Смекни!
smekni.com

Агульная характарыстыка рэлiгii (стр. 1 из 5)

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РЭЛIГII

ЗМЕСТ

1. Вызначэнне рэлігіі

2. Структура рэлігіі

3. Функцыі рзлігіі

4. Тыпы рэлігіі

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ


1. Вызначэнне рэлігіі

Зараз вядома каля 400 самых разнастайных вызначэнняў рэлігіі. Умоўна іх можна падзяліць на тры групы ў адпаведнасці з трыма вылучанымі намі ў прадмове асноўнымі падыходамі да аналізу рэллігіі: тэалагічныя, філасофскія і навуковыя.

У вызначэннях рэлігіі, якія даюцца з пункту погляду тэалогіі, яна тлумачыцца як узаемадзеянне чалавека са звышнатуральным, пры гэтым выходзяць з рэальнай наяўнасці апошняга. Вызначэнні, якія належаць да гэтай групы, у асноўным падобныя паміж сабой, мы прывядзем тыя з іх, якія належаць вядомым тэолагам ХХ стагоддзя. Згодна А. Меню, рэлігія – гэта“сіла, якая звязвае светы, мост паміж створаным светам і Духам Боскім”, Р. Гвардзіні – “ канкрэтныя ўзаемаадносіны канкрэтнага чалавека і жывога Бога”, К. Ранеру – экзістэнцыяльнай сувяззю чалавека з жывым Богам, Э. Жыльсану – асабовае стаўленне чалавека да трансцэндэнтнага, рэальнага і асабовага Абсалюту (Бога) .

Для філасофскіх вызначэнняў рэлігіі характэрна надзвычайная разнастайнасць. Кожны філосаф тлумачыў рэлігію з пункту погляду сваёй сістэмы, і таму зразумець сэнс гэтых тлумачэнняў можна, як правіла, толькі пасля знаёмства з агульнафіласофскімі поглядамі таго ці цншага мысліўцы. Згодна Гегелю, рэлігія – “абсалютная свядомасць суб”ектыўнага духу”, І. Канту – “сукупнасць маральных абавязкаў, успрынятых як загады Бога”, Л. Фейербаху – “апрадмечванне і праекцыя чалавечых (уласцівых чалавечаму роду) якасцяў у нейкі па-за-свет”, Ф. Энгельсу – “фантастычнае адлюстраванне ў галовах людзей тых знешніх сіл, якія пануюць над імі ў іх штодзённым жыццё,-- адлюстраваннем, у якім зямныя сілы прымаюць форму пазазямных”, А. Конту – “культ чалавецтва”, А. Бергсону – “вынік унутраных узрушэнняў і плод парыву любві, які накіраваны на ўсю рэчаіснасць”, З. Фрэйду – калектыўны неўроз, які мае пачатак у бездапаможнасці чалавека перад знешнімі сіламі прыроды і ўнутранымі інстынктамі.

У навуковых вызначэннях рэлігія тлумачыцца як адна з форм чалавечай дзейнасці. Пры гэтым даследчыкі імкнуцца не столькі прапанаваць сваю канцэпцыюцыю рэлігіі, што характэрна для філасофскіх вызначэнняў, колькі даць яе аб”ектыўную характарыстыку. Як правіла, навуковыя вызначэнні рэлігіі з”ўляюцца абагульненнем папярэдніх даследаванняў канкрэтных вераванняў і культаў. Мы прывядзем вызначэнні рэлігіі, дадзеныя некаторымі найбольш вядомымі яе даследчыкамі. Згодна Э. Дзюркгейму, рэлігія – гэта “целасная сістэма вераванняў і абрадаў, якія тычацца свяшчэнных рэчаў, гэта значыць да рэчаў асаблівых, забароненых, гэта сістэма такіх вераванняў і абрадаў, што аб”ядноўваюць у адзіную маральную суполку, якую называюць царквой, усіх тых, хто прызнае гэтыя вераванні і абрады”, Э. Тэйлару – “вера ў духоўныя істоты”, Дж. Фрэзеру – “уміласціўленне сілаў, якія стаяць вышэй чалавека, сілаў, якія, як лічыцца, накіроўваюць і кантралююць ход прыродных з”яў і чалавечага жыцця”.

Такая разнастайнасць трактовак абумоўлена дзвюма асноўнымі прычынамі. Па-першае, гэта розніца ў метадалагічных устаноўках, якімі карысталіся даследчыкі. Кожны з іх разглядаў рэлігію са свайго пункту погляду – адсюль і розныя вызначэнні. Па-другое, сама рэлігія з'яуляецца вельмі складаным феноменам. Вядома, што рэлігіі наогул няма, ёсць канкрэтныя рэлігіі. Больш таго, само паняцце "рэлігія" сфарміравалася ў межах еўрапейскай культуры і ў сучасным сваім значэнні тычыцца перш за ўсё хрысціянства. Тое, што мы называем рэлігіяй, у Кітаі называецца “чыао”, што значыць “навука”, у Індыі “дхарма” –“вучэнне”, у арабаў “дзін” – “абавязак” і г.д.

