Смекни!
smekni.com

Кароткі змест:

Пры нараджэнні сына бацька не ўзрадаваўся, а заліўся слязьмі. Дзіця з'явілася на свет самым галодным месяцам, калі
Пераеўся хлеб да крышкі,
Бульбы толькі як пасеяць...
Ні саломкі, ні то сена,
Хоць бы на раз для скаціны;
А тут дроў ані палена,
А тут яшчэ нарадзіны!
Трэба й бабе бохан хлеба,
I гарэлкі трэба пляшку,
Яшчэ ж хрысціць хлопца трэба...
Бацька, сказаўшы ў скрусе: "Кепска зрабіў, што радзіўся, кепска будзе, свет пазнаўшы", нібы напрарочыў сыну злую долю.
Праз тыдзень хлопчыка павезлі хрысціць. Сарвала мост цераз рэчку. Дзіця было ледзь жывое, кумы вырашылі, усё роўна памрэ. Таму "ахрысцілі самі, тройчы лінуўшы вадой", і вярнуліся назад. Маці пачала калыхаць сына ды спахапілася, што не сказалі, якое ён атрымаў імя. Спраўная на язык кума не разгубілася, так хлопчык стаў Аліндаркай. Бяда за бядой ішла на сялянскую сям'ю:
Наперш конь здох таго ж лета,
I цялушка, як лань пала...
Матка ж, ведама кабета,
Затужыла і запала,
Гадкоў за тры пацягнула,
У марцы і ручанькі згарнула.

Без гаспадыні прыйшло ў заняпад усё астатняе. Марц (сакавік) месяц нараджэння, стаў для Аліндаркі сапраўды трагічным. У хуткім часе загінуў бацька, таксама ў сакавіку.
Сірату крыху падгадавала цётка, аддаўшы пасля, "як за сына", адзінокаму чалавеку. Калі цётка памерла, больш нікога з родных у Аліндаркі не засталося.
У хаце айчыма Аліндарку убачыў ураднік і данёс, што хлопец хаваецца ад рэкруцтва. Аліндарка і прыёмны бацька трапілі ў турму. Вясной (зноў у сакавіку) прыйшла папера, каб закуты ў ланцугі "супраціўнік уласці" быў пераведзены ў іншае месца. Пачаліся допыты. Айчыма адпусцілі дамоў, Аліндарку ж абяцаюць "сорак розак, потым роты".
Хлопец захварэў. Прыёмны бацька дамогся, каб справу Аліндаркі пераглядзелі.
Тройчы Вільню, сем раз Ліду
Ён адведаў. Трэба ж ведаць, -
Прысягнуў, покі я выйду,
Навет дома не абедаць.
Позняй восенню Аліндарку прывялі ў родную вёску, сабралі суседзяў, якія расказалі ўсё пра хлопца і яго сям'ю. Юнаку нарэшце пашанцавала: асэсар быў ужо новы, "чалавечак так, нічога..." Праз паўгода, у той дзень як і хрысцілі, Аліндарка выйшаў на волю.