Лабановіч вярнуўся ў Верхань. Турсевіч, даведаўшыся аб правале з'езда, вырашыў за лепшае для сябе вярнуцца дамоў.
Лабановіч спачатку атрымаў пакет з міністэрства, дзе выказвалася падзяка за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў, а праз некалькі дзён - паведамленне аб звальненні з настаўніцкай пасады.
Настаўнік развітваецца з Лідачкай Мураўскай і яе маці, з сям'ёй айца Уладзіміра і пакідае Верхань.
Частка другая.
На крыжавых дарогах
Беспрацоўнага Лабановіча запрасіў жыць да сябе старэйшы брат Уладзімір, які працаваў лесніком. Сяляне навакольных вёсак адправілі на леснікоў хутар дзяцей і некалькі месяцаў у леснічоўцы існавала "школа", Лабановіч быў заняты дарагой сэрцу справай.
У Мікуцічах застаўся, таксама пазбаўлены пасады настаўніка, Янка Тукала. Сябры часта сустракаюцца, збіраюць нелегальную літаратуру, хаваючы яе ў лесе. Упэўненыя, што некалі іх выклічуць на допыт, прадумваюць і рэпетыруюць адказы на магчымыя пытанні. Аднойчы ў леснічоўку Янка прынёс адозву да настаўнікаў Мінскай губерні, у якой невядомы аўтар заклікаў калег да салідарнасці са звольненымі настаўнікамі, пратэставаў супраць расправы над таварышамі.
Тукалу і Лабановіча запрашаюць у Мінск на канспірацыйны сход прадстаўнікоў розных рэвалюцыйных падпольных арганізацый, Там Лабановіч даведваецца, што будзе выходзіць легальная газета на беларускай мове, знаёміцца з яе рэдактарам Уласюком. Па выхадзе газеты Лабановіч становіцца яе адданым прапагандыстам, чытае аднавяскоўцам "Нашу долю". Праз некалькі месяцаў газета закрыта, рэдактар трапіў у турму. Але пачынае выходзіць другая газета, менш радыкальная "Наша ніва".
Лабановіч атрымаў кароценькае пісьмо ад Ліды Мураўскай. Былая вучаніца паведамляла, што яе ў школу не залічылі, хоць экзамены здала вельмі добра. Мяркуе, адбылося так з-за таго, што назвала прозвішча настаўніка, рыхтаваўшага яе да паступлення.
У зімовыя святы Лабановіч і Тукала наведваюць Панямонь. Іх правілам стала "не вешаць нос на квінту". На людзях яны заўсёды былі вясёлыя, прыдатныя да розных штук і забавак. Многія іх лічылі "пажаданымі людзьмі, якія нікому нічога благога, апроч сябе, не зрабілі". Панямонская інтэлігенцыя, Тарас Іванавіч Шырокі, прымае іх досыць шчыра.
Ні маці, ні дзядзька Марцін не папікнулі Андрэя за настаўніцкі сход. Дзякуючы маці за снеданне, сын гаворыць: "Даруй мне за непрыемнасці, за прыкрасці, што я прычыніў вам. Смуткаваць жа і плакаць няма чаго. Вось каб я зрабіў злачынства людзям, простым людзям... Я ж хачу, і многія-многія сотні тысяч такіх, як я, хочуць, каб простым людзям жылося добра..."
Звольненыя настаўнікі прыехалі святкаваць Вялікдзень у родныя Мікуцічы. На першы дзень свята шумнаю гурбой яны пайшлі "аддаваць вялікодныя візіты" панямонскай інтэлігенцыі.
Лабановіч атрымаў пісьмо з Вільні, у якім Уласюк запрашаў яго на працу ў газету "Наша ніва". Заробкі ў рэдакцыі былі невялікія і Лабановіч уладкаваўся яшчэ хатнім настаўнікам, атрымліваючы задавальненне ад заняткаў са здольнымі і выхаванымі хлопчыкамі обер-кандуктара Рымашэўскага.
Не ўсё ў рэдакцыі беларускай газеты Лабановічу падабалася. Нейкую няшчырасць ён заўважыў у братоў Ліскоўскіх, фактычных рэдактараў "Нашай нівы". Пасля гаворкі з Ліскоўскімі Лабановіч ішоў "з неакрэсленым адчуваннем, з непрыведзенай у парадак мешанінай у галаве... Мяжа, што раздзяляла іх з Лабановічам, засталася непяройдзенай".
Пасля папярэджання паліцыі Лабановіч вымушаны пакінуць Вільню.
З дапамогай атрыманага ў рэдакцыі "Виленского вестника" карэспандэнцкага білета Лабановіч друкуе ў чарнасоценнай газеце "Минский голос" артыкул-абвяржэнне пра настаўніцкі сход. Артыкул сыграў істотную ролю ў тым, што следства па справе настаўнікаў спынілі.
Лабановіча выклікаюць у Мінск, каб ён напісаў аб сваім удзеле ў настаўніцкім сходзе. Праз гадзіну яго выпусцілі. Паводзінамі паліцэйскага Лабановіч здзіўлены. Раскрывае іх сэнс у сваім лісце Янка Тукала, нагадаўшы пра адозву да настаўнікаў.
Янку Тукалу дзядзька знайшоў працу далёка ад роднай вёскі. З'ехалі ў Амерыку, узяўшы ўсю адказнасць на сябе, старшыня і сакратар сходу Алесь Садовіч і Нічыпар Янкавец.
Лабановіча і яшчэ траіх настаўнікаў выклікаюць у суд. Паўторная экспертыза не пацвердзіла, што адозву пісаў Лабановіч, аднак ён, Сымон Тургай, Уладзік Лявонік былі асуджаны на тры гады турмы. Лабановіча тут жа ў зале суда ўзялі пад стражу.
У турме Лабановіч блізка сышоўся з Сымонам, які пад сакрэтам назваў прозвішча настаўніка, што пісаў адозву. Асаблівае ўражанне на Лабановіча зрабіў Аляксандр Галубовіч, які "літаральна глытаў кнігі, даставаў іх шмат". Ён агітуе за бальшавіцкую партыю, якая цвёрда трымаецца марксізма. Лабановіч пакуль на раздарожжы, не вырашыў, куды далучацца. Выходзячы з турмы, Галубовіч звяртаецца да таварыша па камеры: "Бальшавікі адкідаюць прыгожыя словы, мы не цураемся самай чорнай работы ў імя рэвалюцыі. Трэба абудзіць народ, выхаваць, згуртаваць і павесці на рашучы і ўжо астатні штурм царызму. Ты не павінен застацца ў баку ад гэтага штурму... Дазволь мне верыць, Андрэй, што ты ніколі не адступішся ад народа..."
У турме Лабановіча наведала Ліда Мураўская. Яна паведамляе, што выходзіць замуж.
На волю Лабановіч выйшаў разам з Уладзікам. Адзін з іх кіраваўся ў Мікуцічы да бацькоў, друті - "насустрач жыццю і яго прыгодам". Запавет Галубовіча "стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах".