2.Сувязь з антыфеадальнымі і антыманархічнымі рэвалюцыйнымі рухамі. Рэлігія ў гэты перыяд разглядаецца як кансерватыўная і рэакцыйная сіла, якая служыць інтарэсам пануючых класаў і супраціўляецца грамадскаму прагрэсу. У ходзе буржуазных рэвалюцый, як правіла, адбываецца канфіскацыя значнай часткі царкоўнай маёмасці, духавенства пазбаўляецца сваіх былых прывілеяў і падвяргаецца ганенням.
3.Наступальны характар і разнастайнасць формаў. Крытыка рэлігіі ўсё больш узмацняецца і вядзецца з самых розных пазіцый: філасофскіх, навуковых сацыяльных і г.д. У гэты перыяд дзейнічае цэлы шэраг вядомых вальнадумцаў і атэістаў.
Джардана Бруна (1548 – І600) зрабіў з геліацэнтрычнай тэорыі Каперніка выснову аб бязмежнасці Сусвету і існаванні мноства светаў. Бруна стаяў на пазіцыях пантэізму і сцвярджаў, што Бог і прырода – гэта адно і тое ж, тым самым адмаўляў хрысціянскі дагмат у аб Богу-Творцы. Таксама ён адмаўляў Тройцу, неўміручасць душы, пекла і рай, крытыкаваў хрысціянскія абрады. Адным з першых Бруна выступіў супраць тэорыі падвойнай ісціны і сцвярджаў, што ёсць толькі адна ісціна – навуковая. Існуючыя рэлігіі ён лічыў крыніцай парокаў і варожасці паміж людзьмі. За свае погляды Джардана Бруна быў спалены не вогнішчы.
Нідэрландскі філосаф Бенедыкт Спіноза (1632-1677) паклаў пачатак навуковай крытыцы Бібліі. Аналізуючы Тору, ён выявіў у ёй вельмі шмат супярэчнасцяў і прыйшоў да высновы, што яна не вынік боскага адкрыцця, а чыста чалавечы твор, напісаны рознымі аўтарамі на працягу доўгага перыяду часу. Спіноза стаяў на пантэістычных пазіцыях. Ён называў прыроду Богам і лічыў яе адзінай асновай усіх рэчаў. Крыніцамі ўзнікнення рэлігіі Спіноза лічыў падман і страх, але сцвярджаў, што рэлігія неабходна ў якасці інструмента выхавання народных мас.
Прадстаўніком вальнадумства на Беларусі з'яўляецца адзін з лідэраў антытрынітарызму Сымон Будны. Ён аналізаваў Біблію і хрысціянскае веравучэнне з рацыяналістычных пазіцый і адмаўляў усе іх палажэнні, якія, на яго погляд, супярэчаць розуму: аб Тройцы, неўміручасці душы, існаванні пекла і раю, цудах. Хрыста ён лічыў проста высокамаральным чалавекам. Будны выступаў за верацярпімасць, рэзка асуджаў падзеі Варфаламееўскай ночы і расправу Кальвіна над Серветам. Сучаснае яму духавенства ён крытыкаваў за крывадушнасць і амаралізм.
Казімір Лышчынскі (1634 – 1683) стаяў на паслядоўна атэістычных пазіцыях. У сваёй працы "Аб неіснаванні Бога" ён назваў Бога хімерай, створанай чалавекам. Лышчынскі адмаўляў усе палажэнні хрысціянскага веравучэння: аб існаванні пекла і раю, неўміручасці душы, бязгрэшным зачацці і інш. Лічыў, што творцам усяго з'яўляецца прырода. Сцвярджаў, што рэлігія – гэта свядомы падман, яе прыдумалі дзеля таго, каб трымаць народ у страху і паслухмянасці. За свае погляды Казімір Лышчынскі быў асуджаны на смерць. Яму адсеклі галаву, цела спалілі, а попелам зарадзілі гармату і выстралілі.
Рэзкая крытыка рэлігіі была дадзена ў творах філосафаў-асветнікаў :Вальтэра (1694 – 1778), Жан Жака Русо (17І2 – 1778), Жана Мелье (1664-1729), Дэні Дзідро (1713 – 1784), Поля Анры Гольбаха (1723 – 1783). Рэлігію яны разглядалі як сукупнасць памылак, крыніцамі яе ўзнікнення лічылі падман і страх чалавека перад невядомым. Шлях пераадолення рэлігійных забабонаў філосафы-асветнікі бачылі ў распаўсюджванні навуковых ведаў.
3 пазіцый дэізму востра крытыкаваў рэлігію Вальтэр. Ён лічыў яе крыніцай невуцтва, а таксама фанатызму і нецярпімасці да іншадумцаў. Аднак Вальтэр выступаў толькі супраць злоўжыванняў у рэлігіі і лічыў, што яе трэба захаваць, як сродак утрымання народа ў пакоры. Вядома ягонае выказванне: "Калі б Бога не было, яго трэба было б прыдумаць".
