Смекни!
smekni.com

Новая зямля (стр. 1 из 2)

Кароткі змест:

Раздзел I "Леснікова пасада". Ён пачынаецца лірычным адступленнем, у якім аўтар гаворыць пра сваю любоў да малой радзімы. Далей ідзе апісанне прыроды, што акружае леснікову пасаду, і апісанне самой пасады. Аўтар у раздзеле не аднойчы падкрэслівае, што ён вяртаецца ў мінулае:
Мой родны кут, лугі, крыніца!
Цяпер для вас я - чужаніца.
Той самы лес, палеткі тыя,
Ды людзі там жывуць другія.
Мне душу смуткам напаўняе
Што ў прошласць канулі гадочкі...
Раздзел II "Раніца ў нядзельку". Пісьменнік паказвае летні святочны ранак. Гаспадар Міхал ўсёроўна ішоў у лес, дзядзька Антоні, заўзяты рыбак, "хадзіў на Нёман ці на тоні". Уладзя пасвіў кароў, у маці было поўна клопату на гаспадарцы. Познім ранкам уся сям'я збіралася на сняданне.
Раздзел III "За сталом". Паказваецца, як праходзіў сняданак у сям'і, які парадак панаваў за сталом, хоць сямейка была не малая:
Чатыры хлопцы, тры дзяўчаці
Ды бацька з дзядзькам, трэцця маці;
I кожны месца сваё мае.
Калі сям'я паснедала, бацька распачаў гаворку, што за зямля прадаецца каля Заблоння.
Даўно ўжо бацька жыў думою
Разжыцца ўласнаю зямлёю
I не належаць ні да кога,
Не знаць начальства ніякога.
I зямля, і месца, як апісвае Міхал, цудоўныя. Міхал згадвае сваю службу, ліхога начальніка ("Ці ж чалавек ён? азіят, душа зацятая, ліхая, такіх паноў і свет не знае"). Дзядзька Антось, маці добра разумеюць, "што тут жывеш дачасу", што ў любы момант лесніка могуць адправіць у іншае месца, дзе трэба абжывацца наноў.
Раздзел IV "На першай гаспадарцы". Браты Антось і Міхал мяркуюць, дзе ўзяць грошай для пакупкі зямлі. Ганна, маці, выказвае сумненні ("Няпэўна ўсё і невядома, дык больш пільнуйцеся вы дому!"). Антось прапаноўвае выбраць часіну і "агледзець... як мае быць Заблонне тое").
Аўтар знаёміць з палясоўшчыкам Міхалам, якога "ўся воласць наша знала", нават сам князь "не раз з Міхалам меў размову". За верную службу ў вёсцы лесніка любілі мала.
Стары ляснічы па-сваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усюды небараку,
Як бы скаціну тую нему.
Міхал, ажаніўшыся, аддзяліўся ад бацькі і пайшоў на службу. Ляснічы выдзеліў месца Міхалавай сям'і "ў страшнай дзічы... дзе рос сівец ды пырнік густа". На дапамогу брату прыйшоў Антось, які ўзваліў на сябе амаль увесь сялянскі клопат. Праз нейкі час:
У тым кутку, глухім і дзікім,
Стараннем дзядзькавым вялікім
I цяжкай працай хлебароба
... Ўсё зацвіло, загаманіла...
Але праз пяць гадоў сям'і лесніка было прапанавана іншае месца.

Кароткі змест:

