Смекни!
smekni.com

Каласы пад сярпом тваім (стр. 3 из 3)

Кніга другая
Сякера пры дрэве

У час святкавання каляд Кандрат Кагут паведаміў Алесю, што мужыкі спалілі Кроеравы сцірты, падбухторыў іх Корчак, які ўцёк з катаргі. Дзеці і жонка Корчака з торбамі пайшлі ў свет - аднавяскоўцы на сходзе забралі ў сям'і палову зямлі.
Прыдняпроўе жыве ў чаканні змен. “Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імнератара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе “паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян”.
Пра Алеся і Майку Раўбіч Мішка Якубовіч і Ілля Хаданскі распускаюць плёткі. Хаданскім кіруе рэўнасць, бо дачка Раўбіча яму падабаецца. Якубовіч выклікае Загорскага на дуэль - Загорскі, абараняючы гонар дзяўчыны, уляпіў яму поўху. Дуэль, аднак, не адбылася. Шматлікія крэдыторы Якубовіча, дачуўшыся пра яе, падалі да неадкладнага спагнання свае векселі. Але плёткі не сціхлі; шушукаліся пра сувязь маладога Загорскага з актрысай Геленай Карыцкай, якой Вежа раптам даў вольную. Раўбічы, па просьбе Майкі, перасталі прымаць Алеся Загорскага.
Алесь выступае ў дваранскім клубе з прамовай, яго аднагалосна прымаюць у члены клуба, хоць да прамовы паставіліся па-рознаму.
Мсціслаў паведаміў Алесю, што праз месяц адбудуцца чыны Міхаліны Раўбіч з Хаданскім.
У велікодную ноч Майка адмовіла Алесю ў пацалунку.
Такое рабілі толькі, калі між людзьмі ляжала кроў сваяка, блізкага сваяка, або самага лепшага друга”. Алесь вырашыў не помсціць за абразу.
Міхаліне там, у царкве, стала дрэнна. Бацька, даведаўшы пра тое, што адбылося, чакаў выкліку на дуэль. Яго не было і тады пан Яраш з Францам расцанілі гэта як “помсту пагардай”.
Алесь заняўся справамі гаспадаркі, каб неяк прыглушыць душэўны боль. Салаўінай ноччу Алеся ў садзе адшукала Гелена, запрасіла да сябе ў пакой. Яна даўно пакахала маладзейшага за сябе Загорскага і адчувала, як яму цяпер дрэнна. Сваім каханнем Гелена вяртала Алеся да жыцця. I тут жа ўзяла ў яго слова, што ён больш ніколі но будзе з ёй.
Корчак збірае сялян, каб помсціць. Аднак за ім ідуць не вельмі ахвотна, чакаюць царскага маніфеста. 3 самымі надзейнымі ён абгаворвае план канкрэтных дзеянняў. За Загорскіх рашуча заступаецца Кандрат Когут. Але ён, помсцячы за Алесевы крыўды, называе Раўбіча, гаворыць, што ў таго ёсць зброя.
Алесь атрымаў ліст ад Кастуся Каліноўскага. Каліноўскі раіў аднавіць сувязь з членамі “Чартапалоху і шыпшыны”, шукаць надзейных людзей. Загорскі гаворыць Гелене, што хоча быць з ёй, шкадуе яе. Актрыса прызнаецца, што чакае дзіця. Малады князь хоча зараз жа ісці да дзеда, потым да бацькоў. Гелена спыняе яго, гаворыць пра яго каханне да Майкі. Яна збіраецца пакінуць маёнтак Вежы, бо запрашаюць у губернскі тэатр. Загорскі просіць застацца тут да нараджэння дзіцяці.
Гелена ідзе да Міхаліны Раўбіч і прымушае яе памірыцца з Загорскім. Яны сустрэліся ў карціннай галерэі. Майка, душачыся слязьмі, расказвае пра візіт Гелены Карыцкай, просіць Алеся дараваць ёй.
Загорскі едзе ў Пецярбург вучыцца. У першы дзень у горадзе ён накіроўваецца да Каліноўскага, які з братам Віктарам жыве таксама тут. Алесь запрашае Каліноўскіх і іх сяброў да сябе на вячэру. Ён хоча матэрыяльна дапамагчы таварышам, адчуваючы перад імі няёмкасць за сваё багацце. Віктар Каліноўскі, захоплены гісторыяй, раіць Алесю вывучаць гуманітарныя навукі. “Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпарыруюць. Твая справа - пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх тых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла”.
