Смекни!
smekni.com

Пратэнстанцтва в Беларусі (стр. 4 из 6)

Зараз кальвінісцкія цэрквы ў кантынентальнай Еўропе называюць рэфармацкімі, а ў Велікабрытаніі, ЗША і некаторых былых англійскіх калоніях – прэсвітэрыянскімі. Існуе Сусветны альянс рэфармацкіх цэркваў, які аб'ядноўвае каля 40 мільёнаў чалавек з больш чым 81 тыс. кангрэгацый.

Зараз у свеце налічваееца звыш 50 мільёнаў кальвіністаў. Найбольш моцныя кальвінісцкія цэрквы дзейнічаюць у Нідэрландах, ЗША, Германіі, Францыі, Шатландыі і ПаўднёваАфрыканскай рэспубліцы. На Беларусі ёсць адна кальвінісцкая суполка ў Мінску.

4. Пратэстанцкія секты

Мы ўжо казалі, што для пратэстанцтва характэрна высокая ступень раздробленасці. Абумоўлена гэта тым, што з самага пачатку, каб абгрунтаваць свой разрыў з каталіцтвам, дзеячы Рэфармацыі адмовілі боскі аўтарытэт Свяшчэннага Падання і абвясцілі права і абавязак кожнага веруючага самастойна тлумачыць Біблію. А паколькі пунктаў погляду можа быць шмат, то пачаўся працэс узнікнення новых пратэстанцкіх арганізацый, кожная з якіх прапанавала сваё разуменне Свяшчэннага Пісання, якое яна лічыла адзіна аўтэнтычным.

Зараз налічваецца каля 200 самастойных пратэстанцкіх накірункаў, але толькі тры з іх – лютэранства, кальвінізм і англіканства – з'яўляюцца цэрквамі. Усе астатнія – гэта секты.

У першай лекцыі мы адзначалі, што слова "секта" у штодзённым словаўжыванні часта мае абразлівае адценне, у навуцы ж – гэта тэрмін для абазначэння рэлігійнай арганізацыі, якая ўзнікла ў выніку аддзялення ад іншай рэлігійнай арганізацыі (царквы альбо секты) па прычыне нязгоды з некаторымі палажэннямі яе веравучэння. Само слова "секта" у перакладзе з лацінскай мовы азначае "правіла", "метад", "вобраз мыслі і жыцця", "вучэнне", "школа". У антычнасці гэтым словам абазначалі часцей за ўсе філасофскую школу, якая прытрымлівалася нетрадыцыйнага для тых часоў вучэння, альбо палітычную партыю меншасці. У гэтым сэнсе буйнейшы рымскі гісторык Тацыт гаварыў аб сектах стоікаў і кінікаў, маючы на ўвазе сучасныя яму філасофскія школы. У ІІ ст. н.э. рымскі правіцель Пліній Малодшы пісаў імператару Траяну аб "секце хрысціян", маючы на ўвазе рэлігійны накірунак са своеасаблівымі поглядамі.

Пасля таго, як хрысціянства зрабілася дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай Імперыі, слова ''секта'' набыло адмоўны сэнс і мі сталі абазначаць тыя рэлігійныя суполкі, вераванні якіх адрозніваліся ад агульнацаркоўных.

Многія даследчыкі не ўжываюць тэрмін "секта", каб не абразіць прыхільнікаў гэтых рэлігійных арганізацый. Так лютэранства, кальвінізм і англіканства называюць "раннімі пратэстанцкімі цэрквамі", а баптызм, адвентызм, пяцідзясятніцтва – "познімі пратэстанцкімі цэрквамі". Мы будзем ужываць тэрмін "секта", але, ні ў якім разе, не для таго, каб выказаць непавагу да гэтых арганізацый, а з мэтай падкрэсліць іх спецыфіку, якая праяўляецца ў наступных асноўных рысах:

1.Арганізацыйная замкнутасць. Сектанты аддзяляюць сябе ад астатняга грамадства. У секце падкрэсліваецца, што яна складаецца з людзей богаабраных, якія адрозніваюцца ад іншых. Паўнапраўным членам арганізацыі чалавек робіцца толькі пасля таго, як праявіцца ягоная богаабранасць.