Сам тэрмін “рэлігія” даследчыкі звычайна выводзяць ад лацінскага дзеяслова “religare” – “звязваць, яднаць”. Ад яго паходзіць назоўнік “religio” – “святыня, набожнасць”. Старажытныя рымляне абазначалі гэтым словам усё тое, што было звязана з шанаваннем багоў. Найбольш распаўсюджанае ў хрысціянстве тлумачэнне этымалогіі слова "рэлігія" даў вядомы багаслоў Vстагоддзя Аўрэлій Аўгусцін. Ён разглядаў яе як “узнаўленне страчанай cувязі”. Трэба падкрэсліць спецыфічна хрысціянскі характар гэтага тлумачэння: лічыцца, што калісьці існавала непасрэдная сувязь чалавека з Богам, потым з-за грахоў людзей яна была разарвана, і ў рэлігійным акце чалавек спрабуе ўзнавіць гэтую сувязь. Але, напрыклад, у будызме такога паняцця страчанай сувязі няма, больш таго, у некаторых яго кірунках нават адмаўляецца рэальнае існаванне звышнатуральных істот, і таму няма з кім узнаўляць сувязь. Таму спачатку рэлігіяй еўрапейцы называлі толькі хрысціянства, а для абазначэння іншых тыпаў вераванняў ужываўся тэрмін "язычніцтва".

У далейшым паняцце "рэлігія" было ў палемічных мэтах пашырана і на нехрысціянскія вераванні, іх тлумачылі як "несапраўдныя" рэлігіі і гэтым адрознівалі ад хрысціянства. Толькі ў XIX стагоддзі ў сувязі з геаграфічнымі адкрыццямі і знаёмствам еўрапейцаў з іншымі культурам! паняцце "рэлігія" стала ўжывацца ў яго сучасным сэнсе: для абазначэння адной з галін духоўнага жыцця разам з мараллю, навукай, філасофіяй, мастацтвам і г.д. У гэты ж час пачынае разгортвацца палеміка вакол пытання “Што такое рэлігія?”, якая працягваецца па сённяшні дзень, аб чым сведчыць разнастайнасць прыведзеных вызначэнняў. Аднак у большасці іх можна вылучыць наступныя агульныя характарыстыкі рэлігіі: па-першае, яна характарызуецца як адна з форм чалавечай дзейнасці і, па-другое, спецыфіка апошняй бачыцца ў тым, што яна грунтуецца на веры ў нейкія надпрыродныя, вышэйшыя сілы і з”яўляецца яе вынікам. Выходзячы з гэтага, дадзім вызначэнне рэлігіі. Трэба падкрэсліць, што яно з”яўляецца адным з магчымых. Могуць існаваць і іншыя.

Рэлігія – гэта грамадска аформлены тып светаўспрымання і света-адчування, а таксама адпаведныя паводзіны і спецыфічныя дзеянні, якія грунтуюцца на веры ў звышнатуральнае.

2. Структура рэлігіі

Мы будзем разглядаць структуру рэлігіі, зыходзячы з яе вызначэння. Як вынікае з яго, асноўным кампантам рэлігіі, яе падмуркам, з'яўляецца вера ў звышнатуральнае. Перш за ўсё скажам, што такое звышнатуральнае. Звычайна пад ім маецца на ўвазе ўсё тое, што знаходзіцца па-за межамі прыроды (па-лацінску “прырода” – “natura”) у самым шырокім яе разуменні. Таму, калі на пачатку 60-х гадоў пасля палётаў у космас у папулярнай атэістычнай літаратуры прыводзіліся разважанні накшталт “царкоўнікі сцвярджаюць, што Бог на небе, а нашы касманаўты паляцелі і ніякага Бога там не знайшлі – значыць Бога няма”, гэта сведчыла аб неразуменні характару рэлігійных палажэнняў, і падобныя аргументы былі раскрытыкаваны самімі савецкімі філосафамі-атэістамі . Бо ніколі хрысціянства (тут, безмоўна, крытыкавалася менавіта яно) не сцвярджала, што Бог – гэта нейкі стары з белай барадой, які сядзіць за хмарамі, і вакол яго анёлы лётаюць. Бог, згодна з хрысціянствам, – гэта звышнатуральная Асоба, якая знаходзіцца па-за межамі Сонечнай сістэмы, па-за межамі Сусвету, па-за межамі ўсяго прыроднага. І колькі б мы не ляцелі ўверх, да Бога не даляцім, альбо колькі б не капалі ўніз – да пекла не дакапаемся. Гэта сімвалічна кажуць, што Бог на небе, а пекла пад зямлёй.

