Смекни!
smekni.com

Новыя творы Васіля Быкава.

Васіль Быкаў — агульнапрызнаны майстар такога жанру празаічнай творчасці, як аповесць. Апошнім творам у гэтым накірунку з'явілася аповесць "Пакахай мяне, салдацік". Яна вылучаецца тым, што, у адрозненне ад ранейшых твораў, у ёй В. Быкаў надае значную ўвагу вобразу жанчыны. Дзеянне ў аповесці "Пакахай мяне, салдацік" адбываецца ў апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах невялічкага аўстрыйскага гарадка. Галоўны герой — камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне. Сустрэўшыся з маладзенькай зямлячкай Франяй, лейтэнант закахаўся ў яе. Аднак шчырае і чыстае пачуццё Змітрака трагічна абарвалася з-за забойства Франі, разам з якой загінулі яе нямоглыя гаспадары — прафесар біялогіі Шарф і яго жонка фрау Сабіна. Змітрок праклінае забойцаў: "Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты!" Прасочваючы лёс Змітрака і Франі, аўтар выступае супраць неапраўданай помслівасці, жорсткасці і ахвяр, не выкліканых ваеннай неабходнасцю, гаворыць пра небяспеку і фашызму, і бальшавізму. Нельга не адзначыць, што ў апошні час пісьменнік аддае перавагу апавяданню. І звязана гэта ў першую чаргу з імкненнем пісьменніка ў больш кароткай, у параўнанні з аповесцю, форме данесці да чытача сваю думку. Тэме бальшавіцкага таталітарызму прысвечаны такія творы В. Быкава, як "На чорных лядах", "Перад канцом" і "Жоўты пясочак". У апавяданні "На чорных лядах" аўтар звяртаецца да нядаўняй гісторыі — Слуцкага ўзброенага паўстання 1920 г., накіраванага супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Восем чалавек, знясіленых, без ежы і патронаў, адважваюцца на самагубства: яны капаюць сабе агульную магілу і па чарзе кладуцца ў яе. Гэтыя людзі, якія хацелі дабра сабе і свайму народу, свядома ідуць на смерць не з-за нейкага фанатызму, а кіруюцца гуманістычным меркаваннем: не "пацягнуць на пакуты іншых, тых, дзеля каго, па сутнасці, распачалі" паўстанне. З васьмі чалавек застаўся жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька Сулашчык, якому камандзір даручыў закапаць і зруйнаваць з зямлёй магілу паўстанцаў. Выратаванне Валодзькі — надзея на тое, што трагічная самаахвярнасць паўстанцаў не згіне бясследна ў гісторыі, не забудзецца нашчадкамі. Праз трагедыю герояў твора аўтар паказвае нацыянальную трагедыю, выкрывае зло, што прынёс беларускаму народу бальшавізм. Падзеі ў апавяданні "Перад канцом" адбываюцца ў хуткім часе пасля кастрычніцкага перавароту ў Расіі. Цэнтральны персанаж твора — былы падпаручнік царскай арміі, які па недарэчнасці трапляе ў засценкі ЧК: пры вобыску на вакзале чэкісты знаходзяць ў ягоным рэчывым меху пісталёт. Апынуўшыся ў няволі, падпаручнік не губляе надзеі на лепшае. Таму ён адразу згаджаецца на прапанову аднаго з сукамернікаў напасці на варту і паспрабаваць уцячы на волю. Астатнія, паколькі іх не кармілі некалькі дзён, вырашаюць, што яны ўжо асуджаныя, і таму таксама падтрымліваюць прапанову, Аднак, калі вартавы прынёс, як свінням, вядро кашы, усе, за выключэннем падпаручніка, адмаўляюцца ад ранейшай задумы. Аўтар паказвае, да чаго можа давесці людзей таталітарная ўлада: яны гатовы за вядро кашы адмовіцца ад свабоды, ад апошняга шанцу застацца людзьмі. Тэме палітычных рэпрэсій 20—30-х гадоў прысвечана апавяданне "Жоўты пясочак". У ім В. Быкаў па-мастацку дакладна і псіхалагічна выверана перадае атмасферу тых жахлівых часоў. Ён паказвае, як машына рэпрэсій раскручвае свае шалёныя абароты, патрабуючы ўсё новых і новых ахвяр. Адзін з цэнтральных эпізодаў твора звязаны з лёсам былога супрацоўніка НКУС. На яго сумленні не адно загубленае жыццё — ён верна служыў сістэме. Але надышоў час, калі сістэма адвергла яго і ператварыла ў такую ж ахвяру, як і тыя, каго ён з асалодай забіваў з пісталета ў патыліцу. Былы кат да самага канца не верыць у блізкасць сваёй смерці, а зразумеўшы яе непазбежнасць, патрабуе для сябе асобнай магілы, каб не ляжаць у зямлі побач з розным "быдлам". Такім чынам, персанаж паўстае перад намі не столькі ахвярай рэжыму, колькі ахвярай уласнай абмежаванасці і непрадбачлівасці. Аб глыбіні маральнага падзення чалавека ва ўмовах рэжыму татальнага кантролю ўсіх сфер жыцця гаворыць В. Быкаў у апавяданні "Бедныя людзі". Два героі твора — прафесар і аспірант— пасля доўгіх сумненняў у шчырасці сваіх дзелавых адносін (кожны паасобку) пішуць даносы адзін на аднаго ў "органы". Аўтар паказвае, на якой псіхалагічнай аснове будуе сваю дзейнасць таталітарная ўлада: на страху, недаверы і псіхалагічным ціску на кожнага нязгоднага члена грамадства. З гэтым апавяданнем тэматычна звязана і наступнае — "Сцяна". Зрэшты, яно па сіле свайго абагульнення нагадвае хутчэй прытчу. Безыменны герой твора жыве ў безыменнай краіне, у якой правіць баль жорсткая дыктатура. Знаходзячыся ў турме, ён спрабуе знайсці слабое месца ў каменным муры сваёй цямніцы. Калі ж ён зрабіў ў сцяне адтуліну і змог вылезці на вуліцу, яго чакала горкае расчараванне: з адной камеры ён трапляе ў другую — з шыбеніцай. Нягледзячы на песімістычны фінал, прытчавы характар твора дацускае шматзначнасць яго тлумачэння. Такім чынам, В. Быкаў у апошнія гады пашырае тэматыку сваёй творчасці, звяртаецца да новых, забароненых раней тэматычных пластоў. Але не пакідае пісьменнік і сваёй любімай тэмы — вайны і лёсу чалавека на вайне. Аб гэтым сведчаць яго новыя творы дадзенай тэматыкі ("Зенітчыца", "Палкаводзец", "Пагорак", "Палітрук Каламіец", "Падоранае жыццё" і "Кацюша").