Смекни!
smekni.com

Людзі на балоце (стр. 2 из 3)

Раздзел трэці

Міканор з нецярплівасцю чакаў, калі можна будзе вывесці куранёўцаў на будаўніцтва грэблі. Цёплым майскім днём ён выбраўся ў Алешнікі. Зайшоў на пошту, куранёўцы тры месяцы былі адрэзаны ад усяго свету. Сустрэўся з Апейкам, з сакратаром партячэйкі Гайлісам. Апейка абяцаў прасачыць, каб Алешнікі выйшлі на будаўніцтва ў адзін дзень з Куранямі.
Міканор зноў хадзіў па хатах, збіраў куранёўцаў на грэблю. Пасварыўся з Васілём, у якога «тут работы — па горла».
Куранёўцы збіраліся доўга і неахвотна. Міканор размеркаваў абавязкі. Узяўся капаць канаву сам — «рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі». Але хутка яго адправілі наверх, каб увесь час людзей бачыць. Калі адпачывалі, Міканор адчуў, што настрой у людзей змяніўся, нешта ў іх скранулася. «I нашы куранёўцы не горай за другіх», — плылі думкі ў Міканора.
Амаль два тыдні дзень у дзень збіраліся куранёўцы на грэблі. Але падступіла касавіца і работа спынілася.

Раздзел чацвёрты

Ішоў жнівень. Амаль ва ўсіх куранёўцаў жыта не ўрадзіла. «Чэзлыя, рэдкія бабкі, што нядружна ўставалі пад сумныя, падобныя на ціхае галашэнне песні жанок-жней, былі як страшныя знакі марнасці, няспраўджанасці чалавечых надзей». Ганна жала разам з мачыхай. На сваёй палосцы шчыраваў Васіль з маці.
Глушакі звозілі збожжа, у іх яно ўрадзіла. На Чарнушкавай паласе Яўхім заўважыў побач з гаспадарамі Дзятлаў, што яго непрыемна ўкалола.
Ён сам не заўважыў, як захапіўся Ганнай усур'ёз. Не мог дараваць «няўклюду, галяку» Васілю, што дзяўчына хінецца да яго. Колькі ён папахадзіў за Ганнай, але нічога не змянілася. Вырашыў плюнуць на ўсё і забыцца. З'явілася леснікоўна Верачка, «лагодная, пяшчотная, радая яму». Але хутка «хвароба» вярнулася зноў, з-за гэтай ганарліўкі вечарам не сядзелася ў хаце, начамі не спалася. Яўхім вырашыў дзейнічаць рашуча — не дабіўся дабром, даб'ецца сілай.
Кладучы снапы на воз, ён убачыў, што Ганна ўзмежкам падалася да лесу. Знайшоўшы прычыну (арэшынкі нагледзеў), пайшоў праз нейкі час за ёй. Але каля лесу да яго кінулася Хадоська. Яна вельмі змянілася: «...Твар яе бляклы, нездаровы, вочы запалі, шчокі абвіслі — нібы не дзяўчына, яблыка наліўное, а чэзлая падалка». Яўхім які ўжо раз пашкадаваў, што звязаўся з ёю, «плаціў за рэдкія ўцехі... такой вялікай цярплівасцю, слухаў яе бясконцыя страхі, папрокі, напамінкі...» Хадоська з плачам, з вялікай пакутай у голасе паведаміла, што цяжарная. Яўхім адказаў, што ад яго яна не магла зацяжарыць, потым дадаў, што ў Глінішчах ёсць знахарка. I пайшоў, злосны на сябе і на Хадоську. Трывожыўся ён нядоўга. «Сама прыдбала, сама няхай і думае, як збыць».
Ганна збірала маліны. Убачыўшы Яўхіма, не здзівілася, не спалохалася. Нейкі час Яўхім абіра ў ягады і ссыпаў у гладышку. Раптам абхапіў яе адной рукой за плечы, другой — за шыю. Убачыўшы поўныя нянавісці вочы, падумаў, можа і праўда пусціць, лепей па-добраму з ёй. Але загаварыла мужчынскае самалюбства.
Саўладаць з Чарнушкай ганарліўкай ён не здолеў і на гэты раз. На момант узняў руку, каб выцерці вочы, і ад болю аж заняло дыханне, так Ганна стукнула па носе.

К вечару Курані гулі пра Яўхіма і Ганну. Грозны Чарнушка пашыбаваў да дачкі, якая разам з Хадоськай корпалася на бульбянішчы. Ганна сказала, што нічога не было. Бацька паспакайнеў, пайшоў к гумну ўжо ціха.
Ганна заўважыла няшчасны Хадосьчын твар. Сяброўка адвярнулася і затрэслася ад плачу, потым моўчкі пайшла дамоў.
У той жа вечар Ганна сустрэла Васіля. Раўнівы Васіль паверыў плёткам, абазваў «багацейкай», «Карчыхай». Пакрыўджаная Ганна, каб дапячы хлопцу, сказала, што «па-добраму, па згодзе ўсё було!»
Стары Глушак, пачуўшы, пра што гудуць Курані, наляцеў на Яўхіма. Грозна крыкнуў: «Жаню!!!» Яўхім згадзіўся. Але паставіў умову: «Кеб з тым, з кім хочу!» Ен назваў Чарнушкаву Ганну.