Раздзел V "Пярэбары". Па вясне сям'я Міхала перабіраецца ў Парэчча. Там ляснічаму спатрэбіўся добры чалавек, "а не гультай які, нязграба". Дапамагаюць перавезці рэчы сваякі:
Ўсе варушыліся, снавалі,
Як бы мурашнік раскапалі -
Такая тут была трывога.
Раздзел VI "Каля зямлянкі".
На першы погляд нецікава
Парэчча тое выглядала...
Прыгрэбнік, хата - ўсё дачыста
Казала ясна, галасіста,
Аб непарадку, запусценні,
Аб гаспадарчым нерадзенні.
Зайшоўшы ў хату, Ганна залілася слязьмі: "Было так цёмна, непрытульна, ў гразі-балоце ўсё агульна". Аднак тыдні праз тры Парэчча быццам памаладзела, Новыя жыхары пачалі наводзіць парадак. Праз год "згарэла хата з варыўнёю і ўвесь набытак, што быў ў дому". На пажарышчы з'явілася зямлянка.
Раздзел VII "Дзядзька-кухар".
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, суддзёю...
Аўтар расказвае пра сяброўства лесніковых дзяцей з дзядзькам Антосем.
Усе гуртам ідуць у лес за бярозавікам. Дзядзька вырашыў здзівіць пляменнікаў новымі прысмакамі - клёцкамі з бярозавым сокам. Аднак нічога добрага ў дзядзькі-кухара не атрымалася.
Раздзел VIII "Смерць ляснічага".
Ксавэры прыносіць у зямлянку навіну, што памёр стары ляснічы. Міхал і аб'ездчык памінаюць ляснічага добрым словам:
Быў чалавек ён справядлівы,
Не фанабэрысты, праўдзівы!
Гадаючы, хто стане на месца ляснічага, Міхал упершыню падумаў- "купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут".
Усе леснікі сабраліся на панскім двары, каб выправіць у апошнюю дарогу ляснічага. Пасля пахавання трапілі ў карчму, да "цёткі" Хрумы.
Раздзел IX "Новы ляснічы". Антось арэ запушчанае ранейшым гаспадаром поле, будзіць пляменнікаў-пастушкоў, якіх маці пашкадавала падымаць з сонцам. Браты за снеданнем абмяркоўваюць кандыдатуру на пасаду ляснічага. Зноў гаворка пераходзіць да набалелага: "Дабра ніколі не прыдбаем, пакуль свайго кутка не маем", - упэўнены Міхал. Антось і Ганна разважаюць практычна: "Тут грошай трэба поўна жменя - не наша голая кішэня".
Сям'я перабіраецца з зямлянкі ў новую хату. Становіцца вядомым, што ляснічым стаў пан Ракоўскі. Міхал пра яго чуў:
Лядачы нораў, лае цяжка,
Яшчэ і звычай такі мае,
Што з кулакамі налятае.
У час першай сустрэчы новы ляснічы выказаў незадаволенасць Міхалавай службай.
Раздзел X "На панскай службе". Новы ляснічы прысылае загад Міхалу налавіць рыбы і завезці ў Нясвіж, а Антосю "ісці да адбору".
Спакою Міхал на службе не знае, "то дуб ссякуць, бярозку зваляць... або патравяць сенажаці". Акрамя догляду за лесам у абавязак Міхала ўваходзіла многае іншае, патрэбнае непасрэдна пану ("То пастуха згадзі, служанку... касцоў наймай і жней..."). Але ляснічы ўсё роўна знойдзе зачэпку, каб аблаяць. Нахабства новага ляснічага вывела з сябе нават Ганну. Яна раіць мужу "часам агрызнуцца", выгаворвае, што не спіць, не есць, у лесе днюе і начуе - так дбайна служыць.
Пан пачаў лаяць на чым свет Міхала, пагражаць выгааць.
Міхал маўчаў, ды нечакана
Ён сам як рушыцца на пана!..
Ляснічы зразу ўзад падаўся.
- Чаго пан гэтак раскрычаўся?
Завошта пан мяне так лае?
Згарыць яна няхай такая
I служба гэта, і пасада,
I гэта крыўда, й гэта здрада,
I гэта панская адплата!.

