Смекни!
smekni.com

Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі (стр. 8 из 12)

Калі ўдава пад час апекі дзяцей і маёмасці прычыніла шкоду маёмасці дзяцей, то апека пераходзіла братам мужа або іншым яго блізкім. .Удава ў гэтым разе заставалася на вене, а пры яго адсутнасці — на аднолькавай з дзецьмі частцы. Па смерці ўдавы вяноўную маёмасць атрымлівалі ў спадчыну дзеці.

Такім чынам, у Статуце 1529 г. маёмасць, якая давалася ў вена жонцы, параўнальна з дастатутавым правам дакладна акрэслена трацінай нерухомай маёмасці мужа і ахоўвалася ад стратаў, вызначалася таксама іпатэка над гэтай маёмасцю[98]. Звузіліся правы ўдавы ў дачыненні да спадчыннай маёмасці мужа. Так, кіраваць усёй маёмасцю мужа на "ўдовіным стальцы" ўдава магла толькі да паўналецця дзяцей, а затым толькі сваім венам. Калі дзяцей не было, удава заставалася не на "ўдовіным стальцы", а на трэці маёмасці мужа. 3 маёмасці мужа невенаваная ўдава атрымлівала столькі ж, колькі венаваная, — трэцюю частку, але прававы рэжым гэтай маёмасці роз-ны. Невенаваная ўдава магла карыстацца ёю пажыццёва, а па яе смерці гэтую маёмасць атрымлівала ў спадчыну радня мужа. Венаваная ўдава магла прызначыць спадкаемца гэтай маёмасці, аднак родныя мужа мелі права выкупіць яе, заплаціўшы ўсю суму вена.

Статут 1529 г. падрабязна рэгуляваў правы спадчыннікаў мужа. Калі бяздзетная ўдава выходзіла замуж, дык апошнія, атрымліваючы вена, павінны былі выплаціць ёй увесь ягоны кошт. Калі спадкаемцы мужа не выкупілі вена пры жыцці ўдавы, яны мелі права выкупіць яго ў асобы, якой удава прызначыла вена, не за ўсю яго суму, а толькі за вартасць унясення без прывенка. Гэта звязана з тым, што жанчына-ўдава мела права ўласнасці толькі на свой пасаг — унясенне, прыве-нак жа быў уласнасцю мужа, які мог распарадзіцца ім толькі на карысць жонкі. Таму на ўсю суму вена ўдава мела толькі права карыстання[99].

Адзначалася, што афармляць вена на адну і тую ж асобу (жонку) можна было толькі адзін раз, гэта значыць у другім шлюбе жонка не мела права на вена. Статут змяшчаў імператыўную норму пра тое, што калі ўдава не была забяспечаная венам, дык яна не мела і пасагу[100]. Гэтым тлумачыцца асаблівая ўвага да пасагу і правільнага яго афармлення, бо толькі ён мог гарантаваць у далейшым матэрыяльнае забеспячэнне жанчыны і яе дзяцей.

Другі Статут таксама падкрэсліваў адсутнасць права жонкі на вена ад другога шлюбу, але ўдакладняў, што пасля смерці другога мужа ўдава атрымлівае роўную з дзецьмі частку пажыццёва[101]. Статут 1529 г. не рэгуляваў правы ўдавы-мачыхі[102]. Другі Статут удакладняў, што ўдава-мачыха мае права толькі на частку нерухомай маёмасці мужа разам з дзецьмі ад першай жонкі. 3 рухомай маёмасці яна мела права толькі на ўнясенне. Пры выхадзе замуж такая ўдава не мела права на вянец з боку дзяцей ад першай жонкі[103].

Першы Статут дазваляў падараванне (запісы) на карысць жонак, але толькі з рухомай маёмасці. Паводле Статута 1566 г. правы распараджэння ўласнасцю пашыраліся. Гэты Статут прадугледжваў ужо запісы і на траціну нерухомай маёмасці, але пры ўмове, што ўдава зможа выконваць службу "гаспадарскую і земскую"[104].

У Статуце 1566 г. была істотная норма па ахове маёмасных правоў дзяцей і спадчыннікаў мужа: яны маглі ўтрымаць кошт растрачанай удавой маёмасці з кошту вена. Апрача таго, запіс мужа на частку, большую за траціну нерухомай маёмасці, лічыўся несапраўдным[105].

