Смекни!
smekni.com

На ростанях (стр. 2 из 3)

Частка другая.
На новым месцы

Лабановіч дабіраецца да вёскі Выганы. Любуецца карцінамі прыроды Пінскага Палесся. Школа зачынена і настаўнік выпраўляецца ў воласць, дзе знаёміцца з пісарам і яго памочнікам, старшынёй Захарам Лемешам, сельскім і царкоўным старастамі.

Новая школа Лабановічу спадабалася. Старожкай у школе працавала брыдкая, бязносая Ганна, якая была да таго ж і цяжарная другім дзіцем. Няшчасная жанчына жыла ў вялікай трывозе, што новы настаўнік яе прагоніць (ад папярэдніка Лабановіча яна чакала дзіця). Лабановіч аддаў ёй яе летаюю пенсію і пакінуў пры школе, што ў вёсцы ацанілі па-належнаму і што спадабалася айцу Мікалаю.
Пачынаюцца заняткі ў школе. У час перапынку на школьным двары настаўнік стрыжэ і мые галоўкі маленькіх палешукоў, прывучае вучняў да ахайнасці.
У воласці перавыбіраецца стараста. Падпоеныя Захарам Лемешам сяляне зноў галасуюць за яго. Супраць выступае толькі Цімох Жыга, аднак ён спазніўся на сход і бушуе ўпустую.
Лабановіч збліжаецца з Аксёнам Калем. Гэты селянін "не можа спакойна глядзець на несправядлівасці, што чыняцца над людзьмі, і дабіваецца праўды. Яго ведае воласць, ведае і земскі начальнік як чалавека неспакойнага і небяспечнага". Некалькі гадоў выганаўскія сяляне судзяцца з панам Скірмунтам за затокі на рэчцы. Каль выступаў ад грамады як давераная асоба, аднак суд вынес рашэнне на карысць пана. Аксён Каль збіраецца падаць прашэнне цару. Лабановіч выказвае думку, што з гэтага нічога не будзе.
Некалькі дзён назад настаўнік знайшоў на ганку школы брашуру. Аўтар яе ставіў за мэту разбурыць веру ў цара. У новым асвятленні падаваліся царскія рэформы, высмейваліся царскія загады. Гэта маленькая кніжачка зрабіла пераварот у думках настаўніка, паказаўшы тое, што ён пачынаў з нейкага часу інтуітыўна адчуваць. Разам з тым яна выявіла дваістасць становішча Лабановіча. "...Ён - вясковы настаўнік - павінен праводзіць у жыццё пэўныя ідэі. Сэнс іх - замацаванне таго парадку рэчаў, у справядлівасць якога ён не верыць. Над ім ёсць вока, і гэтае вока не дрэмле". Нейкія кампрамісы яго не задавальняюць.
Лабановіч вучыць Аксёна Каля грамаце, гаворыць з ім пра палітыку. Потым да настаўніка пачалі прыходзіць бацька і сын Бязручка. "Гаварылася тут многа чаго: аб цяжкім стане народа, аб прывольным жыцці паноў і начальства, аб ашуканстве і здзеках..."