Раздзел пяты

Некалькі дзён у Глушакоў ішла вайна. Нарэшце стары здаўся, што ў яго хату прыйдзе галадранка.
Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі. «Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла? »
Бацька асабліва не ўгаворваў, насядала мачыха, нагадала пра Васіля (Чаго ён круціць пачаў, за вярсту аббягае?), і пра старога бацьку, і пра малога Хведзьку. «Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок».
Пераапрануўшыся, Ганна выйшла да сватоў. Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. «Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі». Потым пачалі дамаўляцца пра вяселле. Бацька хацеў адкласці вяселле тыдні на два-тры, Яўхім настойваў, каб хутчэй. Дамовіліся гуляць праз два тыдні.
Ганна вышла на вуліцу. «Васіль... Васіль...» — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое... Кончылася. Не суджано, значыцца. Бувай!.. Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары!.. Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні!» Паўз плот хтосьці ішоў. Ганна пазнала Васіля. Была думка — выйсці, пагаварыць, памірыцца. Але не зрабіла гэтага, яны былі ўжо чужыя.
Вельмі цяжка было ў той вечар і Васілю. Супакойваў сябе, што не такая яму жонка трэба, што ён пакажа сябе, стане гаспадаром, тады і Ганна пабачыць.

Частка трэцяя
Раздзел першы

Чарнушкі жывуць клопатам, як і чаго назбіраць на вяселле. «Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..», — кажа мачыха. Чарнушка адмаўляецца купляць «гарадскую гарэлку», гаворыць пра Ганніна адзенне.
У нядзелю Чарнушкі выпраўляюцца ў Юравічы на кірмаш. Гандаль ідзе вяла, збыць авечак дапамагаюць Яўхім і Ларывон, якія таксама з'явіліся на кірмаш. Яўхім па праву жаніха забірае Ганну «пахадзіць, паглядзець, што робіцца». Дзяўчыне непрыемна, што ён чапляецца да людзей, строіць злосныя кепікі. Яўхім, Ларывон і Ганна абедаюць у Ёселевай «сталоўцы», потым ідуць у краму і жаніх купляе нявесце падарунак. Прымяраючы хустку перад люстэркам («Ах, якая квяцістая, якая вогненна-яркая, цудоўная, век такой хусткі не насіла!»), яна раптам убачыла Васілёў твар. Адразу зніклі святочная весялосць і ўзрушанасць.
Перад самым ужо ад'ездам дамоў, мех бульбы купіла «чарнявенькая, кволая дзяўчына ў кароценькім гарадскім паліто і шапачцы». Калі Чарнушка падвозіў дзяўчыне бульбу, разгаварыліся. Дзяўчына спытала Ганну, ці любіць яна жаніха. «...Кеб усе ішлі толькі тыя, што любяць, дык болей за палавіну ў дзеўках век сядзела б!.. Сцерпіцца — злюбіцца, кажуць», — гаворыць Ганна. Параска, так звалі дзяўчыну, вынесла падарунак на вяселле — кнігу. Ганна, як сама прызналася, чытаць амаль не ўмела.
На другую раніцу Чарнушка выправіўся купляць Ганне на кофту. Бацька, хоць для яго гэта і дорага, набраў па парадзе Ёхіма «саціны атласнай з самога Кіева».

Раздзел другі

Перад самым вяселлем прыйшла ў дом Глушака яшчэ адна непрыемнасць, чутка, што будуць рабіць перадзел зямлі. У вёсцы гэтая чутка не абышла нікога.
Хутка склікалі сход і выбралі камісію, якая павінна была перамераць нанова зямлю. Камісія знайшла лішняе ў Глушака, лесніка Міці, Пракопа. Халімон бушаваў, выліваў свой гнеў на жонцы. Раптам за маці ўступіўся меншы сын Сцяпан, ён папракнуў бацьку таксама зямлёй. Стары Глушак, не помнячы сябе ад шаленства, «даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку». Бацька заявіў Сцяпану, што вучыцца ён больш не пойдзе, будзе дома за парабка, калі такі разумны стаў.
Стары шкадуе, што няма Маслака, інакш бы пацішэлі гарлапаны. Яўхім адказвае, што атаман можа раптам і аб'явіцца. «Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і здаровы — аб'явіўся зноў...»
Глушак падкупляе Зайчыка, каб той уступіўся за яго на сходзе, адпраўляе Яўхіма запрасіць на вяселле Дубадзела, спадзеючыся на яго дапамогу.
Ідучы на сход, Халімон Глушак адчуваў сябе вельмі дрэнна. Увагу старога прыцягнуў незнаёмы чалавек у прызідыуме. «Позірк быў востры, пранізлівы, нібы прабіраўся ў сярэдзіну, і такі ўпэўнены, што рабілася нядобра».
З’вілася адчуванне, што ён гэтага чалавека ўжо дзесьці бачыў. Сход быў бурны, тыя, у каго знайшлі не ўлічаную зямлю, нездаволены працай камісіі. Парадак наводзіць вайсковец, які так зацікавіў Глушака, упаўнаважаны з воласці Зубрыч. Ён адказвае і на пытанні пра Маслака, заклікае «грамадзян» не баяцца «нейкага пігмея». Пасля выступлення Зубрыча куранёўцы сталі больш маўклівыя і насцярожаныя. Упаўнаважаны яўна перастараўся, заступаючыся за дзяржаўныя інтарэсы ў правядзенні землеўпарадкавання. Пачуліся прапановы пачакаць з перадзелам. Але ўскочыў «нецярплівы, ашалелы Васіль: «Чакаць, чакаць! Усё чакаць!» —крыўда, роспач і лютасць кіпелі ў яго ляманце».
Сход вырашыў пачаць перадзел заўтра.