Смекни!
smekni.com

Агульная характарыстыка рэлiгii (стр. 5 из 5)

4. Тыпы рэлігіі

Да гэтага мы разглядалі рэлігію як цэласны феномен культуры і спрабавалі вызначыць яе характэрныя рысы. Але, трэба памятаць, што рэлігіі самой па сабе няма. Рэальна існавала і існуе мноства канкрэтных рэлігій. Этнаграфічныя і гістарычныя даследаванні выявілі вялікую разнастайнасць вераванняў і абрадаў, якія былі ў розных народаў на розных этапах іх гістарычнага развіцця. Працэс трансфармацыі і знікнення адных рэлігійных накірункаў і ўзнікнення новых працягваецца і па сённяшні дзень. Па розных меркаваннях зараз у свеце налічваецца прыкладна ад двух да трох тысяч розных рэлігій.

Таму адной з асноўных задач рэлігіязнаўства з'яўляецца сістэ-матыэацыя рэлігій, як тых, што існавалі ў гісторыі, так і тых, якія ёсць зараз. Для рашэння гэтай задачы неабходна вызначыць крытэрыі сістэматызацыі, выходзячы з якіх, магчыма было б параўноўваць паміж сабой розныя рэлігіі, выяўляць падабенства і розніцу паміж імі.

Такіх крытарыяў існуе шмат, і таму ёсць шмат класіфікацый рэлігіі. Мы разгледзім некаторыя з іх.

Кожная рэлігія можа быць разгледжана з пункту погляду колькасці тых звышнатуральных істот, якія ў ей шануюцца. Па гэтаму крытэрыю рэлігіі падзяляюцца на дзве вялікія групы: політэістычныя і монатэістычныя.

Політэістычныя (ад грэч. polyшмат,theos – бог) - гэта такія рэлігіі, у якіх ёсць шмат звышнатуральннх істот (не абавязкова багоў, гэта могуць быць духі альбо дэманы), Асноўная колькасць рэлігій, якія існавалі альбо зараз існуюць у свеце, з'яуляюцца політэістычнымі.

Найбольш вядомы прыклад політэістычнай рэлігіі - гэта рэлігія антычнай Грэцыі, дзе шанаваліся такія багі як Зеўс, Пасейдон, Аід, Гера, Афіна, Артэміда, Апалон і г.д. Політэістычнай таксама была тая рэлігія, якая існавала на нашых землях да прыняцця хрысціянства і дзе шанавалі Пяруна, Ярылу, Жыжаля, Зюзю і іншых багоў. Ёсць рэлігіі, у якіх эвышнатуральных істот вельмі шмат. Напрыклад, у індуізме толькі багоў налічваецца 3,5 тысячы. І наогул неверагодная колькасць звышнатуральных істот існуе ў сінтаізме (нацыянальная рэлігія японцаў) – 330 мільёнаў.

Як правіла, у політэістычных рэлігіях звышнатуральньш істоты знаходзяцца паміж сабой у адносінах падпарадкавання і ўтвараюць іерархічную сістэму. Так у старажытнагрэчаскай рэлігіі вярхоў- ным богам з'яўляўся Зеўс – "Айцец багоў і людзей”, які даволі тыранічна кіраваў іншымі багамі. Сферай ягонага непасрэднага валадарства было неба. Браты Зеўса Аід і Пасейдон валодалі адпаведна царствам памёрлых і воднай стыхіяй з іх шматлікімі звышнатуральньзмі істотамі (Кербер, Танат, Гіпнос, эрыніі і г.д.; Трытон, Нерэй, Пратэй, нерэіды і г.д.). Астатнія алімпійскія багі мелі сваю канкрэтную сферу дзейнасці: Афіна апекавала навуку, Апалон - мастацтва, Гефест – рамяство, Гермес – гандаль і г.д. Багам падпарадкоўваліся ніжэйшыя эвышнатуральныя істоты: німфы, музы, сілены і інш.

