Смекни!
smekni.com

Нетрадыцыйныя рэлiгii (стр. 3 из 4)

Царква Апошняга Запавету (Царква Адзінай Веры) была заснавана ў маі 1990 г. былым супрацоўнікам міліцыі Сяргеем Торапам (нар. 14 студзеня 1961 г.) у г.Мінусінску Краснаярскага краю. Адбылося гэта на базе мясцовай арганізацыі ўфолагаў - гуртка інтэлігенцыі, якія цікавіліся неапазнанымі лятаючымі аб'ектамі,пазазямнымі цывілізацыямі, усходнімі рэлігіямі. У час аднаго з кантактаў з ''пазазямным розумам" ім было абвешчана, што С. Торап з'яўляецца новым Месіяй, сынам Божым, правадніком Духа Святога Вялікай Мудрасці Творцы - Вісарыёнам, што значыць "тым, хто дае жыццё". Спачатку ён знаходзіўся ў рангу апостала Хрыста, потым быў названы самім Хрыстом. У сувязі з тым, што вісарыёнаўцы лічаць Хрыста не богам, а толькі незямным чалавекам, таму і Вісарыён для іх - дасканалы чалавек.

Яму прыпісваюцца звышнатуральныя якасці, напрыклад, сцвярджаецца, што гэта ягоны другі прыход, а першы раз ён прыходзіў у пачатку нашай эры ў выглядзе Ісуса Хрыста.

У 1998 - 1995 гг. С. Торап займаўся актыўнай місіянерскай дзейнасцю. Ён наведаў амаль усе буйныя гарады СНД, пабываў за мяжой. Поспеху ягоных пропаведзяў шмат у чым спрыяла тое, што ён усім сваім знешнім выглядам і паводзінамі імкнуўся імітаваць Хрыста. У гарадах СНД ён збіраў даволі вялікія аўдыторыі і пакідаў пасля пропаведзяў суполкі сваіх прыхільнікаў. У канцы красавіка 1994 г. С. Торап наведаў тыя месцы, дзе зарадзілася хрысціянства: Іерусалім, Віфліем, Назарэт. Але тут пропаведзь "новага Хрыста" не сустрэла падтрымкі, яго нават пабілі. У адказ ён абвясціў аб пераносе Святой зямлі з Ізраіля ў Сібір, пад Мінусінск.

Веравучэнне Царквы Апошняга Запавету ўяўляе сабой спалучэнне палажэнняў хрысціянства, усходніх рэлігій і ўфалогіі. Выкладзена яно ў выдадзенай у 1993 г. кнізе "Слова Вісарыёна, які яўляе Апошні запавет ад паслаўшага Яго Айца Нябеснага". Сцвярджаецца, што існуе мноства светаў і ўсе яны значна старэйшыя за наш. Кожны з гэтых светаў мае свайго звышнатуральнага апякуна. Стварыў усё Творца Свету, гэта нейкі рацыянальны першапрынцып, ён не добры і не злы. Апякуном нашага свету з'яўляецца Айцец Нябесны. Ён поўны міласэрнасці да людзей і таму мы развіваемся па-іншаму, чым другія міры: яны - па закону розуму, мы - па закону любві. Таксама Люцыфер і Дух зла (Д'ябал) з'яўляюцца рознымі істотамі. Люцыфер - гэта адна са звышнатуральных істот. Ён адпаў ад парадку, устаноўленага Творцам Свету, і стварыў свой свет, які развіваецца па іншых прынцыпах. Д'ябал жа матэрыялізаваўся з розных чалавечых жахаў і зараз падпітваецца за кошт брудных пачуццяў людзей. Ён існуе толькі на Зямлі, у іншых светах падобных істот няма.

Пекла і рай - гэта асобныя месцы ў іншых вымярэннях. Прызнаеццанаецца закон кармы: чалавек пасля смерці перараджаецца да таго часу, пакуль не дасягне вышэйшага духоўнага ўзроўню і трапіць у рай. Зараз у раі збіраюцца людзі, якія пасля паражэння Д'ябла, вярнуцца на Зямлю і складуць аснову будучага чалавецтва. Д'ябал знікне сам, калі ў людзей не будзе брудных пачуццяў. У пекла трапляюць тыя людзі, якія канчаткова растрацілі свае духоўныя сілы і няма сэнсу даваць ім новую плоць. Пасля перамогі над Д'яблам яны будуць цалкам вычышчаны і атрымаюць новае прызначэнне.

Раней, калі існавала раз'яднанасць паміж людзьмі, Айцец Нябесны не мог даць усю ісціну аднаму народу. Таму ён падзяліў яе на часткі і даў людзям у выглядзе чатырох асноўных рэлігій: даосізму, будызму, хрысціянства і ісламу. Зараз жа, калі надыйшлі апошнія часы і "Царства сілы'', альбо эпоха Старога і Новага Запаветаў, змяняецца "Царствам Любві", эпохай Апошняга Запавету, была дадзена ўся ісціна, і ўвасабленнем яе з'яўляецца Вісарыён. Шлях выратавання адкрыўся для ўсіх, не бачыць яго можа толькі сляпы, таму кожнаму дадзена магчымасць альбо прыняць ісціну і выратавацца, альбо адмовіцца ад яе і загінуць.

Вельмі вялікае значэнне надаецца веравучэнню аб Маці-Зямлі. Сцвярджаецца, што яна жывая, валодае духоўнымі якасцямі, пакутуе ад чалавечых грахоў і больш ужо не можа іх выносіць. Таму тыя, хто не хоча загінуць, павінны адмовіцца ад любой агрэсіі, і ўвайсці ў гармонію з Сусветам.

У другой палове 1994 года вісарыёнаўцамі, сярод якіх пераважае інтэлігенцыя, было створана пад Мінусінскам у раёне возера Ціберкуль экалагічнае паселішча "Экаполіс Ціберкуль". Уладамі Краснаярскага краю было выдзелена для гэтай мэты ў арэнду царкве Апошняга Запавету 250 гектараў зямлі. Зараз там жыве прыкладна 2 тысячы чалавек. У асноўным гэта людзі з вышэйшай адукацыяй з розных гарадоў былога СССР, якія разарвалі звычныя сувязі, прадалі маёмасць і прыехалі пад Мінусінск будаваць Новы Іерусалім. Жыццё там вельмі простае, вісарыёнаўцы займаюцца будаўніцтвам храма, у якім рыхтуюцца сустрэць канец свету, жыллё для сябе, народнымі промысламі, агародніцтвам, пчалаводствам, збіраннем грыбоў, ягад і арэхаў. Харчуюцца яны ў асноўным расліннай ежай. У адпаведнасці з этычнымі прынцыпамі членам суполкі Апошняга Запавету нельга ўжываць алкаголь, тытунь, есці мяса, рыбу, яйкі, цукар, каву, чай і некаторыя іншыя прадукты. Тэлевізараў і радыё ў іх няма. У Мінусінску выдаецца газета вісарыёнаўцаў "Зямля абяцаная" ("Земля обетованая"), тыражом 4 тыс. асобнікаў, якая потым распаўсюджваецца ў іншыя месцы.

Адміністрацыяй Краснаярскага краю некалькі разоў ствараліся камісіі для праверкі дзейнасці вісарыёкаўскай суполкі. У ходзе праверак не былі выяўлены ніякія парушэнні правоў чалавека.

У 1992 - 1996 гг. Вісарыён некалькі разоў прыязджаў на Беларусь і прапаведаваў у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Гродна, Мазыры, Мінску. Зараз суполкі Царквы Апошняга Запавету ёсць практычна ва ўсіх буйных гарадах нашай краіны. Сваю дзейнасць яны не афішыруюць, таму дакладная колькасць іх невядома. Збіраюцца ў асноўным па нядзелях на прыватных кватэрах, чытаюць і абмяркоўваюць "Слова Вісарыёна" і матэрыялы "Зямлі абяцанай". Асноўным элементам іх культавай дзейнасці з'яўляецца так званае "Свяшчэннае кола". Яны, ўзяўшыся за рукі, утвараюць кола і пагружаюцца ў стан медытацыі. Потым узнімаюць рукі ўверх і просяць Айца Нябеснага, каб ён ачысціў зямлю. Некаторыя прадаюць сваю маёмасць і з'язджаюць пад Мінусінск у Экаполіс Ціберкуль.

Царква Аб'яднання (Асацыяцыя Святога Духа за аб'яднанне сусветнага хрысціянства) была заснавана 1 мая 1954 года ў Паўднёвай Карэі прапаведнікам Сэн Мён Мунам. З 1972 г. цэнтр арганізацыі знаходзіцца ў ЗША. Зараз налічваецца прыкладна 1,5 - 2 мільёны яе прыхільнікаў больш чым у 160 краінах свету. З 1997 года як царква афіцыйна ліквідавана, існуе ў выглядзе асацыяцыі шматлікіх арганізацый, створаных Мунам і прызначаных для распаўсюджвання ягоных поглядаў. Вось назвы некаторых з іх: "Праект адзінства", "Міжнародны фонд Дапамогі і Адзінства", "Міжнародны Фонд Культуры", "Міжнародны Фонд Адукацыі", "Міжуніверсітэцкая Асацыяцыя па Вывучэнню Прынцыпа" (САRР), "Акадэмія прафесароў за мір ва ўсім свеце".