Другі Статут паляпшаў і ўдакладняў становішча невенаванай удавы. Паводле Статута 1529 г. яна мела права на пажыццёвае валоданне маёмасцю мужа, але, уступіўшы ў шлюб, мусіла пакінуць маёмасць дзецям або спадчыннікам мужа[106]. Згодна з Статутам 1566 г., у гэтым выпадку дзеці павінны даць такой удаве вянец як шляхцянцы (30 коп грошаў). Калі маёнтак не каштаваў 30 коп грошаў, ёй выдзялялася чвэрць маёмасці ў пажыццёвае карыстанне[107]. Калі ўдава не выходзіла замуж, яна заставалася даканца жыцця на роўнай з дзецьмі частцы.

Што да інстытута вена, дык у Статут 1588 г. унесены наступныя дапаўненні: калі невенаваная ўдава застаецца на чвэрці маёмасці, топры выхадзе яе замуж родныя мужа могуць выкупіць з яе згоды гэтую маёмасць за палову кошту[108]. Пасля смерці невенаванай удавы яе спадкаемцы (блізкія) не маюць права спаганяць яе вянец — 30 коп грошаў[109].

Асноўныя палажэнні інстытута вена не змяніліся ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг. — вена жонкі забяспечвалася трацінаю нерухомай маёмасці мужа. Апрача таго, у Статуце 1588 г. не зазналі зменаў і палажэнні пра "ўдовін сталец", пра яго выкуп, унясенне, правы венаваных і невенаваных удоў, што дзеляцца паводле Статуту на тры групы: 1) якія маюць непаўналетніх дзяцей, 2) якія не маюць дзяцей, 3) якія застаюцца з дзецьмі мужа ад першага шлюбу.

Што да венаваных удоваў, дык трэці Статут унёс наступныя дапаўненні: пашырана мабільнасць маёмаснага забеспячэння жонкі больш свабоднай стала форма, у якой яно афармлялася. Статут, пашырыўшы правы па запісе жонцы рухомай і нерухомай маемасці, вызначыў, што ўдава, якая мела такі запіс, страчвала права на атрыманне часткі нерухомай маёмасці мужа, гэта значыць ад вяноўнай маёмасці[110]. Гэтым павялічвалася магчымасць матэрыяльнага забеспячэння жанчыны паводле свабоднага меркавання бакоў. Закон стаў больш гнуткім. Імператыўныя нормай інстытута вена саступілі месца дыспазітыўным нормам запісу. У той жа час дамова запісу дазваляла ўзбуйніць супольную сямейную маемасць мужа і жонкі, бо яны самастойна маглі рэгуляваць праз дамову свае правы і долю кожнага ў сямейнай маёмасці.

Статут 1588 г. уключаў у дамову запісу не толькі рухомую маёмасць, але і трэць нерухомай маёмасці, праўда, пры ўмове земскайслужбы. Названы Статут дапоўніў правы ўдавы, дазволіўшы ёй пакідаць частку маёмасці ў выглядзе зброі, статкаў і г.д. у сваёй уласнасці[111].

Такім чынам, закон даволі грунтоўна забяспечваў становішча ўдавы. Разам з тым у заканадаўстве прадугледжана маёмасная адказнасць удавы або жонкі сваёй вяноўнай маёмасцю. Удава магла страціць гэтую маёмасць у тым разе, калі парушала шасцімесячны жалобны тэрмін і выходзіла замуж, а таксама калі ўдава-шляхцянка выйшла замуж за чалавека простага стану без згоды родных. Апрача таго, жонка магла страціць запісанае ёй вена, калі пры скасаванні шлюбу была вызначаная яе віна[112]. Вена заставалася мужу, а пасаг — жонцы пры скасаванні шлюбу без іх віны з прычыны прызнання кроўнай роднасці[113].

Побач з гэтым асноўным інстытутам сямейнага права, які не толькі вызначаў матэрыяльнае забеспячэнне ўдавы, але і ўплываў на памер яе пасагу, спадчыннай маёмасці, правы дзяцей ды іншых асобаў, усе астатнія інстытуты сямейнага права былі таксама накіраваныя на абарону маёмасных правоў кожнага сямейніка.

