Амаль адразу пасля свайго ўзнікнення стараверства падзялілася на два накірункі: папоўцаў і беспапоўцаў. Першыя мелі свяшчэннікаў і займалі адносна памяркоўныя пазіцыі: маліліся за цара і прызнавалі афіцыйную царкву. Беспапоўцы не мелі свяшчэннікаў называлі цара Антыхрыстам, а афіцыйную царкву – установай Сатаны. У далейшым папоўства і беспапоўства падзялілася на дробныя накірункі: толкі і згоды.
На тэрыторыі Беларусі стараверы з'явіліся ў другой палове ХVII ст. у 1685 г. імі быў заснаваны горад Ветка, які неўзабаве ператварыўся ў галоўны цэнтр папоўства. Была ўтворана свая веткаўская згода, якая стаяла на памяркоўных пазіцыях. Веткаўцы асуджалі самаспальванне, прызнавалі іконы, напісаныя іншавернымі майстрамі, не лічылі грахом разам есці з прадстаўнікамі афіцыйнай царквы.
Урад Рэчы Паспалітай стварыў спецыяльную камісію, якая разглядзела веравучэнне веткаўскіх старавераў і прыйшла да высновы, што яны "не належаць да ліку небяспечных для дзяржавы і царквы сектантаў''. Кароль Ян Сабескі выдаў грамату аб вольным жыхарстве раскольнікаў у польскіх межах, пры поўнай незалежнасці ад каталіцкага духавенства ў адпраўленні веры і абрадаў.
Ветка багацела і развівалася як гандлёвы і рамесны цэнтр. Сюды прыходзілі тысячы старавераў з Расіі, каб "узмацніцца ў веры". Паступова вакол Веткі ствараюцца стараверскія слабоды. У 1722 г. іх было 23: Мільча, Касцюковічы, Буда, Гродня, Тарасаўка і інш. Агульная колькасць старавераў дасягала тут 40 тыс.
Дзейнасць веткаўскіх старавераў прыцягнула ўвагу рускага ўрада. Карыстаючыся бязладдзем у Рэчы Паспалітай, у 1735 г. быў зроблены з Расіі ваенны паход на Ветку. Стараверскія манастыры і цэрквы былі спалены, а 14 тысяч жыхароў ваведзена ў Расію. Аднак гораду ўдалося адрадзіцца, і ў 1764г. робіцца другі паход на.Ветку, пасля якога, яна страчвае сваё значэнне як цэнтр стараверства.
У 1971 г. на Памесным саборы рускай праваслаўнай царквы ў Маскве са старавераў быў зняты праклён і тым самым створаны кананічныя ўмовы для пераадолення расколу. Аднак гэтага не адбылося. Стараверы і дагэтуль даволі адмоўна ставяцца да "ніканаўцаў".
Зараз на Беларусі большасць старавераў складааюць беспапоўцы, асноўная колькасць якіх жыве ў Віцебскай вобласці. Папоўцы ў нашай краіне належаць да двух арганізацыйных структур, цэнтры якіх знаходзяцца ў Расіі: Рускай праваслаўнай стараверскай царквы на чале з мітрапалітам Маскоўскім і ўсёй Русі (Масква) і Рускай Стараправаслаўнай царквы на чале з архіепіскапам Навазыбкаўскім, Маскоўскім і ўсёй Русі (г. Навазыбкаў, Бранскай вобл). На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 36 суполак старавераў.
5. Асаблівасці праваслаўнага веравучэння і культу
Асновы праваслаўнага веравучэння і культу склаліся да раздзялення царквы ў 1054 г. і маюць дзве крыніцы: Свяшчэннае Пісанне і Свяшчэннае Паданне. Вельмі важнае значэнне ў фарміраванні веравучэння і культу ў праваслаўі надаецца прынцыпу саборнасці – каб нейкі дагмат альбо абрад былі афіцыйна зацверджаны, трэба, каб папярэдне іх прызнала большасць веруючых.
