Пашанаванне
На покуць, самае ганаровае месца за сталом, садзяць маці. Тамада дзядзька Лёкса запрашае ўсіх гасцей тройчы пажадаць Сохвіі Пятроўне здароўя "На сто гадоў! На сотню лет!" і выпіць першую чарку. Затым слова даецца Сцяпану. Выказваючы самую шчырую ўдзячнасць роднай матулі, Сцяпан згадаў і Маці-Беларусь, і Матухну-Зямлю.
Увагу Вячоркі прыцягнула незнаёмая маладая дзяўчына, як ён хутка зразумеў, не родзічка. Альжбета Францаўна ўмлела, калі ўбачыла, што яе дачка чокаецца са Сцяпанам, а той зашмат надае ёй увагі.
Тост Мікіты не абыйшоўся без сутычкі з зяцем. "Народнік" Вінька ўклініўся ў паўзу, і абражаны Мікіта Рэппо сеў не скончыўшы. Застолле ўсё ж упрасіла яго дагаварыць, ніякаватасць, якую адчулі госці, была згладжана. Аднак аматар "пацвельваць радню" Вінцусь не супакоіўся. Ён
Хоць апетытам некапрызным
Быў прыкаваны да стала -
Сваім абсурдным афарызмам
Ураз любога даставаў.
I так у гутарку ўключаўся,
Такі даваў ёй паварот -
Што ўжо крыху бянтэжыў часам
Не толькі швагра, а й "народ".
Гамана ў застоллі
Настаў момант, калі застолле загуло. "Хто - з суседам, / Што каля боку, хто - праз стол, / Хто - сам з сабой, хто - з цэлым светам... / Усе - гавораць!..." Гаворкі самыя розныя: праблемныя і пустыя, сур'ёзныя і смешныя.
Маці запрашае суседзяў і радню частавацца, паспрабаваць "смачненькі кусочак", бо заўсёды "судзіла так сяло: / "Было ўсяго - і піць, і есці, / Але прымусу не было!.."
Адступленне пятае - кулінарнае
Ярка, апетытна апісваюцца беларускія нацыянальныя стравы. Аўтар не бачыць нічога заганнага, што чалавек аддасць належнае і засмажанаму парасяці, і падсушанай на гарышчы каўбасе, і вантрабянцы, і бабцы, і блінам з мачанкай-верашчакай, і калдунам, і многаму іншаму, што ставіцца руплівай гаспадыняй на стол. Але з апетытам есць той, хто перад гэтым добра папрацуе, аўтар пра гэта не забываецца.
Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, -
То ўмее ён і смачна з'есці
І - адпаведна - згатаваць!
Таму - дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу -
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!
Іскрынка
Госці просяць Альжбету Францаўну пачаць песню. Дырэктар падказвае: "У гонар маці - песню сына!" Жанчыны спяваюць "Дуброву", Вячорка расчулены.
Пачуўшы ў сенцах магнітафон, моладзь выпырхнула з-за стала. Мар'яну запрасіў на танец Мікітаў сын Артур. Вячорка таксама пасля песень падаўся на двор.
Мар'яну і Сцяпана, якія стаялі ля кветніка і аб нечым зацікаўлена размаўлялі, Альжбеце францаўне паказала Анця, шапнуўшы - "Пара - на падбор". Крыўда, разгубленасць, боль напоўнілі жаночае сэрца. Альжбета Францаўна раптам адчула страшэнную стомленасць і непрыкметна пакінула гасцінны двор. Дома, крыху супакоіўшыся, яна падумала, што Сцяпан, пэўна ж, не ведае, чыёй дачкой ён зацікавіўся. Не ведае і Мар'яна, хто такі для яе маці Вячорка.
Купальскія васількі
Купальская ноч, але знямелая вёска спіць. 3 сумам Вячорка ўспамінае мінулае, калі "ў вёсцы да зары - / Ганялі водзьму-патарочу, / Агні палілі на гары..." Ён хацеў быў таксама ўжо ісці спаць калі пачуў крокі. Ішла Мар'яна.
Сцяпан з Мар'янай ідуць за ваколіцу. Дзяўчына дзякуе Вячорку за музыку, песні, якія ён стварае:
Я вашу музыку звычайна
Па першых гуках пазнаю,
Што нейкай сілай ачышчальнай
Душу ў палон бяруць маю.
Мар'яна спявае песню яго маладосці, першы, забыты ўжо Вячоркам варыянт, які магла ведаць толькі Альжбета Францаўна. "Дачка!.. / На міг сцяло, здавіла / Яму ў грудзях - не прадыхнуць".
Альжбета Францаўна, прачнуўшыся сярод ночы і не ўбачыўшы на ложку дачкі, сэрцам адчула, з кім яна можа быць у гэты час. Мар'яна, калі акрыленая і шчаслівая вярнулася дамоў, убачыўшы матчын твар, аж спалохалася - "акамянелы, пастарэлы, якісь нядобры і чужы".