Монатэістычныя (ад грэч.mono – адзін, theos – бог) – гэта такія рэлігіі, у якіх ёcць толькі адзіны Бог, які лічыцца стваральнікам і кіраўніком усяго. Такіх рэлігій толькі тры: іудаізм, хрысціянства, іслам.

Трэба падкрэсліць, што сутнасць монатэізму не ў тым, што згодна з ім, ёсць толькі адзін Бог, але ў тым., што Ён менавіта адзіны і займае зусім асаблівае месца адносна Сусвету, людзей і іншых звышнатуральных істот. Таму само слова Бог з’яўляецца тут імем уласным і пішацца з вялікай літары.

Ва ўсіх трох монатэістычных рэлігіях побач з Богам ёсць іншыя звышнатуральныя істоты, але яны не з'яўляюцца самастойнымі, а створаны Богам, і альбо непасрэдна выконваюць Ягоную волю, альбо ў адпаведнасці з планам Бога і па Ягонаму дапушчэнню перашкаджаюць Яму.

Толькі ў межах монатэістычных рэлігій можа існаваць праблема стаўляння да звышнатуральных істот, якія шануюцца прыхільнікамі іншых вераванняў. Калі багоў шмат, як у політэізме, і кожны з іх кіруе сваім участкам рэчаіснасці, дык багі іншых рэлігій успрымаюцца без асаблівых праблем – як уладары іншых звышнатуральных абласцей. Але ў монатэізме ёсць толькі адзіны Бог, і толькі Яго трэба шанаваць. Адпаведна ўзнікае пытанне: як ставіцца да іншых багоў і да іх прыхільнікаў? Раней у монатэістычных рэлігіях лічылася, што ўсе астатнія багі – гэта дэманы, а тыя, хто іх шануе – заблудныя. Зараз пазіцыя зрабілася больш талерантнай. У прынцше прызнаецца, што могуць быць розныя шляхі выратавання, і трэба з павагай ставіцца да іншых рэлігійных поглядаў. Безумоўна, за выключэннем тых выпадкаў, калі апошнія з'яўляюцца адкрыта антычалавечымі альбо антымаральнымі.

У залежнасці ад этнічнай прыналежнасці прыхільнікаў рэлігіі падзяляюцца на рода-племянныя, нацыянальныя і сусветныя.

Рода-племянныя – гэта рэлігіі аднаго роду альбо племені. Да іх адносяцца усе першабытныя рэлігіі. Яны з'яўляюцца політэістычнымі. Як правіла, звышнатуральныя якасці прыпісваюцца тым сілам прыроды, ад якіх эалежыць жыццё дадзенага рода ці племені. Напрыклад, калі племя жыло на беразе возера і лавіла рыбу – шанаваўся дух возера, калі займалася земляробствам – у выглядзе звышнатуральных істот шанаваліся тыя прыродныя аб'екты і працэсы, ад якіх залежаў будучы ўраджай.

Нацыянальныя – гэта рэлігіі якога-небудзь народа. Такіх рэлігій даволі многа. Напрыклад, іудаізм – рэлігія яўрэяў, індуізм – рэлігія індыйцаў, сінтаізм – рэлігія японцаў і г.д.

Як правіла, гэта політэістычныя рэлігіі, адзіным выключэннем з'яўляецца іудаізм. У нацыянальных рэлігіях, як і ў рода-племянных, звышнатуральныя якасці , прыпісваюцца тым прыродным з'явам, ад якіх залежыць жыццё дадзенага народа.

У нацыянальных рэлігіях, як правіла, назіраецца жорсткая сувязь паміж этнічнай і рэлігійнай прыналежнасцю. Асабліва яскрава гэта назіраецца ў іудаізме, дзе атаесамліваюцца паняцці "яўрэй" і "іудзей''. Пераход яўрэя ў іншую рэлігію разглядаецца як здрада свайму народу, неяўрэй, які прыняў іудаізм робіцца яўрэем.

