Кніга першая
Выйсце крыніц
Раман пачынаецца з апісання грушы, усыпанай да апошняга пруціка “бурным бела-ружовым цветам”. Але гэта магутная прыгажуня цвіла апошні год. Да яе спакваля падбіраўся Дняпро.
У Азярышчы ў сялянскай сям'і Кагутоў пяць гадоў жыве сын князя Загорскага Алесь. “Каб ведалі, як даецца зямля, каб не бэсціліся на сабаку. Аддавалі, бывала, як толькі чатыры дзіцяці. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусім не дапамагалі хлопскай сям'і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор - даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з'еў, і дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькі малому, выхоўвалі яго, розуму вучылі”, -тлумачыць унукам старажытны беларускі звычай стары Кагут.
Хутка Алеся павінны забраць да бацькоў. Дзед спявае ўнукам, а найперш маладому княжычу, “таемную песню” пра белае жарабя. Хлопчык узрушаны. Ён не хоча вяртацца ў маёнтак. Дзед жорстка супыняе Алеся: “Мужыком будзеш? Не, брат, ад гэтага нам карысці мала. Ды і табе. Ты лепей добры да ўсіх будзь, хлопча”.
Апошні раз Алесь выпраўляецца з хлопцамі ў начное і сустракае там Чорнага Войну.
Хлопчык не пазнаў маці і бацьку, забыўся замежныя мовы, якім вучылі яго з першых месяцаў жыцця. У пакоях ён выглядае няўклюдна, як мядзведзяня. Князь Юры Загорскі просіць прабачэння ў жонкі. На “дзядзькаванні” Алеся стары Вежа, бацька Юрыя, не настойваў, у сялянскую сям'ю адправіў сына ён сам, бо “хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлі, хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькі розумам, а і целам”.
Пасля снедання бацька паказвае сыну гаспадарку - канюшні, псарню. Алесь выбірае для сябе коней і сабаку. Князь Юры гаворыць, колькімі душамі ён будзе валодаць, калі стане дарослым. Сыну гэта зусім не трэба.
Алеся вучаць размаўляць па-нямецку і па-французску, вучаць латыні, матэматыцы, гісторыі, рыторыцы, прыгожаму пісьменству. Потым - гадзіна танцаў, гадзіна верхавой язды. “Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволіла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні”.
Настаў дзень “пострыгу”, калі Алесь уступаў у дарослае жыццё. Князь Юры шчодра заплаціў сям'і Кагутоў за Алесева выхаванне. Потым пасадзіў сына на Ургу і павёў вакол маёнтка. “Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
- Гэта тваё, - сказаў ён. - Твая зямля і тваё неба... I адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць”.
Князь Юры паказаў Алесю паганскае капішча, расказаў яго гісторыю, павёў у магільню Загорскіх. Пастрыжным братам Алеся быў Мсціслаў Маеўскі. Хлопцы адзін аднаму спадабаліся. “Пастрыгалі ў мужы, каб... быў незалежны з моцнымі, братні - з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі”.
На свята да Загорскіх з' язджаецца шляхта з усёй ваколіцы. Не з'явіўся аднак стары Вежы, - замест сябе прыслаў свайго малочнага брата Кандраці. 3 усіх гасцей Алесь вылучыў пані Клейну, якая гаварыла на “мужыцкай” мове і знарок шакіравала шляхту, і Раўбіча. 3 Раўбічам было звязана шмат таемнага, незразумелага, яшчэ калі жыў у Кагутоў.
Паміж дарослых былі і равеснікі Алеся, маладзейшыя за яго падлеткі Ядзя, дачка Клейны, Франц і Майка Раўбічы... Алесю з першай сустрэчы запала ў сэрца Майка.
Жандармскі паручнік Апалон Мусатаў адшукаў сярод гасцей Загорскіх віцэ-губернатара Ісленьева і паведаміў, што ў адной з вёсак Кроера бунт, давялося страляць і ёсць параненыя. Ісленьеў раззлаваны, што не абышлося без крыві. Са згоды Загорскіх пасылае ў вёску ўрача.
Граф Ісленьеў у маладосці быў дзекабрыстам. У размове з Юрыем Загорскім ён згадвае Мураўёва, які “ніяк не можа забыць грахі маладосці”, адмовіўся ад ідэалаў юнацтва.