Таму пры дапамозе дадзеных прыродазнаўчых навук нельга непасрэдна ні абвергнуць, ні пацвердзіць палажэнні рэлігіі, бо яна гаворыць аб звышнатуральных аб’ектах і з’явах, якія ўспрымаюцца пераважна праз веру.

Рэлігійная вера – гэта адкрытасць чалавека звышнатуральнаму, упэўненасць у яго рэальным ўснаванні і магчымасці кантакту з ім. Трэба падкрэсліць, што па сваёй сутнасці яна з'яўляецца не інтэлектуальным, але эксістэнцыяльным, жыццёвым, феноменам. Веруючы чалавек не проста ўпэўнены, што ёсць нешта звышнатуральнае (напрыклад, хрысціянін упэўнены, што ёсць Бог), але ўсё ягонае жыццё накіравана на гэтае звышнатуральнае, адбываецца ў адпаведнасці з ім. Таму для веруючага звышнатуральнае з'яўляецца святым – тым, што мае для яго найвялікую каштоўнасць, і на што ён абапіраецца ў сваіх паводзінах.

На падставе веры ў чалавека фарміруюцца розныя ўяўленні і ідэі аб звышнатуральным, а таксама пачуцці ў дачыненні да яго. Усё гэта складае рэлігійную свядомасць, якая мае дзве формы: суб'ектыўную і аб'ектыўную.

Суб'ектыўная рэлігійная свядомасць альборэлігійная псіхалогія – сукупнасць уяўленняў і пачуццяў, якімі карыстаюцца веруючыя ў сваім штодзённым жыцці. Ступень яе складанасці і сістэматызаванасці залежыць ад рэлігійнай культуры людзей. Гэтая ступень можа быць як вельмі высокай, напрыклад, у кіраўнікоў царквы і рэлігійнх мысліўцаў, так і вельмі нізкай, напрыклад, у непісьменных людзей альбо дзяцей. Але, неабходна падкрэсліць, што складанасць і распрацаванасць рэлігійнай псіхалогіі не абавязкова з'яўляецца паказчыкам глыбіні веры. Вера можа быць глыбокай у вельмі простых людзей і наадварот.

У дачыненні да звышнатуральнага людзі могуць мець самыя розныя пачуцці: глыбокай пашаны; жаху; уласнай нечысціні перад тварам святыні; адчуванне прысутнасці сілы альбо асобы, якая адначасова любіць чалавека і судзіць яго; адчуванне адкінутасці альбо, наадварот, прызначанасці да выратавання; аблягчэння, звязанага з адчуваннем божага ўсёдаравання; адчуванне наяўнасці ў свеце нябачнага парадку альбо сілы, дзякуючы якой жыццё любога чалавека атрымлівае каштоўнасць і сэнс; пачуццё адзінства з вышэйшым і пераадолення эгацэнтрычнага “Я” і г.д. Такім чынам, рэлігійныя пачуцці могуць прыводзіць да самых розных спосабаў паводзін людзей.

Аб'ектыўная рзлігійная свядомасць альбо веравучэнне - гэта сістэма палажэнняў, пры дапамозе якой перадаецца змест дадзенай рэлігіі. У найбольш распаўсюджаных зараз рэлігіях, такіх як, напрыклад, хрысціянства і іслам, асноўнай крыніцай веравучэння з'яўляюцца свяшчэнныя кнігі (Біблія, Каран). На іх падставе фарміруецца сістэма дагматаў – богаадкрытах, а таму абсалютных ісцін, прыняцце якіх абавязкова для кожнага веруючага. Для распрацоўкі веравучэння існуюць спецыяльна падрыхтаваныя людзі. У хрысціянсве яны называюцца багасловамі альбо тэолагамі (ад грэч. theor – бог, logos – слова, вучэнне). Трэба адзначыць, што тэолаг выказваецца не ад свайго імя, а ад імя рэлігійнай арганізацыі і можа быць пазбаўлены гэтага права ў выпадку разыходжання яго поглядаў з афіцыйнымі. Найбольш знакамітымі хрысціянскімі тэолагамі з'яўляюцца: Васіль Вялікі, Аўрэлій Аўгусцін, Фама Аквінскі, Марцін Лютэр, Павел Фларэнскі, Карл Барт, Жак Марытзн і інш.