Смекни!
smekni.com

Узнікненне будызму (стр. 4 из 5)

Будызм аказаў вельмі вялікі ўплыў на культуру Індыі і нават нейкі час з'яўляўся там дзяржаўнай рэлігіяй. Аднак ягоныя складаныя абстрактныя палажэнні аб чатырох высакародных ісцінах былі незразумелымі для большасці насельніцтва, якому патрабавалася простая і наглядная рэлігія. У першым тысячагоддзі н.э. пазіцыі будызму ў Індыі паступова слабеюць і ён выцясняецца індуізмам. Апошні з'яўляецца арганічным працягам рэлігіі вед і брахманізму і ўяўляе сабой тыпова язычніцкую рэлігію. У індуізме існуе каля трох з паловай тысяч багоў, галоўнымі з іх лічацца Брахма - бог-стваральнік, Вішну - бог-ахоўнік і Шыва - бог-разбуральнік. Апроч багоў шануюцца жывёлы (найбольш вядомыя - карова, бык, малпа, слон, змяя), расліны, камяні, мясціны (асабліва рака Ганг). Зараз у Індыі прыкладна 83% насельніцтва належыць да індуізму.

Развіццё ж будызму як сусветнай рэлігіі адбываецца па-за межамі Індыі. У VП-ХIV стст. н.э. у Тыбеце ў выніку сінтэзу махаяны, ваджраяны і мясцовай шаманскай рэлігіі бон сфарміраваўся ламаізм. Сама ягоная назва паходзіць ад слова "лама" ("вышэйшы") - настаўнік у глыбінным сэнсе гэтага слова. Ламамі ў Тыбеце называюць манахаў, колькасць іх часам дасягала адной трэці насельніцва, бо кожная сям'я лічыла сваім абавязкам аддаць аднаго з сыноў у ламы.

У веравучэнні ламаізму, і гэтым ён адрозніваецца ад першапачатковага будызму, важнае месца займае касмалогія (вучэнне аб пабудове свету). Згодна з ёй, існуе незлічоная колькасць светаў, адным з якіх з'яўляецца наш. Зямля ўяўляе сабой плоскі дыск, на якім размешчаны чатыры мацерыкі, абмытыя акіянам. У цэнтры дыска знаходзіцца гара Сумеру. Вакол яе круціцца сонца, месяц і зоркі. На вяршыне гары і над ёй жывуць багі, унізе – злыя духі. Вакол Сумеру, абмытыя акіянам, ляжаць чатыры кантыненты ў выглядзе круга, паўкруга альбо трапецыі, трохвугольніка і квадрата. Зямля ляжыць на слане, слон стаіць на чарапасе, чарапаха плавае ў моры. Калі на зямлі набіраецца шмат грахоў, чарапаха пачынае варушыцца, ад чаго адбываюцца землятрусы. Апошнія, такім чынам, з'яўляюцца сігналам дрэннага становішча і, адпаведна, неабходнасці ўзмацнення культавай дзейнасці.

Пантэон ламаізму надзвычай складаны і шматколькасны. Узначальваюць яго і найбольш шануюцца буды і бодхісатвы. На першым месцы знаходзіцца буда Амітабха, які трактуецца як прадаўжальнік вялікай справы Шакьямуні, свайго роду творца-апякун цяперашняга перыяду існавання Сусвету, валадар Заходняга раю. Не менш, а ў некаторых выпадках і больш высока, ламаісты шануюць эманацыю Амітабхі бодхісатву міласэрнасці Авалакіцешвару. Сярод іншых буд, якіх у ламаізме тысяча, вылучаецца "спрадвечны буда", г.зн. персаніфікаваная сутнасць ўсіх буд і бодзісатваў, Адзібуда, а таксама буда будучага часу Майтрэйя. Побач з будамі і бодхісатвамі шануюцца шматлікія багі, духі-апекуны той ці іншай мясцовасці альбо прафесіі, святыя.

У ламаізме лічыцца, што дасягненне нірваны праз засваенне чатырох высакародных ісцін і праходжанне васьмярычнага шляху даступна толькі некаторым людзям, тым, хто прысвяціў сваё жыццё пазбаўленню ад перараджэнняу. Для большасці ж галоўнае - дабіцца пад кіраўніцтвам ламы ўдалага перараджэння альбо адрадзіцца ў Заходнім раі буды Амітабхі ці на адным са шматлікіх нябёсаў побач з боствамі і святымі, чыя карма дазваляе ім доўга жыць у іх свеце, застаючыся пры гэтым маладымі і здаровымі. Але пекла, рай і нябёсы - толькі часовае месцазнаходжанне, якое не выключае чалавека з кола сансары: калі вычарпана добрая альбо дрэнная карма, чалавек перараджаецца зноў.

Вельмі вялікае развіццё ў ламаізме атрымаў культ. Існуюць пышныя храмы са шматлікімі выявамі буд, бодхісатваў, багоў, духаў і святых, урачыстыя набажэнствы, цырымоні і святы з абрадамі, спевамі і танцамі, ужываннем музычных інструментаў, званоў, харугваў, духмяных рэчываў і г.д. Асаблівае значэнне ў ламаісцкім кульце маюць мантры, самая папулярная сярод якіх "Ом мані падме хум". Звычайна яе перакладаюць як "Ом, ты скарб на лотасе", пры гэтым "ом" ("аум") - магічнае слова ўсіх індыйскіх рэлігій. Лічыцца, што праз яго праяўляецца глыбінная сутнасць Сусвету. Кожны склад гэтай мантры мае для ламаістаў сакральны сэнс і з'яўляецца аб'ектам медытацыі, якая вядзе да прасвятлення. Вераць, што само вымаўленне мантры актывізуе дабратворны энергетычны пачатак Сусвету, таму яе трэба казаць як мага часцей. Менавіта гэтым тлумачыцца шырокае распаўсюджанне ў ламаізме малітоўных барабанаў, да іх нават могуць прыладзіць прапелер і паставіць на дах - чым больш разоў пад уздзеяннем ветру яны павярнуцца, тым лепш.

Неад'емнай прыналежнасцю жылля ламаіста з'яўляецца сямейны алтар. Гэта невысокая шафка, у якой знаходзяцца невялічкія скульптуры бостваў, іконы, іншыя свяшчэнныя прадметы, а таксама палічка перад ёй, на якой стаяць кубачкі для ахвярапрынашэнняў, курыльныя свечкі, кветкі.

На чале ламаісцкай іерархіі знаходзяцца Панчэн-лама ("Настаўнік - вялікія веды") і Далай-лама ("Лама вялікі, як акіян"). Абодва яны адносяцца да рангу хубілганаў - перараджэнцаў. Вераць, што найбольш вядомыя духоўныя дзеячы ламаізму з'яўляюцца перараджэннем таго ці іншага буды, бодхісатвы альбо святога. Духоўным кіраўніком ламаізму з'ўляецца Панчэн-лама, ўвасабленне буды Амітабхі і духоўны настаўнік Далай-ламы, але рэальная свецкая ўлада належыць апошняму, хаця ён лічыцца "толькі" ўвасабленнем адной з праяў Амітабхі бодхісатвы Авалакіцешвары. Вельмі цікавая працэдура выбараў новых Панчэн- і Далай-ламы. Калі памірае хто-небудзь з іх, вераць, што Амітабха ці Авалакіцешвара пераселяцца ў хлопчыка, які народзіцца праз дзевяць месяцаў. Такому хлопчыку паказваюць розныя рэчы, у тым ліку рэчы старога Панчэн- альбо Далай-ламы, і калі ён пазнае іх, яго абвяшчаюць новым кіраўніком ламаізму. Цяперашні Далай-лама ХІV атрымаў свой тытул у тры гады, а Панчэн-лама ХІ - у пяць.

3 ХVП ст. Тыбет быў незалежнай тэакратычнай дзяржавай, ягоным духоўным і свецкім кіраўніком з'яўляўся Далай-лама. У 1956 г. Тыбет быў анексаваны Кітаем. Далай-лама ў 1959 г. уцёк у Індыю зараз жыве ў выгнанні, а Панчэн-лама адразу ж пасля свайго выбрання ў 1995 г. арыштаваны кітайскімі ўладамі.

Апроч Тыбету ламаізм зараз распаўсюджаны ў Манголіі, Бураціі, Туве і Калмыкіі.

Вельмі вядомым кірункам у махаяне з'яўляецца дзэн-будызм. Згодна з паданнем, ён быў прынесены ў Кітай у VІ ст. н.э. індыйскім прапаведнікам Бодхідхармай. У ХП ст. дзэн-будызм пранік у Японію, дзе і атрымаў найбольшае распаўсюджанне. Зараз у свеце налічваецца прыкладна 10 млн. дзэн-будыстаў, 9 з іх жыве ў Японіі.