2.ІІрынцыповая роўнасць усіх членаў. Абвяшчэнне роўнасці паміж свяшчэннаслужыцелямі і міранамі – агульнапратэстанцкае палажэнне. Аднак у цэрквах захоўваецца некаторая іерархічнасць, у большасці сект яна прынцыпова адмаўляецца: усе члены роўныя, называюць адзін аднаго "брат", "сястра", звяртаюцца незалежна ад узросту на "ты", кіраўніцтва нічым не адрозніваеца ад іншых, яно проста выконвае сваё служэнне, усе праблемы вырашаюцца разам. Хаця, трэба адзначыць, што нярэдка ў сектах назіраюцца даволі аўтарытарныя ўзаемаадносіны.

3.Упэўненасць у тым, што толькі іх вучэнне з'яўляецца правільным непрыманне магчымасці іншых поглядаў. Гэта можа праяўляцца парознаму: ад нястрыманага жадання павярнуць іншадумца на "сапраўдны шлях" да прамога абвінавачвання яго ў служэнні сілам зла. Як правіла, пратэстанцкія секты даволі палемічна ставяцца адна да адной.

Мы разгледзім толькі некаторыя з тых пратэстанцкіх сект, якія дзейнічаюць зараз на тэрыторыі Беларусі.

Баптысты. Секта ўзнікла ў пачатку ХVІІ ст. у Англіі. Незалежна адзін ад аднаго з'явіліся два накірункі: агульныя і партыкулярныя баптысты. Першыя лічаць, што смерць Хрыста выкупіла грахі ўсіх людзей, а не толькі прадвызначаных да выратавання, і лёс чалавека залежыць ад яго свабоднай волі. Першая суполка агульных баптыстаў была створана ў 1609 г. у Амстэрдаме англійскімі кальвіністамі, якія ў 1611 г. вярнуліся на радзіму і прынеслі туды новае вучэнне. Партыкулярныя баптысты падзяляюць вучэнне Кальвіна аб пачатковым прадвызначэнні Богам кожнага чалавека да выратавання альбо да асуджэння. Першая суполка партыкулярных баптыстаў узнікла ў Англіі ў 1638 г. У далейшым дамінуючае палажэнне атрымалі партыкулярныя баптысты, а агульныя зараз налічваюць толькі некалькі соцен тысяч прыхільнікаў. У Англіі баптысты належалі да ліку дысідэнтаў (ад лац. dissidens – разнагалоссе, разыходжанне ў поглядах), знаходзіліся ў апазіцыі да дзяржаўнай англіканскай царквы і праследаваліся. Гэта прымушала іх эміграваць у Амерыку, якая ў тыя часы была прытулкам для ўсіх уцекачоў з Еўропы. Менавіта ў Амерыцы баптызм атрымаў развіццё, асабліва сярод неграў. Колькасць прыхільнікаў баптызму інтэнсіўна расла, і ў далейшым ён пачынае распаўсюджвацца ў іншыя краіны свету.

Само слова "баптызм" паходзіць ад грэчаскага дзеяслова ''baptizo'' – "акунаць", ''хрысціць у вадзе". 3 хрысціянскіх таінстваў баптысты прызнаюць хрышчэнне і прычашчэнне, але лічаць іх простымі абрадамі, якія сведчаць аб веры. Верыць жа можа толькі той, каго Бог прадвызначыў да выратавання. Баптысты не прызнаюць хрышчэння ў дзіцячым узросце і хрысцяць дарослых. Таму, калі ў іх суполку жадае ўступіць чалавек, які быў хрышчаны ў маленстве, яго перахрышчваюць. Баптысты лічаць, што хрышчэнне павінна быць свядомым актам, таму яму папярэднічае перыяд падрыхтоўкі, які доўжыцца не менш года. Чалавек ходзіць на малітоўныя сходы, вывучае Біблію, выконвае асобныя даручэнні. Потым з ім размаўляюць больш вопытныя члены суполкі і калі ўпэўніваюцца, што ён канчаткова стаў на шлях веры, яго дапускаюць да хрышчэння. Папярэдне чалавек павінен яшчэ адкрыта пакаяцца на сходзе суполкі ў сваіх грахах. Хрысцяць баптысты, як правіла, у адкрытых вадаёмах: рэках, азёрах, сажалках. Пры вялікіх малітоўных дамах ёсць спецыяльныя памяшканні для хрышчэння – баптыстэрыі, але на Беларусі іх няма. Абрад хрышчэння часцей за ўсё робіцца над групай людзей. Яны пераапранаюцца ў спецыяльнае белае адзенне, потым разам з прэсвітэрам заходзяць у ваду і ён, кажучы малітву, тройчы акунае кожнага з іх. Толькі пасля хрышчэння чалавек робіцца паўнапраўным членам суполкі і можа ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў.

