Культура маўлення кіраўніка
ЗМЕСТ
1. Стылістычнае чляненне мовы
2. Культура маўлення і яе асноўныя кампаненты
3. Дакладнасць, лагічнасць і дарэчнасць маўлення
4. Чысціня, выразнасць і багацце маўлення
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
Мова з‘яўляецца глабальным дыялектычным па сваёй прыродзе феноменам, які адыгрывае для людзей дзве супрацьлеглыя функцыі: аб‘ядноўвае іх у адзіны клас жывых істот з найбольш выразнай, яскравай, адмысловай прыкметай – здольнасць і ўменне гаварыць і ўспрымаць маўленне; а ўнутры гэтага агульнага класа чуйна, пластычна і гнутка дыферэнцыруе людзей па нацыях, па месцы жыхарства (дадзеную асаблівасць людзей адлюстроўвае рэгіянальнае чляненне мовы на дыялекты, групы гаворак, асобныя гаворкі), па разнастайных сацыяльных групоўках (мова фіксуе гэта чляненне людзей сваімі жаргонамі, слэнгамі, арго і інш.), па сферах дзейнасці людзей. Апошняя дыферэнцыяцыя людзей унутры кожнай развітай мовы адбіваецца тым, што яна даволі відавочна падзяляецца на стылі; за кожным з іх трывала замацавана функцыя абслугоўвання пэўных відаў, сфер, галін дзейнасці і жыцця людзей.
У паўсядзённым жыцці і быце, па-за сферамі прафесійнай і грамадскай дзейнасці чалавека выкарыстоўваецца гутарковы стыль мовы, для якога характэрнымі служаць размоўная лексіка (параўн.: аграменны, шпаргалка, шыбаваць і г.д.), эліптычная структура сказа (максімальна скарочаныя выказванні, дзе часта апускаюцца словы, звязаныя з вядомымі па сітуацыі маўлення фактамі, прадметамі , падзеямі), ужыванне ўсечаных форм слоў (Пал Палыч замест Павел Паўлавіч, тэлек замест тэлевізар і г.д.), актыўнае выкарыстанне парамоўных сродкаў і інш. Гутарковы стыль мовы мае пераважна вусную форму ўжывання; на пісьме яго выкарыстанне абмяжоўваецца ў асноўным мовай персанажаў мастацкіх твораў (драматычных, празаічных, радзей паэтычных). Асобную разнавіднасць гутарковай лексікі складаюцю прастамоўныя сродкі выражэння, словы зніжанай неўнармаванай лексікі, грубыя мацерныя словы, што даволі часта знаходзяць месца ў гаворцы малакультурных, слабаадукаваных, нявыхаваных людзей не столькі ў якасці сродку зносін, колькі ў якасці выражэння эмоцый, пачуццяў, ацэнак, а часам і проста ў якасці паразітычных слоў, рэплік, выразаў, што ўжываюцца з-за адсутнасці элементарнай моўнай і агульнай культуры адпаведнага чалавека, або ў асобных сітуацыях сярод сваіх “калег”, або выкарыстоўваюцца пэўнымі людзьмі, што знаходзяцца ва ўзбуджаным, псіхічна ненармальным, не кантраляваным свядомасцю стане. Для беларускага маўлення лаянкавая лексіка малахарактэрна, амаль уся яна запазычана з рускай мовы і апошнім часам стала даволі актыўна збірацца і даследавацца расійскімі лінгвістамі.
Публіцыстычны стыль мовы выкарыстоўваецца найперш у СМІ – сродках масавай камунікацыі (газеты, часопісы, радыё, тэлебачанне, дакументальныя кнігі, публічныя прамовы і выступленні аратараў і інш.).У адрозненне ад гутарковага стылю публіцыстычны рэалізуецца не толькі ў вуснай, але і ў пісьмовай форме, прычым абедзве формы цесна і непасрэдна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой: пісьмовы тэкст часта выступае як агучанае вуснае маўленне, а вусныя выступленні , прамовы , інтэрв‘ю вядомых палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, прадстаўнікоў, навукі, культуры, спорту і інш. часта друкуюцца ў СМІ, праяўляюцца ў пісьмовай форме. Гутарковы стыль мовы звычайна выкарыстоўваецца ў дыялогу, у якім бяруць удзел, як правіла, два чалавекі, субяседнікі, прамоўца і слухач, што могуць мяняць свае ролі, прамоўца выступае як слухач, а слухач як прамоўца. У публіцыстычным стылі слухачом служыць не адзін чалавек, а вялікая аўдыторыя, часам насельніцтва ўсёй краіны. Таму публіцыстычны стыль мовы патрабуе зразумелага для ўсіх моўнага спосабу афармлення і перадачы думкі, інфармацыі, паведамлення і звычайна мае форму маналогу. Значыць, істотнымі асаблівасцямі гэтага стылю служаць выразнасць, зразумеласць, панятнасць, даступнасць інфармацыі для ўсіх, каму яна прызначана. Далей, інфармацыя, аформленная моўнымі сродкамі публіцыстычнага стылю, часта мае на мэце не проста данесці да аўдыторыі пэўныя звесткі, але і падаць іх у належнай форме, прывабным выглядзе, каб прыцягнуць адрасатаў, або інфармантаў, або чытачоў (слухачоў) на бок той пазіцыі, на якой стаіць аўтар паведамлення. Адсюль публіцыстычны стыль часта выступае ў якасці агітацыйнага сродку, і ў такіх выпадках пазбаўлены нейтральнасці. У адпаведнасці з гэтым выбіраюцца і ацэначныя моўныя сродкі, з дапамогай якіх адна і тая ж падзея можа падавацца і як станоўчая з‘ява, і як з’ява адмоўная, непрымальная для аўтара паведамлення (параўн., напрыклад: з аднаго боку словы форум, мітынг, а з другога – зборышча, шабаш, што могуць прымяняцца да адной і той жа падзеі, прадстаўнікамі розных палітычных ці сацыяльных інтарэсаў, пунктаў гледжання, або адным і тым жа публіцыстам у залежнасці ад яго пазіцыі, прыналежнасці пэўнай партыі і г.д.).