Познім лістападаўскім вечарам да Лабановіча завітала маладая настаўніца Вольга Віктараўна Андросава, якая едзе працаваць у адну з суседніх школ. Прызначэнне яна атрымала першага кастрычніка і месяц дабіраецца са Смаленпічыны да месца працы. Лабановіч гасцінна прапаноўвае дзяўчыне адзін са сваіх пакойчыкаў, дзеліцца школьным вопытам, дае перапісаць школьны расклад. Гаворка заходзіць пра любоў да настаўніцкай працы. "-Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю?"
"Ах, унь ты якая", - думае сабе Лабановіч і адчувае, як балюча ўкалола яго гэтая дзіўная дзяўчына.
- Хто ведае, што ён свядома начыняе дзіцячыя мазгі гэтаю, як вы называеце, казённаю трухляцінаю, той ёсць нягоднік або проста няшчасны, бязвольны чалавек ці проста рамеснік, гатовы за грошы рабіць ўсё, што захочаш. Але што замінае адкінуць гэтую трухляціну і накіраваць увагу дзяцей ў другі бок?"
Сусед Лабановіча дзяк Бацяноўскі, якому настаўнік не спадабаўся з першай сустрэчы, увесь час віжуе за ім. Па-за ўвагай дзяка не засталося і з'яўленне ў кватэры настаўніка маладой дзяўчыны. Аднак а. Мікалай, ляснічы, якім паведамляе навіну Бацяноўскі, паставіліся да яе спакойна.
Трымаючы абяцанне, выхадным днём Лабановіч наведвае настаўніцу Вольгу Андросаву. Вольга Віктараўна ад працы не атрымлівае ніякай радасці. Школа яе старая і недагледжаная. Лабановіч расказвае пра свой "гурток", пра падкінутую яму брашуру. Андросава дае настаўніку некалькі сваіх кніжачак.
У воласці змяніўся пісар. Замест Раманчыка, якога забралі ў салдаты, прыехаў Мацей Дулеба. Ён меў настаўніцкую адукацыю, але пайшоў на "болей смачны і прыбытны" хлеб. Дулеба лёгка зыходзіцца з самымі рознымі людзьмі. Папярэджвае Лабановіча, каб не вёў сяброўства з падазронымі людзьмі, не лез у "цёмную" справу.
Пачынаецца вайна з Японіяй. Лабановіч уважліва сочыць за яе ходам, перажывае за паражэнні і няўдачы, што церпяць рускі флот і рускае войска. Паступова пачынае заўважаць, як мяняюцца ў народзе адносіны да вайны і да цара.
За два гады працы ў Выганаўскай школе Лабановіч стаў сваім чалавекам у вёсцы, добра ведаў жыццё ўсіх выганаўцаў.
Да Лабановіча завітвае Вольга Віктараўна. Іранізуе над яго цікавасцю да вынікаў руска-японскай вайны. Настаўнік называе сябе кепскім рэвалюцыянерам, разумее, што ў адносінах да ваенных падзей сапраўды выявіў сябе "заядлым патрыётам". Андросава прапануе яму звязацца з рэвалюцыйнай арганізацыяй. Пераконвае настаўніка, што ён будзе адчуваць сябе "цвярдзей і смялей". Гаворыць, што ідзе збіранне сіл і хутка "выбухне рэвалюцыя". Яна верыць у перамогу рэвалюцыі. Лабановіч цалкам не падзяляе гэтай веры, ён ведае, якія настроі пераважаюць у сялян, як ахоўвае цара войска.
Лабановіч выпраўляецца ў Пінск на сустрэчу з рэвалюцыянерамі. "У яго ўяўленні гэтыя людзі ўсе - героі, на якіх можна пазіраць толькі з вялікай пашанаю". Вольга Віктараўна прыйшла з незнаёмым хлопцам. Утраіх ідуць на явачную кватэру. Лабановіч убачыў зусім звычайных людзей, "без рамантыкі і дэманізму". На кватэры ў асяроддзі рэвалюцыянераў "было неяк нялоўка, цесна і як бы душна, а наогул непрыемна і залішне ўрачыста". Лабановіч выступіў з невялічкай прамовай, у якой раіў абапірацца на вясковага настаўніка. На развітанне "яму даюць лісткі і брашуркі, адрасы кватэр і запрашаюць надалей трымаць сувязь".
Водгулле рэвалюцыйных падзей даходзіць да Выганаў. На некалькі дзён спыніўся рух на чыгунцы. Паліцэйскаму напхалі ў кішэню пракламацый. Ляснічы шумна абураецца бяздзейнасцю ўлады. Дзяк Бацяноўскі ходзіць ды прыслухоўваецца.
Каль адшукаў старыя планы, на якіх затокі з'яўляюцца часткай сялянскіх земляў. Лабановіч загадвае збіраць сход. "Ніколі не бачылі школьныя сцены такога мнагалюднага, бурлівага, неспакойнага сходу. Вякамі збіраная і тоеная крыўда, несправядлівасць і прыніжэнне цяпер усплываюць са дна сялянскай душы..." Сход просіць настаўніка дапамагі. Лабановіч адчувае незвычайнасць абстаноўкі і маральную адказнасць перад гэтымі людзьмі, гатовымі цяпер на ўсё: грабіць, паліць, рэзаць. А гэта дасць начальству "законнае права" жорстка пакараць сялян. Ён усё робіць арганізавана і прадумана. Сход падае петыцыю пану Скірмунту.

