчыны ў новай сям'і. Пасаг на працягу шлюбу заставаўся ў распараджэнні сям'і як частка супольнай сямей-най маёмасці. У далейшым ён разам з маёмасцю мужа пераходзіў па спадчыне да дзяцей і іх нашчадкаў. Але пасаг складаўся з рухомай маёмасці, грошай і каштоўнасцяў, якія маглі быць патрачаныя ў пра-цэсе сямейнага жыцця. У такім разе жонка па смерці мужа заставалася без сродкаў, калі ў яе не было дзяцей і радні. Для ўмацавання становішча ўдавы муж пры жыцці паводле даўнага звычаю, уступаючы ў шлюб, забяспечваў пасаг жонкі пэўнай доляй са сваёй уласнай нерухомай маёмасці, якая называлася венам.