Яшчэ адной важнай рысай публіцыстычнага стылю служыць перадача актуальнай, свежай інфармацыі, а таксама паведамленняў на тэмы, якія пастаянна з‘яўляюцца цікавымі для аўдыторыi: абмеркаванне набалелых пытанняў жыцця краіны, асобных яе раёнаў, праблем унутранай і знешняй палітыкі і г.д. Для ўздзеяння на аўдыторыю неабходна ўжываць і такія прыдатныя для публіцыстычнага стылю атрыбуты маўлення, як эмацыянальнасць і экспрэсіўнасць, што складаюць не толькі своеасаблівую “ўпакоўку” інтэлектуальнай інфармацыі, але і істотную частку зместу, якая непасрэдна ўплывае на нюансіроўку думкі, на выдзяленне ў ёй найбольш важных момантаў, на ўспрыманне і засваенне слухачамі (чытачамі) паведамленняў у патрэбным для прамоўцы (аўтара) рэчышчы. Згаданыя атрыбуты спрыяюць і больш глыбокаму ўражанню ад выказаных думак і здольны прыводзіць да іх практычнага ўвасаблення ў жыццё, дзейнасць, паводзіны людзей. Самымі характэрнымі моўнымі сродкамі публіцыстычнага стылю служаць разнастайныя тропы, г. зн. ужыванні слоў у пераносным значэнні, скрытыя параўнанні, напрыклад вахта міру, нацыянальная скарбонка і да т.п., дзе словы вахта і скарбонка ўжываюцца ў больш шырокім значэнні, чым першапачатковы сэнс прыведзеных слоў, выкарыстанне ацэначнай і экспрэсіўнай лексікі,прымяненне звароткаў, клічных і пабуджальных сказаў, рытарычных пытанняў, паўтораў і інш.
Афіцыйна-дзелавы стыль мовы абслугоўвае канцылярскую, юрыдычную, адміністрацыйную сферы дзейнасці людзей, і ў адрозненне ад гутарковага стылю рэалізуецца пераважна ў маналагічнай пісьмовай форме (пастановы, загады, інструкцыі, рэзалюцыі, указы, інструкцыі, кодэксы, дзелавыя пісьмы, аб‘явы, характарыстыкі, даверанасці, распіскі, аўтабіяграфіі, ноты, камюніке, статуты, распараджэнні, мемарандумы, пагадненні, канвенцыі, пратаколы, разнастайныя акты, пэўныя даклады і выступленні і іншыя дакументы). У адрозненне ад разгледжанага вышэй публіцыстычнага стылю тут адсутнічае эмацыянальнасць, даволі шырока ўжываюцца стандартныя формы выражэння, мінімальна прадстаўлены экспрэсіўныя, індывідуальна-аўтарскія сродкі, бо інфармацыя перадаецца, як правіла, ад упаўнаважанай калектывам (установай, міністэрствам, дзяржавай, урадам і інш.) асобы або групы асоб.. Выкарыстанне афіцыйна-дзелавога стылю мае на мэце два асноўных прызначэнні – інфармацыйную і пабуджальную, г. зн. у адпаведных дакументах падаюцца не толькі звесткі, але і патрэбы, заклікі, пабуджэнні да іх выканання тымі, каму яны скіраваны (параўн.: загады, распараджэнні, ноты, пастановы, указы, статуты і інш.). Дакументы афіцыйна-дзелавога стылю патрабуюць дакладнасці, лагічнасці, паслядоўнасці, адназначнасці вербальных фармулёвак, сцісласці, эканомнасці, таму часта афармляюцца на адпаведных бланках ці па ўстаноўленай форме. Лексічныя і сінтаксічныя сродкі афіцыйна-дзелавога стылю даволі строга рэгламентаваны, што надае адпаведным дакументам аб‘ектыўнасць, лаканічнасць, афіцыйнасць і катэгарычнасць, пазбаўляе іх двухсэнсоўнасці і расплыўчатасці фармулёвак, палажэнняў. Для мовы дакументаў характэрна шырокае ўжыванне безасабовых канструкцый (рэдка выкарыстоўваюцца формы 1-й і 2-й асобы займеннікаў і дзеясловаў), складаназалежных сказаў з дзеепрыметнікавымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, складаных злучнікаў тыпы у сувязі з тым, што, у выніку таго, што і інш, канцылярызмаў, клішэ, шаблонаў, перанос якіх, аднак, у іншыя моўныя стылі можа рабіцца толькі для пэўных стылістычных мэтаў (іроніі, насмешкі, гумару, пародыі і інш.). Афіцыйна-дзелавым стылем мовы павінны добра валодаць кіраўнікі, вербальная дзейнасць якіх часта рэалізуецца сродкамі гэтага стылю, але ўжывацца павінен ён толькі ў афіцыйных варунках, у штатных службовых сітуацыях, пры падрыхтоўцы дакументаў згаданага вышэй кшталту.