Алесь расказвае Каліноўскаму пра “Братэрства”, якое не распалася, але справа па збору людзей ідзе цяжка. Ён думае, што ў Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя, “нехта рыхтуе вялікі закалат”. Каліноўскі знаёміць Загорскага з дзейнасцю тайнай пецярбургскай арганізацыі “Агул”. Алесь уваходзіць у склад асабліва давераных членаў “Агула”. Склад арганізацыі неаднародны і Каліноўскі прадбачыць магчымы раскол, бо члены яе па-рознаму ставяцца да лёсу Беларусі і Літвы. Сябрамі і паплечнікамі Каліноўскага з'яўляюцца Валеры Урублеўскі, Зігмунд Серакоўскі.

На каляды Алесь вяртаецца дамоў. Гелена нарадзіла блізнят. Малады Загорскі прызнаецца дзеду, што бацька народжаных хлопчыка і дзяўчынкі ён, расказвае, як Карыца дмовілася стаць яго жонкай. Вежа запрашае быць хроснымі бацькам і маці немаўлятам Юрыя Загорскага і Надзею Клейну.
Восенню Алесь Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў усе іспыты па гэтых дысцыплінах і абараніў кандыдацкія дысертацыі. Вялікую цікавасць сярод студэнтаў выклікала абарона гістарычнай дысертацыі “Сялянская вайна XVII стагоддзя на тэрыторыі Беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах родавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх “Кронік”. Алесь запісаўся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як і раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.
На адным з вечароў Алеся знаёмяць з Тарасам Шаўчэнкам. Загорскага сябры змушаюць чытаць у прысутнасці знакамітага Кабзара свае вершы.
Пасля наладжанай студэнтамі абструкцыі прафесару Руніну, даносчыку і цемрашалу, Загорскі пакідае універсітэт. Вярнуўшыся дамоў, ён заўважыў, як змяніўся бацька. “Скончана, брат, жыццё. Не так пражылі. Яшчэ год дваццаць самоты, а там і да пані Пясэцкай у ложак... Непатрэбна ўсе гэта нікому. Ні гэтыя рэформы, калі ўся гэтая механіка патрабуе молата, ні мая гэтая мітусяніна”, - гаворыць ён сыну. Ажываў Юры Загорскі толькі на паляванні. Але ў такія дні, як заўсёды, пакутавала Антаніда, жонка Загорскага, душа якой балела за ўсё жывое.
У наваколлі аб'явіўся мядзведзь, які без пары вылез з зімовай схованкі і шкодзіў людзям. У час аблавы на мядзведзя князь Юры загінуў.
Каб неяк адключыцца ад цяжкіх дум пра смерць бацькі, Алесь пачаў займацца гаспадарчымі справамі, узяўся за перабудову цукроўні. Ён замест паншчыны перавёў сваіх сялян на аброк.
Паўлюк Кагут прынёс страшную вестку, што Корчак з людзьмі пайшоў граміць Раўбіча. Алесь адзін з табуном коней паскакаў на дапамогу суседу. Падаспеў якраз у час.
Раўбіч не сказаў, дзе зброя, і Корчак загадаў забіць яго. Пачуўшы конскі тупат, бунтаўшчыкі пакінулі маёнтак, але Раўбіч не ўзрадаваўся выратаванню, ён не жадаў дапамогі Загорскага ні ў чым.
Пасля смерці мужа Антаніда Загорская перастала есці. Алесь даведаўся аб гэтым, калі маці паклікала яго, каб развітацца назаўжды. Гэта была яе ахвяра, яе выкуп чалавечай жорсткасці.
Алеся забраў да сябе пастрыжны дзядзька Басак-Яроцкі, каб юнак неяк звыкся са стратай самых блізкіх людзей. Дома і ў дзеда яму ўсё нагадвала пра бацьку і маці. Басак-Яроцкі быў удзельнікам вайны на Каўказе, сустракаўся з Лермантавым.