Кроер быў панам-самадурам, прапіваў-прагульваў багацце бацькоў. Прыгонныя нейкі час маўкліва цярпелі “свавольствы” пана: прыбавіў трэці дзень паншчыны, скараціў абед, павялічыў прынос палатна. Цярпенне скончылася, калі ён адмовіўся плаціць за агульны згон (працу звыш панскага дня). Сяляне патрабавалі “спрадвеку ўсталяванае”. Аканом пачаў пагражаць і кпіць з мужыкоў. Малады спакойны селянін Корчак шпурнуў у аканома вілы, яны ўпіліся ў зямлю каля самых ног. Аканом кінуўся шукаць дапамогі, а сяляне пайшлі паліць панскія сцірты і мэндлікі.
Мусатаў прывёў вартаўнікоў-татар. Паручнік хацеў праславіцца, утаймаваўшы сялянскі бунт. Аднак ён бязглуздымі пагрозамі яшчэ больш распаліў гнеў людзей. Вартаўнікі пачалі страляць, параненым аказаўся і Корчак. Сваякі ўратавалі Корчака, схаваўшы ад арышту, і вылечылі яго. Селяніна лічылі зачыншчыкам бунту, вяртацца ў вёску яму было нелыа. У душы Корчака нараджаецца вялікая нянавісць да багатых.
Да Раўбіча з'яўляецца Чорны Война, удзельнік паўстання 1831 года. За ім палюе Мусатаў, іншыя жандармы, але ён то ў адным, то ў другім месцы нагадвае пра сябе. “...Я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда!.. Яны думаюць, што задушылі паўстанне, а яно жыве, дваццаць год гучаць яго стрэлы”.
Дзед Даніла Вежа Загорскі запрашае да сябе Алеся, каб пазнаёміць з уладаннямі, якія будуць яму належыць пасля смерці дзеда. Алесь ехаць не хоча, яго абразілі пры хамаці і капрызы старога, нежаданне бачыць людзей, якое ён не хаваў. Князь Юры, схітраваўшы, угаварыў сына ехаць.
Адбываецца няпростае знаёмства ўнука і дзеда. Нечакана стары і малады Загорскія спадабаліся адзін другому. Алесь застаецца запісваць думкі дзеда “Аб уладах зямных і незямных”, глядзіць спектаклі ў тэатры старога Вежы. Даніла абяцае ўнуку пасля сваёй смерці даць вольную ўсім акцёрам, а маладой, самай таленавітай актрысе падпісвае вольную цяпер. “Дзед, зведаўшы ўнука за гэтыя дні, цяпер жахнуўся, што мог адштурхнуць яго ў першы ж дзень. Усе свае рысы, усе рысы людзей, якіх ён паважаў, ён прадчуваў у гэтым чалавеку. Вежа бачыў ва ўнуку самога сябе, толькі нязмерна палепшанага...”
Даніла Загорскі, яго бацька Акім Загорскі былі людзьмі выключнымі. Акім пакарыў сэрца імператрыцы Кацярыны Вялікай. Пражыў ён крыху больш пяцідзесяці гадоў. Даніла люта ўзненавідзеў царкву і яе служкаў, якія прычыніліся да смерці жонкі, не паважаў улады, а заадно і шляхту за прыстасавальніцтва, адсутнасць гонару. Сына Юрыя ён лічыў лёгкадумным і спешчаным. Дачку, якая без яго згоды абвянчалася з афіцэрам і ўцякла, спачатку вярнуў дамоў, наступам узяўшы манастыр, дзе яна хавалася з мужам, даў багатае прыданае і загадаў не паказвацца яму на вочы.
Бацька і маці ўзрадаваліся, што дзед Даніла і Алесь зблізіліся.
Сустрэўшы на паляванні Яраша Раўбіча, Юры Загорскі папярэдзіў, што наваколле гудзе пра Раўбічава чарадзейства, што зацікавіўся ім паручнік Мусатаў. Потым, гледзячы прама ў вочы суседу, дадаў: “Дваранскі закалат (паўстанне) - страшная штука... Трэба быць высакародным і памятаць, што імя нашаму вылюдку - Мікалай, што гверылья (змова) скончылася гулам гармат, што франдзёрства і распушчаны язык скончыцца толькі... горам для няшчаснага краю”. Раўбіч наказаў Загорскаму абавязкова быць на губернскім з'ездзе дваранства.
На з'ездзе група дваран выступіла з прапановай “изьявить готовность отказаться от крепостного права над людьми...” Кроер захлынаўся злосцю, называў аўтараў прапановы “мужыцкімі дабрадзеямі”, “якабінцамі”. Большасцю галасоў з'езд прапанову не прыняў. Стары Вежа ўпікнуў сына, што галасаванне трэба было рыхтаваць загадзя. Ён бы прывёў дробную шляхту, “у якой ёсць галасы, але няма мужыкоў, няма нават грошай, каб паехаць у губерню”.