Навуковы стыль прызначаны для фіксавання, захоўвання, перадачы інфармацыі ў пэўнай галіне ведаў і характарызуецца такімі ўласцівасцямі, як лагічнасць, дакладнасць, паслядоўнасць, што збліжае яго з афіцыйным стылем. Яшчэ адна рыса, якая лучыць дадзеныя стылі – першаснасць пісьмовай формы ў адносінах да вуснай. Апошняя існуе ў выглядзе дакладаў, паведамленняў на разнастайных навуковых канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах. Адрознівае навуковы стыль ад афіцыйна-дзелавога вышэйшая абстрактнасць, глыбейшая інтэлектуаль-насць, шырокая неаднароднасць, залежная ад дыферэнцыяцыі навукі, падзелу яе на мноства дысцыплін, кожная з якіх мае свае спецыфічныя сродкі выражэння і лексічныя, і параграфічныя (неславесныя). Таму ў межах навуковагна стылю выдзяляюць падмовы (радыёфізікі, матэматыкі, электронікі, эканомікі і г.д.).
У некаторых навуковых тэкстах вербальныя сродкі служаць асноўным спосабам афармлення думак (пераважная колькасць тэкстаў, належных гуманітарным дысцыплінам), у іншых жа назіраецца спалучэнне вербальных і невербальных сродкаў, прычым гэта спалучэнне адзначаецца ў розных прапорцыях: тэксты ў асноўным негуманітарных галін ведаў могуць быць часам прадстаўлены невербальнымі сродкамі (табліцы множання, разнастайныя матэматычныя даведнікі, геаграфічныя карты, тэхнічныя схемы, альбомы, атласы, сістэмы неславесных камунікацый і інш.). Лексічныя сродкі, што выкарыстоўваюцца ў навуцы для наймення яе асноўных катэгорый, паняццяў, рэалій, называюцца тэрмінамі і патрабуюць асобнага разгляду (гл. адпаведны раздзел кнігі). Вусная форма існавання паведамленняў навуковага стылю ўяўляе сабой, як правіла, агучаны пісьмовы тэкст, г. зн. служыць другаснай у адносінах да пісьма, чым супрацьпастаўляецца найперш гутарковаму стылю і адбываецца ў форме дакладаў, паведамленняў, лекцый, дыспутаў і інш. Навуковы стыль дыферэцыруецца не толькі ў адносінах да розных гуманітарных і негуманітарных дысцыплін, але і ў дачыненні да сферы прызначэння. У адпаведнасці з апошняй вылучаюцца, у прыватнасці, такія навуковыя падстылі, як уласна навуковы (прызначаны для калег-спецыялістаў), вучэбна-навуковы (рэалізуецца ў разнастайных падручніках і дапаможніках і прызначаны для навучэнцаў), навукова-публіцыстычны (адрасуецца для распаўсюджвання ведаў сярод шырокага кола насельніцтва). У залежнасці ад асаблівасцяў кожнага навуковага падстылю ў ім ужываюцца і розныя моўныя сродкі. Так, стылістычныя фігуры (тропы, параўнанні, эўфемізмы і інш.) займаюць значна большае месца ў навукова-папулярнай літаратуры. У навуковых дыскусіях эмацыянальны кампанент выкарыстоўваецца значна часцей, чым у навуковых дакладах, прычым першыя ўяўляюць сабой дыялог (полілог), а другія – маналог. У дачыненні да знешніх форм (пісьмовая, вусная) навуковы стыль часцей прадстаўлены пісьменна, агучванне пісьмовага навуковага тэксту ўяўляецца даволі складаным для адэкватнага ўспрымання (лепш усё ж засвойваецца змест пісьмовага навуковага тэксту).