Смекни!
smekni.com

Кароткі змест:

У раздзеле "Забыты край" апісваецца сучаснасць і мінулае вёскі Асмолава, якая "прытулілася... пры вялікім некалі шляху з Вялікага княства Літоўскага на Масковію". Побач з ім знаходзіцца Лугвенева, шырока вядомае ў сівой мінуўшчыне". Гэты населены пункт таксама прыйшоў у заняпад. Нават гаспадар, князь, амаль забыўся на яго. Кіпіць жыццё толькі ля князевага бровара. "Тое, што блізка Лугвенева з яго корчмамі і броварам, - губіць асмолаўцаў. Стары "літоўскі" шлях можа пасведчыць, колькі замёрзла на ім нядбалых спіртавозаў... Бацька Дняпро можа пасведчыць, колькі залілося іх на пераправе... А тыя асмолаўцы возяць а возяць князёў спірт, болей а болей нялюдзеюць і хаваюцца самі ў сабе". Чакаюць людзі "нейкага дзіва - ці то аб зямлі, ці то аб волі".
У раздзеле "Герой гісторыі" паказваецца вёска летам, калі ўсе на полі ці на лузе заняты працай, і дома застаюцца ні на што не вартыя старыя і малеча. Потым аўтар заглядае ў "хату гаротнага мужыка-беларуса". Там на земляной падлозе сядзіць заплаканы хлопчык. Маці, "...не маючы большых дзетак-нянек", зачыніла яго "і сышла на дзень-год у поле жаць авёс". Хлопчык плача. "Безвыходнасць страшная і пакора лёсу апошняя, крайняя - чуецца ў тым плачу..."

Так праходзяць першыя гады жыцця героя аповесці Хомкі.
"Горкая прамудрасць". Позняй восенню Хомку аддалі ў школу. Хомкаў бацька Юрка, звычайна ціхі і спакойны чалавек, калі выпіваў, станавіўся як вар'ят. Яго ў вёсцы пабойваліся, таму настаўнік Хомку прыняў. Але навука хлопчыку не даецца. У школу завітаў "айцец благачынны". Хомка перад ім зусім аканфузіўся: не змог ні чытаць, ні паўтарыць "Царю небесный", не ведаў, хто такі "скворушка". Хлопчыку сказалі прыходзіць у школу на наступны год.
Асмолаўскі настаўнік, былы унтэр-афіцэр, змагаецца з ненавіснымі словамі, на якія ніяк не забудуцца яго вучні, - як, дык, хай, няма, дабры дзень, казаў і інш. За ўжытыя "простыя" словы, як пакаранне, ён дае вучням насіць бірку, драўляны брусочак. Найбольш цярпеў ад біркі Хомка, якому ніяк не забываліся свае словы. 3-за яе ў Хомкі настаўнік забраў кніжкі, г. зн. выгнаў са школы.
"Школа жыцця". Па бацькоўскай лініі ў родзе Хомкі было нямала "слаўных выпівак", але ён не пераносіў нават гарэлачнага духу. Хлопчык мучыцца, дапамагаючы бацьку вазіць бочкі са спіртам.
Позняй ноччу бацька з сынам стукаюцца ў хату ў заезным двары. Там поўна вознікаў. Раніцай той, з кім спаў застуджаны Хомка на печы, шукае церассядзельнік і не знаходзіць. Абшчупваюць Хомку. "Бацька глядзеў, як каменны, гаспадыня глядзела з жалем, дзед той, добранькі вознік, глядзеў з крыўдаю, і ўсе вознікі глядзелі з паганаю цікавасцю на беднага хлопчыка". Падазрэнне падае на бацьку... Церассядзельнік знаходзяць на дварэ. Хлопчык "ведае, што ўвечары бацька нап'ецца на станцыі, дамоў нічога не прывязе, бо нічога не заробяць пасля той выпіўкі. Бацька будзе злосны, будзе крычаць, біць коні..."
"Млявыя сненні". Хомка пасе гаспадарскіх коней і засынае. Сняцца яму самыя розныя выпадкі і здарэнні жыцця: школа, калядны вечар, бацька, кабыла, якую нядаўна купілі, ашчаджваючы на ўсім. Бацька кабылу скалечыў, б'ючы калом за наравістасць. I плача ў сне Хомка не над маці, якую таксама жорстка б'е бацька, а над жывёлай.
Будзіць хлопчыка гаспадар, стукнуўшы "грабільнішчам са злою раз'юшанасцю" па разамлелым прыспаным целе.
"Кірмашовыя прыемнасці". Хомка збіраецца з гаспадаровым сынам на кірмаш. Хлопцу няма чаго адзець, бо бацька "не справіў яму нават штаноў "з чортавай кожы". Пабачыўшы роспач парабка (той горка плакаў, схаваўшыся ў пуні), гаспадар даў яму свае новыя штаны, наказваючы іх шанаваць. Боты Хомку даў Пятрок, сын гаспадара.

У Лугвеневе на кірмашы Хомка незаўважна застаўся адзін. Прыглянулася яму просцонька адзетая дзяўчына з Гарадца. Хлопец пачаставаў Ганутку салодкай вадой, пернікамі.
Пачалася бойка гарадчан з асмолаўцамі, у баку ад якой не мог застацца і Хомка. Шукаючы пасля бойкі Ганутку, ён выпадкова пачуў словы гарадчанскага хлопца: "Батрак... Хварсіць у чужых ботах і ў гнілым брылі". Дзяўчына слухала і смяялася. Але востры "гнеў хутка задыміўся цяжкім прыгнётам, роспаччу і злосцю да ўсяго на свеце - так, як бывала і ў яго дзеда і ў бацькі, алкаголікаў". Хлопцы знайшлі Хомку і ўпаілі нейкаю бурдою. Усю дарогу назад у Асмолава п'яныя Хомка з Петраком поўзалі па траве, смяяліся, крычалі.
"Парогі". Пачалася вайна. "Тужлівасць і нуда запанавала ў хатах. Зацяглая і безнадзейная вайна, як хмара, навісла кожнаму..." Хомка рупіўся на чужой гаспадарцы і за сябе, і за Петрака, і за старога. Як забралі адзінага сына, гаспадар махнуў на ўсё рукой. Да прызыўнога ўзросту Хомку не хапала два гады, але яму раптам прынеслі павестку. Бацька хадзіў у воласць, ды нічога там не дабіўся.
Стары развітаўся з батраком як некалі з родным сынам. Два дні прабыў Хомка дома. Потым пачалася армейская муштра, якая выбівала ўсе пачуцці. Праз некалькі тыдняў навабранцаў адправілі на фронт. Перад першым боем у акопе хлопцу сніцца родная хата, як бацька рэжа авечку.
Хомку забіла яшчэ перад атакай ад разрыву снарада.