Жан Жак Русо супрацьпастаўляў каталіцтву так званую "натуральную рэлігію", крыніца якой змяшчаецца ў сэрцы чалавека і ў якой няма ні храмаў, ні абрадаў, ні дагматыкі. Погляды Русо з'явіліся ідэйнай крыніцай спроб стварыць так званую "рэлігію Розуму" ў часы Вялікай Французскай рэвалюцыі.
З паслядоўна атэістачных пазіцый крытыкаваў рэлігію Жан Мелье. У сваім творы "Завяшчанне" ён адмаўляў доказы быцця Бога, выкрываў сувязь рэлігіі з інтарэсамі пануючых слаёў грамадства, выступаў супраць дэізму за яго непаслядоўнасць. Мелье прыйшоў да высновы, што ідэя Бога з'яўляецца памылковай, а рэлігія – свядомы падман, які падтрымліваецца прыгнятальнікамі. Ён заклікаў рашуча змагацца супраць рэлігіі.
Погляды Мелье былі вельмі смелымі для таго часу. Вальтэр, які зрабіў вельмі шмат для распаўсюджвання "Завяшчання'', прызнаваўся, што "дрыжаў ад жаху, калі чытаў яго".
Філасофскае абгрунтаванне атэізму імкнуўся даць у сваіх працах Гольбах. Ён сістэматызаваў атэістычныя ідэі і распрацаваў атэізм як тэорыю, якая цалкам абапіраецца на матэрыялізм. У сваей працы "Сістэма прыроды", якую сучаснікі называлі "Бібліяй матэрыялістаў",Гольбах сцвярджаў, што няма нічога, апроч матэрыі і руху. Існаванне Бога ён цалкам адмаўляў, а рэлігію лічыў вынікам свядомага падману з боку духавенства.
На атэістычных пазіцыях стаялі рускія рэвалюцыянеры-дэмакраты В.Г.Бялінскі(1811 – 1848), А.І.Герцэн (1812 – 1870), М.Г.Чарнышэўскі (1828 – 1889), М.А.Дабралюбаў (1836 – 1861), Д.І.Пісараў (1840 --1868). Яны крытыкавалі рэлігію як ідэйны падмурак палітычнай рэакцыі, выкрывалі саюз праваслаўнай царквы з расійскім самадзяржаўем, паказвалі антынародную сутнасць дзейнасці духавенства. Найбольш дзейсным метадам пераадолення рэлігіі яны лічылі сялянскую рэвалюцыю, якая павінна знішчыць самадзяржаўе і царкву.
Вялікі ўплыў на далейшае развіццё атэізму аказаў нямецкі філосаф Людвіг Фейербах (1804 – 1872). У сваіх працах ён даў аналіз псіхалагічных каранёў рэлігіі. Прычынай жыццяздольнасці рэлігіі ён, у адрозненне ад асветнікаў, лічыў не свядомы падман з боку духавенства, а прыроду чалавека і ўмовы яго жыцця. Першакрыніцу рэлігійных ілюзій Фейербах бачыў у пачуцці залежнасці чалавека ад знешніх яму сіл, якія не падпарадкаваны яго жаданням і волі. Не маючы магчымасці задаволіць свае патрэбы ўласнымі сіламі, чалавек імкнецца гэта зрабіць пры дапамозе прыдуманага Бога. Такім чынам, менавіта чалавек, па Фейербаху, ёсць "пачатак, сярэдзіна і канец рэлігіі" – у ёй у фантастычнай форме адлюстроўваюцца яго жаданні і імкненні. Фейербах сцвярджаў, што ў рэлігіі чалавек адчужаецца ад самога сябе і падпарадкоўваецца створанаму ім самім Богу. Рэлігія паралізуе імкненні людзей да лепшага жыцця, бо вучыць іх цярпенню і пакоры. Аднак, адмаўляючы хрысціянства, Фейербах выступаў за стварэнне так званай ''рэлігіі любві", якая грунтуецца на прынцыпе "чалавек чалавеку – бог" і ставіць сваёй мэтай абагульненне самога чалавека.