Сусветныя – гэта рэлігіі, прыналежнасць да якіх не звязана з нацыянальнай прыналежнасцю, больш таго, такая сувязь адмаўляецца і падкрэсліваецца, што дадзенае веравучэнне адрасавана ўсім людзям. Сусветных рэлігій толькі тры: будызм, хрысціянства і іслам.

Трэба адзначыць, што паняцце "сусветная рэлігія" азначае не "самая шматколькасная", але "адрасаваная ўсім людзям, незалежна ад іх нацыянальнасці". Калі хрысціянства і іслам сапраўды з'яўляюцца найбольш вялікімі ў свеце рэлігіямі, дык у будызме прыхільнікаў прыкладна ў два з паловай разы менш, чым у індуізме, хаця апошні – не сусветная, а нацыянальная рэлігія.

У залежнасціад спосабу ўзнікнення рэлігіі падзяляюцца на натуральныя і рэлігіі адкрыцця.

Натуральныя – гэта рэлігіі, якія ўзніклі з патрэб штодзеннага чалавечага жыцця. У іх звышнатуральныя якасці прыпісваюцца тым прыродным з'явам, ад якіх залежаць вынікі чалавечай дзейнасці: зямлі, сонцу, ветру, дажджу і г.д. Чалавек просіць гэтыя сілы аб дапамозе і спрабуе ўздзейнічаць не іх шляхам заклінанняў і ахвяр. Натуральная рэлігійнасць стыхійна ўзнікае і зараз са штодзенных патрэб сучасных людзей. Напрыклад, студэнтка, якая дрэнна падрыхтавалася да экзамену, у сваіх думках звяртаецца да нейкіх "вышэйшых сілаў'', якія звычайна ўяўляюцца ёй у выглядзе Бога, каб яны дапамаглі выцягнуць "шчаслівы" білет. Як правіла, натуральная рэлігійнасць узнікае ў чалавека тады, калі перад ім паўстаюць сур'ёзныя праблемы. Адчуваючы сваю няздольнасць вырашыць іх, ён звяртаецца па дапамогу да звышнатуральнага.

Рэлігіі адкрыцця - гэта рэлігіі, у якіх ёсць заснавальнік, прытым, тое вучэнне, якое ён прапаведуе, разглядаецца не як вынік чалавечых разважанняў, а як звышнатуральнае адкрыццё. Прыкладамі дадзенага тыпу рэлігіі з'яўляюцца будызм (заснавальнік Буда), хрысціянства (Хрыстос), іслам (Мухамед).

Як правіла, рэлігіі адкрыцця з'яўляюцца монатэістычнымі. У іх шануецца адзіны Бог, які усё стварыў і ўсім кіруе. Сваёй галоўнай мэтай гэтыя рэлігіі лічаць не вырашэнне тых ці іншых праблем штодзённага жыцця (забеспячэнне багацця, здароўя, добрага ўраджаю, перамогі ў вайне і г.д.), але выратаванне самога чалавека шяхам яго пераўтварэння ў адпаведнасці з дадзенымі Богам эапаведзямі. Таму вельмі вялікую ролю ў рэлігіях адкрыцця адыгрывае мараль, і гэтым яны істотна адрозніваюцца ад натуральных рэлігій, дзе асноўная ўвага надаецца культавым дзеянням.

Трэба адзначыць, што ўмоўнай з'яўляецца любая класіфікацыя, у тым ліку і прыведзеныя вышэй. У дапаможніку яны выкарыстоўваюцца з мэтай выяўлення спецыфікі той ці іншай рэлігіі як феномена культуры.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Религиоведение: Хрестоматия: Учеб. пособ. / Автор-сост. П.И. Костюкович. – Мн.: Новое знание, 2000. – 480с.

2. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А.Адзіночанка. - Минск : Універсітэцкае, 2001. - 240 с.

3. Костюкович П.И. Религиоведение: Уч. пособ. – Мн.: "Новое знание", 2001. – 192с.

4. Поликарпов В.С. История религий: лекции и хрестоматия. – М.: "Гардарика", "Экспертное бюро", 1997. – 312с.