Любiце i шануйце, як святыню,
роднае слова, з якiм вас лiтасцiвы
Бог на свет пусцiў.
Ф. Скарына
Пра людзей мы мяркуем па справах, якiя яны здзейснiлi, па спадчыне, якую яны пакiнулi сваiм нашчадкам. I наш славуты зямляк Францiшак Скарына — у гэтым сэнсе найярчэйшы прыклад. Ён з'яўляецца сiмвалам усёй беларускай культуры эпохi Рэнесансу. Гэты час называюць Адраджэннем, бо менавiта тады адраджалiся цэлыя народы i нацыянальныя культуры, рабiлiся вялiкiя геаграфiчныя i творчыя адкрыццi. У эпоху Адраджэння Калумб адкрыў Амерыку, а Магелан здзейснiў першае кругасветнае падарожжа. Сучаснiкамi Скарыны былi Капернiк, Галiлей, Леанарда да Вiнчы, Мiкеланджэла, Рафаэль, Петрарка, Шэкспiр, Дантэ, Сервантэс i iншыя волаты духу — вучоныя, мастакi, пiсьменнiкi. Беларускiя землi ўваходзiлi тады ў склад Вялiкага княства Лiтоўскага, дзе беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай. Эпоха Адраджэння нарадзiла i Ф. Скарыну — чалавека невычэрпнай энергii i iнiцыятывы, першадрукара i гуманiста, паэта, медыка, батанiка, астранома. Нарадзiўся Ф. Скарына ў апошняй чвэрцi XV ст. (каля 1490 г.) у Полацку, закончыў Кракаўскi унiверсiтэт i ў 1506 г. быў удастоены вучонай ступенi бакалаўра вольных мастацтваў. У далейшым лёс звязвае яго з Iталiяй, дзе ў 1512 г. у Падуанскiм унiверсiтэце ён блiскуча вытрымлiвае экзамен на годнасць доктара медыцыны. Але не вольныя мастацтвы i не медыцына сталi сэнсам яго жыцця. Скарына "избрал оставити в науце и в книгах вечную славу н паметь свою". Яго кнiгi на роднай мове сталi той паходняй, якая ўказвала людзям сапраўдны шлях у будучае, тым знiчам, якi саграваў i асвятляў людское жыццё ў непагадзь i завею. Першая з кнiг — "Псалтыр" — была надрукавана ў Празе ў 1517 г. Услед за гэтым выходзяць яшчэ 22 кнiгi Бiблii, перакладзеныя на зразумелую тады для большасцi насельнiцтва старабеларускую мову. У 1522 г. выйшла ў свет першае вiленскае выданне Скарыны — "Малая падарожная кнiжыца", якая паклала пачатак кнiгадрукаванню ў нашай краiне. Праз тры гады (у 1525 г.) была надрукавана апошняя кнiга Ф. Скарыны "Апостал". Усе пераклады кнiг Бiблii Ф. Скарына прысвяцiў "людем посполитым к доброму научению". Ён хацеў пашырыць асвету сярод суайчыннiкаў, дапамагчы простым людзям пазнаць мудрасць i навуку. З гэтай мэтай кожную з кнiг Ф. Скарына суправаджаў прадмовамi i пасляслоўямi, якiя складаюць аснову яго лiтаратурна-публiцыстычнай спадчыны. У iх першадрукар выказваў свае грамадскiя i асветнiцкiя погляды, заклiкаў да ўмацавання правапарадку, да стварэння справядлiвых заканадаўчых кодэксаў аб дзяржаве, войску, зямлi, тлумачыў незразумелыя словы i звароты, змяшчаў рэлiгiйныя легенды, а таксама розныя звесткi па гiсторыi, геаграфii, этнаграфii, фiласофii, астраномii. Так, у "Малай падарожнай кнiжыцы" Ф. Скарына змясцiў розныя каляндарныя i астранамiчныя звесткi (беларускiя назвы месяцаў, знакаў задыяка) — усё тое, што неабходна было чалавеку ў дарозе. "Псалтыр" (зборнiк 150 псалмаў, па якiх ў Сярэднявеччы вучылiся грамаце) Ф. Скарына адрасаваў "дзецям малым як пачатак усякай добрай навукi", а таксама дарослым у якасцi настольнай кнiгi, душавыратавальнага чытання. Псалмы "Псалтыра", лiчыць Ф. Скарына, — "гэта скарб, безлiч каштоўных каменняў!". Па "Пеўнiцах", на думку Ф. Скарыны, можна было навучыцца музыцы. Засвоiць арыфметыку можна па кнiгах Майсеевых, геаметрыю i астраномiю — па кнiзе Iсуса Навiна. Немалаважнае значэнне ў кнiгах адводзiлася тэме любовi да роднай зямлi. Асветнiк быў патрыётам Айчыны, роднай мовы, таму i праславiў ён бiблейскую гераiню Юдзiф, якая выратавала свой народ, адсекшы галаву начальнiку чужаземнага войска Алаферну. У сувязi з гэтай легендай Скарына выказвае свае думкi пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваiм народам, вернасць радзiме, пра бескарыслiвае служэнне грамадскаму дабру, пра глыбокую прывязанасць чалавека да зямлi, на якой ён нарадзiўся. Да свайго роднага кутка, да свайго народа, якi называў "братия моя, Русь, люди посполитые", Скарына заўсёды ставiўся з вялiкай пашанай. У прадмове да кнiгi "Юдзiф" ён выказвае гэтыя ўзнёслыя думкi: "Зверн, ходящие в пустыни, знают ямы своя; рыбы, плывущие по морю и в реках, чуют виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако ж и люди, игде зродилнся и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають". У сучаснай iнтэрпрэтацыi С. Панiзнiка гэтыя цудоўныя словы гучаць так:
Ад нараджэння звяры,
што ў чашчобах блукаюць, —
ведаюць ямы свае;
Птушкi, паветра свiдруючы, —
гнёзды свае не губляюць;
Рыбы ў морах бурлiвых —
чуюць свой вiр без памылкi;
Пчолы i iншая жыўнасць —
вуллi бароняць заўжды.
Гэтак i людзi: дзе нарадзiла iх мацi,
на шчасце ўскармiўшы, —
ласку да месца таго
берагуць заўсягды!
Выданнi Ф. Скарыны з боку тэхнiчнай дасканаласцi, з боку мастацкасцi апрацоўкi выкананы на ўзроўнi лепшых еўрапейскiх выданняў XVI ст. Высокi палiграфiчны ўзровень кнiг доўгi час не маглi пераўзысцi галандскiя i германскiя друкары. Ф. Скарына ўводзiць у свае выданнi iлюстрацыi як сродак раскрыцця ў мастацкiх вобразах зместу кнiгi. Першадрукар выкарыстоўваў гравiраваны тытульны лiст, увёў прамежкi памiж словамi, абзацы. Па гэтай прычыне кнiгi шырока распаўсюджвалiся ў Еўропе i мелi вялiзны ўплыў на чытачоў у многiх краiнах свету. "Напiсанае застаецца", — гаварылi старажытныя рымляне. Ф. Скарына пакiнуў нашчадкам кнiгi, у якiх засталiся самыя патаемныя, выпакутаваныя яго думкi. Гэтыя кнiгi вялiкага беларуса ўспрымаюцца сёння як самая дарагая нацыянальная святыня, як сiмвал усёй тысячагадовай беларускай культуры. Як запавет нашчадкам даносяцца да нас з XVI стагоддзя пранiкнёныя i мудрыя словы Ф. Скарыны: "Любiце кнiгу, бо яна — крынiца мудрасцi, ведаў i навукi, лекi для душы".