Альжбета ўсе гэтыя гады жыла надзеяй на сустрэчу. I вось яна адбылася, але як жахліва ўсё паварочваецца. "Маё ж дзіця мне будзе вораг - / Вось да чаго я дажыла", - думае ў роспачы жанчына. Раніцай яна ідзе да Вячоркі, просіць знайсці ў сэрцы літасць" і адступіцца ад Мар'яны. 3 сумам у вачах Сцяпан гэта абяцае.
Адступленне шостае - педагагічнае
Аўтар спявае ўзнёслую оду хлебу, аснове жыцця. Для яго існуе адна педагогіка, правераная вякамі: "Вучыць любові і пашане / Да хлеба труднага ў жыцці".
Вечар у полі
Прыцемкам Сцяпан прыйшоў "забраць" Тамаша з камбайна. Па дарозе дамоў браты гавораць пра змены, што адбываюцца ў наваколлі і ў чалавечых душах. Тамаш трывожыцца, што некалі "у горкай крыўдзе нашы дзеці / Нам страшны вынесуць прысуд". Сцяпана ўзрушыла знікненне дарогі (вымерла вёска, да якой ішла гэта дарога), а з ёю было так шмат звязана ў гады дзяцінства.
Брат пытаецца, чаму злосна піша пра яго музыку крытык Шпачынскі. I Вячорка-кампазітар расказвае пра няпростыя, далёка не заўсёды шчырыя і сумленныя ўзаемаадносіны ў свеце творцаў, дзе прыжыліся такія, як Юзік.
Тамаш нечакана мяняе тэму размовы, раіць Сцяпану знайсці спадарожніцу жыцця, мяркуе, што добрай жонка б настаўніца іх, Альжбета Францаўна. "...Яна жанчына - дзіва! / Такія - рэдкасць на вяку". Вось толькі схіліць на гэта яе будзе цяжка, бо жанчына не можа забыцца на сваё першае каханне. Тайну Альжбеты Франны Тамаш ведае ад жонкі, з якой настаўніца сябруе.
Сцяпан настолькі ўзрушаны пачутым, што просіць брата крыху памаўчаць.
Бяссонне
Пасля вячэры Антось з хваляваннем дастаў выпадкова знойдзеныя ў архіве запіскі дзеда Тодара.
Вясковы, бедны і бяспраўны
Настаўнік школы прыхадской,
Ён прагнуў вольнасці і праўды,
Тужыў па шчырасці людской.
На царскай катарзе ў Сібіры
Ні маразы, ні шампалы
У ім надзеі не забілі -
Народ свой вывесці з імглы.
Антось хацеў надрукаваць "Тэстамент...", аднак рэдактар забракаваў яго за "дробны змест".
Сцяпан збіраецца заўтра вярнуцца ў горад. Лежачы ў пуні на сене, ён адчуў, як "незнаёма востра ў сэрцы / Упершыню азваўся боль", з'явілася думка застацца на дзень ці два, шчыра пагаварыць з Альжбетай. Аднак ён стрымлівае сябе: "Не атрымалася ж размовы! / I зноў - бязвінны вінават... / Дзе судзіць лёс - што значаць словы? / Той май быў столькі год назад!.."
Сон не ішоў і Сцяпан вырашыў прайсціся, наведаць школу. Ля школьных веснічак ён убачыў постаць. "Уміг здавіла грудзі хваля - / Што ўзняў з прадоння ўраган", - стаяла Альжбета Францаўна.
Што вельмі ўразіла перш-наперш -
Твар - незвычайнай белатой
I дзве рукі - ля сэрца накрыж, -
Як на іконе ў прасвятой.
-...І ты даўно стаіш тут?.. Аля!
- Яшчэ ад той вясны, Сцяпан.
У вялікай узрушанасці і разгубленасці Вячорка апусціўся на камень. I раптам пачуў незвычайную, цудоўную мелодыю, якая плыла ў душу. "Гучала мякка, задуменна / І ўся праменіла святло. / Ад калыханкі нешта мела, / I штось ад гімна ў ёй было". Вячорка просіць Альжбету Францаўну паказаць яму заўтра школьны музей. 3 гэтым мужчына і жанчына развітваюцца.
Лежачы ў пуні і гледзячы ў начное неба, Вячорка думае, што не скора вернецца ў родныя мясціны.
Дапеўка
Аўтар тлумачыць, чаму ставіць кропку, не завяршыўшы сюжэт. Лічыць, што не мае права гадаць, што далей было з героямі. Да таго ж не хоча транжырыць час чытача - пісаць "многатомныя, многатонныя і манатонныя эпапеі".