Са шляхты, якая па самых розных прычынах не прымала адмену прыгоннага права, складваецца “Ку-га”, прыдняпроўская мафія. Начальства на дзейнасць арганізацыі не звяртала ўвагі. Членамі “Ку-гі” былі Кроер, браты Таркайлы. Помсцячы “чырвонаму” Загорскаму, мафія знішчыла бурачную плантацыю. Забіла двух яго сялян. Адна з ахвяр “Ку-гі”, Стафан Кагут, пазнаў сярод забойцаў Таркайлу і паміраючы, наказаў Кандрату адпомсціць.
Знішчэнне “залатога” бурака, смерць Стафана Кагута былі апошнімі кроплямі, што мог вытрымаць малады князь. На яго наваліліся страшэнная стома і абыякавасць. Вежа склікае “сівую раду” Прыдняпроўя, у якую ўваходзілі самыя паважаныя і самыя старыя прадстаўнікі шляхты. Алеся лечаць “небам”. Праз нейкі час жыццёвыя сілы вярнуліся да юнака.
Даведаўшыся пра сувязь Таркайлаў з мафіяй, Вежа так пагаварыў з імі, што больш “Ку-га” нідзе не аб'яўлялася. Да таго ж аднаго з братоў забіў Кандрат Кагут.
Міхаліна Раўбіч паведаміла Алесю, што бацька прыспешвае з вяселлем. Загорскі выкраў нявесту і абвянчаўся з ёю ў царкве. Раўбіч узброіў сваіх прыхільнікаў, збіраючыся з боем забраць дачку назад. Спыняе ваенныя дзеянні Надзея Клейна і Эвеліна Раўбіч, маці Майкі. Майка вяртаецца дамоў, бо бацьку хапіў удар. Клейна абяцае сама прывесці Загорскаму яго нявесту, калі ўсё супакоіцца і ачуняе Яраш Раўбіч.
Алесь едзе ў Маскву, дзе сустракаецца з Кастусём Каліноўскім, Памірае Кроер.
Даведаўшыся аб патаемных спатканнях сястры з Загорскім, Франц Раўбіч выклікае Алеся на дуэль. Умовы дуэлі жорсткія. Вежа і Басак-Яроцкі рашылі пасля Алеся выклікаць на двубой Франца (калі Алесь будзе забіты) і Яраша Раўбіча. Загорскі напісаў запавет, па якому палова ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці перадавалася пасля яго смерці панам Маеўскаму і Каліноўскаму.
У час дуэлі Франц страляе ў Алеся, але прамахваецца, Загорскі страляе ўгору. Малады Раўбіч і Загорскі мірацца. Франц абяцае ўтаварыць бацьку пагадзіцца на шлюб дачкі з Алесем.
У цэрквах чытаюць царскі маніфест аб скасаванні прыгону. Графу Ісленьеву сорамна за народжанае ў Пецярбурзе “вызваленне”. Гледзячы на сумныя і суровыя твары, Алесь Загорскі думае: “Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як травы пад сярпом тваім, грубая сіла. Ну што ж, калі твая “неабходнасць” не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця - тым лепей. Тады па сваёй “неабходнасці” яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь. Гэта будзе скора...”
Вацлаў дзеліцца з братам радасцю, што пасля чытання маніфеста Раўбіч пасварыўся з Хаданскімі. Сказаў, што меў рацыю малады Загорскі, калі вызваліў ад прыгону сваіх сялян, “не чакаючы вынікаў гэтага рабунку”.
Памірае стары Даніла Кагут.
Корчак вядзе незадаволеных сялян шукаць у царкве “сапраўдную” царскую грамату. Загорскі, калі даведаўся пра гэта, скача спыніць несвоечасовы бунт. Ён спазніўся. Калі прыскакаў у Гарыпяцічы, ля царквы і на вуліцы ляжалі забітыя і параненыя. Загорскі загадвае знесці ўсіх у прастарнейшую хату, аказвае параненым, сялянам і людзям Корчака, медыцынскую дапамогу.
Алесю пагражае спачатку Корчак, потым Мусатаў. Аднак Загорскі вывеў з-пад удару людзей. Ён едзе дамоў, пад “хатні арышт”, які, трывожачыся за князя, наклаў на яго Ісленьеў.
Пакуль спее паўстанне, Алесь Загорскі вылівае свае думкі пра волю і шчасце народа вершамі.