Сатырычная камедыя "Брама неўміручасці" з'яўляецца вялікім дасягненнем Крапівы-драматурга. У ёй моцна праявілася сацыяльная пранікнёнасць К. Крапівы, яго ўменне арыентавацца ў складаных праблемах сучаснасці. Персанажы п'есы працягваюць галерэю сатырычных тыпаў, выведзеных у ранейшых п'есах драматурга. Сатыра ў камедыі скіравана супраць адмоўных з'яў у грамадскім жыцці — абывацельшчыны і кар'ерызму. У ёй востра ставяцца пытанні жыцця і смерці, дабра і зла, сэнсу чалавечага жыцця наогул, месца чалавека на зямлі. Галоўным героем камедыі з'яўляецца прафесар Дабрыян. У лабаторыі, дзе ён працуе, быў адкрыты сакрэт неўміручасці. Хутка пра адкрыццё веку даведаліся амаль усе. Дабрыян стаў наваяўленай зоркай, і ў яго з'явілася шмат сяброў, аб якіх ён раней не здагадваўся. Цэлую ноч у кватэры прафесара не змаўкаў тэлефон. Прагнучых сустрэцца з ім не было магчымасці падлічыць. Раніцай у кватэру з'яўляецца супрацоўніца Наташа і прапануе сябе ў вечныя спадарожніцы жыцця. Загадчык базы Караўкін гарантуе прафесару поўнае матэрыяльнае забеспячэнне за мандат на неўміручасць для сябе і ўсёй радні — ад дзевяностагадовай бабкі да шасцігадовага ўнука. Неўміручымі хочуць быть штатныя супрацоўнікі Мякішава і актывіст Сідаровіч, былы аднакурснік Дабрыяна Скараспей. Амерыканскі карэспандэнт Волдвін прапануе прафесару заняцца бізнесам і прадаваць за мільёны долараў ліцэнзіі на неўмірачасць за мяжу. Жыхарка з падшэфнага калгаса Алена Максімаўна хадайнічае аб неўміручасці не для сябе, а для сваёй старой кароўкі. Але ўсе неўміручымі быць не могуць. І таму на набыццё неўміручасці ўводзяцца цвёрдыя ліміты. Кандыдаты павінны мець не толькі добрае здароўе, але і чыстае сумленне. Жадаючыя неўміручасці абавязаны прадставіць чыстыя аналізы крыві, мачы, страўнікавага соку, даведку аб стане эндакрынных залоз, а таксама характарыстыку з месца працы. У чарзе на плошчы ідзе гандаль мачою (як пазней высветліцца, конскай). Каля прыёмнай Дабрыяна бурліць натоўп. Неўміручасць раздзяліла бацькоў і дзяцей, мужоў і жонак, сяброў, каханых. Найвялікшае адкрыццё прынесла многім крыўду і абразу. На навуковым пасяджэнні наконт неўміручасці разгараюцца спрэчкі. Аказваецца, не ўсякі навуковы прагрэс нясе карысць чалавеку. Якія практычныя вынікі атрымаюцца з адкрыцця Дабрыяна? Навошта рабіць неўміручым зло, якога і так нямала на зямлі. А можа, лепш апраўдаць смерць як неабходную ўмову вечнага абнаўлення? І калі дыскусія зайшла ў тупік, навуковы супрацоўнік Наташа прынесла здохлага пацука, паведаміўшы, што паддоследныя здыхалі і раней, але яна іх падменьвала жывымі. Ад такога паведамлення многія прыйшлі ў разгубленасць, роспач, многія ж радаваліся такому зыходу справы, як бы гара ў іх з плеч звалілася. Калі ж спала напружанасць, Наташа расказала Дабрыяну, што пацук жыве, а такі падман яе абумоўлены жаданнем выратаваць вучонага ад націску людзей і даць яму магчымасць прадоўжыць доследы. "Людзі няхай тым часам падумаюць, што рабіць з неўміручасцю". Гэта пытанне ставіць перад чытачамі аўтар з надзеяй, што людзі здолеюць правільна адказаць на яго. Пад неўміручасцю К. Крапіва разумеў не фізічнае існаванне, а добрыя справы, учынкі чалавека. Пражыць жыццё і пакінуць добрую памяць аб сабе — значыць застацца неўміручым.