Вельмі моцнае ўздзеянне ідэі Фейербаха аказалі на фарміраванне атэістычных поглядаў Карла Маркса (1818 – 1883) і Фрыдрыха Энгельса (1820 – 1895). Прычынай узнікнення рэлігіі яны лічылі бяссілле чалавека перад знешнімі яму сіламі – спачатку прыроднымі, потым сацыяльнымі, прычынай яе захавання – служэнне інтарэсам пануючых класаў. Рэлігія пераносіць усе спадзяванні людзей у загробны свет і тым самым адцягвае ўвагу працоўных ад барацьбы за паляпшэнне ўмоў свайго жыця. Маркс называў рэлігію "опіумам народу'' – падобна наркотыку яна дае ілюзорнае суцяшэнне. Асноўным шляхам пераадолення рэлігіі Маркс і Энгельс лічылі паляпшэнне ўмоў жыцця людзей – яна знікае тады, калі будуць знішчаны сацыяльны прыгнет, беднасць, эксплуатация чалавека чалавекам.
Атэістычныя погляды Маркса і Энгельса былі працягнуты У.Леніным (1870 – 1924). Ён разглядаў рэлігію перш за ўсё як сродак сацыяльнага прыгнёту і называў яе "родам духоўнай сівухі" – яна служыць адурманьванню мас. У сваёй палітычнаў барацьбе з тактычных меркаванняў Ленін не лічыў мэтазгодным ставіць крытыку рэлігіі на першае месца, каб не раз'ядноўваць веруючых і няверуючых працоўных. У дакастрычніцкіх працах Ленін пісаў, што нават святар можа быць членам РСДРП(б) калі ён уступіў у яе не для прапаганды сваіх рэлігійных поглядаў, а для барацьбы з царызмам. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі змяніліся тактычныя задачы, рэлігія была абвешчана контррэвалюцыйнай сілай і Ленін выступіў адным з ініяцыятараў рэпрэсій супраць яе.
Атэіэм, які існаваў у СССР і іншых сацыялістычных краінах, грунтаваўся на поглядах класікаў марксізму-ленінізму.
4.Атэізм XX стагоддзя развіваўся ў іншых умовах, чым тыя, якія існавалі ў Новы час. У развітых краінах рэлігія перастала быць пануючай сілай у грамадстве і не прэтэндуе на тое, каб яе веравучэнне было абавязкова прынята ўсімі. Па гэтай прычыне шмат у чым знікла патрэба бацьбы з ёй.На першы план выходзіць даследаванне рэлігіі, якое вядзецца з самых розных светапоглядных пазіцый.
Сучасныя крытыкі рэлігіі на Захазе называюць сябе па-рознаму: вальнадумцамі , рацыяналістамі, гуманістамі, агностыкамі, радзей – атэістамі. Асноўную ўвагу яны канцэнтруюць на асобных праблемах крытыкі рэлігіі, а таксама на выкрыцці саюзу рэлігійных інстытутаў з рэакцыйнымі палітычнымі сіламі.
На Захадзе ёсць дзве вялікія арганізацыі прыхільнікаў сучаснага атэізму: "Сусветны саюз вальнадумцаў", які існуе з 1886 г. і аб'ядноўвае настаўнікаў, служачых, урачоў, студэнтаў і "Міжнародны гуманістычны і этычны саюз", які быў створаны ў 1952 г., і куды ў асноўным уваходзяць вучоныя, пісьменнікі, выкладчыкі вну.
Атэістычныя традыцыі ў заходняй філасофіі XX ст. падзяляюцца на два асноўныя накірункі : бунтарскі і скептычны.
Агульнапрызнаным пачынальнікам і буйнейшым прадстаўніком першага з іх з'яўляецца нямецкі філосаф Фрыдрых Ніцшэ (1844 – 1900). Жыў ён у XIX ст., але яго філасофія з'яўляецца часткай заходняй культуры XX ст. Адной з асноўных сваіх мэтаў Ніцшэ абвясціў "радыкальную пераацэнку ўсіх каштоўнасцяў чалавека''. Менавіта з гэтых пазіцый ён абрынуўся з рашучай крытыкай на хрысціянства, якое лічыў "рэлігіяй слабых". Прапаведуючы доўгі час любоў да няшчасных і няўдачнікаў, хрысціянства тым самым прывяло да заняпаду "чалавечай прыроды". Ніцшэ лічыў хрысціянства супрацьнатуральнай рэлігіяй, яно вучыць пакоры і міласэрнасці, а натуральным чалавечымі якасцямі з'яўляюцца мужнасць і воля да ўлады. Ніцшэ называў хрысціянства "хваробай еўрапейскай культуры" і прапанаваў супраць гэтай хваробы самыя радыкальныя сродкі. Яно павінна быць абвешчана вычварэннем, а прыналежнасць да яго – цяжкім злачынствам, словы "Бог", "выратаванне", "збаўленне" трэба выкарыстоўваць як лаянку. Жорсткасць гэтых заклікаў Ніцшэ абумоўлена агульным нігілістычным характарам яго філасофіі. Аднак, абвясціўшы ''смерць Бога'', Ніцшэ сам трагічна пакутаваў ад адсутнасці духоўнага апірышча ў сваім жыцці.