Абрад хлебапераламлення (прычашчэння) баптысты робяць у першы тыдзень кожнага месяца. Ён асэнсоўваецца як нагадванне аб Тайнай Вячэры, калі Хрыстос святкаваў Пасху са сваімі вучнямі – і "пераламіў з імі хлеб". У баптызме таксама ёсць асаблівыя рытуалы шлюбу і пахавання і абрад пасвячэння ў прэсвітэры.

3 хрысціянскіх святаў баптысты адзначаюць толькі тыя, якія прысвечаны Ісусу Хрысту: Пасху, Раство, Узнясенне і г.д. Ёсць і спецыфічнае свята – Дзень жніва (адзначаецца ў верасні). На ім веруючыя выказваюць падзяку Богу за ўсё тое, што ён даў людзям за год, а таксама падводзяць вынікі сваей місіянерскай дзейнасці, "духоўнага жніва". Згодна з пратэстанцкім прынцыпам усеагульнасці свяшчэнства кожны баптыст абавязаны прапаведваць сваю веру. Тое, колькі чалавек ён прывёў у суполку, з'яўляецца паказчыкам ягонага служэння Богу.

Веравучэнне баптыстаў агульнапратэстанцкае. Адзінай яго крыніцай лічыцца Біблія, але прызнаецца таксама Апостальскі сімвал веры. Асаблівая ўвага надаецца вучэнню аб выкупляльнай ахвяры Ісуса Хрыста, які сваімі пакутамі і смерцю ўжо выкупіў грахі кожнага чалавека. Каб чалавек далучыўся да гэтай ахвяры, ад яго патрабуецца толькі вера. Праз веру адпускаюцца грахі. У веруючага чалавека ўваходзіць Святы Дух і адбываецца яго адраджэнне. Пасля гэтага веруючыя атрымліваюць адзін дух з Хрыстом, робяцца братамі і сёстрамі Хрыста і адзін аднаго.

Баптысты вераць у сваю богаабранасць, знешнім паказчыкам якой лічаць выкананне маральных абавязкаў перад Богам і блізкімі Таму ў баптызме вельмі строгая мараль. Забаронена курэнне, ужыванне спіртных напояў брыдкаслоўе, супружніцкая здрада. Калі чалавек парушае маральныя нормы, робіцца выснова аб няшчырасці ягонай веры, і ён можа быць выключаны з абшчыны. Адной з асноўных нормаў баптысцкай этыкі з'яўляецца абавязак сумленна працаваць. Як правіла, для баптыстаў характэрна высокая ступень працавітасці і ўзаемадапамогі. Суполка баптыстаў – гэта згуртаваны калектыў адзінадумцаў, якія падтрымліваюць адзін аднаго як матэрыяльна, так і духоўна.

Знешні і ўнутраны выгляд малітоўных дамоў баптыстаў вельмі просты. Адсутнічаюць іконы, распяцці, роспісы сцен, алтар, арган. На цэнтральнай сцяне звычайна напісана цытата з Бібліі "Бог ёсць любоў" (I Ян, 4, 8). Ёсць узвышэнне (сцэна), дзе стаіць кафедра, стол, за якім сядзяць кіраўнікі суполкі і госці, раяль, месца для хору.

Багаслужэнне ў баптыстаў адбываецца дватры разы на тыдзень. Складаецца з чытанняў Бібліі, спявання псалмоў, пропаведзі.

Кіруе баптысцкай абшчынай выбарны савет на чале з прэсвітэрам. Апошні не валодае ніякімі асаблівымі правамі, не мае спецыяльнага адзення, выбіраецца абшчынай, зарплату атрымлівае з яе ахвяраванняў. Ёсць абласныя саветы, якія складаюцца з прэсвітэраў суполак і ўзначальваюцца старэйшымі прэсвітэрамі вобласці, а таксама рэспубліканскі савет, які складаецца са старэйшых прэсвітэраў абласцей і іх намеснікаў і ўзначальваецца старэйшым прэсвітэрам рэспублікі. Перыядычна адбываюцца рэспубліканскія з'езды, на якіх аймяркоўваюцца найбольш важныя пытанні. Рашэнні абласных і рэспубліканскіх саветаў, а таксама з'ездаў не з'яўляюцца абавязковымі для суполак.