3.Спадчынныя дачыненні ў сямі.

Інстытуты шлюбна-сямейнага права патрабуюць даследвання асабістых і маёмасных правоў. Асаблівасць інстытута спадкаемства палягае ў тым, што ён цесна звязаны з інстытутам шлюбу. Спадкаванне патрабуе пэўнай кроўнай роднасці як умовы гэтага права, праз пасаг і вена фарміруецца спадчынная маёмасць. Адначасова яны служаць асновай, а інстытут спадкаемства — канчатковай мэтай.

Такім чынам, спадкаемства як інстытут права ўзнікае гэтаксама, як і іншыя інстытуты матэрыяльнага забеспячэння, у выглядзе ільгот шляхце, як пашырэнне яе правоў і свабод.

Пры гэтым праваздольнасць шляхты грунтавалася на двух актах:1) нараджэння (яно было падставай набыцця шляхоцкіх правоў); 2) падаравання (шляхоцкія правы ўзнікалі на падставе набілітацыі — падаравання шляхоцтва вышэйшай дзяржаўнай уладай). Прымаючы ад бацькі маёнтак, сын набываў шляхоцтва ў поўным аб'ёме. Яно магло пераходзіць у спадчыну ад пакалення да пакалення толькі праз шлюбныя сувязі. Для набыцця спадчынных правоў патрабавалася, каб бацька быў шляхоцкага роду. Што да маці, звычай дапускаў і плебейскае паходжанне яе, паколькі пасля выхаду замуж за шляхціча яна лічылася набілітаванай, а дзеці ад такога законнага шлюбу — шляхцічамі[114].

Шляхоцкія правы атрымлівалі ў спадчыну толькі законнанароджаныя дзеці[115], у сувязі з чым вырасла значэнне законнага шлюбу ў грамадстве, нават для нявольных[116].

Упершыню шляхі атрымання шляхоцтва (асноўны з якіх — нараджэнне ад асобы, што мела яго) замацаваны ў Гарадзельскім прывілеі 1413 г. У сферы грамадзянскай праваздольнасці да шляхоцкіх вольнасцяў далучаны і правы на атрыманне вотчынных маёнткаў у спадчыну (п. 6). У далейшым права дзяцей на спадкаванне пацвярджалася ва ўсіх агульназемскіх прывілеях і прывілеях землям, але найбольш выразна ў Прывілеі 1447 г. і Бельскім прывілеі 1501 г.

Спадчыннікамі маглі быць толькі законныя дзеці. Незаконнымі лічыліся дзеці ад нявенчаных шлюбаў, а таксама пры адмове бацькі ад бацькоўства. Пры гэтым прадугледжвалася, што бацька не можа адмовіцца аб бацькоўства, калі пры жыцці маці прызнаваў дзіця сваім[117].

Інстытут спадкаемства ў дастатутавы перыяд уяўляў сабой даволі развітую сістэму, шчыльна звязаную з сямейным правам з прычыны залежнасці спадчыннікаў ад ступені блізкасці з сям'ёй і прыналежнай ёй маёмасцю. У дачыненні да бацькоўскай і мацярынскай маёмасці правы сыноў і дачок на спадчыну былі розныя. Дакладней былі вызначаны правы сыноў на спадкаванне бацькоўскіх маёнткаў, дочкі ж атрымлівалі пасаг пры выхадзе замуж. Што да мацярынскай маёмасці, дык дзеці абодвух полаў спадкавалі яе ў роўных долях.

Права спадкавання для дачок у дастатутавы перыяд было вельмі няпэўнае і залежала ад пажадання манарха аддаць замуж дзяўчыну з маёнткам. Толькі Статут 1529 г, вызначыў права дачок на чвэрць маёнтка[118]. Але трэба адзначыць спецыфічную прыкмету інстытута спадкаемства ў Вялікім княстве — дочкі маглі атрымліваць у спадчыну маёнткі пры адсутнасці сыноў. Маёнтак у такім разе не пераходзіў да бацькоўскай радні, а заставаўся дачцы. Пераход да жанчыны нерухомай маёмасці, з якой ішла вайсковая служба, спрычыняўся да ўмяшання манарха ў шлюбныя справы, а пазней і дакладнага замацавання чвэрці маёнтка за дочкамі як часткі іх пасагу.