Смекни!
smekni.com

Першы народны артыст Беларусі драматургічная спадчына Уладзіслава Галубка.

Першы народны артыст Беларусі драматургічная спадчына Уладзіслава Галубка.

Тэматыка драматычных твораў У. Галубка даволі разнастайная. У іх уздымаюцца маральна-этычныя праблемы ("Душагубы"), крытыкуюцца царскія чыноўнікі і суддзі, сацыяльна-палітычныя парадкі ў царскай Расіі ("Пісаравы імяніны", "Суд"), адлюстроўваецца жыццё ў Заходняй Беларусі ("Краб", "Белы вянок") і барацьба сялян у часы рэвалюцыйных хваляванняў ("Бязвінная кроў"). У сваёй творчасці аўтар аддаваў перавагу жанру меладрамы. Камедыйныя творы, пастаўленыя на сцэне з элементамі фарса, вадэвіля і батлейкі, прыемна ўражваюць і сённяшняга гледача. Праблеме сацыяльнай няроўнасці, класаваму антаганізму ў дакастрычніцкай вёсцы прысвечаны п'есы "Плытагоны", "Ганка". Меладрама "Ганка" з'яўляецца адной з лепшых п'ес драматурга. Яна вызначаецца напружанасцю дзеяння, жыццёвасцю канфлікту, псіхалагізмам у абмалёўцы дзеючых асоб, арганічнай спалучанасцю трагедыйных і камедыйных элементаў. Галоўныя дзеючыя асобы — Васіль, Ганка, памешчыца-палкоўніца. У свае 18 год прыгажуня Ганка закахалася ў Васіля, які таксама моцна пакахаў яе. Але жорсткая і сквапная памешчыца, у якой выхоўваўся Васіль (як прыёмны сын) пад прымусам жэніць яго з багатай Марысяй. Безабаронную Ганку і яе бацьку (панскага пастуха) яна выганяе з дому. Зняслаўленая, Ганка канчае жыццё самагубствам, а яе бацька становіцца жабраком. Жыццё Васіля з нялюбай не склалася. У далейшым ён звязваецца з Незнаёмым, удзельнічае ў распаўсюджанні рэвалюцыйнай літаратуры. Палкоўніца ж, гатовая дзеля нажывы на любое злачынства, даносіць на Васіля ў паліцыю, за што ён трапляе ў турму. Заканчваецца п'еса вяртаннем Васіля ў родныя мясціны, дзе ён сустракаецца са сляпым жабраком і дзяўчынкай-павадыром. Высвятляецца, што стары — бацька Ганкі, а дзяўчынка — Васілёва дачка. Малюючы дакастрычніцкую рэчаіснасць у такіх змрочных фарбах, аўтар выносіць жорсткі прысуд бесчалавечнасці, бяздушнасці, уздымае праблему сацыяльнай няроўнасці і несправядлівасці ў грамадстве, бяспраўнага становішча ў ім простага чалавека. П'еса "Пан Сурынта" прысвечана барацьбе беларускага народа з прыгнятальнікамі ў часы прыгоннага права. Сюжэт яе даволі складаны. Жорсткі і разбэшчаны Сурынта не лічыць прыгонных сялян за людзей, здзекуецца з іх чалавечай годнасці. Ён прымушае Касю стаць яго палюбоўніцай і тым самым разбівае шчасце закаханых Касі і Віцькі. Імкнучыся адпомсціць за здзекі і знявагі пана, Віцька становіцца кіраўніком паўстанцаў. Пазней высвятляецца, што Кася з'яўляецца роднай дачкой Сурынты, народжанай ад прыгоннай жанчыны. Пан перажывае душэўную драму, яго пачынаюць праследаваць цені закатаваных і абняслаўленых прыгонных. Не вытрымаўшы гэтага, пан Сурынта заканчвае жыццё самагубствам. П'еса, такім чынам, паказвае сацыяльна-класавы канфлікт паміж прыгоннікамі і прыгоннымі, асуджае панскую амаральнасць і разбэшчанасць. Творчасць У. Галубка, увасобіўшы пэўныя этапы развіцця беларускай літаратуры, дала магутны штуршок развіццю нацыянальнай драматургіі і тэатра. І невыпадкова гэты таленавіты майстар слова і сцэны стаў першым народным артыстам Беларусі.