Вольга Віктараўна прыносіць невясёлыя навіны, што паўстанне задушана, пачаліся арышты. Школу яна закінула, амаль увесь час прападала ў Пінску.
У воласці начальства абмяркоўвае сялянскую петыцыю да пана Скірмунта. I маршалку, і пракурору вядома, хто з'яўляецца яе аўтарам. Настаўніка называюць "чалавекам небяспечным, крамольнікам". За Лабановічам пачынаюць сачыць.
Сяляне, не дачакаўшыся адказу ад пана, склікаюць другі сход, прымаюць рашэнне - прыступіць да карыстання затоками. Чалавек дваццаць сялян ідуць лавіць рыбу. З'яўляюцца казакі і арыштоўваюць "бунтаўшчыкоў". У школе ў Лабановіча вобыск. Нічога не знайшлі і загадалі настаўніку збірацца. Далучаюць яго да арыштаваных сялян і вядуць усіх на дарогу ў Пінск.

Кніга трэцяя.
На ростанях

Частка першая.
Верхань

Начальства не ведала, як паставіцца да Лабановіча і яго петыцыі. Можа, сапраўды ён адвёў разгром панскага маёнтка. Настаўніка выпусцілі, прачытаўшы адпаведную натацыю, і накіравалі ў іншую школу, "на процілеглы бок краіны".
У Верхані Лабановіч заспеў свайго калегу. "Кватэра, школа былі запушчанымі і бруднымі. Заняткі доўгі час не праводзіліся, вучні адсталі ад праграмы. Усё гэта настаўнік, якога Лабановіч ведаў па семінарыі, растлумачыў рэвалюцыяй.
Лабановічу балела душа за вучняў старэйшай групы, якіх маглі не дапусціць да экзаменаў. Ён паабяцаў сабе, што зробіць усё магчымае, каб дзеці скончылі школу.
Новымі знаёмымі ў Верхані сталі пісар Васількевіч, п'яніца і раўнівец, айцец Уладзімір, другі школьны настаўнік Іван Анцыпік. Аднадумцаў у асяроддзі верханскай інтэлігенцыі Лабановіч не знайшоў.
У краіне адбываюцца выбары ў Думу, працягваюцца народныя хваляванні, хоць рэакцыя становіцца ўсё больш жорсткай.
Вучні Лабановіча паспяхова здаюць экзамены. Настаўнік застаецца на нейкі час у Верхані, бо ўзяўся падрыхтаваць да паступлення ў гарадскую школу Лідачку Мураўскую, прыгожую і здольную дзяўчынку, якой ён крышку сімпатызаваў.
Лабановіч атрымаў ад Турсевіча ліст. Той паведамляў, што надумаў паступаць у настаўніцкі інстьпуг і хоча сустрэцца са сваім сябрам. Па запрашэнню Лабановіча Турсевіч прыехаў у Верхань. Нейкі час спрэчкі іх "не выходзілі за межы дружбы", але чым далей, тым больш разыходжанняў адкрывалася ў іх поглядах на жыццё, на палітычную сітуацыю ў краіне. Палітычным ідэалам Турсевіча была кадэцкая партыя. Дружбакі адчулі, "што сяброўства іх дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі..."
Лабановіч едзе на радзіму, каб прыняць удзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе. З'езд прыняў пастанову аб арганізацыі саюза настаўнікаў. Мэта саюза - "весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва..." У тую ж ноч у школу да Садовіча, дзе праходзіў з'езд, з'явілася паліцыя і забрала пратакол. Настаўнікаў адпусцілі, збаяўшыся гурту сялян, што сабраўся ля школы.