Само японскае слова "дзэн" (па-кітайску "чань") з'яўляецца перакладам індыйскага "дх'яна" - "сканцэнтраванасць, медытацыя". Канчатковай мэтай рэлігійнага жыцця ў дзэн-будызме лічыцца дасягненне прасвятлення ("саторы") шляхам медытацыі.

Дзэн-будызм лічыць, што .Буда знаходзіцца ўнутры кожнага чалавека, які ў сваю чаргу тоесны абсалюту і з'яўляецца ўмяшчальняй неабмежаваных магчымасцяў. Такім чынам, медытацыя разумеецца як унутраная сканцэнтраванасць, паглыбленне ва ўласнае "Я". Адзін з патрыярхаў дзэн-будызму вучыў: "Калі вы не шукаеце. Буду ў саміх сабе, а шукаеце звонку, значыць вы падобныя да аблудных людзей. Калі ўнутры вашай прыроды вы вызваліліся ад вашых прыхільнасцяў, дык адразу ўбачыце ўласную прыроду, а гэта і ёсць сапраўдны Буда". Згодна з вучэннем дзэн-будызму, існаванне ў свеце якіх-небудзь прынцыповых апазіцый - гэта фікцыя, якая пароджана "непрасветленай" свядомасцю. У сапраўднасці ж паміж суб'ектам і аб'ектам, нірванай і сансарай, жыццём і смерцю, ведамі і невуцтвам няма ніякай розніцы. Свядомасць прасветленага чалавека як быццам бы зліваецца з усім светам, пачынае працаваць у ягоным рытме. Прасвятленне дае чалавеку унутранае вызваленне ад улады абставін і абуджае паўнату творчай інтуіцыі. Свядомы кантроль саступае месца несвядомай рэгуляцыі паводзін чалавека і патрэбны вынік дасягаецца як быццам бы без намаганняў у ходзе ажыццяўлення чалавекам сваёй унутранай сутнасці.

У дзэн-будызме ёсць два асноўныя спосабы медытацыі. Першы - гэта сядзячая медатацыя ў позе лотаса, у ходзе якой чалавек імкнецца паступова пазбаўляцца ад любых думак і вобразаў. Такім спосабам ён спасцігае ў сабе ''сутнасць Буды'' і дасягае прасвятлення. Другі спосаб - гэта медытацыя над якой-небудзь гісторыяй з жыцця патрыярхаў дзэн, якую настаўнік прапаноўваў свайму вучню ў якасці інтэлектуальнай задачы, якая мае, як правіла, парадаксальны характар. Вырашыць яе рацыянальным спосабам немагчыма. Напрыклад: адзін з патрыярхаў дзэн спытаў сваіх вучняў: "У мяне ёсць нешта, што не мае ні галавы, ні імя, ні назвы, ні пераду, ні заду. Ведае хто-небудзь з вас, што гэта такое?". Альбо іншае пытанне: "Дзве далоні робяць пляскач. Што такое пляскач адной далонню?". Гэта задача, павінна цалкам авалодаць свядомасцю вучня, выціснуўшы ўсе іншыя думкі, і тады пасля крайняй ментальнай напружанасці адбываецца нечаканы "прарыў" і сэнс пытання робіцца зразумелым. Гэтым спосабам чалавек пазбаўляецца ад усіх агульнапрынятых форм светаўспрымання і бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць. Дзякуючы гэтаму, чалавек вызваляецца ад прадузятасцяў і робіцца свабодным. Напрыклад, дзэн-будыйскія манахі дэманстравалі адсутнасць боязі смерці, непавагу да яе. Яны спаборнічалі паміж сабой, хто, больш незвычайна памрэ. Адны паміралі седзячы, другія – знаходзячыся на дрэве, трэція – дагары нагамі і г.д. Ёсць гісторыя пра аднаго вельмі паважанага манаха, які прыйшоў з труной на рыначную плошчу і абвясціў, што зараз ён пойдзе паміраць да Усходняй брамы. Поўныя глыбокай пашаны людзі пайшлі за ім, каб паглядзець, як гэта адбудзецца, але праз некаторы час манах заявіў: "Сёння яшчэ рана, я памру заўтра каля Паўднёвай брамы". І вось так тры дні ён дурыў людзям галаву. Усе перасталі яму верыць, і на чацвёрты дзень ужо ніхто не жадаў ісці глядзець на ягонае скананне. У адзіноце манах выйшаў за горад, лёг у труну і папрасіў выпадковага прахожага закалаціць яе пасля таго, як ён памрэ.