Веравучэнне Асацыяцыі Святога Духа выкладзена ў кнізе "Боскі Прынцып", якая была напісана са слоў Муна ягонымі прыхільнікамі і выдадзена ў 1957 г. у Сеуле. У далейшым яна была перакладзена на многія мовы, у тым ліку і на рускую, і некалькі разоў перавыдавалася. Хаця ў гэтай кнізе абвешчана прэтэнзія на дасягненне вяршыні рэлігійнага і філасофскага развіцця чалавецтва, асноўныя яе ідэі даволі простыя. Існуе Адзіны Бог, Айцец усіх народаў, які абвясціў сябе ў розных рэлігіях: іудаізме, хрысціянстве, ісламе, будызме і інш. Усе яны служаць мэце набліжэння чалавека да Бога і распаўсюджанню дабра. Аднак форма іх існавання розная і вызначаецца іх місіяй, культурай, у якой яны зарадзіліся, і часам іх узнікнення. Людзі прызначаны для таго, каб жыць у Царстве Божым. Для гэтага Бог стварьгў Сапраўдных Бацькоў чалавецтва Адама і Еву і даў ім запаведзі. Аднак Ева ўступіла ў сувязь з Д'яблам і ўпала ў грэх, а потым перадала яго Адаму. Такім чынам, Адам з Евай не выканалі сваю функцыю Сапраўдных Бацькоў, і іх патомства было ўжо дзецьмі не Бога, а Сатаны. Таму зло пачало панаваць у свеце. Каб выправіць сітуацыю, Бог пасылаў людзям прарокаў: Ноя, Аўраама, Маісея і, нарэшце, свайго сына Ісуса Хрыста. Аднак ўсе ягоныя намаганні аказаліся марнымі. Гэтыя пасланцы не выканалі сваей місіі. У прыватнасці, Ісус Хрыстос змог выратаваць людзей толькі духоўна, але не стаў Сапраўдным Бацькам чалавецтва, бо быў выдадзены сваім вучнем Іудай і не паспеў стварыць сям'ю. Але ў XX стагоддзі ў Карэі нарадзіўся новы Месія Сэн Мун, якому прызначана аб'яднаць усе рэлігіі, стварыць Сапраўдную Сям'ю, выратаваць людзей як духоўна, так і цялесна і пакласці пачатак новаму чалавецтву. Прыхільнікі Муна адмаўляюць, што яны лічаць яго богам, аднак яму прыпісваюцца звышнатуральныя якасці. Ён "Пераможца універсума і Гаспадзін стварэння", "Бязмежны пераможца нябес і зямлі", "Сын Бога і пакарыцель Сатаны" і г.д.

Асноўным дасягненнем Муна ў духоўнай сферы лічыцца тое, што ён аб'яднаў усе рэлігіі ў адну, якую пабудаваў на грунце апошніх філасофскіх і навуковых дасягненняў чалавецтва. Усю гісторыю муніты падзяляюць на тры перыяды: век Старога Запавету, век Новага Запавету і век Завершанага Запавету. Першыя два перыяды знайшлі свае адлюстраванне ў Бібліі. Трэці перыяд пачаўся ў 1960 годзе і ягоным месіяй з'яўляецца Мун. Ён павінен пабудаваць Царства Божае на Зямлі. Галоўнымі перашкодамі для дасягнення гэтай высакароднай мэты Мун лічыць расізм, войны, беднасць і іншыя сацыяльныя заганы. Таму асноўнае значэнне ў Асацыяцыі Святога Духа надаецца не індывідуальнаму маральнаму самаўдасканальванню, а актыўнаму сацыяльнаму дзеянню. Зараз Асацыяцыя Святога Духа. з'яўляецца адной з самых багатых рэлігійных арганізацый свету. Яна валодае прадпрыемствамі ў харчовай прамысловасці, рыбалоўстве, вытворчасці камп'ютэраў, медыцынскай тэхнікі, станкабудаванні, выпускае некалькі газет і часопісаў.