Раздзел XI "Дзедаў човен". Жонка падтрымала мужа, але Міхал пабойваўся, каб пан не прагнаў са службы. Аднак пан пасля сутычкі быццам паспакайнеў ("Нават з ім была размова, і гаварыць з сабой даваўся...").
Дзядзьку Антосю дзед Юрка, таксама рыбак, падарыў човен. Але ў першы ж выхад на ваду човен урэзаўся ў дрэва і раскалоўся, Антось зваліўся ў рэчку.
Раздзел XII "Сесія". Прыгожы панскі дом, дзе збіраліся на нарады леснікі і аб'ездчыкі, "на Міхася глядзеў астрогам, бо тут, апроч тае знявагі... у стражнікоўскім сваім лёсе нічога ведаць не прыйшлося". Аўтар паказвае стасункі паміж леснікамі і аб'ездчыкамі, грубыя, зняважлівыя "разносы" пана ляснічага.
Раздзел XIII "Падгляд пчол". Парэчча стала абжытым кутом. Дзядзька Антось узяўся за новую навуку - пчалярства. Запрошаны пасля Спаса сваякі на падгляд пчол.
Гудуць пакрыўджаныя пчолкі,
Бы плачуць, бедныя саколкі,
Што праца іх неспадзявана
Людскою хцівасцю забрана.
Пасля таго, як мёд падзелены паміж кумамі, усе садзяцца за стол адзначыць сустрэчу. Пачынаюцца песні і танцы.
Раздзел XIV "Дарэктар". Паэтычнае апісанне восені:
...На ніцях белай павуціны
Прывозяць восень павучкі.
Яе красёнцы, чаўначкі
У моры лесу мільгатнулі
I лісце ў багру апранулі...
Дарослыя раяцца, як быць з навучаннем дзяцей. Вырашаюць узяць дарэктара, Базылёва Яську. Праз нейкі час хлопчыка прывозяць у Парэчча:
А сам дарэктар, з вузел ростам,
У сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі...
Не ведалі на пачатку і хлопцы, як з ім паводзіць сябе. Але хутка разгаварыліся і пасябравалі.
Раздзел XV "Начаткі". Бацька дае наказ хлопцам брацца за навуку, а дарэктару трымацца з імі строга. Хутка, на радасць вучням, высветлілася, што "дарэктар выдаўся мяркоўны". У Алеся не ідзе закон Божы і ён вырашыў парваць "начаткі", але так, каб падумалі на катоў. Толькі к вечару бацька прынёс новую кнігу. Алесь падбівае Костуся схаваць "начаткі" ў снег. Калі той адмовіўся, схаваў сам. На гэты раз бацька ўзяўся за папругу.
Раздзел XVI "Вечарамі". Пасля заняткаў дзеці коўзаюцца на лёдзе, ідуць гуртам у гумно да дзядзькі. Антось вучыць іх малаціць. Вечарам усе дома. Антось, Міхал, Ганна пачынаюць успамінаць розныя здарэнні, якія з цікавасцю слухаюць дзеці.
Раздзел XVII "Воўк". У будні сям'я ўставала рана. Маці садзілася за кудзелю, мужчыны "ў сваю работу запрагаліся". Гаспадарам дапамагаў у працы дарэктар.
Міхал выпраўляецца ў абход. Пільна аглядаючы лес, ён у думках - на сваёй зямлі і ў сваёй хатцы. Раптам заўважае ваўка, які бажыць аднекуль з сяла. Міхал здымае з плеч дубальтоўку. Аднак воўк праваліўся ў палонку. Нейкі час змагаецца з плынню, хоча выбрацца на лёд, ды гэта яму не ўдаецца.
Раздзел XVIII "Зіма ў Парэччы". На пачатку - аўтарскае адступленне - разважанне пра лёс роднага краю.
Дзядзька Антось з Костусем ловяць тхара. Аднойчы ў свята дзядзька рыхтуе паляванне, загадвае хлопцам нарабіць у лесе шуму, каб зайцам задаць страху.
Прачнуўся лес ад бразгатання,
Ад таго шуму палявання:
I крык, і лямант захаплення,
Гудзе лес зверху да карэння.
Але паляўнічыя не ўбачылі ніводнага зайца.
Раздзел XIX "На рэчцы". Аўтар паказвае захапленне Костуся прыродай, адкрытасць яго душы прыгажосці свету.
Раздзел XX "Каляды". Леснікова сям'я чакае галоўнага зімовага свята - каляд. Антось з пляменнікам ходзіць на рэчку, дзе стаяць яго загарады.
Гатуецца вячэра, усе "прыбралісь і памылісь". Наступае калядны вечар. Па традыцыі на стол кладуць сена, якім пасля кормяць усю хатнюю жыўнасць. Гадаюць па зерню, "які зародзіць хлеб налета".
Раздзел XXI "Таемныя гукі". Дзяцей цікавяць таемныя гукі, якімі поўніцца прырода зімой:
Стаіш і ловіш зыкі тыя,
А луг трашчыць, гудзе і вые;
То рэзкі трэск там панясецца...
Не то сякера мерна чэша,
Не то хтось кашляе ці брэша...
Растлумачыць іх хлопчыкі не могуць, дарэктар напалоханы таемным найбольш. Урэшце меншыя здагадаліся, што так трашчыць лёд на марозе. Бацька тлумачыць, чаму ён трашчыць. Костусь задае пытанне, што гэта за зоркі, якія падаюць знічкай, куды яны дзяюцца. Антось і Міхал адказаць не могуць. Тлумачыць Ганна, звязваючы чалавечае жыццё з зоркай.