Імя народнага пісьменніка Івана Навуменкі шырока вядома ў рэспубліцы і за яе межамі. Ён з'яўляецца аўтарам 12 зборнікаў апавяданняў, аповесцей, 6 раманаў, шматлікіх прац па літаратуразнаўстве. Пачатку Вялікай Айчыннай вайны і перыяду разгортвання партызанскага руху на Беларусі прысвечана трылогія "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці". Сам аўтар назваў яе творам аб акупацыі. Падзеі разгортваюцца ў мястэчку Бацькавічы і ў навакольных вёсках. Аўтар паказвае, як на шлях барацьбы з чужынцамі становяцца Сцяпан Птах і яго сын Міця, аднавяскоўцы Аўсянік, Кардаш, Мацвей Шэлег, Шура Гаранка, Іван Лобік, Саша Плоткін і іншыя. Аўтар дакладна адлюстроўвае складаны і супярэчлівы працэс фарміравання волі і характару маладых людзей, іх духоўны свет — свет філасофскіх разважанняў, рамантыкі і юнацкага максімалізму. I. Навуменка ўзнаўляе сцэны партызанскай вайны на Палессі, прасочвае шлях станаўлення, унутранага гартавання герояў твора, для якіх змаганне з ворагам — галоўная мэта жыцця. Пісьменнік ускрывае прычыны духоўнага падзення, здрады такіх тыпаў, як Юрый Басняк, Крамер, Забела, Дзеніскевіч. Гэтымі вобразамі аўтар выносіць суровы прысуд здрадніцтву, эгаізму, бездухоўнасці, паразітычным адносінам да жыцця. Праз усе раманы трылогіі праходзіць сімвал адзінокай сасны. Гэты своеасаблівы вобраз твора выражае пачуцці герояў, узмацняе драматызм і напал апісваемых сітуацый. Завяршаецца трылогія сцэнай прыходу Чырвонай Арміі ў беларускія гарады і вёскі, вяртання Міці ў родныя мясціны, да прыдарожнай сасны, якая ўвасабляе бессмяротнасць жыцця. Трылогія з'яўляецца праўдзівай гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Не спрашчаючы рэальных абставін, I. Навуменка паказаў праўду жорсткага ваеннага часу. Жыццю моладзі і праблемам сучаснасці прысвяціў I. Навуменка аповесць "Бульба", зборнікі апавяданняў "Таполі юнацтва" і "Вераніка". У многіх творах пісьменнік спрабуе адказаць на вострыя пытанні рэчаіснасці, задумваецца над прыродай чалавечага характару, уздымае маральна-этычныя праблемы сённяшняга дня. Раман "Смутак белых начэй" з'яўляецца працягамі рамана "Сорак трэці". Гэта ўспаміны аб падзеях 1944 года на Ленінградскім фронце, сведкам якіх быў сам аўтар. Героі твора — Сяргей Каліноўскі, Косця Русаковіч, Васіль Лебедзь — тыповыя прадстаўнікі ваеннага пакалення, што са зброяй у руках змагалася за вызваленне Айчыны. Раман "Летуценнік" прысвечаны станаўленню творчай і навуковай інтэлігенцыі ў 50-я гады. Цэнтральным героем рамана "Асеннія мелодыі" з'яўляецца загадчык кафедры гісторыі прафесар Аляксей Андрушкевіч. Аўтар паказвае яго цяжкае мінулае, ахопленае ваенным ліхалеццем, і сённяшнюю працу на ніве навукі, дзе нярэдка сустракаюцца ананімкі, падножкі сумленным навукоўцам, маральнае раздваенне.