Для праваслаўя з яго падкрэсленай прыхільнасцю да традыцыі ўласціва звяртанне да Свяшчэннага Пісання ў строгіх межах царкоўнай інтэрпрэтацыі. Таму галоўная роля надаецца кананічным кнігам Бібліі, аўтарытэт якіх прызнаецца ўсімі хрысціянамі. Для Старога Запавету найлепшым праваслаўе лічыць грэчаскі пераклад са старажытнаяўрэйскай і арамейскай моў, зроблены ў Александрыі на мяжы Ш-П стст. да н.э. з якога да канону аднесена 39 кніг, бо яны ўваходзілі ў больш ранні спіс іудзейскіх свяшчэнных тэкстаў. Ва ўспрыманні структуры Новага Запавету праваслаўе не разыходзіцца з католікамі і пратэстантамі.
Пераклад Бібліі на старажытнаславянскую мову быў зроблены ў VШст. апосталамі славян святымі Кірылам і Мефодзіем. Ён з”явіўся асновай для далейшых выданняў Бібліі на Русі. З часам узнікла патрэба перакладу Бібліі на рускую мову, які быў зроблены ў 1876 г. па дабраславенню Сінода. Царкоўнаславянскі пераклад выкарыстоўваецца ў час набажэнстваў і ў багаслоўскіх працах, рускі прызначаны для асабістага і дамашняга чытання.
Той тып царкоўна-дзаржаўных узаемаадносін, які існаваў у Візантыйскай імперыі, знішчаў неабходнасць у асаблівым доказе хрысціянскага веравучэння, бо праваслаўе ператвараецца ў элемент дзяржаўнай структуры і падтрымліваецца ўладамі. Таму ў царквы не было патрэбы ў развіцці веравучэння і рацыянальнай аргументацыі па ягонай абароне. Асноўную ўвагу праваслаўныя багасловы надаюць разважанням аб містычным баку свядомасці і паводзін веруючых. Галоўнай тэмай робіцца пераўтварэнне чалавечай прыроды і яе далучэнне да Бога.
Вельмі вялікая ўвага ў праваслаўі надаецца абрадам як спосабам узаемадзеяння з Богам. Прызнаюцца ўсе сем таінстваў, якія выконваюцца вельмі ўрачыста і старанна. У гады Савецкай улады хрышчэнне ў Рускай праваслаўнай царкве адбывалася не праз акунанне, а праз абліванне. Тлумачылася гэта тым, што ва ўмовах праследаванняў цяжка было выканаць усе патрабаванні, і таінствы рабіліся ў скарочаным выглядзе. Зараз гэтая практыка паступова ліквідуецца, і хрышчэнне дзяцей ўсё часцей адбываецца праз акунанне. Мірапамазанне ў праваслаўнай царкве робіцца адразу пасля хрышчэння, фактычна зліваючыся ў адзін абрад. Алей для мірапамазання абавязкова асвячаецца епіскапам, але рабіць гэтае таінства могуць простыя свяшчэннікі. У гады Савецкай улады ў Рускай праваслаўнай царкве практыкавалася калектыўная споведзь, калі святар проста пералічваў магчымыя грахі, а веруючыя, калі які-небудзь грэх іх тычыўся, у сваім сэрцы каяліся ў ім. Зараз у праваслаўнай царкве існуе індывідуальная споведзь. Таінству шлюбу (вянчанню) у праваслаўі надаецца вельмі вялікае значэнне. Лічыцца, што яго сіла захоўваецца і пасля смерці аднаго з супругаў, аднак дапускаецца магчымасць разводаў. Згодна з праваслаўнымі канонамі, чалавек можа ўступаць у шлюб у царкве тры разы, але толькі першы раз гэта будзе разглядацца як таінства вянчання. Прычашчаюцца праваслаўныя веруючыя адначасова хлебам і віном, якія святар дае ім з лыжачкі.
Набажэнства ў праваслаўнай царкве адбываецца надзвычай урачыста. Для яго характэрна выкарыстанне залатых, альбо пафарбаваных ''пад золата", рэчаў, пышныя адзенні свяшчэунаслужыцеляў, асаблівая прыўзнятасць усіх дзеянняў. Тлумачыцца гэта тым, што ў Візантыі, адкуль набажэнства было запазычана на Русь, узорам для яго фарміравання з'явіліся набажэнсвы, у якіх прымаў удзел імператар і яго двор. Таму візантыйская літургія мела шмат агульных рысаў з прыдворным рытуалам.
Праваслаўны храм, як правіла, пабудаваны ў крыжова-купальным стылі. Колькасць купалоў мае сімвалічнае значэнне: адзін купал сімвалізуе Хрыста як адзінага галаву царквы, тры – Тройцу, пяць – Хрыста і чатырох евангелістаў, сем – сем таінстваў, дзевяць – дзевяць чыноў анёлаў, трынаццаць – Хрыста і дванаццаць апосталаў. Крыж на версе купала нагадвае аб перамозе Хрыста над Д'ябалам і смерцю. Абавязковым элементам праваслаўнага храма з'яўляецца званіца, якая можа стаяць асобна альбо складае з храмам адзінае цэлае. Унутры праваслаўны храм мае шмат упрыгожванняў: яго сцены, як правіла, распісаны біблейскімі сцэнамі, маецца шмат ікон. Праваслаўны храм падзяляецца на тры часткі: алтар, уласна храм, дзе знаходзяцца веруючыя і адбываецца набажэнства, і прытвор (уваходная частка). Храм павернуты алтаром на ўсход, ад асноўнай часткі алтар аддзяляецца асаблівай сцяной з ікон – іканастасам, у якім ёсць тры дзверы: цэнтральная (царская брама) і дзве бакавыя (дыяканскія). Уваходзіць у алтар могуць толькі святары ў час набажэнства і тыя, хто пры гэтым прыслужвае. Прычасце рыхтуецца святаром у алтары пры зачыненых дзвярах, потым яно выносіцца праз царскую браму і даецца веруючым.
Святы ў Рускай праваслаўнай царкве адзначаецца па старому юліянскму календару. Галоўным з іх з'яўляецца Пасха, якую называюць ''святам святаў''. Яна святкуецца ў першую нядзелю пасля вясенняга раўнадзенства і поўні і не можа супадаць па часе з іудзейскай Пасхай. Кожны год Пасха прыпадае на розныя даты. У царкве існуюць спецыяльныя табліцы – пасхаліі, якія вызначаюць час гэтага свята на многа гадоў наперад.
Следам за Пасхай па значнасці ідуць так званыя двунадзесятыя святы: Ражаство Хрыстова (25 снежня), Хрышчэнне Гасподне (6 студзеня), Стрэчанне (2 лютага), Дабравешчанне (25 сакавіка), Узнясенне (адзначаецца на 40-ы дзень пасля Пасхі). Тройца альбо Пяцідзесятніца (на 50-ты дзень пасля Пасхі), Ператварэнне Гасподне (6 жніўня), Успенне Багародзіцы (15 жніўня), Раство Багародзіцы (8 верасня), Узвіжанне крыжа (14 верасня), Увядзенне ў храм Багародзіцы (21 лістапада), Уваход Гасподзень у Іерусалім (за тыдзень да Пасхі).
За двунадзесятымі ідуць 5 святаў, якія называюцца вялікімі: Абразанне Гасподне (1 студзеня), Раство Яна Прадцечы (24 чэрвеня), Пакроў Прасвятой Багародзіцы (1 кастрычніка).
Існуюць таксама святы, якія называюцца прастольнымі. Яны маюць мясцовую значнасць. Да іх можа быць аднесена любое свята, прысвечанае падзеі, у гонар якой названы дадзены храм.
Вялікае значэнне ў праваслаўі надаецца пастам. Яны займаюць каля 200 дзён у годзе. Ёсць аднадзённыя (якія доўжацца адзін дзень) і шматдзённыя пасты. Да апошніх адносяцца: Вялікі пост перад Пасхай (7 тыдняў), пост перад Раством, (І5 лістапада – 24 снежня), Успенскі пост (I – І5 жніўня), Пятроў пост (з 25 мая па 28 чэрвеня). У час пастоў веруючыя не могуць есці мясную і малочную ежу, а таксама яйкі. Трэба адзначыць, што, згодна з агульнахрысціянскім веравучэннем, сэнс посту – не ва ўстрыманні ад ежы, але ў духоўным і цялесным ачышчэнні і звяртанні да Бога.