Смекни!
smekni.com

Выяўленне сапраўднай сутнасці чалавека ў аповесці Васіля Быкава Абеліск.

Адным з самых запамінальных твораў В. Быкава з'яўляецца аповесць "Абеліск". Галоўны герой — вясковы настаўнік Алесь Іванавіч Мароз. Ад дзейнасці настаўніка, вядома, залежыць маральнае здароўе нацыі, яе будучыня. У Мароза была ўнутраная патрэба рабіць людзям дабро. Нікому ні ў чым не адмаўляючы, ён быў не толькі настаўнікам, але і дарадчыкам, доктарам, ветэрынарам. Са сваімі вучнямі ён паводзіў як роўны з роўнымі, імкнуўся далучыць іх да вяршыняў агульначалавечай і нацыянальнай культуры. У часы фашысцкай акупацыі Мароз з-за калецтва не змог ваяваць на фронце ці ў партызанскім атрадзе. Ён уступіў у няроўнае змаганне (магчымымі сродкамі) за душы моладзі. I, калі яго выхаванцы былі арыштаваны, ён кінуўся ў партызанскі атрад, каб знайсці выратаванне вучням. Фашысты ж паставілі страшную ўмову: калі настаўнік з'явіцца ў паліцыю, хлопцаў адпусцяць. Нягледзячы на забарону партызанскага кіраўніцтва, Мароз дабравольна здаўся фашыстам. Ён хацеў у апошні міг жыцця быць побач са сваімі выхаванцамі, духоўна падтрымаць іх перад пакараннем. Цудам застаўся жыць толькі адзін вучань — Павел Міклашэвіч. Як прадаўжальнік справы свайго настаўніка, ён дабіваецца справядлівай ацэнкі ўчынку Мароза. Яго клопатамі ў вёсцы Сяльцо быў збудаваны абеліск, дзе побач з пяццю юнацкімі імёнамі было выведзена і імя Мароза. Пра герояў твора і акалічнасці тых падзей мы даведваемся з успамінаў былога камандзіра партызанскага атрада Ткачука і чыноўніка-дагмата Ксяндзова. Яны па-рознаму (нават дыяметральна супрацьлегла) ацэньваюць учынак настаўніка. Не асабліва мэтазгодным, бессэнсоўным лічыць яго Ксяндзоў, які з-за сваёй абмежаванасці не ўяўляе сапраўднай ролі настаўніка ў грамадстве і не разумее таго, што выхоўваць можна і ўласным прыкладам. Для Ткачука Мароз — герой, барацьбіт, увасабленне духоўнай велічы чалавека, які ўласнай смерцю прадэманстраваў непарыўнасць слоў і спраў настаўніка, вернасць высокаму настаўніцкаму прызванню. Спрэчка, якая вядзецца ў аповесці, прымушае задумацца над сэнсам гераізму, подзвігу і самаахвярнасці, дапамагае адшукаць маральныя вытокі гераічных учынкаў, мнагастайнасць іх праяўлення не толькі ў ваенныя гады, але і ў мірны час. На кантрасце, сутыкненні розных думак і поглядаў дасягаецца вастрыня і палемічнасць у вырашэнні складанага пытання пра абавязак кожнага чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем, пытання даволі актуальнага і для нашых сучаснікаў.