Кароткі змест:
"У гэты трывожны жнівень 1863 года вайна была паўсюль. "Белыя" спрачаліся з "чырвонымі", беларусы абураліся шавінізмам "белага жонду". Успыхвалі, затухалі і зноў выбухалі ачагі абурэння палітыкай цара.
Пераспелае жыта плакала зярнятамі, а ў жыце стаялі шыбеніцы. I не ўстаў ніхто добры, любоўны, і не сказаў людзям, што нельга рэзаць адзін аднаго, што свет вялікі і на кожнага выстачыць ніў, што хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго ні называй. Не мог сказаць. Галоўным быў не хлеб. Галоўнай была свабода".
Генерал Фікельмонт даў загад знішчыць усе чаўны і лодкі. Тры дні ў Прыдняпроўі палілі бярвенні, з якіх інсургенты (паўстанцы) маглі б звязаць плыты. Адзіны паром ля Магілёва ахоўвала рота выпрабаваных у баях салдат пад началам капітана Пора-Леановіча. "Капітану не надта верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму "ў дапамогу яму" і "на адпачынак" паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі".
Палкоўнік Фралоў разбіў атрад інсургентаў, месцазнаходжанне якіх паказаў мясцовы селянін. Кіраўнік паўстанцаў Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць.
На кардон (заставу) прыляцеў улан, штосьці перадаў Пора-Леановічу, і яго хутка пераправілі на другі бераг. Гораву, які быў у гэты час на пароме, аж шкада стала зморанага каня - ледзь крануўшыся берага, ён панёс улана да горада.
У двары, дзе жылі афіцэры, Пора-Леановіч практыкаваўся ў стральбе. Ён меў славу першага, не толькі ў палку, брэцёра (дуэлянта). Страляў капітан вельмі трапна.
За вячэрай, выпіўшы, Пора-Леановіч разгаварыўся. Адносіны капітана да людзей, да жыцця ўразілі Горава: у гэтага чалавека не было нічога святога, ён грэбліва ставіўся да ўласных продкаў, да свайго народа, да мінулай гісторыі і да сучаснасці. Пачалася страшэнная навальніца, якую ў народзе называюць "вераб'іная ноч". У цемры двара, якую штохвілінна сляпілі бліскавіцы, з'явілася карэта. Маладая жанчына прасіла пераправіць яе на той бераг. Яна везла ў крэпасць памілаванне мужу, Усяславу Грынкевічу, падпісанае яго "сіяцельствам" графам Мураўёвым. Расстрэл кіраўніку атрада інсургентаў замяняўся пажыццёвай катаргай. Пора-Леановіч ветліва, але цвёрда патлумачыў жанчыне, што зможа пераправіць яе толькі раніцай - такі загад.
Гораву, якога ўразіла прыгажосць і мужнасць жонкі асуджанага, у нейкі момант здалося, што началынк кардона здзекуецца над госцяй. Жанчына ў адчаі гатова плыць цераз раку сама, але капітан не дазваляе і гэтага. Разумеючы пакуты незнаёмкі, Гораў згодны пераправіць яе, Пора-Леановіч, як старшы па званні, забараняе. Калі ўслед жанчыне, пасля таго як яна нагадала Пора-Леановічу, што ён таксама нарадзіўся на гэтай зямлі, каштан кінуў брыдкае слова, Гораў назваў паводзіны яго нізкімі. "Але на вуснах начальніка кардона зноў з'явілася прыязная і страшнам тая ўсмешка.
- Капітан, сказаў ён, - гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.
Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасцітакое падазрэнне". Малады чалавек выбег з пакоя на дождж і доўга стаяў за парогам хаты не могучы супакоіцца.
Амаль нечакана для сябе Гораў спытаў у Івана, салдата-земляка, як пераправіцца на той бераг. Салдат прызнаўся што ёсць човен, прыхаваны дзеля лоўлі рыбы.
Човен "кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідаў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы Кожныя пяць хвілін даводзілася выліваць ваду; прамоклі да пояса... I ўсё ж наступіў момант, калі хвалі ўтаймаваліся, шкарлупінка плаўна загайдалася ў зацішкуза высокай касой процілеглага берага"
Вяртаючыся на заставу, Гораў заўважыў Пора-Леановіча, той стаяў на паромным прычале і саркастычна-пагардлівымі вачыма глядзеў на яго. Начальнік кардона расказаў што Мураўёў падпісаў памілаванне і аддаў ліст у рукі жонкі Грынкевіча. А за дзве гадзіны да гэтага з губернатарскай поштай паслаў фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся з выкананнем смяротнага пакарання. Гэты пасыльны перадаў яму, Пора-Леановічу, загад затрымаць жанчыну да трох гадзін раніцы, што ён і зрабіў.
Жонка Грынкевіча спазнілася ўсяго на дзесяць хвілін. Пра гэта паведаміў улан, які вяртаўся з горада. Ён перадаў таксама, што генерал Фікельмонт выказвае Пора-Леановічу ўдзячнасць за дасканала выкананы загад.
Гораў выклікаў Пора-Леановіча на дуэль і нечакана для сябе смяртэльна параніў капітана. Калі падбег да яго, уразілі вочы суперніка, "у якіх зараз не было пустаты, а было смяротнае здзіўленне і яшчэ нешта". Перадапошнім уздыхам з вуснаў Пора-Леановіча прагучалі словы падзякі.
Праз два дні пасля дуэлі (смерць начальніка кардона растлумачылі нападам інсургентаў) Гораў сустрэў жонку Грынкевіча. Ён расказаў, на які жудасны падман пайшоў Мураўёў. Жанчына вельмі ўдзячна рускаму афіцэру за дапамогу і чалавечую дабрыню, чуласць. Яна едзе ў Вільню, каб дабіцца ў графа аўдыенцыі і выказаць у вочы ўсё, што пра яго думае.
Паўстанне адсоўвалася на захад і заціхала. Да Горава пачалі прыглядацца, не ўсе верылі ў смерць Пора-Леановіча ад рукі інсургента. Гораў быў вымушаны ўрэшце падаць у адстаўку, вярнуцца ў родны горад. Яго ўзнагародзілі медалём "За ўціхамірванне", але медаль ён не насіў. "I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме. Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб'іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў, - ахапіла туга. Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы".
Позняй восенню Гораў браў паляўнічую стрэльбу і ўцякаў з горада ў голыя і цёмныя лясы. У адну з такіх начэй ён убачыў, як аднекуль з зеніту пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак. Гэта былі Леаніды, пра якіх далёкай навальнічнай ноччу гаварыў Пора-Леановіч, - зорны дождж. Зямля трапляе ў яго кожныя трыццаць тры гады. "Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца".
Самотны, адзінокі, Гораў стаяў ля сасны і думаў, гледзячы як ляцелі і згасалі ў пахмурых лясах зеленаватыя знічкі: "Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з'явяцца нашы браты, ці з'явімся мы самі на зямлі яшчэ раз... Леаніды! Сэрца жадае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж".
Леаніды не вярнуліся.
Астраномы тлумачылі гэта тым, што "Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе, у лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы".