Кароткі змест:
Кніга першая.
У палескай глушы
Андрэю Лабановічу, маладому настаўніку "па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб'ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу..." Вёска Цельшына - першае месца яго самастойнай працы.
Сваю дзейнасць Лабановіч пачынае з паездкі ў воласць. Калега Лабановіча Саханюк знаёміць яго з мясцовай інтэлігенцыяй, з пісарам і яго памочнікам, з "пісаранкамі", дочкамі Пятра Восіпавіча, з айцом Кірылам і матушкай. Апошні ўразіў Лабановіча непрыняццем мужыка, непавагай да яго, з чым настаўнік горача спрачаецца. Разам з тым а. Кірыл лечыць і матэрыяльна падтрымлівае прыхажан. Лабановіч вымушаны прызнаць, што а. Кірыл "многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы".
Стараста Раман Круглы загадвае цельшынцам пасылаць дзяцей у школу. Лабановіч праводзіць першыя заняткі, знаёміцца з вучнямі, імкнецца з першых крокаў заслужыць іх давер. "Сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначыў так: абудзіць і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі - як выніклі? У чым іх прычына?"
Лабановіч знаёміцца з сям'ёй пана падлоўчага. З першага вечара маладому настаўніку кінулася ў вочы старэйшая дачка падлоўчага Ядзвіся, "стройная чарнявая дзяўчына, гадоў шаснаццаці".
Справа ў школе наладзілася. Лабановіч радаваўся поспехам сваіх навучэнцаў, аддаваў ім шмат часу.
На свята, пасля вечарыны ў арцельнага старасты Бабініча, дзеці якога павінны былі хадзіць у Цельшынскую школу, Лабановіч выбраўся да свайго былога настаўніка, сябра Турсевіча. Узаемная радасць ад сустрэчы. Гаворка-спрэчка пра сэнс жыцця (пра гэта Лабановіч нямала думаў на адзіноце), пра прыгажосць роднай прыроды, служэнне свайму народу.
Турсевіч паведамляе, што збіраецца падацца ў інстытут. Лабановіч таксама адчувае патрэбу ў ведах, але інстытут яго не вабіць. "Гэта тая ж самая казарма - семінарыя, розніца толькі ў тым, што інстытут канчаткова заб'е ўсё яшчэ больш-менш жывое ў нашай душы, чаго не забіла семінарыя, і з настаўніка зробіць сухога кашчэя-чыноўніка", - гаворыць ён сябру, упершыню ў глыбі душы адчуўшы быццам нейкую непрыязнасць да яго.
Зайшоўшы па вяртанні ў Цельшына да пана падлоўчага, Лабановіч прыкмеціў, што Ядвіся ім вельмі цікавіцца. "Яе акрутлыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўта, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца..." Разам з тым настаўнік адчуваў страх перад каханнем. Ён баяўся, што гэтым звяжа сябе. "Яго цягнула вольная праца ў невядомых прасторах людскога жыцця, яму хацелася пашырыць свой кругагляд..." А вобраз Ядвісі стаяў у вачах і нібы смяяўся з яго разважанняў.
Ад старожкі бабкі Мар'і Лабановіч ведаў сямейнае жыццё свайго суседа пана падлоўчага. Першая жонка яго памерла, пакінуўшы дзвюх дачок і сына. У сям'і пан падлоўчы быў жорсткім чалавекам, біў і першую, і другую жонку. Сваёй запалоханасцю, пакорлівасцю лёсу пані падлоўчая выклікала ў Лабановіча і шкадаванне, і непавагу.
Настаўнік Саханюк прыязджае ў Цельшына "збіраць гарцы" (сяляне, чые дзеці вучыліся ў школе, даплачвалі настаўніку за працу збожжам). Пастанова была прынята ў той час, калі ў Целыныне не было школы, аднак Саханюк лічыць законнымі ўласныя дзеянні. Лабановіч рашуча адстойвае свае правы.
Кароткі змест:
Ядвіся з Габрынькай ад'язджаюць на некалькі тыдняў да бацькавых сваякоў на Гродзеншчыну.
Лабановічу здаецца, што ён, працуючы толькі з дзецьмі, робіць не ўсё, што можа і павінен рабіць як інтэлігент і патрыёт свайго краю. Настаўнік збірае зімовымі вечарамі ў школе дарослых, чытае ім лекцыі. Аднак асветніцкая дзейнасць Лабановіча палешукоў не зацікавіла. 3 кожным разам іх прыходзіла ў школу ўсё менш.
У вольныя часіны, а доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі Лабановіч іх меў нямала, ён любіў хадзіць ваколіцамі Цельшына. Аднойчы ён убачыў лёгкія прыгожыя сані, у якіх сядзела маладая паненка. Настаўнік здагадаўся, што гэта панна Людміла, пра якую нямала чуў, "тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры". Панну Людмілу Лабановіч сустрэў на наступны дзень на вечарыне ў валаснога пісара. Дзяўчыну зацікавіў цельшынскі настаўнік. У гасцях Лабановіч лішне выпіў і Саханюк, ратуючы рэпутацыю калегі, завёў яго ў самы разгар вяселля дамоў.
Ядвіся крадком прынесла ў пакой настаўніка вясновыя кветкі. Лабановіч загадаў дзецям пасля абеду прыйсці ў школу з рыдлёўкамі. Ён вырашыў абсадзіць будынак школы дрэўцамі. Доўга шукаў у лесе маладую грушку, каб пасадзіць яе на памяць аб Ядвісі. Падпільнаваўшы дзяўчыну, паклікаў на школьны двор. Паказаў дрэўца, пасаджанае дзеля яе. Ядвіся засмяялася і паабяцала яго вырваць, бо грушка такая ж калючая і дзікая, як і яна.
На Вялікдзень пан падлоўчы запрасіў настаўніка да сябе. Былі там і іншыя госці, сярод іх панна Людміла з братам.
Лабановіч пасля свята рыхтуе вучняў да экзаменаў. Даведваецца, што Ядвіся, калі не назаўсёды, то надоўга пакідае Цельшына. "Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як бы ўжо расчыняецца нейкая пустота..." Паведаміла пра гэта бабка Мар'я,Лабановіч ідзе да Ядвісі даведацца, ці праўда гэта. Просіць дзяўчыну дачакацца яго з экзамена. На развітанне Ядвіся дазваляе сябе пацалаваць.
Інспектар Хрысціцкі прымае экзамены. Вучні пішуць дыктоўку, пераказ, рашаюць пісьмова задачы, потым ідуць іспыты вусна. Лабановічавы вучні былі сярод лепшых.
Ядвіся пры сустрэчы з настаўнікам ведала, што больш яго не ўбачыць. Апошні вечар дома, цёмныя вокны кватэры настаўніка - ад гэтага дзяўчыне тужліва і сумна. Яна ідзе развітацца з бабкай-старожкай, якая не раз падтрымлівала яе добрым спагадным словам. Бабка Мар'я гаворыць, што паніч, настаўнік, кахае Ядвісю, просіць напісаць настаўніку пісьмо. Ядвіся адмаўляецца.
Дзяўчына ў апошні раз заходзіць у пакой Лабановіча, на двары шукае грушку і хоча яе вырваць. Дрэўца не даецца, тады абламвае самы вяршок. Хоча сказаць гэтым, што яна злая і нядобрая.
Ядвіся сама рашыла, што гэта яе апошні вечар, сама спыніла сваё шчасце. "Не, няхай яно будзе лепш недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута", - гаворыць свайму сэрцу дзяўчына.
Лабановіч спяшаецца ў вёску. Старожка паведамляе, што Ядвіся ўчора паехала. Настаўнік адчувае страшэнную адзіноту, ён так многа хацеў сказаць дзяўчыне. У парыве сваіх пачуццяў піша пісьмо, але пасылаць яго няма куды. Выйшаўшы на двор, настаўнік заўважыў знявечаную грушку, яшчэ большы жаль ахапіў яго.
Складваючы кнігі, Лабановіч знайшоў запіску ад яе. Ядвіся развітвалася, пісала, што пакідаць вёску, калі б тут быў ён, ёй было б яшчэ цяжэй. Запіска без адраса, дзяўчына нават не падпісалася.
Назаўтра Лабановіч напісаў прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу.
Вечарам, праводзячы настаўніка, бабка-старожка заплакала.
Кніга другая.
У глыбі палесся
Частка першая.
На Бацькаўшчыне
Едучы на фурманцы да станцыі, Лабановіч апошні раз аглядае Цельшына. Без Ядвісі ўсё там паблекла і замерла.
Цягнік вязе Лабановіча на радзіму. У мястэчку на станцыі ён сустрэў земляка-аднакашніка Алеся Садовіча. Сябры вырашылі зайсці ў Панямонь.
Калега Тарас Іванавіч Шырокі перастрэў маладых настаўнікаў на ганку фельчарскага пункта, запрасіў да сябе на абед. Потым прапанаваў хлопцам застацца, пагасціць.
У кватэру Шырокага пачала збірацца панямонская інтэлігенцыя - настаўнікі, фельчар, валасны старшыня, дзяк, памочнік пісара і іншыя, усе заядлыя карцёжнікі. Садовіч і Лабановіч спачатку назіраюць за гульнёй, але з часам садзяцца за стол і яны. "Лабановіч прыглядаецца да ігракоў. Нялюдскія цяпер у іх твары: драпежніцкія, прагавітыя, закураныя пылам і дымам. Твар у Тамары Аляксееўны асунуўся, яна як бы пастарэла".
Сябры пакінулі Шырокага з яго кампаніяй не развітаўшыся. "У іх кішэнях была пустэля, у галаве - малатарня, уваччу мітусіліся розныя фігуры карт, а на душы... кошкі скробалі". Хлопцы шкадуюць патрачанага ўпустую часу, прайграных грошай, называюць сябе "бязвольнікамі, людзьмі без цвёрдага грунту". Невясёлыя думкі разганяе прыгажосць летняга ранку.
Навіны хатняга жыцця невясёлыя. Зямля пустая, не родзіць, арэндную плату ўзнялі. Лабановіч папракае сябе, што нічым пакуль не дапамог сям'і, хоць і памагчы было цяжка, бо плацілі за настаўніцкую працу мала. Вырашае, атрымаўшы грошы за апошнія месяцы, двадцаць рублёў аддаць на гаспадарку.
Усё лета Лабановіч жыў дома, аднак увесь час адчуваў своеасаблівасць свайго становішча ў сям'і: "як ён ні стараўся сцерці ўсякія граніцы паміж сабою і роднымі і цалкам зліцца з імі... яму гэта ніяк не ўдавалася".
Лабановіч прапануе дзядзьку палепшыць зямлю, нацягаўшы на поле з нізіны торфу. Дзядзька быццам і пагаджаецца з пляменнікам, але знаходзіць важкія адгаворкі: працы шмат, зямля не свая і інш.
Лабановіч хоча арганізаваць вяскоўцаў і паправіць грэблю. Калегі-настаўнікі нават не захацелі выслухаць Лабановіча. Сяляне, выслухаўшы, пагадзіліся, што добра было б зрабіць гэта, ды нічога не атрымаецца, людзі не пойдуць працаваць, вось каб начальства загадала.
Гледзячы, як жывуць аднавяскоўцы, слухаючы нараканні дзядзькі Марціна на ўціск і несправядлівасць, былы семінарыст ніяк не мог пагадзіць рэальнае жыццё з усім тым, што ўбівалася ў іх галовы ў час вучобы. Там вучылі, што царскі ўрад і цар клапоціцца аб народзе. Гэтыя ідэі праводзіў праз школу і сам Лабановіч.
Пісьма ад Ядвісі, якога так прагна чакаў малады настаўнік, не было. Ён атрымаў новае назначэнне, у Выганаўскую школу.
У Садовіча застаў яшчэ аднаго аднакашніка, Янку Тукалу, які быў кінуўся ў рэлігію, але не знайшоў там праўды. Лабановічу падабаецца незаспакоенасць Тукалы, тое, што ён не стаіць на месцы, мітусіцца, шукае праўды. "Няхай мы - тыя дрэвы ў полі, што стаяць пад ветрам, няхай нахіляюцца галіны ў той бок, куды дзьме вецер... Аднак здаровае моцнае дрэва будзе стаяць роўна, а галіны яго нахіляцца ў той бок, адкуль свеціць сонца. Штука ж уся ў тым, як намацаць галінамі гэтае сонца", - гаворыць ён сябру.
Хлопцы дамаўляюцца не губляцца, пісаць адзін аднаму лісты. Садовіч і Тукала застаюцца працаваць у родных мясцінах, Лабановіч ад'язджае на Палессе.