"Летапісец вялікіх князёў літоўскіх"
Згадваюцца падзеі палітычнай гісторыі Літвы, Беларусі і Украіны XIV - пачатку XV ст. У цэнтры ўвагі аўтара напачатку - барацьба паміж князямі Ягайлам Альгердавічам і яго дзядзькам Кейстутам Гедымінавічам за ўладу. Ягайла пасля смерці бацькі Альгерда Гедымінавіча ў 1377 г. стаў вялікім князем Літоўска-Беларускай дзяржавы. Ён вырашыў пазбавіцца ад Кейстута, пайшоў на змову з крыжакамі. Рашучы і мудры Кейстут апярэдзіў пляменніка і захапіў Вільню.
Сабрана войска для рашаючай бітвы. Аднак Ягайла пачау дзейнічаць хітрасцю. Ён паслаў да Кейстута і яго сына Вітаўта ганца з прапановай мірна ўладзіць спрэчку, запрасіў іх да сябе. Кейстут і Вітаўт паверылі Ягайлу, паехалі да яго. Былі па-здрадніцку схоплены і адпраўлены ў Крэўскі замак. Старога князя па загаду Ягайлы задушылі. "И тамо во Креиве пятой нощи князя великого Кестутця удавили каморникы князя великого Ягайлава, Прокша, што воду давал ему, а были ины - Мостев брат а Кучюк а Лисица Жибентяй. Таков конець стался князю великому Кестутию", - сведчыць аўтар летапіса. Вітаўту, пераапранутаму ў жаночае адзенне, удалося ўцячы з палону. Далей падзеі развіваліся для Ягайлы не лепшым чынам. Вітаўт знайшоў прытулак у немцаў, "и приехоша к нему многи князи и бояре литовъскыи. Он жа нача воевати с помочью немецькою литовскую землю... А великому князю... Ягаилу и Скиригаилу невозможьно вже стаити противу его, занже бо у него сила велика собралася. Тогда, князь велики Ягаило перезвав его со немецъ и даль ему Луческь со всею Волыньскою землею, а в Литовъской земли - отчину его".
У цэлым "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх" уяўляе сабой некалькі гістарычных апавяданняў пра самыя розныя падзеі. Услед за апісаннем барацьбы паміж Ягайлам і Кейстутам згадваецца каранацыя ў Кракаве князя Ягайлы, бітва літоўскіх князёў са смаленскімі пад Мсціславам, жаніцьба маскоўскага князя Васіля Дзімітравіча на дачцы Вітаўта, загадкавая смерць у Кіеве князя Скіргайлы.
Галоўным героем 2-й часткі "Летапісца..." становіцца Вітаўт. У 1392 г. Ягайла (кароль Польшчы пасля жаніцьбы на каралеве Ядзвізе), аддаў стрыечнаму брату вярхоўную ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім. Вітаўт робіць рашучыя захады па ўмацаванню княства, пашырэнню яго тэрыторыі.
Трэцяя, заключная частка летапісу - невялічкая аповесць пра Падолле, з якім аказаўся паяднаным лес чатырох сыноў Карыята Гедымінавіча. У канцы XIV ст. гэта ўкраінская зямля была далучана да ВКЛ князем Вітаўтам.
"Хроніка Быхаўца"
У пачатку твора змешчана крыху змененая легендарна гісторыя Літвы, запазычаная з "Хронікі Вялікага княств Літоўскага і Жамойцкага", сэнс якой - у паходжанні літоўцаў ад рымскага патрыцыя Палемона.
Цікавасць у гэтай частцы выклікае апісанне сапраўдных гістарычных падзей, звязаных з першапачатковым этапам станаўлення Вялікага княства Літоўскага, з дзейнасцю першага вялікага князя новай дзяржавы Міндоўга і яго сына Войшалка. Аповесць пра літоўскіх князёў узята з Галіцка-Валынскага летапісу. Аўтар паказвае жорсткасць Міндоўга, што стала прычынай яго гвалтоўнай смерці: "И начал збивати братию свою и сыновцы свои, а другии выгнал из земли и начал княжити во всей земли Литовской один, и начал гордити велми". Войшалк з дапамогай беларускіх дружын вярнуўся на вялікакняжы пасад у Літве. Як і бацька, быў па-здрадніцку забіты.
У другой частцы "Хронікі Быхаўца" ўзнаўляецца гісторыя Літоўска-Беларускай дзяржавы часоў Альгерда і Вітаўта, таксама ўзятая з папярэдніх летапісных зводаў.
Пры апісанні падзей канца XV - пачатку XVI ст., асноўны змест якіх - барацьба з крымскімі татарамі, невядомы аўтар абапіраўся на асабістыя ўражанні і ўспаміны непасрэдных удзельнікаў, напрыклад, бітвы пад Клецкам у 1506г. і г. д.
Цікавасць выклікаюць старонкі, прысвечаныя паказу Грунвальдскай бітвы. У параўнанні з іншымі летапіснымі крыніцамі, гэта сама'е разгорнутае апісанне падзей 1410г. З'явілася яно ў першай палове XVI ст., аднак грунтуецца на ўспамінах непасрэдных удзельнікаў вялікай бітвы.
"...Пачалася вайна караля польскага Уладзіслава Ягайлы і яго брата, вялікага князя літоўскага Вітаўта з прускімі немцамі. I сабралі з абодвух бакоў вялікае войска: кароль Ягайла ўсе сілы Кароны польскае, вялікі князь Вітаўт усе сілы літоўскія і рускія, і шмат ардынскіх татараў, магістр жа прускі таксама сабраў сваё войска з Прусіі і ўсяе Нямеччы-ны". Затым аўтар "Хронікі..." гаворыць, што Ягайла і Вітаўт доўга шукалі вялікае роўнае поле. Немцы ж, чакаючы "ляхаў з літвою", на полі ля Дуброўна "пачалі капаць яма і прыкрываць іх зямлёю, каб у іх коні і людзі падалі", чым нарабілі шмат бяды пры падрыхтоўцы войска Ягайлы і Вітаўта да бою.
Ход бітвы паказваецца традыцыйна - сцісла і бегла. Лаўры пераможцы аўтар аддае літоўскаму войску. "I той атрад (атрад Ягайлы), прыйшоўшы на дапамогу войску літоўскаму, пайшоў з войскам літоўскім, і разбілі на галаву немцаў, і самога магістра, і ўсіх яго комнураў забілі, і безліч немцаў пабілі і ўзялі ў палон".
Падобныя, параўнальна шырокія апісанні нейкіх падзей, называюць летапіснымі аповесцямі. Летапісныя аповесці сустракаюцца не толькі ў летапісах і хроніках, але і ў Бібліі, напрыклад, гісторыя Юдзіф.
Дакладна невядома, якім годам заканчвалася "Хроніка Быхаўца". Адзіны рукапісны экзэмпляр твора, які належыў пану А. Быхаўцу (адсюль і назва), згублены ў XIX ст. Тэкст захаваўся дзякуючы публікацыі 1846 г. гісторыка Т. Нарбута, абрываецца ён падзеямі 1506 г.
3весткі пра "Летапіс Аўрамкі"
Складзены ў канцы XV ст. летапісны звод, які ахоплівае падзеі да 1469 г. Узнаўляецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова Вялікага княства Літоўскага. Летапіс з'явіўся ў Пскове або Ноўгарадзе на аснове больш Старажытных рускіх летапісных крыніц. Быў шырока вядомы на тэрыторыі Літоўска-Беларускай дзяржавы.