Смекни!
smekni.com

Жаўруковая песня Паўлюка Багрыма.

У горане часу неспапялiмыя
Над Беларуссю яго жаўрукi.
З.Дудзiк

У лiтаратуры кожнага народа есць мастакi слова, у спадчыну ад якiх нам засталося не так i шмат. У беларусаў — Паўлюк Багрым. Цяжкiм i няпростым быў лёс гэтага юнака: гаротнае жыццё беднага сялянскага хлопца, рэкрутчына за распаўсюджанне антыпрыгоннiцкiх вершаў, працяглая служба ў глыбiнi Расii. Але, нягледзячы на цяжкiя выпрабаваннi лёсу, ён заставаўся мастаком слова — уладаром чалавечых душ. У творчай спадчыне П. Багрыма было тры вучнёўскiя сшыткi, якiя бясследна знiклi пры арышце юнага паэта. Напэўна, гэта былi вершы пра цяжкую долю беларускага народа, вершы антыпрыгоннiцкай накiраванасцi. А можа, гэта былi вершы пра каханне, аб прыгажосцi беларускай зямлi. Захаваўся толькi адзiн верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы...", напiсаны паэтам у 15-гадовым узросце. Верш прысвечаны Крошынскаму паўстанню 1828 г. Лiрычным героем твора з'яўляецца падлетак-пастушок, уласнасць жорсткага пана, якi "кiямi" закатаваў бацьку. Каб пазбегнуць рэкруцтва, хлопчык вырашае пакiнуць родны дом i пайсцi ў "свет, у бездарожжа". Думкi i пачуццi прыгоннага падлетка, скiраваныя ў бок пошукаў выйсця з безвыходнага становiшча, вызначаюцца адчаем i бездапаможнасцю. Падлетак гатовы абярнуцца ў ваўкалаку, нарадзiцца каршуном — тады яго ў "паншчыну б не пагналi, у рэкруты б не забралi i ў маскалi не аддалi". Ён шкадуе, што да яго не дакрануўся сваiм крылом кажан — тады б, па народным павер'i, ён навекi застаўся недаросткам i пазбег бы салдатчыны i паншчыны. Асаблiва адчайна гучаць радкi, дзе пастушок зусiм не хацеў бы нараджацца. Гэту думку ён звязвае з найдаражэйшым чалавекам — мацi, якая, напэўна б, была больш шчаслiвай i змагла пазбегнуць пакут з-за трагiчнага лёсу сына:

Каб ты мяне не радзiла.
Каб ты мяне не кармiла,
Шчаслiўшая ты бы была!

У вершы П. Багрыма, якi I. Навуменка назваў творам "з лiку бязлiтасна-адчайных аб нежаданнi жыць", матыў безвыходнасцi крыху паслабляецца жаданнем героя знайсцi выйсце, супрацьстаяць антычалавечым абставiнам жыцця, не скарыцца лёсу. Верш кранае сiлай пратэсту супраць прыгоннiцтва i рэкруцтва, арганiчнай спалучанасцю формы i зместу. Цесна звязаны з фальклорнымi традыцыямi (вобразы ваўкалака, каршуна, кажана, народна-песенныя звароты, паўторы), ён выявiў вялiкiя магчымасцi беларускага паэтычнага слова. Вярнуўшыся з рэкрутаў, пастарэлы i знясiлены, П. Багрым ужо не наважваўся брацца за пяро. Ён працаваў у Крошыне кавалём. Да нашага часу захавалася металiчная жырандоль з арнаментальнымi жаўранкамi, па-мастацку зробленая П. Багрымам. Толькi два адбiткi свайго жыцця — верш i жырандоль — пакiнуў нам у спадчыну П. Багрым. Пакiнуў дзве жаўруковыя песнi.